Дэтэктыўная гісторыя інваліда з Іванава

Поддержи

Рубрика : Общество.

Не так даўно, у жніўні 2018 года, я пісала матэрыял пра інваліда з Іванава, Васіля Казака. Тады ён даглядаў ляжачую маці-інваліда і прасіў дапамогі па добраўпарадкаванні дома. Мама Васіля Валянціна, якая перанесла тры інсульты і хваробу Альцгеймера, памерла літаральна пасля выхаду публікацыі.

Ад Васіля амаль паўгады не было ніякіх звестак, пакуль ён не патэлефанаваў нам у рэдакцыю каля месяца таму. «Мяне сілком адпраўляюць на камісію ў Навінкі», – толькі і мог вымаўляць Васіль, які хаваўся дзесьці ў Іванаўскім раёне. А заставалася некалькі дзён да таго моманту, пакуль Васіль увойдзе ў спадчыну на дом у Іванаве. Мы адразу ж звязаліся з дырэктарам Офіса па правах людзей з інваліднасцю Сяргеем Драздоўскім. Сяргей адразу стаў тэлефанаваць мясцовым органам улады, у пракуратуру і высвятляць, што ж здарылася ў Іванава. Праз пэўны час Васіль сам прыехаў у Мінск, і цяпер ра-зам з Сяргеем Драздоўскім, які каментуе яго аповеды, мы нарэшце можам распавесці, што здарылася з Васілём і што прымусіла яго хавацца ў Іванаўскім раёне.

Дэтэктыўны горад Іванава

У снежні Васіль пайшоў да натарыуса, каб падаць дакументы на спадчыну – рухомую і нерухомую маёмасць маці аформіла на Васіля. Там яму сказалі: паколькі ён круглы сірата, значыць, згодна з беларускімі законамі, ён мае права заключыць дамову аб рэнце. «Я, будучы юрыдычна не падкаваным, пайшоў да намесніка пракурора, каб той мне ўсё па-
тлумачыў», – узгадвае Васіль.

Акрамя гэтага, Васіль пісаў яшчэ прашэнні аб тым, каб яму прызначылі апекуна, каб навесці парадак на падворку. Васіль разумее, што адзін ён не выжыве. Таму ідэя фікс у яго галаве – гэта знайсці сабе таго, хто б мог дапамагаць даглядаць яго маёмасць.

11 студзеня з Васілём здарылася проста дэтэктыўная гісторыя. «Мы з сябрам дамовіліся ехаць у Пінск у «Еўраопт» па прадукты, – кажа Васіль. – Сустрэліся каля майго дома а 9-й гадзіне, пайшлі, а наперарэз з суседняй вуліцы праехала міліцэйская «газель». Уявіце, выццё сірэн на ўсю вуліцу! Мяне запіхалі сілком у машыну і адвезлі пад РАУС, перагрузілі, нічога не патлумачыўшы, у машыну хуткай дапамогі, і мы паехалі. Куды і навошта – мне ніхто не лічыў патрэбным растлумачыць. Я вельмі баяўся, што мне могуць зрабіць нейкі ўкол – і ўсё…».

Па словах Васіля, яго прывезлі ў бальніцу ў Пінск на судовую медыцынскую экспертызу. Чатыры гадзіны яго там трымалі, пасля, кінуўшы там, з’ехалі. Васіль жа з сябрам дабіраліся дадому цягніком.

– У «Еўраопт» схадзілі ў выніку? – намагаюся нейкім чынам разрадзіць абстаноўку.

– Вы ведаеце… схадзілі, набылі бутэльку гарэлкі і дома распілі. З гора.

«Пасля я некаторы час жыў у мамінай былой сядзелкі ў вёсцы Бродніца. Тут аднойчы да яе ўваходзіць медсястра і кажа, што 21 лютага будзе машына, каб ехаць у Навінкі». Адтуль, з гэтай вёскі, напужаны Васіль і тэлефанаваў нам у рэдакцыю, бо баяўся, што калі паедзе ў Навінкі, то там і застанецца.

Пасля званка Сяргея Драздоўскага ў пракуратуру стала зразумела, што пракуратура ініцыявала прымусовую дастаўку Васіля ў бальніцу таму, што Казак прасіў памочніка, сам не спраўляючыся з абавязкамі. Драздоўскі перакананы, што атрымалася 100% спалучэнне абставін: уступленне ў спадчыну, пастаяннае хаджэнне Казака па інстанцыях і настойлівы пошук апекуна.

Падводныя камяні

Важны момант з жыцця Васіля, які варта ўлічваць, – гэта тое, што яго здароўе пахіснулася ў значнай ступені праз тое, што ён быў удзельнікам баявых дзеянняў.

«Я медык, працаваў на хуткай у Мінску, у канцы 80-х я пайшоў служыць у медыцынскую службу МУС СССР і ў складзе палка спецназу з’ехаў на самую сапраўдную вайну ў Нагорны Карабах Азербайджана. У мяне на лбе злева вялікі след ад кулі снайпера. За праведзеныя там 3 гады змог заслужыць срэбраны і залаты медалі…» За гэтыя заслугі Васілю далі сацыяльную кватэру ў Мінску, дзе ён пражыў каля трыццаці гадоў.

Паколькі Васіль уступіў у спадчыну, то неўзабаве, па законе, кватэра ў Мінску ў яго адымецца. Атрымліваецца, у яго адымуць тое, што заслужыў на вайне, у выніку якой стаў інвалідам. Але Васіль вырашае захаваць бацькоўскую хату і ў ёй жыць. Толькі самастойна на пенсію 300 рублёў (у Васіля другая група інваліднасці) пражыць ён не зможа.

Сяргей Драздоўскі звярнуўся да фонда «Міласэрнасць і здароўе». Там паабяцалі, што да Казака накіруюць валанцёраў, якія б змаглі дапамагчы яму па добраўпарадкаванні тэрыторыі.
Васіль вельмі просіць нераўнадушных людзей дапамагчы яму проста выжыць у сябе на радзіме. Але мы перакананыя: калі б у яго была пастаянная дапамога побач, то жыць яму было б прасцей. Напэўна, чалавек, які абараняў гонар нашай краіны на вайне, у выніку якой і стаў інвалідам, заслугоўвае таго, каб годна дажыць свой адрэзак часу ва ўласным доме, хай нават і ў тым, што застаўся ў спадчыну ад бацькоў.

 

Вікторыя ЧАПЛЕВА
Фота аўтара

Комментарии

Авторизуйтесь для комментирования

К сожалению, мы обязаны идентифицировать Вас, чтобы разрешить публиковать отзыв.

С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.