Вандраванне па Беларусі разам з нетрывіяльным кандыдатам гістарычных навук: прыпынак трэці

Поддержи

Рубрика : Блоги.

Усе гарадскія білборды з сацыяльнай рэкламай кажуць, што ўпершыню на старонках гістарычных летапісаў Ляхавічы ўзгадваюцца ў тым жа годзе, у якім іспанскі мараплавец Хрыстафор Калумб дасягнуў берагоў Амерыкі – 1492. Але тое – невялічкая недакладнасць. Гісторыя Ляхавічаў сягае ў часы куды больш сівыя, чым XV стагоддзе… І традыцыйнае меркаванне аб тым, што назва горада паходзіць ад ляхаў (палякаў) памылковае, бо ніякіх перасяленцаў з Польшчы тут ніколі не было.

Назва «Ляхавічы» паходзіць ад слова ляха – расчышчаная ад лесу пляцоўка, поле. Хутчэй за ўсё ў гэтай мясцовасці жыў чалавек, які расцярэбліваў навокал палі, і адгэтуль пайшла назва паселішча. Ужо ў час узгадвання ў летапісах Ляхавічы былі буйным мястэчкам, дзе праводзіліся кірмашы і быў бойкі гандаль. Напачатку XVII стагоддзя ў Ляхавічах па загадзе Вялікага гетмана Літоўскага Яна Караля Хадкевіча будуецца магутная бастыённая фартэцыя, а горад на доўгія стагоддзі становіцца цэнтрам графства. Гэты замак, а дакладней яго абарона ў 1660 годзе (падчас «крывавага патопу») была вядома па ўсёй Рэчы Паспалітай, і ў Маскоўскай дзяржаве, і нават у Еўропе. Славутым Ляхавічы былі і ў ХІХ стагоддзі, калі тут жыло шмат габрэяў і татар. Рэшткі гераічнай фартэцыі і габрэйскага мястэчка мы і будзем шукаць, заадно агледзім і горад цалкам.

Амаль першае, што сустракае трапіўшага ў Ляхавічы вандроўніка, – Уздвіжанская праваслаўная царква на старадаўніх могілках. Царква гэта новая, пераробленая з былога малітоўнага дома, які быў перанесены на старыя ляхавіцкія клады ў 1960-я гады падчас барацьбы з рэлігіяй, калі быў зруйнаваны галоўны храм горада. Малітоўны дом пад царкву пачалі перабудоўваць напрыканцы 1980-х, а скончылі ў 1990 годзе, аб чым сведчыла выкладзеная цэглай на галоўным фасадзе дата (не так даўно на яе месцы з’явілася мазаіка). Сучасны храм з адметнымі рысамі барочнага стылю мае форму карабля: адзін вялікі купал і сем крыжоў, над кожным з трох уваходаў змешчаны фрэскі на біблейскую тэматыку.

Сярод гранітных помнікаў і металёвых агароджаў апошняга часу, напамінам былой раскошы стаяць могілкавыя старажылы – сведкі людской роспачы і жалобы: магіла Леаніды Солтанавай з Вузлоўскіх – паўразбураная, у вобразе мініятурнага храма капліца-пахавальня, якая захавала шэраг барочных рыс; каплічка з помнікам падпалкоўніку Напалеонаўскай арміі Дамініка Рэйтана; крыж на магіле Віктара Кунцэвіча – маладога мужчыны, па якім роспачная ўдава ўсталявала медальён з кранальнай да глыбіняў эпітафіяй, магіла ляхавіцкага пробашча Францішака Даўгаборскага, а таксама дзве магільныя каплічкі з невядомымі імёнамі пахаваных пад імі і шэраг старажытных крыжоў й пліт.

Пакінуўшы могілкі і спусціўшыся з насамрэч крутога ўзгорка, мы трапляем на парог Ляхавічаў старых – таго месца, адкуль пачынаўся горад, і месца, дзе стаяла магутная фартэцыя. Каб трапіць туды, трэба пераадолець па мастку раку Ведзьму, на якой стаяць Ляхавічы.

Як ўжо адзначалася, напрыканцы XVII стагоддзя ў Ляхавічах на левым беразе той самай Ведзьмы была пабудаваная магутная фартэцыя. Не вайна і не гістарычныя катаклізмы сталі прычынай знікнення нават рэшткаў былое моцы, а кепскія рысы чалавечай натуры: «гаспадарлівыя» месцічы разабралі замак па цаглінах, пазбавіўшы нашчадкаў славутага помніка часоў Вялікага Княства Літоўскага. Знікла фартэцыя, але не знікла памяць: у гонар замка ў 1990-я быў усталяваны памятны камень-валун на месца, дзе нібыта былі бастыёны. Аднак гэта памылка – лічыць, што фартэцыя стаяла менавіта тут. Яна месцілася трохі далей, дзе зараз знаходзіцца жылы квартал, куды мы і накіроўваемся, каб знайсці якія-небудзь рэшткі фартэцыі. Што датычыцца месца, дзе стаіць памятны камень, то тут усё зроблена больш сімвалічна – дагледжаная пляцоўка, парослая травой, аточаная з двух бакоў вадою, сімвалізуе месца, дзе была фартэцыя.

Праз дарогу ад каменя ўзносіць да нябёс свае крыжы на блішчастых купалках белакаменная каплічка ў неарускім стылі, усталяваная на месцы зруйнаванага саветамі велічнага і старажытнага храма. Спачатку гэта быў каталіцкі, а пасля паўстання Каліноўскага – праваслаўны храм Уздзвіжання Святога Крыжа, пабудаваны яшчэ ў 1780-я гады ў формах барока. На жаль, ад таго сапраўды выбітнага помніка архітэктуры на сёння захаваліся толькі пісьмовыя звесткі і апісанні, а таксама колькі фотаздымкаў часоў Першай Сусветнай вайны…
За каплічкай бачым сучасны ляхавіцкі рынак. Чым толькі там ні гандлююць!

За станцыяй, уздоўж галоўнай вуліцы горада (названая яна ў гонар Ільіча, а калісьці мела назву ў гонар Святога Яна Хрысціцеля) стаіць двухпавярховы, савецкіх часоў жылы дом на некалькі кватэр, а за ім – стары кінатэатр. Сам будынак кінатэатра нічога такога з сябе не ўяўляе, але ўвагу на яго мы звернем. Прываблівае яго плоскі глухі фасад другога паверха. У часы будаўніцтва камунізму тут былі намаляваны разнастайныя савецкія сімвалы: зоркі, Ленін, вайскоўцы, працоўныя, іх дапаўнялі гучныя лозунгі. У 1992 годзе, на хвалях нацыянальнага адраджэння і да 500-годдзя горада, на фасадзе кінатэатра было змешчана іншае пано: выява фартэцыі, сярэднявечны ваяр, дзяўчына ў нацыянальным строі і нацыянальны арнамент. Але адбылося добраўпарадкаванне і гэтае цікавае пано было закладзенае пліткай, і яго больш жыхары Ляхавічаў не бачаць. Уявіце, якая можа быць цікавая знаходка праз гады, калі нашыя нашчадкі, зняўшы плітку, знойдуць старадаўнюю карціну з датамі 1492-1992 і выявамі… За кінатэатрам, праз колькі крам, пачынаецца былы цэнтр мястэчка, ад якога мы збочым улева і пройдзем побач са старасвецкай камяніцай (ці стылізаваную пад старасвецкую) да замкавага квартала… (працяг будзе).

 

Павел БУЛАТЫ

Комментарии

Авторизуйтесь для комментирования

К сожалению, мы обязаны идентифицировать Вас, чтобы разрешить публиковать отзыв.

С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.