Манах і бес: як беспрытульны чалавек пачаў новае жыццё ў манастыры?

Поддержи

Рубрика : Общество.

Уладзімір – той, пра каго сёння прынята казаць «чалавек без пэўнага месца жыхарства». Але па волі лёсу ён апынуўся ў Свята-Елізавецінскім манастыры, дзе працай лечыць цела, а малітвай – душу…

Знайшоў прытулак у манастыры

Яшчэ шэсць гадоў таму Валодзя быў рэдактарам аддзела ў адной з галоўных газет рэспублікі, дзе ён адпрацаваў больш за 20 гадоў. У мужчыны была сям’я і жыллё. Але так здараецца, што наступае чорная паласа. Уладзімір праз гэтую паласу застаўся без усяго: без працы, без родных, без жылля і без усялякай матывацыі жыць далей.

– Нічога, усё будзе добра, – неаднаразова на працягу нашай размовы паўтараў Уладзімір. Прытым ён заўсёды няёмка ўсміхаўся пры гэтых словах. І пра мінулае размаўляць адмыслова не хацеў.

Пасля моманту «ікс», калі Уладзімір застаўся без усяго, ён стаў ездзіць па краіне і шукаць такую працу, пры якой было б жыллё. Так, ён ездзіў і працаваў у розных санаторыях краіны. «Гаспадыня, на кватэры якой я жыў, любіла з мяне падтруніваць: «Журналіст, а прыбіральні чысціш!», – смяецца Уладзімір, – але што ж, такое жыццё… Так атрымалася. А ў журналістыку вяртацца, шчыра кажучы, і не хочацца».

Пасля Уладзімір асеў у Свята-Елісееўскім Лаўрышаўскім мужчынскім манастыры, які знаходзіцца пад Навагрудкам. Уладзмір, будучы веруючым, меў на думцы не проста жыць пры манастыры, але нават уступіць у яго… «Я хацеў застацца ў манастыры, але там не было дзе жыць. А ў Лаўрышаўскі манастыр прыязджалі гандляваць дзяўчаты са Свята-Елізавецінскага манастыра. Яны і сагітавалі мяне прыехаць сюды».

Прытулак супакою – Свята-Елізавецінскі манастыр

У Навінках Уладзімір жыве з восені.

– Што робіце на працягу дня? – пытаю ў мужчыны.

– А вось, з мяцёлкай хаджу, – смяецца Валодзя, – раней на падворку працаваў, у садзе.

Жыве Уладзімір зараз у вагончыку. Яго тут кормяць, даюць вопратку, але грошы не плацяць.

– Тут добра, – кажа Уладзімір. –  Можна пахадзіць у царкву, памаліцца, тым больш, зараз пост.

Не гледзячы на тое, што Уладзімір проста жыве пры манастыры, ён мае досыць строгі расклад. За ўвесь час Уладзімір толькі адзін раз здолеў выехаць у горад. Штодня ён мусіць наведваць набажэнствы, у астатні час – несці послух. Уладзімір з горыччу кажа, што дарослая дачка не падтрымлівае з ім ніякіх сувязей. Яна нават занесла яго ў чорны спіс у тэлефоне.

– Ці хочацца вам нешта памяняць? – пытаю я Уладзіміра. – Як вы наогул плануеце далей жыць?

– Канечне… Я спрабаваў нешта мяняць, планаваць, але нічога не атрымліваецца… Увосень я хацеў вярнуцца ў Мінск. Адзін чалавек пагадзіўся даць грошы, каб здымаць пакой у кватэры. Але ў яго пачаліся праблемы, ён тэлефануе і кажа мне, што не зможа даць грошы. Якія тут могуць быць планы? Я малюся… Але намагаюся нічога не планаваць, бо планы могуць руйнавацца.

У манастыры ведаюць, што Уладзімір – былы журналіст. Таму аднойчы нават хацелі нат-
хніць яго і далі адпаведную працу. Валодзю далі заданне – набраць на камп’ютары матэрыял: «А там тэхніка новая, – смяецца Уладзімір. – Я не ўмею такой карыстацца. Тры дні набіраў, так і не набраў – плюнуў».

Пра цуды і веру

Валодзя кажа пра тое, што ў манастыры здзяйсняюцца і цуды… «У мяне вельмі балелі ногі… А я чуў, што праз заступніцтва Серафіма Сароўскага сыходзяць хваробы ног. Я пайшоў, прыклаўся да іконы, папрасіў ў Святога, каб мае ногі балець перасталі… На ранак прачынаюся –
і нічога не баліць!».

Уладзімір кажа, што сустракае розных людзей, якія апынуліся без жылля, на падворку ў манастыры: і музыкаў, і былых дацэнтаў…

– Мінулае я прайшоў, а цяперашняга і будучага ў мяне нібыта няма. Яшчэ не напоўніў сваё сэрца, – зноўку ён усміхаецца. – Але ўсё будзе добра. Я дакладна ў гэта веру.

 

Вікторыя ЧАПЛЕВА

Комментарии

Авторизуйтесь для комментирования

К сожалению, мы обязаны идентифицировать Вас, чтобы разрешить публиковать отзыв.

С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.