Плаціць ці не плаціць за догляд? Нерухомыя інваліды восемь гадоў не могуць знайсці сядзелку

Поддержи

Рубрики : Общество, Фото.

Локцікі – сям’я са Столінскага раёна, дзе і муж Браніслаў, і жонка Анастасія – нерухомыя інваліды першай групы, якім патрэбны пастаянны догляд. Але стала забяспечыць гэты догляд не атрымліваецца. На старонках газеты мы не раз уздымалі праблему догляду за ляжачымі інвалідамі, у тым ліку прыводзіўшы прыклад Локцікаў. Але калі чарговы раз Локцікі аказаліся без сядзелкі, мы вырашылі выехаць у самую глыб Палесся, каб разабрацца ў тым, чаму ж гэтай сям’і не лёс атрымліваць пастаянны догляд. Дапамагалі разбірацца ў гэтым пытанні ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Столінскага райвыканкама і мясцовы тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

Локцікі, якія пазнаёміліся па аб’яве

Локцікі жывуць у маленькай аднапакаёвай кватэры ў пасёлку Рэчыца, што знаходзіцца за восем кіламетраў ад Століна. Анастасія – інвалід з нараджэння. «Я нарадзілася, а мае ножкі не ступалі на зямлю, – кажа жанчына, – мой далягляд – гэта столь і сцены кватэры».

Анастасія родам з Ашмянскага раёна Гродзенскай вобласці. «Я не вучылася, за партай не сядзела. Але ў мяне быў тэлефон і газета “Наша доля” (такую назву раней мела газета “Вместе!”, – заўв. аўт.) на стале. Бацькі сыходзілі на ўвесь дзень, таму мне было сумна. А ў газеце друкаваліся знаёмствы. Думаю, напішу – і весялей будзе…» Так Анастасія пазнаёмілася са сваім першым мужам. А калі той памёр, то трэба было вырашаць, як жыць далей. Братам і сёстрам Анастасія была не патрэбна. Таму яна вырашыла паспрабаваць шчасця другі раз… Таксама праз газетныя знаёмствы. Так і з’явіўся ў яе жыцці Браніслаў – Бронік, як называе мужа Анастасія.

Калі Наста можа толькі ляжаць, то Броніка, калі падтрымаць, можна пасадзіць. Калі пастараецца, Бронік можа перасоўвацца на вазку.

Адмаўленне ад абслугоўвання на даму

Да Локцікаў мы вырашылі паехаць таму, што літаральна пару тыдняў таму яны зноўку засталіся без жанчыны-памочніцы, якая атрымлівала дзяржаўную дапамогу па доглядзе Локцікаў. На гэты раз скончылася ўсё скандалам і міліцыяй – памочніца, па словах Анастасіі, піла і крала ў інвалідаў грошы.

Локцікі ўжо досыць даўно адмовіліся ад паслуг сацыяльнага работніка ці сядзелкі з тэрытарыяльнага цэнтра, бо гэтыя паслугі маюць свой кошт, калі інвалід не знаходзіцца на надомным абслугоўванні. Калі я пабачыла гісторыю адмаўлення ад надомнага абслугоўвання Локцікаў, якую мне паказала Алена Фарсюк, намеснік дырэктара тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання Столінскага раёна і загадчык аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму, яна мяне досыць здзівіла. Аказваецца, з 1999 года па цяперашні час больш за дзесяць разоў сужэнцы Локцікі мянялі сваё рашэнне – то пагаджаліся на надомнае абслугоўванне, то ад яго адмаўляліся, то пагаджаліся на ўмовах поўнай аплаты, то – на ўмовах частковай…

Алена Фарсюк

Аднак Наста Локцік мае сваё тлумачэнне таго, чаму яна адмовілася ад паслуг тэрытарыяльнага цэнтра: «Калі да мяне прыходзілі сацыяльныя работнікі з тэрытарыяльнага цэнтра, яны казалі: хочаш, каб памянялі памперсы, – плаці пяць рублёў! На ўсё свае кошты! Мы паспрабавалі такім чынам, але для нас гэта дорага».

Разбіраемся. На сёння, згодна з законам, Локцікі маюць права на атрыманне паслуг сацыяльнага работніка аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму з наведваннем 5 разоў на тыдзень на ўмовах частковай аплаты (50 %). Адзін візіт работніка каштуе 51 капейку. А ў месяц гэтая паслуга складала б 10,2 рублі для кожнага. Праз тое, што Локцікі жывуць у кватэры з камунальнымі выгодамі, адзін візіт па часе складаў бы каля дзвюх гадзін.

 

Але Локцікам такі расклад не падыходзіць, бо ім патрэбна сядзелка, якая б праводзіла з імі увесь дзень. І такую пазіцыю цалкам можна прыняць і зразумець. Тэрытарыяльны цэнтр, паводле закону, можа прадаставіць сядзелку, гадзіна працы якой складае 80 капеек.

Такая паслуга Локцікам прадастаўляецца платна, таму што іх пенсіі перавышаюць пражытачны мінімум. Але Локцікі плаціць за гэтую паслугу адмаўляюцца – тлумачаць гэта тым, што інакш грошай ім не стае.

Няўдачы з сядзелкамі

Апошнім часам да сям’і афармляліся жанчыны па лініі ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Столінскага райвыканкама. Упраўленне ў сваю чаргу выплочвала гэтым людзям дапамогу памерам крыху больш за 200 рублёў. Ахвочыя даглядаць Локцікаў знаходзіліся самі: звычайна па абвестцы, якую давала Анастасія.

«У нас няма ніякага рэзерву кадраў, – тлумачыць Дзмітрый Кулінчанка, намеснік старшыні ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Столінскага райвыканкама. – Паводле закону мы гэтай справай не займаемся. Калі знаходзіцца чалавек, які хоча даглядаць сям’ю, і яны знаходзяць агульную мову паміж сабой, то чалавек звяртаецца ва ўпраўленне з заявай аб тым, што хоча даглядаць інваліда. Пасля яму прызначаецца дапамога».

Дзмітрый Кулінчанка

Руслан Коц, дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Столінскага раёна, сцвярджае, што ў Локцікаў склалася свая сістэма. Перад тым як аформіць чалавека на догляд для Локцікаў, ён праходзць у іх своеасаблівае тэсціраванне. Аказвае паслугі, прыціраецца. Калі падабаецца, то з чалавекам заключаюць дамову. Пры гэтым правяраюць, ці не мае чалавека алка- і нарказалежнасці.

Зараз Анастасія не можа адысці ад апошняй сядзелкі, якая, згодна з яе словамі, аказалася п’яніцай.

«Пілі так, што немагчыма! – скардзіцца мая суразмоўца. – Ужо восем год немагчыма знайсці сядзелку. Не ўгадаеш жа! Спачатку прыходзіла і добра ставілася, казала, што веруючая і што піць не будзе».

У выніку сужэнцы ляжалі самі па сабе, а сядзелка, са словаў Локцікаў, і піла, і грошы скрала, і цярпела пабоі ад свайго мужа-алкаголіка. «Самае жахлівае, што яна абвінаваціла Броніка ў тым, што ён яе пабіў!».

Справядлівасці Анастасія Пятроўна шукае ў мясцовым тэрытарыяльным цэнтры і ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама. Што ж, разбіраемся.

Дзмітрый Кулінчанка прадаставіў спіс людзей, якія афармляліся на догляд за Локцікамі і для атрымання пенсіі. Па яго словах, за ўвесь час у Локцікаў змянілася каля трыццаці чалавек.

Толькі за апошнія некалькі гадоў сем чалавек атрымлівалі дапамогу па доглядзе па лініі ўпраўлення, чатыром асобам адмовілі Локцікі, два чалавекі падалі заяўку і самі ж адазвалі. Аднаму чалавеку адмовілі ў афармленні дапамогі па доглядзе, бо ў яго была судзімасць.

«У нас просяць чалавека на догляд, – кажа Дзмітрый Пятровіч. – Але ў нас няма рэзервных кадраў. Інвалід сам дамаўляецца з людзьмі, якія пагаджаюцца яго даглядаць. Наогул, лёгка казаць пра тое, што Локцікаў нібыта кінулі».

Руслан Коц падсумаваў: «Тут усё ўпіраецца ў чалавечы фактар. Нават тыя загартаваныя сацыяльныя работнікі, якім няма куды ўладкавацца на працу, адмаўляюцца ісці па выкліках да Локцікаў…».

Насце чалавек спадабаўся, закону – не

Калі мы прыйшлі да Локцікаў, то пабачылі, што іх зараз даглядае хлопец Саша і яго маці Таццяна. Як аказалася, з Локцікамі яны знаёмы ўжо каля трох гадоў.

«Калісьці я прачытала аб’яву Насты і захацела ўладкаваць пляменніцу, бо яна была без працы, – узгадвае Таццяна. – Але па тэлефоне тады Наста сказала, што яны трэція суткі ляжаць мок-рыя, і папрасіла, каб я прыйшла і дапамагла іх пераапрануць і памыць. Вось я і прыехала».

Таццяна кажа, што яна дапамагае Локцікам у тыя перыяды, калі іх ніхто не даглядае. Але на яе аформіць дапамогу па доглядзе паводле закону нельга, бо яна пенсіянерка.

Таццяна, дапамагае сям’е Локцікаў

Даглядаць Локцікаў быў згодны яе сын Саша, які зараз гэта і робіць. Па лініі ўпраўлення мне патлумачылі, што Саша ўжо спрабаваў аформіцца, але не атрымалася, бо ён мае судзімасць. Паводле закону ён не мае права на афіцыйнае афармленне на дапамогу па доглядзе.

«Мы хацелі аформіць сына… – дзеліцца Таццяна. – Але ён мае судзімасць, таму яго не бяруць. Мы разумеем, што ёсць закон…».

Анастасія кажа, што з усіх кандыдатаў гэтая сям’я задавальняе іх найбольш. Дарэчы, за дзень догляду Локцікі плацяць ім па дзесяць рублёў.

– Мяне задавальняе. Хлопец у нас начуе. Таццяна штодня прыязджае…

– А ці задавальняе вас тое, што вы плаціце 10 рублёў за дзень? – пытаю ў Насты.

Разбіраемся і тут. Паводле закону кожны інвалід можа звярнуцца па кампенсацыю за памперсы. Па словах Руслана Коца, яны пастаянна заахвочваюць Локцікаў збіраць чэкі за памперсы, каб пасля вярнуць ім патрачаную суму. Але Локцікі чамусьці гэтага не робяць.

«Бывае, Локцікі тэлефануюць, што скончыліся памперсы, – узгадвае Алена Фарсюк. – Мы звязваемся з Чырвоным Крыжам і прывозім ім памперсы».

Хто вінаваты і што рабіць?

Локцікі адмаўляюцца ад бальніцы сястрынскага догляду і ад інтэрната, працягваючы прасіць сядзелку ва ўпраўленні, якое не мае ніякага дачынення да падбору сядзелак для інвалідаў. А праблема на самой справе больш глыбокая, чым падаеццца.

Па дадзеных Міністэрства працы і сацыяльнай абароны больш за 730 тысяч пажылых людзей і інвалідаў жывуць адны. Адпаведна, шмат каму трэба штодзённы догляд. Сітуацыя Локцікаў тут не выключная. Дабрачынны праект «Имена» нават збірае грошы на праект па патранажнай службе, дзе за кошт сабраных грошай ахвочыя медсёстры маглі аказваць дапамогу інвалідам на даму.

Наогул, вельмі лёгка казаць, што ўлады нешта не робяць. Цяжэй падзякаваць за тое, што робіцца. Іншае пытанне заключаецца ў тым, каб гэтую ўвагу здолець усім даць. Магчыма, накіраванне псіхолагаў або валанцёраў да сям’і Локцікаў падсаладзіла б нейкім чынам адзіноту гэтай сям’і. Бо ніхто не кажа, што Локцікаў не шкадуюць і ім не спачуваюць.

А з іншага боку, магчыма, калі б цяжкая праца сядзелак аплочвалася хаця б удвая болей, чым зараз, то і адносіны сацыяльных работнікаў былі б іншыя. У любым выпадку, пакуль на некаторыя пытанні не знаходзяцца адказы, самім Локцікам варта вызначыцца: або паступаць паводле закону і плаціць за сядзелку, або плаціць штодзённа тым людзям, якім яны поўнасцю давяраюць.

 

Вікторыя ЧАПЛЕВА

Фота аўтара

Комментарии

tarakanov

2019-03-18 20:28:06

Я так разумею,што Локцікі плацяць 10 рублёу у дзень а не 6,40(8х0,80) толькі таму, што тыя хто дапамагаюць не згодны на два дні у тыдзень. Гэта вялікая праблема цяжкахворых людзей - як быць два выхадных, калі сядзелка ад сацслужбы не працуе?

Авторизуйтесь для комментирования

К сожалению, мы обязаны идентифицировать Вас, чтобы разрешить публиковать отзыв.

С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.