«…І на гэтым трэба ставіць кропку». Падарожныя нататкі Сяргея Шаўцова

Поддержи

Рубрика : Блоги.

Адразу хачу сказаць, што гэта, так бы мовіць, успаміны публіцыста. Як кажуць, усё і ні аб чым. Так гэта ці не так – меркаваць чытачу…

У прынцыпе, я ні на што не прэтэндую. Не прэтэндую, каб гэтыя кавалачкі называліся літаратурай. Не прэтэндую, каб называліся публіцыстыкай – публіцыстыкай у разуменні прафесара факультэта журналістыкі. Гэта так, разнастайныя праявы жыцця. І толькі. Можна назваць іх мініяцюрамі, можна – нататкамі. Як кажуць, назавіце хоць гаршком. Толькі не стаўце ў печ…

Твары

Праз тры дні пасля таго як я прыехаў да бацькоў, на нашай вуліцы памёр мужчына. Яму было 52 гады. Ноччу стала дрэнна, потым яго паралізавала, а ў бальніцы ён памёр.

З гэтай нагоды на вуліцы, звычайна пустой у любы час сутак, – ажыўленне: хаўтуры. Суседзі, родзічы, знаёмыя – я даўно столькі народу не бачыў. Сталы накрылі проста ў двары. Пасля трэцяй памінальнай чаркі мужчыны выйшлі пакурыць на вуліцу. Я якраз ішоў міма. Больш з цікаўнасці. Мужчыну я ведаў толькі як жыхара вось гэтай вуліцы – чужая смерць заўсёды прыцягвае.

Пра гэта, праўда, я адразу забыўся, калі кінуў позірк на твары мужчынаў. Яны мне ўсе знаёмыя, я іх памятаю маладымі, энергічнымі. Зараз ім бліжэй да пяці-дзесяці.

 

Прызнаюся, стала страшнавата. Міжволі ўзгадаліся Босх і Ван Гог. Верагодна, твары на сваіх карцінах яны пісалі з натуры, а фантазія тут адыгрывала другасную ролю.

На наступны дзень мы з бацькам былі на могілках, парадкавалі магілу брата. Я ішоў па могілках, і з помнікаў на мяне глядзелі твары знаёмых, сяброў. Раней неяк не звяртаў увагі, а тут – кінулася ў вочы. Маладыя і прыгожыя, год нараджэння: 1960, 1961, 1959, 1958… Мае равеснікі. Гэты павесіўся. Гэты застрэліўся. А вось той п’яны патрапіў пад машыну. А гэты проста перапіў, і яго не паспелі адкачаць.

Брата пахавалі ў 1996-м. За яго магілай і перад ёю было пуста. Цяпер за ёю – каля двух дзясяткаў магіл, а перад – чатыры шэрагі новых магіл. Не ведаю, як дабрабыт, а могілкі растуць высокімі тэмпамі…

Прадаецца дом

У гэтай хаце жыў мой сябар. У нас з ім блізкія адносіны ўсталяваліся яшчэ ў дзяцінстве. Яны захаваліся дагэтуль, хаця я жыву ў Мінску, а ён – у Санкт-Пецярбургу. Калі дазваляюць фінансы – тэлефануем адзін аднаму.

Сябар у Піцеры жыве даўно. Дома заставалася яго маці. Але год таму памерла. Дом прадалі. Новы ўладальнік – вадзіцель-дальнабойшчык – узяўся хату маштабна перабудоўваць. Кожны раз, калі іду міма, думаю адно і тое ж: у гэты дом я ўжо ніколі не зайду. Вы скажаце, што страта натуральная, рана ці поз-на гэта здараецца з кожным? Можа быць, можа быць…

І па нашай вуліцы, і па ўсім мястэчку прадаецца шмат дамоў. Старыя памерлі, дзеці ў горадзе – звычайная справа. Мястэчка паціху вымірае. Раней яно было райцэнтрам, потым стала проста мястэчкам.

Я памятаю мястэчка шматлюдным, вясёлым. Я памятаю і сваю вуліцу такой. Па выхадных стары парк і стадыён былі запоўнены народам. Увесь час што-небудзь адбывалася: канцэрт, футбольны ці валейбольны матч, танцы пад баян.

Парк даўно высеклі на дровы. Стадыён зарастае травой. Тут пасвяцца козы. А дамы прадаюцца. Толькі мала хто іх купляе – не хапае грошай.

Чаму? Што здарылася з мястэчкам і яго жыхарамі? Якая страшная хвароба выкошвае іх? Ці не будзе так, што праз нейкі час у Беларусі застанецца толькі Мінск, пяць абласных і некалькі дзясяткаў раённых цэнтраў? Ва ўсялякім выпадку, логіка сённяшняга жыцця падказвае менавіта гэты шлях…

Хто, нарэшце, ажывіць мясцовую прамысловасць, якая можа забяспечыць прадуктамі паўраёна, не кажучы пра само мястэчка? Бог, цар, герой? Усё прасцей, неабходна, каб у кожнай справе быў гаспадар. Толькі і ўсяго.

Канфарміст

Восень. Вуліца Маскоўская. Еду ў цэнтр і чакаю тралейбуса. Перада мною плячысты нізенькі мужчына. Заходзім. Я звяртаюся да мужчыны: «Калі ласка, талончык праб…» Мужчына абарочваецца, і апошняе слова ў мяне не выгаворваецца да канца. Бацюхна! Каго я бачу! Былы першы сакратар Гомельскага абкама КПБ… Сціплы плашчык, сціплы, ціхі выгляд – тыповы сярэдні начальнік раённага звяна. А мозг паслужліва выдае інфармацыю для роздуму.

Апошні раз я сустракаўся з ім у 1985 годзе ў Брагінскім раёне. Ён туды прыехаў на традыцыйны семінар па жывёлагадоўлі. Памятаю, выехалі ў нейкую гаспадарку, пахадзілі па фермах… Потым першы сакратар вывеў усіх на вуліцу. Што канкрэтна ён гаварыў – няважна, цікава – як.

Ён нешта спытаў у мясцовага заатэхніка, а той не змог адказаць. Ах, што тут пачалося… Першы сакратар крычаў так, што напужаліся нават вароны, а каровы перасталі рыкаць. Няшчасны заатэхнік стаяў чырвоны і нібы апляваны, старшыні сарамліва глядзелі па баках, востры сорам адчуваў і я, якога паслалі «асвятляць» падзею…

І вось табе: тралейбус, шэры восеньскі дзянёк, сціплы плашчык. Ад вялікага да смешнага… Не, мне зусім не хочацца цягаць за хваст мёртвага льва. Толькі, атрымліваецца, і льва не было?

Не шкада

Пажылы мужчына гаварыў мне ў 1986 годзе:

– А мне іх не шкада – гэтых Якіраў, Тухачэўскіх, Бухарыных… Такія ж забойцы, толькі ім менш пашанцавала.

Помню, тады з ім заспрачаўся. Як гэта, героі рэвалюцыі, рэпрэсіраваныя і г.д. Дый увогуле – людзі. Час і дадатковая інфармацыя прымусілі з тым мужчынам у нечым пагадзіцца. Бо гэта былі не людзі ў агульнапрынятым сэнсе, гэта была «жалезная неабходнасць».

Канчаткова мяне пераканаў фільм «Чекіст» (яго потым ні разу не паўтаралі – занадта жудасны). Сядзіць такая сволач у акулярах і чытае спіс заложнікаў: «Расстрэл, расстрэл, расстрэл…» Потым людзей выводзяць у падвал, распранаюць дагала і пяцёркамі – да сцяны. І – па камандзе – кулю ў патыліцу. І так увесь фільм.

Вядома – мастацтва. Але яно – ілюстрацыя да таго, што было, да таго, што было яшчэ больш жудасна, чым у фільме. Не, гэта былі не людзі. Я проста ўявіў сябе на месцы аднаго з тых, каго расстрэльваюць. Ля сцяны… У мяне і ў думках не было ўявіць сябе чэкістам.

Гандлярка і паэт

Хто бывае на станцыі метро «Плошча Перамогі», можа там сустрэць хлопчыкаў і дзяўчынак, якія іграюць на скрыпках, кларнетах і інш. Вучні музычных навучальных устаноў такім чынам «калымяць». Ім гэта забаронена, могуць пагнаць з вучылішча.

На гэты раз юнак са скрыпкаю стаяў у пераходзе метро на плошчы Якуба Коласа. Людзей тут значна больш. Але народ спецыфічны, апантаны гандлёвымі імкненнямі. Словам, далёкі ад класічнага музычнага мастац-тва.

Юнака, відаць, моцна прыціснула «матэрыя» – адсутнасць грошай. Ён іграў нешта шчымліва-самотнае, што прымушала спыніць хаду, прыслухацца. А народ ішоў сабе з клункамі, набітымі гароднінай, мясам, рыбай, іншымі патрэбнымі рэчамі. У раскрыты футарал грошай амаль ніхто не кідаў. Ён быў пусты.

Чую, аднак, побач з сабою пыхканне. Азіраюся: стаіць баба, магутная баба, чысты «камароўскі» тып. Ля ног – дзве вялізныя сумкі. Баба спынілася адпачыць. Твар чырвоны, пот цячэ, апранута «па-гарадскому», але паходжанне яснае без пашпарта.

Але – стаіць, адчуваю – слухае ўважліва. Скасіў вока – плача! Вось табе на… А юнак яе таксама заўважыў, нават крыху павярнуўся ў яе бок – выканаўцу патрэбны слухач. Хоць адзін. А жанчына ўсё плача і не саромеецца. Камароўскі народ пачаў азірацца: не зусім зразумелая сітуацыя. Вось адзін спыніў свой бег, другі, трэці. Хутка назбіралася чалавек пятнаццать. Паляцелі першыя купюры ў футарал. А жанчына ўсё плача. Што яна прыгадала? Пра што думала? Па кім плакала? Ды якая розніца…

Раптам юнак апусціў смычок. Падышоў да жанчыны. «Што з вамі? Можа, што здарылася? Не плачце, калі ласка… Усё будзе добра…» – «Ах ты, сыночак мой…» Жанчына палезла ў кішэню, дастала грошы, аддала хлопцу. «Дай табе Бог здароўя…»

Каханне

Як у кожным узросце ёсць свая прывабнасць, так ёсць прывабнасць у кожнай жанчыны. Проста патрэбны мужчына, які б гэту прывабнасць разгледзеў. Задача, такім чынам, нескладаная. Праўда, над яе вырашэннем моц-ная палавіна б’ецца з пераменным поспехам не першае тысячагоддзе. Застаецца спадзявацца, што так будзе і далей. Бо тут уся соль і свая асалода. Як пісаў Іван Бунін, мужчына толькі і робіць, што думае пра жанчыну…

Так ці прыкладна так я думаў, назіраючы на прыпынку адну сярэдняга ўзросту пару. Прадметам разважанняў было наступнае: што ўсё ж гэта такое – каханне? Бо, здавалася мне, такую жанчыну нельга палюбіць ні пад якім соусам. Яна была не тое што непрыгожая, а нават агідная, з нагамі-стаўбамі, шырынёю пасярэдзіне не менш метра, з тварам, высечаным хутка і груба, абы з рук, як хутчэй.

А муж, што цікава, глядзеў на яе з непрыхаванай прыязнасцю і – ці мне падалося? – з любоўю. Што там тайна паходжання жыцця на зямлі. Тут вось з імі паспрабуй разбярыся…

Каханне – гэта, верагодна, справа толькі дваіх, а трэці, як заўсёды, лішні. Іх каханне – гэта толькі іх каханне. І на гэтым трэба ставіць кропку.

Сяргей ШАЎЦОЎ

Фота маюць ілюстрацыйны характар

 

Комментарии

Авторизуйтесь для комментирования

К сожалению, мы обязаны идентифицировать Вас, чтобы разрешить публиковать отзыв.

С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.