Вандраванне па Беларусі разам з нетрывіяльным кандыдатам гістарычных навук: прыпынак першы

Поддержи

Рубрика : Блоги.

На сайце  газеты “Вместе!” будуць друкавацца вандроўныя рукапісы даследчыка гісторыі ВКЛ, кандыдата гістарычных навук Паўла Булатага. “Вандроўныя рукапісы” –  так свае нататкі назваў сам аўтар, бо процягам аднаго лета Павел, закінуўшы за спіну заплечнік, пайшоў вандраваць па невядомых гарадах і вёсках, вывучаўшы нашу культуру і гаманіўшы з мясцовымі жыхарамі. У гэтых рукапісах вы сустрэнеце і апісанні беларускіх гарадоў і мястэчак, і гістарычныя факты, і аўтаркія развагі. Зычым вам прыемнага падарожжа па Беларусі разам з аўтарам!

Частка 1.

(Мінск-Баранавічы)

* * *

Стагоддзямі па кутках нашай Бацькаўшчыны ладзіліся вандроўкі каб данесці тутэйшаму народу апісанне жыцця беларусаў. Праводзілі іх нашы фалькларысты-даследчыкі Адам Кіркор, Павел Шпілеўскі, Уладзіслаў Сыракомля і шмат хто іншы. Рабіліся такія выправы і на пачатку ХХ стагоддзя на хвалях нацыянальнага адраджэння і абуджэння цікавасці да беларушчыны. Але жыццё не завісла ў паветры: адны эпохі прыходзяць на змену другім. А патрэба ў вандроўках па Радзіме, каб убачыць і адчуць жыццё сучаснай Беларусі – ёсць! І гэта насамрэч справа важная і для нас карысная, бо не ўсе мы добра ведаем сваю зямлю і гісторыю свайго кута. А каб адчуць водар роднага краю, трэба ехаць у беларускую глыбіню, да самага сэрца й душы Беларусі.

Найперш выпраўляемся на гістарычную, поўную шляхетным духам Наваградчыну і памежныя з ёй землі. Цікавыя гэтыя землі тым, што там, як нідзе, захавалася да нашага часу шмат каштоўных, а часам і ўнікальных помнікаў, створаных беларусамі розных эпох. Есць там і цэлы шэраг славутых мясцін, звязаных з выбітнымі беларусамі і нашым вайсковым гонарам.

 Наведаем старажытныя мураваныя і драўляныя цэрквы, касцёлы, завітаем у манастыр; зазірнём у былыя панскія маёнткі, шляхецкія сядзібы і палацы магнатаў; пабачым нашых сучаснікаў, якія жывуць у тым краі. На старонках нашых зацемак вы знойдзеце апісанне той краіны, якую мы ўбачылі на свае вочы, якой яна была ў той момант – момант нашага цяперашняга жыцця.

З Богам – у добры шлях!

Пачатак

Менск – Менскі вакзал – «швейцарская электрычка Менск.

Сабраўшы ў заплечнік патрэбныя для вандроўкі рэчы, выпраўляемся ў шлях са спальнага раёна на заходнім ускрайку сталіцы. Хто ведае, можа праз пэўны час гэтыя спальныя раёны будуць вабіць навукоўцаў, якіх зацікавіць іх своеасаблівая архітэктура і непаўторны лад жыцця. Такі раён нагадвае старадаўняе мястэчка: тут усё побач і ўсё патрэбнае для жыцця – крамы, паліклінікі, спартыўныя пляцоўкі, паркі, цырульні, садкі і школы, нават метро. Людзі тут добра ведаюць адзін аднаго ў твар, бо жывуць, вучацца, працуюць, падчас не выязджаючы за межы свайго «мястэчка» шмат часу. Ды і нашто куды ехаць – усё ж побач. Звычайна, каб дабрацца з такога раёна ў якую-небудзь кропку Менска, трэба каля гадзіны. Так і мы, сеўшы на аўтобус, праз гадзіну аказваемся на чыгуначным вакзале.

Вакзал – само па сабе вельмі прывабнае месца. Шточас сюды прыходзяць і адсюль адыходзяць цягнікі, усё новыя і новыя натоўпы пасажыраў праходзяць праз яго браму, у паветры павявае дарожнай мітуснёй і клопатам. Мы не будзем спыняцца на апісанні сталічнага вакзала і Менска ўвогуле, бо гэта зойме не адну кнігу, якую, безумоўна, Менск заслугоўвае.

Набыўшы квіток да месца пачатку нашай вандроўкі – гораду Баранавічы – рушым у вакзальныя памяшканні. Колькі ж тут цікавага! Асабліва вабяць вобразы тых людзей, якія снуюць па вакзале. Аб’ядноўвае іх адна істотная рэч – усе яны падарожнікі. Хто ўжо прыехаў, куды збіраўся, а хто толькі чакае ад’езду. Вось у крэсле адпачывае чырвоны, як печ, дзядзька-чыгуначнік; побач сядзяць дачнікі з рознымі прыладамі і флянсамі ў прадчуванні таго, як трапяць на свае любімыя соткі; сям-там віднеюцца курортнікі з вялікімі сумкамі.

Шмат тут можна сустрэць маладых дзяўчат і юнакоў – гэта студэнты, якія пайшлі з бацькоўскай хаты вучыцца ў вялікі горад, а зараз едуць наведаць сваіх родных. А вось праходзіць узвод салдат са стомленымі тварамі на чале з лейтэнантам (мабыць, варочаюцца ў сваю в/ч з якой-небудзь камандзіроўкі). Сядзяць на лавах і госці з малых гарадоў, якія прыехалі ў сталіцу дзеля базару і зараз разглядаюць свае набыткі. У залах там-сям можна ўбачыць якога валацугу з торбай пустых бутэлек ці ануч. Падарожнікі, што чакаюць свой цягнік, займаюцца рознымі справамі: хто падсілкоўваецца набытымі ці ўзятымі з дому закускамі, хто спрабуе свае інтэлектуальныя здольнасці ў разгадванні крыжаванкі ці судоку, хто чытае газеты, часопісы, кнігі, хто гамоніць (гэта датычыцца людзей больш сталага веку), а моладзь бавіць час у сусветным сеціве ці заткнуўшы вушы навушнікамі, з якіх гучыць любімая музыка…

І вось – усім знаёмы сігнал, і жаночы голас аб’яўляе пасадку на наш цягнік. Зверыўшы на табло пуць і платформу, рушым да патрэбнага месца. Там нас чакае ўжо так званая швейцарская электрычка (бо прыйшла да нас з гэтай еўрапейскай краіны). Рэгіянальныя лініі бізнес-класа – гэта адносна новая з’ява ў беларускім транспарце. З’явіліся яны на нашых рэйках недзе ў 2010-х. «Швейцарская электрычка» за адносна невялікі кошт хутка дамчыць з Менска ў Баранавічы (і не толькі туды).

Троху больш чым праз гадзіну мы праехалі Стоўбцы і перасеклі Нёман – мяжу паміж былым Наваградскім і Менскім ваяводствамі, паміж колішняй Беларуссю заходняй і савецкай. А яшчэ менш чым праз гадзіну мы прыбылі ў горад Баранавічы.

Горад Баранавічы: схаваная даўніна

Вакзал і прывакзальны пляц – Дарога да цэнтра – Былая Могілкавая – Куточак старасветчыны – Мястэчка Развадова – Старыя храмы – Дарога на Ляхавічы

Хто б з жыхароў Беларусі пачатку ХІХ стагоддзя мог уявіць, што ў хуткай будучыні невялічкая вёска Баранавічы стане буйным горадам і прамыслова-чыгуначным цэнтрам у маштабах усёй краіны? Здаецца, ніхто нават пра такое і не думаў, бо не было тут ні магутных замкаў, ні гандлёвых цэнтраў, ні рэзідэнцый магнатаў. У буйны горад вёска Баранавічы, якая ўпершыню ўзгадваецца ў 1627 годзе, ператварылася дзякуючы таму, што праз яе прайшлі дзве важныя чыгункі: Брэст-Маскоўская і Лібава-Ровенская. Але ж з другога боку Баранавічы можна назваць і горадам-ахвярай – лютыя войны ХХ стагоддзя пакінулі значны след на архітэктурным твары горада: камяніцы часоў царызму змяшаліся з савецкай забудовай уперамешку з будынкамі польскага часу. Гэта ўсё стварыла ў сучасным горадзе своеасаблівы і непаўторны каларыт. Што ж, агледзім горад і пашукаем яго спрадвечныя вулачкі і камяніцы, якія памятаюць былыя часы і з’яўляюцца сведкамі нашай складанай гісторыі.

Ступаем на платформу, і перад намі паўстае галоўны вакзал горада – Баранавічы «Палескія». Пышны і ўбраны будынак з рэшткамі савецкага ампіру сустракае незлічоных вандроўнікаў, якія наведваюць горад. Статуі партызан і чыгуначнікаў, усталяваныя ля самога франтона, нібы рыцары-вартаўнікі, ахоўваюць галоўную гарадскую браму. Уваходзім у вакзал і праз светлую, упрыгожаную малюнкамі і люстэркамі залу, выходзім на прывакзальны пляц – месца некалі жывое і рухлівае. У свой час тут кіпела жыццё: снавалі гандляры, вогнішча ладзілі, каб сагрэцца, ахмялеўшыя рамізнікі, ціснуліся гандляркі з латкамі печыва і цыгарэт, прыткія хлопцы-басякі разносілі губернскія навіны, у дарагой вопратцы шпацыравалі пары заможных месцічаў, а ў белай гімнасцёрцы і портках з ззяючай на сонцы кукардай назіраў за парадкам гарадавы…

А сёння тут усё па-іншаму. Вялікі прывакзальны пляц заняла аўтастаянка, куды на змену колішнім фурманам прыйшлі таксісты, якія прапануюць свае паслугі прыезджым людзям. На ўскрайку плошчы стаіць адна са славутасцей Баранавічаў – помнік цягніку, а побач з ім старасвецкая жылая камяніца ХІХ стагоддзя, дзе сёння месціцца музей гісторыі чыгункі (дарэчы, у музеі ёсць вельмі цікавая экспазіцыя сапраўдных старых цягнікоў і самых розных вагонаў).

Ад вакзала мы накіроўваемся да цэнтру горада. Праз колькі сучасных крам, мінуўшы мясцовы кірмаш, названы «Палескім», дзе можна гадзінамі назіраць за жартаўлівымі сцэнамі гандлю, выходзім да маста праз чыгунку. І тут сустракаем выдатнасці з мінуўшчыны – будынак аптэкі пана Лаеўскага (якая і па сёння дзейнічае), двухпавярховую камяніцу і пажарную станцыю пачатку мінулага стагоддзя, з вежы якой сапраўды відаць усе старыя драўляныя Баранавічы. За «пажаркай» схавалася сучасная пратэстанцкая царква са сваімі архітэктурнымі адметнасцямі.

Пакінуўшы за плячыма мост, выходзім да стадыёна, леваруч ад якога яшчэ не так даўно месцілася некалькі аднолькавых масіўных драўляных хат з высокімі вокнамі, відавочна пабудаваных недзе за часамі расейскага цара Мікалая ІІ. Час і гарадское добраўпарадкаванне іх не пашкадавалі, і сёння тое месца пустуе. Мы ж рушым у бок правы, да вуліцы Леніна, а некалі Могілкавай.

Працяг будзе…
Здымкі 1914-1940 гг. з архіваў

Комментарии

Авторизуйтесь для комментирования

К сожалению, мы обязаны идентифицировать Вас, чтобы разрешить публиковать отзыв.

С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.