«Чалавек не ведае, як выглядае відэлец!». Невідушчы беларус раскрывае патэнцыял інвалідаў па зроку

Поддержи

Рубрика : Проекты.

Міхаіл Антоненка – тая асоба, дзякуючы якой невідушчыя і слабавідушчыя людзі ў Беларусі пачынаюць жыць поўным жыццём: з дапамогай праграм, праектаў, прадметаў побыту, якія зводзяць некамфортнасць ад слепаты да мінімуму. А яшчэ ён кіраўнік Цэнтра паспяховага чалавека, дзе праходзяць працоўную рэабілітацыю людзі з інваліднасцю і… зарабляюць грошы. Мы паразмаўлялі з Міхаілам, які распавёў не толькі пра Цэнтр паспяховага чалавека, але і пра ўласны шлях да поспеху.

Міхаіл на працягу 56 гадоў заўжды сам меў праблемы са зрокам. Найлепшы яго зрок – гэта першы радок табліцы ў дзяцінстве… І тое, да гэтага радку трэба было зрабіць некалькі крокаў. Доўгі час Міхаіл працаваў у Брэсцкай абласной арганізацыі ГА “БелТІЗ. Там жа, у 2002 годзе, у сувязі з патрасеннямі, звязанымі як з працай, так і асабістым жыццём, ён страціў зрок наогул. Ні аперацыя, ні ўколы вярнуць зрок не дапамаглі. Але страта зроку не стала для яго перашкодай зарабляць самому і дапамагаць зарабляць іншым.

Шлях да Цэнтра паспяховага чалавека і праца ў Брэсцкім БелТІЗе

– Кім з’яўляецца “інвалід па зроку” ў нашым грамадстве? – пытаю ў Міхаіла.

– Калі я паступаў ва ўніверсітэт, мяне з маім зрокам нікуды не пускалі, хіба толькі на гістарычны факультэт, які я і скончыў, – дзеліцца Міхаіл. – На сёння з невідушчымі падобная сітуацыя. Іх сваякі адразу арыентуюць ісці на культуралагічныя спецыяльнасці, проста каб атрымаць корачку… Але ніхто не арыентуе іх на дасягненне поспеху.

Напэўна менавіта боль ад таго, што ў нашым грамадстве не выкарыстоўваўся патэнцыял невідушчага чалавека, ды і самі невідушчыя часта не хацелі ісці да поспеху, і падштурхнула Міхаіла да актыўнай дзейнасці.

– Некаторы час я працаваў у БелТІЗе ў Брэсце. – узгадвае Міхаіл. – Працаваў добра. Як прагрэсіўны чалавек, я заўжды імкнуся да ўсяго новага. Жыццё ж такое… Нават калі ты атрымаеш ступень магістра ці доктара нават, але не будзеш займацца сабой, то праз год кошт тваіх навыкаў значна ўпадзе. Мы навучалі людзей камп’ютарнай граматнасці. Гэта быў 2001 год, тады яшчэ не ўсе відушчыя карысталіся камп’ютарам. Мы нават пачалі прадаваць сродкі дапамогі слабавідушчым. Напрыклад, невідушчым можна тады было карыстацца добрым плэерам і чытаць аўдыёкнігі. Тады мы атрымалі грант ад польскага фонду Стэфана Баторыя. Грант быў невялікі, яго хапала толькі на тое, каб запрасіць невідушчага спецыяліста, каб той правёў заняткі. Арганізацыі Брэсцкага БелТІЗу працавалі добра ва ўсіх раёнах. Таму мне прапанавалі пераехаць у Мінск”.

У Мінску было яшчэ большае поле для дзейнасці і рэалізацыі праектаў. Але калі Міхаіл пачаў рэалізоўваць ідэі па рэспубліцы, то сутыкнуўся з перашкодамі. Ён не знаходзіў падтрымку на рэалізацыю праектаў, бо няма пэўнай заканадаўчай базы. “Мы запрашаем да сябе ў Цэнтр людзей з любой інваліднасцю, каб маглі разам працаваць, рабіць добрыя справы, зарабляць грошы і дасягаць поспеху. Але ёсць законы. У тым ліку, кіраўніцтва і грамадства, якое вельмі ўпіраецца… Лічаць, калі сляпы, то яму дапамогуць. А тое, што сляпы хоча самастойна зайсці ў прыбіральню, што ён не хоча, каб яго вялі туды, мала каго хвалюе…

“Мы жывём у ХХІ стагоддзі, калі працуюць робаты… А побач з намі – людзі, якія не могуць выкарыстоўваць свае правы – хадзіць у краму і набываць тое, што хочаш ты ці схадзіць самастойна да медыка…”

Таму ў хуткасці прыйшла такая думка – адкрыць Цэнтр паспяховага чалавека, які не з’яўляецца камерцыйным, але мае права займацца прадпрымальніцкай дзейнасцю для рэалізацыі статутных мэт. “Адным з напрамкаў дзейнасці, які мы ўзялі, – стварэнне працоўных месцаў для людзей з інваліднасцю. Гэтым людзям проста трэба дапамагчы. Тады мне так падумалася”, – дадае Міхаіл.

Што такое Цэнтр паспяховага чалавека?

Цэнтр адчыніўся ў 2015 годзе. У ім працуюць дзесяць чалавек, іх толькі два – відушчыя. А 9 – з інваліднасцю. Асноўная мэта Цэнтра – гэта працаўладкаванне, адаптацыя працоўнай дзейнасці. Паралельна Міхаіл Антонека працуе з Камітэтам па працы і сацыяльнай абароне насельніцтва Мінгарвыканкама. Камітэт па працы плаціць заробак чалавеку з інваліднасцю, якога пасылаюць на працоўную рэабілітацыю, а Цэнтр дае нагрузку.

З моманту адкрыцця Цэнтра супрацоўнікі ўжо паспелі рэалізаваць тры праекты за грошы замежных арганізацый. Два гранты дала амбасада ЗША.
Адзін грант Цэнтр атрымаў ад беларускага прадстаўніцтва нямецкай арганізацыі, якая займаецца адукацыяй дарослых. “Каб цэнтр існаваў, трэба самім зарабляць грошы. Гранты – гэта пачатак, каб падтрымаць, каб ты пайшоў далей”.

Пра праекты Цэнтра

Першы праект, які быў рэалізаваны пры Цэнтры, – “Шлях да поспеху”, быў падтрыманы Амбасадай ЗША ў Беларусі. Яго сутнасць была ў наступным. Людзей – рознага ўзросту, не толькі моладзь – навучалі як традыцыйным рэчам (Брайль, хаджэнне з тросткай), так і нетрадыцыйным, (напрыклад, карыстаннем дысплэем Брайля).

Асноўная мэта праекта – навучыць невідушчага з дапамогай сучасных прыладаў самастойнай жыццядзейнасці.

“Гэта ж не толькі тростка, але і мабільныя сродкі з навігацыйнымі праграмамі, якія дапамагаюць дакладна арыентавацца ў прасторы, – так каментаваў Міхаіл магчымасць перасоўвання невідушчага ў прасторы. – Бо ў асноўным, невідушчыя людзі ходзяць па адным шляху – ад хаты да крамы. І хіба толькі дзесятак невідушчых людзей могуць паехаць з аднаго горада ў іншы. Бо часцей такім людзям трэба суправаджэнне. Зараз, калі да тросткі мы дадалі смартфон з навігацыйнымі праграмамі, то я магу перасоўвацца самастойна. У БелТІЗ праект па навігацыі па смартфонах мы рабілі са шведскай арганізацыяй, а ў Цэнтры мы яго ўжо ўдасканальвалі”.

Цэнтр паспяховага чалавека шмат увагі надае камп’ютарнай адукацыі невідушчых. Праўда, такія курсы не для пачаткоўцаў: “Мы не адкрывалі камп’ютарныя курсы для пачаткоўцаў. У Брэсце ёсць курсы, да таго ж, такія веды можа даваць і БелТІЗ. У нас усё было заточана на тое, калі чалавек ужо можа карыстацца камп’ютарам, але не можа пераўсталяваць аперацыйную сістэму, наладзіць свой роўтар вайфай…”.

У межах праекту супрацоўнікі Цэнтру арганізоўвалі і нетрадыцыйныя для невідушчых людзей рэчы: давалі ўрок парнага танца, нават пачыналі вучыць сальсу. “Пасля ў нас быў курс па сталовым этыкеце. – распавядае Міхаіл. – Ён патрэбны як відучшым, так невідушчым. І курс складаецца не толькі з навучання, як карыстацца відэльцам і нажом. Бываюць жа такія сітуацыі, калі пакладзены тры нажы і тры відэльцы. Як імі карыстацца? Да нас прыязджалі слухачы, якія казалі: “Нам гэта не патрэбна. У мяне дома ёсць міска і лыжка”. Па сутнасці, гэта чалавек нават не ведае, як выглядае відэлец!…”.

Сумесна з кампаніяй BelHard Цэнтр робіць шмат прылад для невідушчых і слабавідушчых людзей, напрыклад, праграма “Штурман”.

Цэнтр сумесна з кампаніяй BelHard Цэнтр распрацаваў і вырабіў сапраўды ўнікальную праграму для беларускіх невідушчых – моўны і гукавы інфарматар з дыстанцыйным кіраваннем. Што гэта такое і як яно функцынуе? Аказваецца, гэта цэлая складаная і ў той жа час цікавая сістэма. Праграмнае забеспячэнне гука-маўленчага інфарматара BuzzPoint прызначана для выкарыстання ў складзе сістэмы (мабільнае прыкладанне + прылада) для перадачы невідушчаму чалавеку інфармацыі аб правільным напрамку руху па гукавым сігнале, а таксама, інфармацыі пра назву аб’екта.

Міхаіл Антоненка патлумачыў, як гэта працуе на практыцы.”Напрыклад, мяне запрасілі на сустрэчу. І я з праграмамі мабільнай навігацыі магу даехаць куды захачу. Канечне, я магу папрасіць арганізатара ці таксіста – і мяне завязуць. Але калі я сябе паважаю, то выйду з таксі, уключу праграму BuzzPoint, якую распрацавала BelHard, і яна знойдзе інфарматар, які мусіць быць усталяваны на будынку, да якога я даехаў. Інфарматар звычайна месціцца на ўваходных дзвярах будынку і ў тым месцы, дзе ручка. У мяне хутка ў гэтай праграме з’явіцца спіс усіх інфарматараў, якія будуць усталяваны ў нашым асяроддзі. Калі я першы раз буду тут, то ў мяне будзе падрабязная інфармацыя, дзе бу-дзе сказана: ёсць ганак, да ганку засталося столькі-та метраў, ёсць тамбур, ахова… Я націскаю кнопку, уключаецца інфарматар, з яго выходзіць гук, я іду на гэты гук”.

Такі інфарматар хутка з’явіцца ў Нацыянальным аэрапорце, у Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь. Ён ужо ёсць у цэнтральным праўленні БелТІЗ. Такога кшталту інфарматары – гэта высокатэхналагічныя прылады, якія не ўступаюць міжнародным аналагам. Цэнтр паспяховага чалавека прапануе даць сваю інфармацыю інвалідам-вазочнікам, і тым, хто кепска чуе, каб яны ведалі, што ў пэўным банку ёсць супрацоўнік, які валодае мовай жэстаў. І, дарэчы, кошт прылады досыць танны. Танней чым у Польшчы, Ізраілі ці Германіі.

Вельмі цяжка на збліжэнне з Цэнтрам ідзе Мінсктранс. Па словах Міхаіла, з вялікай цяжкасцю ідзе прасоўванне інфарматараў у гэту сферу. Але ўжо ёсць пэўны поспех. Цяпер у Мінску робіцца адзіны маршруту з інфарматарамі – ад прыпынку грамадскага транспарту на Кальварыйскай – да прыпынку на праспекце Машэрава. Маршрут будзе закранаць ГЦ “Карона”, вуліцу Максіма Танка, паштовае аддзяленне, банк.

Цэнтр займаецца распрацоўкай і бытавых прыбораў для невідушчых і слабавідушчых. Напрыклад, Цэнтр прыдумаў і вырабляе прыладу, якая дапамагае наліваць вадкасць у кубак. Як самастойна наліць гарбату? Той, хто нарадзіўся невідушчым, навучыўся наліваць вадкасць па слыху. “Але ёсць тыя, хто мае слабы слых. Яны то не дальюць, то перальюць. Я ж сам ведаю гэта. Калі жанчына гатуе ежу, то піхае пальцы, каб зразумець, даліла вады ці не. І пальцы звычайна ў невідушчых людзей у апёках. А тут – ты размясціў прыбор – ён сігналізуе, калі вада дайшла да ўзроўню. А зараз вырабляем прыладу, якая б дазваляла невідушчаму карыстацца прыбіральняй у грамадскіх месцах. Бо гэта сапраўды праблема, калі невідушчы не можа самастойна скарыстацца прыбіральняй у горадзе…”

“Я зарабляю грошы – і дапамагаю людзям. Я пускаю гэтыя грошы далей, на новыя праекты, – дзеліцца Міхаіл. – Мы зрабілі багата карысных прадуктаў. Але хочацца большага, каб людзі з інваліднасцю больш працавалі над сабой і атрымлівалі адукацыю”.

Галоўная ідэя Міхаіла заключаецца ў тым, каб развіваць патэнцыял невідушчых людзей: “Калі сляпы сядзіць у сваёй хаце, нідзе не працуе і атрымлівае пенсію – гэта невыгодна найперш для дзяржавы. А калі дапамагчы яму, раскрыць патэнцыял і задзейнічаць на рынку інтэлектуальнай працы, то найперш дзяржава можа атрымаць выгоду”.

Вельмі павольна, але і ў гэтай сферы ўжо ёсць поспех. “І калі я бачу, што мае высілкі пайшлі некаму на карысць, – дзеліцца Міхаіл, – тады я адчуваю, што ўсе мае ахвяры недарэмныя”.

 

Вікторыя ЧАПЛЕВА

фота аўтара

Комментарии

viktorpashkovich

2019-04-24 20:22:34

Здравствуйте! Как я понял, в этом центре помогают с работой людям с любой инвалидностью. Какой адрес центра и можно телефон узнать центра, чтоб можно было позвонить и все уточнить

Авторизуйтесь для комментирования

К сожалению, мы обязаны идентифицировать Вас, чтобы разрешить публиковать отзыв.

С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.