Вандраванне па Беларусі разам з нетрывіяльным кандыдатам гістарычных навук: прыпынак другі

Поддержи

Рубрика : Блоги.

Частка 2.

Мінск-Баранавічы (працяг)

***

Да 1871 года цяперашняя вуліца Леніна была звычайнай палявой сцежкай паміж Новай Мышшу і Ляхавічамі, вакол якой буяла збожжа і стаяў сасновы барок. У спякотны летні дзянёк тут можна было сустрэць маруднага каня, які цягнуў воз з падгуляўшым у мястэчку мужыком, ці ўбачыць, як імчыцца фурманка войта ці якога засцянковага шляхцюка. Лёс гасцінца змяніўся пасля будаўніцтва чыгункі, і ўжо ў 1912 годзе тут праходзіў аўтапрабег, а ў 1914-м па брукаванцы Могілкавай вуліцы штодзённа на аўто ездзіў у стаўку расейскі цар Мікалай ІІ. А што сёння ўяўляе з сябе гэтая вуліца, што прыйшла на змену незлічоным габрэйскім крамам, цырульням і кавярням?

Пануе тыповая савецкая забудова 50-х гадоў, якая стварае тут ідылічны куток сацыялізму, па якім яшчэ так шмат беларусаў настальгуюць і ўзгадваюць толькі станоўча час, калі яны былі здаровымі, маладымі і прыгожымі, а жыццё выглядала бесклапотна. Сярод цагляных добраўпарадкаваных пяціпавярховак з рысамі ампіру месцяцца карпусы адной са шматлікіх баранавіцкіх фабрык, якая пабудаваная на месцы школы імя М. Канапніцкай, а таксама дзве старасвецкія камяніцы: жылы дом польскіх афіцэраў і дом з былой чыноўніцкай калоніі – утульныя аднапавярховыя хаткі, дзе некалі жылі гарадскія чыноўнікі польскай адміністрацыі.

Па вуліцы Леніна мы дайшлі да галоўнай плошчы горада, якая чымсьці нагадвае менскую забудову на былым праспекце Францыска Скарыны. Гэта сталінскі ампір – масіўная сцісласць, падкрэсленыя манументальныя формы і дэкор (ідэалагічныя эмблемы і вайсковы арнамент), апора на мастацкую спадчыну імперскага Рыма. Стыль увасабляў ідэі дзяржаўнай моцы і вайсковай сілы Савецкай імперыі. Пышнасць ампіру знайшла ўвасабленне не толькі ў галоўным праспекце Менска, яго прыкметы прысутнічаюць і на галоўнай плошчы Баранавічаў: напрыклад, гэта дом з вежачкай пад шпілем. Уздоўж вуліцы высаджаны елкі, паміж якіх схаваўся помнік Ільічу, чыя постаць усё яшчэ рашуча крочыць наперад.

 

Мы шпацыруем па брукаванцы і пераносімся ў старыя Баранавічы – такія, якімі яны былі стагоддзе таму: двухпавярховыя рознакаляровыя мураванкі, збудаваныя на розны манер і чым толькі ні ўпрыгожаныя.

Большасць сярод іх – гэта былыя дамы-крамы, дзе на першым паверсе была гандлёвая ўстанова, а на другім жыў гаспадар. Знаходзіліся тут і кавярні, рэстарацыі, цырульні, друкарня Рубінштэйна, дзе выходзіла першая баранавіцкая газета, захаваўся тут і дом, дзе спыняўся ў 1918 годзе германскі кайзер Вільгельм ІІ… Сапраўды, гэта файны куточак даўніны, схаваны за шматпавярхоўкамі і прадпрыемствамі. Здаецца, варта трохі лепш арганізаваць тут усё – і баранавіцкая вуліца не саступала б старым куточкам сівых еўрапейскіх гарадоў.

Павярнуўшы да гатэля, накіроўваемся ў другі бок – на вуліцу Камсамольскую, адну са старэйшых у горадзе, якая раней была часткай мястэчка Развадова. У свой час яны асобна існавалі – вёска Баранавічы і мястэчка Развадова, названае ў гонар графа Яна Развадоўскага, які яго і пабудаваў. Потым вёска і мястэчка злучыліся і ўтварылі горад Баранавічы. Было б вельмі справядліва, каб раён горада, дзе было мястэчка, меў назву Развадова, бо сам граф зрабіў для росквіту і дабрабыту горада вельмі шмат. Такім чынам, сучасная Камсамольская, а некалі Паштовая, захавала шэраг архітэктурных рысаў былога часу.

Спачатку і ў большасці на шляху сустракаецца панэльная савецкая забудова, але сярод яе ёсць і колькі будынкаў старасветчыны. Першым сустракаем былы асабняк наваградскага ўезнага спраўніка фон Бера – аднаго з тых, дзякуючы каму Баранавічы набылі статус горада. Дальнабачны чыноўнік добра разумеў, што з развіццём чыгункі перспектывы ў горада з’яўляюцца вялізныя. І ў доказ гэтага пабудаваў на Паштовай вуліцы выдатны дом, які захаваўся і па сёння. Але ж выглядае ён на фоне суседніх шматпавярховак ужо не так велічна, як у пачатку мінулага стагоддзя.

Праз некалькі крокаў знаходзіцца будынак былога гатэля, дзе ў 1908 годзе на працягу месяца жыў габрэйскі пісьменнік сусветнай вядомасці Шолам-Алейхем. За польскім часам тут было староства, у актавай зале якога ў 1922 годзе гараджане віталі маршала Юзафа Пілсудскага. Далей – катэджы дэпутатаў польскага Сейма, сябраў беларускага пасольскага клуба, якія з парламенцкай трыбуны змагаліся за беларушчыну, паноў Назарэўскага і графа Развадоўскага.

Ад былой Паштовай адыходзіць вуліца Куйбышава, дзе месцяцца два старадаўнія гарадскія храмы – каталіцкі Узвіжання Святога Крыжа і Пакроўскі праваслаўны.

Калі граф Развадоўскі складаў план мястэчка, ён выдзеліў дзве аднолькавыя пляцоўкі на адной з вуліц пад будаўніцтва храмаў. Праваслаўная царква была ўзведзеная хутка, а вось з касцёлам выйшла затрымка. Царская ўлада адмаўляла ў дазволе на яго будаўніцтва, і гэта пры тым, што з 1905 года дзейнічаў афіцыйны дазвол на будаўніцтва каталіцкіх святынь. Будаўніцтва касцёла пачалося толькі ў 20-я гады ХХ стагоддзя, а асвяціў яго ў 1925 годзе епіскап Жыгімонт Лазінскі. З таго часу драўляны Узвіжанскі касцёл ніколі не зачыняўся, ён з’яўляецца выбітным помнікам помесі стыляў: готыкі, барока і класіцызму.

Далей на той жа самай вуліцы знаходзіцца мастацкая славутасць горада – праваслаўны сабор Пакрова Прасвятой Багародзіцы, які быў пабудаваны ў 1924 годзе, а асвечаны ў 1931-м (першапачаткова тут стаяла царква 1908 года пабудовы, але яна згарэла ў 20-х гадах). Праз адчыненую царкоўную браму заходзім на царкоўны пляц, і перад намі паўстае ва ўсёй сваёй антычнай прыгажосці беласнежны сабор – помнік архітэктуры класіцызму, вежу і нябесна-блакітны дах якога відаць здалёку.

Набліжаемся да самой бажніцы, каб на свае вочы пабачыць лепшыя мазаічныя творы свету, створаныя ў ХІХ-ХХ стагоддзях. Пекныя мазаічныя пано з рознымі біблейскімі сюжэтамі трапілі ў Баранавічы з самой Варшавы, пасля таго як там у 1924 годзе быў зруйнаваны сабор А. Неўскага на галоўнай плошчы горада – нібыта як сімвал расейскай акупацыі. Мастацкія каштоўнасці таго храма былі перададзены шэрагу іншых праваслаўных цэркваў. Некаторыя з іх трапілі ў новазбудаваны баранавіцкі храм. У горад было прывезена сем мазаічных пано, якія сёння з’яўляюцца ўнікальным упрыгожаннем храма і робяць яго славутасцю ў маштабах усёй краіны. Прыгожы знадворку сабор мае і багаты інтэр’ер. Прасторная малітоўная зала знаходзіцца пад вялікім купалам, расфарбаваным пад каляднае зорнае неба. Мастацкі алтар, старадаўнія абразы, постаці евангелістаў на распісных скляпеннях – усё гэта надае сабору велічы і робіць яго сапраўднай перлінай горада, якую жыхарам трэба захоўваць як найвялікшую каштоўнасць, што ў іх ёсць.

Ад выдатнай царквы накіроўваемся да баранавіцкага аўтавакзала, каб працягнуць вандроўку. Набыўшы квіток на аўтобус да Ляхавічаў, у кампаніі самых розных людзей едзем далей. Пакуль мы выехалі з горада, паспелі пабачыць яшчэ некалькі баранавіцкіх вуліц, дзе спляліся ў адно розныя архітэктурныя эпохі. Напрыканцы горада з усімі, хто выязджае з Баранавічаў, развітваецца высокі, не так даўно пабудаваны праваслаўны храм св. Аляксандра Неўскага.

Ад Баранавічаў да Ляхавічаў ехаць нядоўга, і шлях гэты праходзіць праз розныя цікавыя мясціны. Першае, што заўважыць вандроўнік на гэтым гасцінцы, – нямых вартаўнікоў, якімі паўсталі закінутыя бетонныя доты часоў Польшчы і Першай сусветнай вайны. Гэты шлях праходзіць і праз шэраг вёсачак. І вось які тут цікавы момант. На дарозе ёсць шыльда «Літва 1 км.», і заўсёды знойдзецца ў аўтобусе які-небудзь блазен, які пажартуе: «О, Літва – адзін кіламетр – і мы ў Еўразвязе…» Але ж гэта, канечне, дарожная шыльда не да нашай суседкі, а толькі водгук з мінуўшчны і адзін з паказчыкаў таго, дзе была спрадвечная Літва.

Далей за Літвой, рэзка завярнуўшы за дрэвы, аказваемся ў вёсцы Дарава, дзе на высокім узгорку побач з шашой стаіць старасвецкі белы мураваны касцёл з невысокай вежачкай-званіцай, ветліва сустракаючы ўсіх наведвальнікаў. Калі задумацца – колькі ўсяго, стоячы побач з гасцінцам, пабачыў на сваім вяку гэты касцёл? Панскія карэты, першыя аўтамабілі, шыхты чырвонаармейцаў-«вызваліцеляў», фашысцкія, а потым і савецкія танкі; нешматлікія, але надзейныя савецкія легкавушкі, безліч іншамарак і фур кіроўцаў-дальнабояў – усё гэта прайшло побач з невялікай і ўтульнай каталіцкай бажніцай. Разважаючы пра гэта і слухаючы байкі сталага гандляра, які вяртаўся да хаты з менскай Камароўкі, непрыкметна мы выехалі на дарогу, абсаджаную ліпамі. Тут нас сустрэў імправізаваны замак, на бастыёнах якога бачым вялікія літары з назвай старадаўняга беларускага горада – Ляхавічы.   

Павел БУЛАТЫ

Комментарии

Авторизуйтесь для комментирования

К сожалению, мы обязаны идентифицировать Вас, чтобы разрешить публиковать отзыв.

С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.