Джордж Оруэл. «1984»

Поддержи

Рубрика : Блоги.

Эрык Артур Блэр. Так звалі яго па-сапраўднаму. Ёсць версія псеўданіма. Джордж – святы, заступнік Англіі. Оруэл – рэчка недзе на поўначы краіны. І дакладна вядома наступнае: псеўданім Блэр узяў па адной прычыне – яму вельмі не хацелася, каб бацькі ведалі, якім чынам ён збіраў матэрыял для сваёй першай кніжкі «Уніз і вон у Парыжы і Лондане». Справа ў тым, што факты Оруэл знаходзіў пад мастамі Сены і Тэмзы, сярод клашараў, па сумніўных прытонах, карацей кажучы, на «дне».

І гэта так па-нашаму. Хоць Оруэл – чыстакроўны англічанін, народжаны, праўда, у Бамбеі, дзе служыў яго бацька. Нармальны бацька. Ён лёгка прыняў умовы гульні. Магчыма, яму нават падабалася: практычна ўсе даходы сям’і ішлі на падтрыманне прыстойнага іміджу. Проста дзіўна, што бацька меў такога сына. Але супраць прыроды не папрэш. Яна сваё возьме…

***

У нас яго натуральна не ведалі. Былі закрытыя тыражы для тых, пра каго Оруэл пісаў. Гэта смешна, але таксама па-нашаму. Былі падпольныя перадрукоўкі на машынцы. Яны хадзілі па руках. За гэта маглі «прыцягнуць». Завесці справу. Чалавек, які чытаў Оруэла, ужо не мог спакойна хадзіць на першамайскія, лістападаўскія і іншыя дэманстрацыі. Ён не мог моўчкі галасаваць «за». Хоць, можа быць, я і перабольшваю.

Упершыню ён быў надрукаваны, здаецца, у «Новом мире». Год не памятаю. Памятаю толькі адчуванне: бяздонная, прама касмічная туга. Праўда, у дадзеным выніку вельмі эфектыўная. Не скажу пра другіх, але я асабіста прайшоў надзейную вакцынацыю. Не толькі супраць камунізму. Супраць любой сістэмы падаўлення асобы. Як бы яе ні назваць.

***

Пісьменнік Р. Рыс успамінае: «Аднойчы ён прыйшоў да мяне дадому і папрасіў дазволу пераапрануцца. Пакінуўшы сваё прыстойнае адзенне ў мяне ў спальні, ён з’явіўся ледзь не ў лахманах. Яму хацелася, як ён растлумачыў, даведацца, як выглядае турма знутры, і ён спадзяваўся, што зможа гэтага дабіцца, калі будзе затрыманы».

У 5-6 гадоў Оруэл ужо ведаў, што будзе пісьменнікам. Пісаў вершы, нават паэмы ў стылі Арыстафана. Ну, мала хто не пісаў. Пісалі. Потым вырасталі і станавіліся нармальнымі людзьмі. Інакш кажучы, тымі, якія прынялі правілы гульні. Вядома, за гэта іх вінаваціць не трэба. Нехта іранічна сказаў пра гэта: чалавек ёсць тое, што ён есць. Оруэл быў горды. Даходы бацькі не далі магчымасць атрымаць адукацыю ў Ітане. Без гэтага нельга было думаць аб кар’еры чыноўніка. Але і тут не ўся праўда. Быў яшчэ дар Божы, жосткі аналітычны розум, і амаль ненармальнае жаданне разабрацца ў сутнасці рэчаў.

Увогуле, як атрымліваецца пісьменнік? З драмы. Драмы адбываюцца з усімі. Але ўсе – мірацца з лёсам, туманна здагадваючыся аб прычынах няўдач. Адзінкі – прысвячаюць сябе пошуку адказаў. Оруэл быў з другой катэгорыі. Ён шукаў адказы. І знаходзіў…

***

Бадай, галоўная думка любога твора Оруэла – узаемаадносіны простага чалавека з уладай, з тымі, хто прапануе гарантаваны кавалак хлеба. Магчыма, нават з маслам. Дзіўная рэч, ён спачуваў сацыялістычным ідэям. Гэта была не даніна моды, якой захварэў Захад. Для Оруэла тут быў пошук справядлівасці. Але калі ён сустрэў жывога сацыяліста – характарыстыкі яго былі іранічныя і злыя.

Той жа Р. Рыс аднойчы рассказаў Оруэлу пра сустрэчу з паэтам-камуністам. На што пачуў: «Бачыце, быць камуністам у тыя дні (20-я гады, — С.Ш.) не давала ніякай выгады: можна амаль беспамылкова сказаць, што тое, што не прыносіць выгады, правільнае». Здаецца, проста, але ўдумацца – сэнс вельмі глыбокі. Можна сказаць, гэта ключ да ўсяго Оруэла. У яго была такая цікавая асаблівасць: бегчы ад «пераможцаў» да «пераможаных». Паўтару: правільнае тое, што нявыгадна.

Ідэалізм? Натуральна. Чыстай вады. Гэта дрэнна? Для большасці – так. Большасць гаворыць: трэба прыстасоўвацца да абставін. Але ёсць іншыя, тыя, хто не змог прыстасавацца і хто па гэтай прычыне стаў звычайным угнаеннем. Ім гэта не падабаецца. Што рабіць з імі? Стварыць Міністэрства Праўды, дзе лгуць, Міністрэства Любві, дзе катуюць і забіваюць, Міністэрства Міру, дзе займаюцца вайной, Міністэрства Багацця, дзе размяркоўваюць талоны на прадукты.

Трэба таксама распрацаваць ідэалагічную праграму. Яна павінна быць простай і даходлівай. Дастаткова некалькіх лозунгаў. Напрыклад: вайна – гэта мір, свабода – гэта рабства, няведанне – гэта сіла. Па-мойму, сапраўды дастаткова. А, патрэбен яшчэ Вялікі Брат. Вялікага Брата трэба самахвярна любіць, пакланяцца яму. А калі вы яго не любіце, то ёсць Міністэрства Любві. Там вас навучаць любіць Вялікага Брата. Уласна, гэта ў двух словах сюжэт рамана «1984». Двухтомнік Оруэла зараз прадаецца паўсюдна. Тыраж разыходзіцца марудна. Большасці хапае Міністэства Праўды…

***

У «1984» ёсць эпізод. Герой рамана Уінстан Сміт ідзе ў кіно. Паказваюць ваенную хроніку. Дзесьці ў Міжземным моры бамбяць карабель з бежанцамі. Верталёт завісае па-над шлюпкай з дзецьмі. Кідае бомбу. Успышка. Выбух. Буйны кадр: уверх узлятае адарваная дзіцячая рука. У зале апладзіруюць і смяюцца. Мне прыгадаліся кадры нашай хронікі 30-х гадоў. Мітынг. Плакаты. Шчаслівыя твары людзей. На плакатах лозунгі: «Смерць бандзе трацкістскіх шпіёнаў!» На першым плане – твар жанчыны. Яна смяецца. Яна задаволена суровым прыгаворам здраднікам. Ці тым, што сама не трапіла ў іх лік?

У рамане Уінстан здраджвае сваёй любімай Джуліі. Яна – яму. Іх прымушаюць. Уінстан адводзіць ад сябе клетку з пацукамі і крычыць: «Зрабіце гэта з Джуліяй! Толькі не са мной! Няхай крысы разгрызуць яе твар, з’ядуць яе да касцей… Толькі не са мной! З Джуліяй! Не са мной!»

***

Оруэл думаў пра СССР, па сведчаннях, штодзень. Чытаў у перакладзе савецкія газеты. «1984» – гэта пра нас і для нас. Напісаны ў 1948 годзе, раман дайшоў якраз да пары. Справа ў тым, што назва нарадзілася даволі проста: Оруэл перавярнуў дзве апошнія лічбы года напісання рамана.

Оруэл думаў пра нас штодзень. Толькі па-свойму. Не так, як яго калегі накшталт Фехтвангена ці Ралана, якія нават апраўдвалі расстрэлы. Яны лічылі – у гэтым ёсць неабходнасць. Для шчасця мільёнаў не страшна знішчыць некалькі соцень. Праўда, атрымалася некалькі соцень толькі расстраляных і мільёны памершых ад голаду ў лагеры ці не, на бяздарных войнах, і гэтак далей.

На Захадзе ўвогуле доўгі час былі папулярныя левыя ідэі. Оруэл не здрадзіў сабе і выказаўся даволі дакладна: ім трэба ідэі адтуль ( з СССР, — С.Ш.), а ежа – з Парыжу. А ўвогуле такі стыль паводзінаў, ён інтэрнацыянальны. Тое ж і ў нас. Прыводзіць прыклады? Вы іх і самі ведаеце. Мноства з так званай інтэлігенцыі гатовы служыць любому. Ніхто з іх не перабяжыць у лагер «пераможаных». Не тое выхаванне. Гэта справа адзінак. Такіх як Оруэл. Яго доля – плыць супраць цячэння. Колькі хопіць сіл.

***

А ці ёсць сэнс у такім жыцці? Мне здаецца, што пытанне правамернае. Калі можна так сказаць, Джордж Оруэл быў заўсёды адзін супраць усіх. У 1936 годзе ён быў у Іспаніі. Уступіў у атрады каталонскай міліцыі. Каталонцы нядрэнна ваявалі. Раптам яны аказаліся «няправільнымі». Інакш кажучы, трацкістамі. Пачаўся тэрор. Мноства добраахвотнікаў з розных краін былі вымушаны ўцякаць праз французскую мяжу. Уласна, гэта трэба было рабіць і Оруэлу. Тым не менш, ён застаўся яшчэ на месяц і дапамог вызваліць з турмы знаёмага. І ён напісаў аб гэтым усім праўду. У той жа час «прагрэсіўная інтэлігенцыя» асудзіла каталонцаў. Хутчэй за ўсё, быў дадзены загад з Масквы, бо Троцкі быў ворагам Сталіна. І ўсе запелі ва ўнісон. Дык ці ёсць сэнс у такім жыцці?

***

Неяк у вёсцы пісьменнік убачыў, як хлопчык гоніць па сцежцы каня. Калі конь спрабаваў збочыць са сцежкі, хлопчык сцёбаў яго лазінкай. Потым Оруэл пісаў: «Мяне ўразіла думка, што калі б жывёла ўсвядоміла сваю сілу, мы не змаглі б уладарыць над ёю, і што людзі эксплуатуюць жывёлу так, як багацеі эксплуатуюць пралетарыят». Сэнс метафары зразумелы? А хто не бачыў гэткай жа карцінкі? Але справа ў тым, што глядзяць усе, а бачаць – адзінкі…

***

Падчас другой сусветнай вайны Оруэл прасіўся на фронт. Яго не ўзялі: слабае здароўе і некалі перанесены туберкулёз. Ён стаў сяржантам мясцовай абароны. Служыў на Бі-бі-сі, пісаў артыкулы, ён быў бліскучым эссеістам.. Пісаў таксама прозу. У сваім стылі. На гэты раз Оруэл пісаў казку. Яна называецца «Двор для жывёлы». Многія лічаць яго найбольш удалым творам пісьменніка. Як заўсёды, казка носіць памфлетны характар.

Жывёла на сельскай ферме ўзбунтавалася і выгнала людзей. Сталі жыць, скажам так, камунай. Як мы ў 1917 годзе. Потым аказалася, што больш роўнымі сталі свінні. Яны кіравалі тупаватай жывёлай, лепш пілі і елі і паступова пачалі распараджацца нават жыццём падначаленых. Інакш кажучы, вырашалі каму жыць, каму паміраць.

Два гады «Двор для жывёлы» адмаўляліся друкаваць і ў Англіі, і ў Амерыцы. Праўда зноў аказалася не своечасовай. Увогуле. Яна заўсёды неяк не да часу. У 1945 годзе памёрла жонка Оруэла. Пісьменнік арандаваў дом на Гебрыдскіх астравах і пераехаў туды з прыёмным сынам. Ён адыйшоў ад свету, ад прыстойнага грамадства. Дабрацца да вострава было вельмі складана. Уласна кажучы, зусім лагічнае завяршэнне зямнога шляху для чалавенка, якога звалі Джорджам Оруэлам…

***

Дзіўны ўсё ж такі лёс. Гэты чалавек верыў: пакуль на зямлі застанецца хоць адна асоба, якая лічыць сябе асобай, таталітарызм не зможа перамагчы. Ён даказаў гэта сваім жыццём. Дыялог з «1984». Функцыянер размаўляе з Уінстанам: «Што ж гэта за дух, які знішчыць нас? Не ведаю. Дух чалавека». Проста дух. Проста чалавека. Але – Чалавека.

 

Сяргей ШАЎЦОЎ

Комментарии

Авторизуйтесь для комментирования

К сожалению, мы обязаны идентифицировать Вас, чтобы разрешить публиковать отзыв.

С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.