Саната для Веры

Поддержи

На сцэне Салігорскага Цэнтра дзяцей і моладзі віншавалі ўдзельнікаў хору «Натхненне» з прычыны 15-гадовага юбілею, у склад якога ўваходзяць пенсіянеры педагагічнай працы пад кіраўніцтвам педагога Ларысы Гулкоўскай. Калі былі ўсім падараваны кветкі і падарункі, Ларыса Уладзіміраўна сказала: «Цяпер павіншуем былую нашу сяброўку, педагога з цудоўным голасам, якая сёння па стану здароўя не здолее быць з намі на сцэне, былога вязня нямецкага канцлагера, якая мае цяжкае раненне з часоў Вялікай Айчыннай вайны, Веру Ільінічну Папову-Сташкевіч».

У канцы доўгага цёмнага калідора выглядаю з цяжкасцю нумар яе кватэры. Стукаюся ў дзверы і чую вясёлае запрашэнне: «Заходзьце». Гаворыць вінавата: «Гэта я абмяняла з дачкой сваю двухпакаёўку на гэты прытулак ў інтэрнаце». Але пасля цёмнага калідора мяне здзіўляе светласць і чысціня пакоя. Быццам адчуўшы маё здзіўленне, Вера Ільінічна кажа: «Штодзень наведваецца дачка, пра мяне клапоціцца. Расказваць пра ваеннае дзяцінства – справа цяжкая: паднімаецца крывяны ціск, пачынае балець галава, ды шмат чаго забылася». Больш трох гадзін вялася размова: Вера Ільінічна расказ-вала сваё, я месцамі, каб падтрымаць бадзёрасць, расказваў сваё, бо я таксама дзіця вайны. У выніку нешта занатавалася на дыктафоне і ў запісной кніжцы.

«Нарадзілася я ў Расіі, на Пскоўшчыне Невельскага раёна, у вёсцы Нікуліна. У вёсцы была толькі пачатковая школа, а вакол вялікі лес. Бацька вярнуўся з фінскай вайны інвалідам, з праст-рэленай правай рукою, якою не здолеў трымаць нават лыжку. У 1941 годзе мяне сабралі ў школу ў першы клас. Правучылася два тыдні, як у вёску прыйшлі немцы.І школу закрылі. Я плакала, бо вельмі хацела вучыцца. Зімавалі ў сваёй хаце. Але ў сакавіку 1942 года немцы спалілі 7 вёсак, нашу таксама, бо ў лесе да гэтага часу шмат ужо было партызанаў. Мы пераехалі да радні ў акупіраваную немцамі вёску Будніца, дзе жылі да наступнай зімы. Зімою немцы нас вывезлі ў Невель. Да чыгункі везлі на вялікіх машынах без цёплай вопраткі. У вагоне нас было так многа, што нельга было павярнуцца. Калі цягнік прыпыніўся на нейкай станцыі, то я была без прытомнасці. Адчынілі дзверы вагона, я стала падаць, але нехта падхапіў мяне і запіхнуў назад. Ці ад свежага паветра, ці ад гэтага стрэсу, я расплюшчыла вочы і ўбачыла… немца. Ён быў белатвары, маладзенькі. Пасля ў вагон прынеслі бітон вады з чарпаком і некалькі пляскатых круглых хлябоў. Мне таксама дасталіся чарпак вады і кавалачак хлеба. Як ехалі ў цягніку далей, не памятаю.

Нас выгрузілі ў Слуцку. Прыгналі ў першы ваенны гарадок, у вялікую казарму. Людзі займалі нары, каму месца на нарах не хапіла, укладваліся на дол. Тут прынеслі бітон вады і бітон нейкай пахлёбкі. Жанчыны і дзеці заставаліся ў казарме, а мужчын выганялі капаць ямы на тэрыторыі ваеннага гарадка. Бацька расказ-ваў, што праз два-тры дні гэтыя ямы напаўняліся пакойнікамі. Ямы капаліся новыя. Тут бацька, я і малодшы брат захварэлі на тыф. Брацік памёр, мы выжылі. Летам жанчын і дзяцей выгналі з казармы, пасадзілі на падводы і павезлі ў бок вёскі. Мяне з мамай пасялілі ў адной гаспадыні з вёскі Падлессе. Ніколі не забудзецца, як гаспадыня раніцою і вечарам паіла мяне цёплым малаком. Мама дапамагала жыхарам вёскі па гаспадарцы, а тыя нас кармілі і апраналі. Восенню 1943 года нам дазволілі пакінуць вёску. З мамай пайшлі ў Слуцк шукаць бацьку. На вуліцы ў горадзе сустрэлі знаёмага па лагеры, ён падказаў, у якім бараку жыве бацька. У гэтым бараку мы пражылі зіму 1943-44 гадоў. Вясною бацька знайшоў пустуючы ларок, у які і перасяліліся. Па горадзе сталі хадзіць чуткі, што блізка наступае Чырвоная Армія. Начамі сталі бамбіць горад савецкія самалёты, таму на ноч мы выходзілі ў поле, а раніцою вярталіся ў свой ларок. Але немцы хутка не сталі выпускаць з горада. Тады мы вырашылі ўціхара пракрасціся за межы горада. Жылі ў жыце.

Аднойчы чуем, што нехта паўзе па жыце. Гэта былі савецкія салдаты, з чырвонымі зоркамі на пілотках. Колькі было радасці! Мы паказалі ім, як можна прабрацца незаўважанымі ў горад. Салдаты абяцалі нам вярнуцца, але мы іх не дачакаліся.

І тут я адчула, што ляжу на чымсці мокрым. Я намацала нешта ліпкае, гарачае.Тут да мяне стаў вяртацца зрок, убачыла, што з маіх пальцаў сцякае кроў, а пада мною – цэлая лужына. Бацька прыпадняўся, паглядзеў на мяне і сказаў, што я паранена. У мяне нічога не балела, але левая нага ўся была пашчапана. Вытыркалі голыя косці. Мама падхапіла мяне на рукі, і мы ўсе пабеглі ў бок вёскі Краснадворцы. З кустоў насустрач выбег маладзенькі савецкі салдат, на рукаве белая павязка з чырвоным крыжам. «Дайце я перавяжу параненую», – сказаў ён. Пасля я апынулася ў палявым ваенным шпіталі. Вакол яго, здавалася, цэлае поле было застаўлена насілкамі з раненымі. Мяне аперырывалі толькі ноччу. Перад гэтым я ўбачыла малога хлопчыка, у якога былі адрэзаны далоні абедзвюх рук. У доктара, які аперыраваў, я спытала: «Мне таксама адрэжуць нагу, як таму хлопчыку адрэзалі рукі?» Доктар адмоўна паківаў галавою, што мяне вельмі ўзрадавала. Праз некалькі дзён палявы шпіталь паехаў далей за фронтам. Нага не зажывала, я заўважыла, што па ёй сталі поўзаць чарвякі. Бацька знойшоў у горадзе стацыянарны ваенны шпіталь. Начальнік шпіталя паабяцаў, што прыйдзе доктар і абследуе дачку. Позна ноччу прыйшоў, прынёс лекі, зрабіў перавязку. Нага стала зажываць, а зарасла толькі да Дня Перамогі. Але ў назе назаўсёды застаўся асколак ад снарада.

У 1954 годзе я скончыла сярэдюю школу ў Слуцку. Мне было прапанова паступіць у кансерваторыю на вакальнае аддзяленне з поўным дзяржаўным утрыманнем. Але памятаючы трапны выраз пісьменніка Чэхава, што ў чалавека павінна быць усё цудоўным, сумленне не дазволіла мне гэтага. Я не магла ўявіць сябе на сцэне з такою нагою, таму паступіла ў Магілёўскі педагагічны інстытут. Была студэнткай актыўнай, добра спявала. Калі атрымала дыплом, мне далі накірунак на працу ў Магілёўскі райком камсамола, але я адмовілася: «Толькі ў вясковую школу». Усе здзіўлена на мяне паглядзелі. Прыехала ў Любанскі раён, вёску Асавец. Школа дзясяцігодка. Пераначавала на кватэры першую ноч, выйшла ранкам на вуліцу, каб азнаёміцца з вёскай. І ў гэты момант з хаты цераз вуліцу выйшаў рослы, дужы хлопец у матроскай цяльняшцы: – вось ён, на фота ў рамцы. Шкада, рана памёр. Мая задача на сёння – дажыць да 3-га ліпеня. Гэты дзень у мяне святочны двойчы: Дзень вызвалення Беларусі і дзень майго нараджэння. Мне будзе 85 гадоў».

 

Уладзімір Амяльчэня

Присоединяйтесь к нам! Telegram Instagram Facebook Vk

Комментарии

Авторизуйтесь для комментирования

С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.