З чаго пачынаецца пятніца ў Бабруйску?

Поддержи

Рубрика : Общество.

У Бабруйску ў Цэнтры падтрымкі сям’і, мацярынства і дзяцінства «Покрова» цяпер штопятніцу збіраюцца людзі з рознымі катэгорыямі інваліднасці. 3 12 да 17 гадзін у цэнтры збіраюцца інваліды, каб пазнаёміцца, адзначыць святы і… паспрачацца наконт філасофіі Сакрата! У мінулую пятніцу ў Бабруйск завітала і карэспандэнт партала «Вместе!».

Ад ідэі – да пляцоўкі

Сама ідэя пляцоўкі для інвалідаў належыць Каці, маладой вазочніцы з Мінска. У Каці ДЦП з нараджэння, таму яна як ніхто іншы ведае, што такое сядзець дома.

«Я ведаю старэйшых за мяне інвалідаў, якія сядзяць дома. У нас у асноўным шмат актыўнасцей для інвалідаў, якім яшчэ не споўнілася 18 гадоў. Пасля 18 – забаўляй сябе сам. Хочацца схадзіць у нейкі клуб… Але ты разумееш, што прыйдзеш – і будзеш стаяць унізе, а не гуляць наверсе разам са сваім суправаджаючым. Аднойчы мы пайшлі з татам у тэрытарыяльны цэнтр, але, каб туды хадзіць, трэба суправаджэнне. Тата быў гатовы са мной хадзіць, але я сказала, што лепш мы ўжо будзем дома, бо тату і так са мной цяжка», – узгадвае Каця.

Аднойчы ў госці да Каці прыйшла Аляксандра Цярэнцьева, куратарка праекта пры цэнтры «Покрова». Каця ёй выказала сваю мару аб стварэнні такой пляцоўкі. Хутка Аляксандра ра-зам з цэнтрам «Покрова» ажыццявіла гэтую ідэю, праўда, атрымалася гэта дзякуючы дырэктару цэнтра Андрэю Зубенка.

Не адшукаўшы інвалідаў-вазочнікаў у тэрытарыяльных цэнтрах Бабруйска, Аляксандра стала шукаць іх па іншых каналах. Аднойчы яна пабачыла на здымку ў антыкафэ, культавым месцы горада, дзяўчат-вазочніц. Саша адразу ж звязалася з дырэктаркай кавярні і папрасіла іх кантакты. Такім чынам дзяўчына стала абзваньваць і збіраць інвалідаў горада. Мясцовыя тэрытарыяльныя цэнтры таксама дапамаглі і прывялі людзей з ментальнымі асаблівасцямі, якім таксама знайшлося месца ў «Покровах». Каб людзям з ментальнымі і фізічнымі асаблівасцямі не было сумна, арганізатары іх падзялілі на дзве групы.

«Калі я пачынала, мне казалі: навошта рабіць такое, калі падобнае ёсць у тэрытарыяльных цэнтрах? – узгваде Аляксандра. – Але мы разлічвалі найперш на тую аўдыторыю інвалідаў, якія гадамі не выходзяць з дому, не кантактуюць адно з адным».

З чаго пачынаецца пятніца?

Пятніцы бабруйскія інваліды чакаюць з нецярпеннем. У створаным у сеціве чаце загадзя абмяркоўваюць, у якім стылі пройдзе наступная сустрэча. Напрыклад, у мінулую пятніцу дзяўчаты замовілі піцу і павіншавалі хлопцаў з Днём абаронцаў Айчыны. Аб 11-й гадзіне да інвалідаў, якія не могуць сабрацца самастойна, накіроўваецца малады валанцёр праекта Ваня. Ваня дапамагае апранаць і спускаць удзельнікаў праекта. Хлопцу давяраюць, што таксама важна. Валанцёры цэнтра дапамагаюць падвозіць тых, хто не мае магчымасці дабірацца самастойна. Напрыклад, інвалід-вазочнік Якаў можа развезці пасля ўсіх па дамах.

Ваня не проста дапамагае з давозам. Хлопец яшчэ і выкладае філасофію на пятнічных занятках, бо ён скончыў факультэт філасофіі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. На занятках па філасофіі звычайна пануе дыскусія, бо па кніжцы чытаць і разумець тэорыю досыць цяжка. Саша, куратарка праекта, выкладае і багаслоўе, чым таксама захапляюцца інваліды. Бо такіх цікавых ведаў яны яшчэ не здабывалі. На пляцоўцы ладзяцца майстар-класы і канцэрты. Гэта і творчасць, вырабы для тых, хто любіць гэтым займацца. Ёсць таксама малявальная тэрапія і музычны гурток для тых, хто любіць спяваць.

Вакол Інгі гуртаваліся ўсе. Прыгожая, стыльная, прыемная, Інга не абыякавая да людзей і з’яў, што адбываюцца навокал.

«Калі Саша шукала людзей, я думала, што не падыду па ўзросце, – дзеліцца Інга. – Але зараз я вельмі шчаслівая, што тут. У нашым чаце мы перапісваемся і думаем: хутчэй бы ўжо пятніца! Узімку з дому мне не выбрацца – снег ды мароз. Мы ўсе нібыта былі знаёмыя і раней. Але на гэтым усё… Зараз жа мы сябруем, сустракаемся і займаемся агульнымі інтарэсамі».

Інга – інвалід з дзяцінства. Па яе словах, жыццё мусіла скончыцца ў яе ўяўленні ў 25. Але калі пасля 25 не скончылася, то Інга стала глядзець наперад: «У горадзе я рэдка сустракаю людзей на вазках… Але я не веру, што ў нас няма такіх інвалідаў».

Ася – вельмі цікавая і крэатыўная дзяўчына. Яна вядзе ўласны блог, малюе паштоўкі і ўратоўвае жывёл з кантактнага заапарка. «Для мяне важна, што на гэтай пляцоўцы ёсць узаемадзеянне нас з людзьмі прамахадзячымі. Нас заўжды кудысьці прыводзяць – на канцэрты, гурткі… А тут мы ўсе на роўных».

Саша, або Аляксандр, як ён любіць каб яго называлі, прыйшоў у цэнтр дзякуючы парадзе сябра. У Сашы ДЦП. Ён з цяжкасцю перасоўваецца на хадунках. Размаўляе вельмі мала, бо яму цяжка, у асноўным толькі слухае. Але пабачыўшы, што я брала каментар у іншых удзельнікаў у гуртку, носам напісаў на тэлефоне і свае ўражанні: яму вельмі падабаецца, асабліва гурток па багаслоўі.

Вераніка – сціплая дзяўчына. Спачатку яна паставілася з недаверам да новай пляцоўкі. «Я б ніколі не пайшла з суправаджаючым чалавекам, які не ўмеў бы кантактаваць з вазкамі». Але дзякуючы таму, што валанцёр Ігар вельмі вопытны, Вераніка пагадзілася прыйсці. Цяпер яна не прапускае сустрэчы.

Дабрачыннасць – ад словаў «чыніць дабро»

Ваня ніколі не думаў, што выкладаць філасофію будзе цікава найперш яму самому. «Дабрачыннасць – ад слова “чыніць дабро”». Арганізатары кажуць, што неўзабаве ў цэнтры «Покрова» запрацуе ліфт на другі паверх, на якім і размешчана хатняя Пакроўская царква, дзе здзяйсняюцца набажэнствы. Асноўная ж пляцоўка для сустрэч – першы паверх цэнтра.

Было неверагодна прыемна тое, што людзі з інваліднасцю актыўна далучыліся да абмеркавання тэм газеты «Вместе!». Кожны з іх – актыўны грамадзянін, той, хто мае ўласную пазіцыю і меркаванне. Інваліды-вазочнікі выцягваюць на сустрэчы сваіх сяброў і выслухоўваюць роспачныя словы ад знаёмых у Мінску, што такой пляцоўкі ў іх няма. А пакуль ідэйная натхняльніца Каця прыязджае штопятніцу з Мінска разам з суправаджаючай, каб правесці час са сваімі новымі сябрамі. Вельмі спадзяецца, што такія пляцоўкі, дзе ўсе на роўных, з’явяцца і ў іншых гарадах Беларусі.

***

Праект функцыянуе пры Цэнтры падтрымкі сям’і, мацярынства і дзяцінства «Покрова» сумесна з аддзелам па справах моладзі Бабруйскай епархіі. Праект закліканы стаць ініцыятывай, якая змагла б аб’яднаць царкву, грамадства, валанцёраў і людзей з інваліднасцю.

 

Вікторыя ЧАПЛЕВА

Фота аўтара

Комментарии

Авторизуйтесь для комментирования

К сожалению, мы обязаны идентифицировать Вас, чтобы разрешить публиковать отзыв.

С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.