Саша Сябар. Пасля васьмі гадоў жыцця ў інтэрнаце ў яго з’явіўся шанец вярнуцца дадому

Поддержи

Рубрики : Общество, Фото.

 Па матэрыяле пра Сашу Сябара, які шукае апекуна, каб выйсці з інтэрната.

1 лютага камітэтам па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама быў арганізаваны круглы стол у аддзяленні псіханеўралагічнага інтэрната № 2 на вуліцы Ангарскай у Мінску.На ім прысутнічалі намеснік старшыні камітэта Ірына Дудка, начальнік аддзела сацыяльных устаноў Аксана Жорава, дырэктар інтэрната Эльміра Шарметава, супрацоўнікі і ўрачы інтэрната, журналісты рэдакцыі газеты «Вместе!» і юрыст Офіса па правах людзей з інваліднасцю Алег Граблеўскі.

Якія яны, рэальныя абставіны ў жыцці Сашы Сябара?

Нагадаем, што на старонках газеты «Вместе!» мы расказвалі пра тое, каб знайсці апекуна для Сашы або вярнуць яму дзеяздольнасць, пасля чаго Саша змог бы вярнуцца дадому. Саша трапіў у інтэрнат восем гадоў таму пасля смерці бабулі, бо сам быў не ў стане сябе даглядаць. Абавязковы крытэрый пападання ў інтэрнат – пазбаўленне дзеяздольнасці.

Але на круглым стале высветлілася, што з вяртаннем дадому ўсё не так проста. З самага пачатку дырэктар інтэрната Эльміра Шарметава падкрэсліла, што нават тады, калі ў Сашы будзе адноўлена дзеяздольнасць, ісці яму асабліва няма куды: «Нам атрымалася праз суд вылучыць долі ў дзвюх кватэрах: аднапакаёвай і чатырохпакаёвай, якія засталіся пасля смерці бацькоў і бабулі. Але мы разумеем, што Саша дома нікому не патрэбны. У Сашы ёсць сястра Наталля. У сваёй кватэры ён не можа прыйсці на свае метры. У чатырохпакаёвай кватэры, дзе ён мае долю, жыве сястра з дзецьмі. У аднапакаёвай кватэры прапісаны муж сястры. Адзін Саша жыць не ў стане».

За восем гадоў жыцця ў інтэрнаце Саша шмат чаму навучыўся. Гэта пацвярджае той факт, што праз сваю актыўнасць зараз ён знаходзіцца ў аддзяленні суправаджальнага пражывання. Саша кожны дзень праходзіць працоўную рэабілітацыю. Але згодна з заключэннем урачэбна-кансультацыйнай камісіі, якая была апошні раз у маі 2018 года, Сашу было рэкамендавана прадоўжыць пражыванне ў інтэрнаце псіханеўралагічнага профілю.

Шлях вяртання дзеяздольнасці

Са слоў дырэктара, праца па аднаўленні дзеяздольнасці жыхароў інтэрната вядзецца: «За тыя гады, што я займаю сваю пасаду, нам атрымалася дабіцца аднаўлення дзеяздольнасці тром асобам. І гэта вельмі складаная праца ўсяго калектыву».

Сама працэдура аднаўлення дзеяздольнасці можа ісці цягам года. Але самае галоўнае тут – падрыхтоўка інтэрнатам чалавека, каб ён змог жыць самастойна.

– Ці можа нешта змяніцца канкрэтна ў жыцці Сашы? – гэтае пытанне хвалявала галоўнага рэдактара Жанну Канопліч.

Але пакуль камісія не дасць згоду, то нічога. Супрацоўнікі інтэрната кажуць, што Сашу характарызуюць як эмацыйную асобу, здольную да фантазіравання.

Па словах дырэктара, Саша – мясцовы актывіст і ўдзельнік усіх мерапрыемстваў, ходзіць у тэатры і кіно.

Эльміра Алабяргенаўна некалькі разоў падчас працы круглага стала паўтарыла, што інтэрнаты – адкрытая прастора. За год Саша паўдзельнічаў у 36 экскурсіях па-за межамі інтэрната.

Удзел Камітэта па працы і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама ў жыцці Сашы

Жанна Канопліч запытала, ці магчыма Сашу перавесці ў інтэрнат агульнага тыпу на вуліцы Ваўпшасава ў Мінску? Ірына Дудка на гэта адказала: «Які сэнс пераводзіць Сашу з інтэрната ў інтэрнат? Я лічу, для Сашы лепш, каб яго сацыялізавалі, рэабілітавалі, далі яму тыя навыкі, дзякуючы якім ён змог бы сябе забяспечваць і даглядаць. Але зноўку ж, калегі яго рыхтуюць, а рашэнне аб аднаўленні дзеяздольнасці прымаем не мы».

Дырэктар Офіса па правах людзей з інваліднасцю Сяргей Драздоўскі па выніках сустрэчы сказаў наступнае: «Апекуном можа стаць любы чалавек, які падыходзіць па крытэрыях. Але на практыцы органы апекі дазваляюць апякунства ў асноўным родным. Бо ёсць небяспека, што ў чужых людзей могуць быць карыслівыя намеры ў адносінах да недзеяздольных людзей».

Саша ўсё яшчэ хоча вярнуцца дадому

На круглы стол запрасілі і самога Сашу, які шчыра сказаў, што хоча вярнуцца дадому. Праўда, ён прызнаўся, што з сястрой жыць не зможа. Яна вядзе асацыяльны лад жыцця. За восем гадоў ні яна, ні яе дзеці не наведалі Сашу ў інтэрнаце.

Дарэчы, пасля сканчэння дзевяці класаў Саша працаваў у адной з мінскіх лазняў. Таксама ён спрабаваў працаваць прыбіральшчыкам. «Але зрываўся, бо дома была складаная атмасфера, – прызнаўся нам Саша. – Я вельмі хачу ўладкавацца на працу, знайсці сабе жанчыну, якой бы аддаваў і заробак, і пенсію, бо я не ўмею эканоміць». Гатаваць Саша пакуль не навучыўся. Але можа зварыць сабе паўфабрыкатныя пяльмені і варэнікі.

Ірына Дудка выказала думкі пра тое, што апякун можа паспрабаваць дамовіцца з сястрой, каб тая адмаўлялася ад долі ў аднапакаёвай кватэры, а Саша – ад долі ў чатырохпакаёвай, і ў выніку ён змог бы жыць асобна. Тады можна было б прадаставіць Сашу сацыяльныя паслугі. «Але, каб гэта здзейсніць, вам трэба яшчэ больш навучыцца сябе даглядаць, арганізаваць сваю дзейнасць, – звярнулася Ірына да Сашы. – Пасля вас адправяць на камісію, дзе ўжо і будзе вырашацца ваш далейшы лёс».

Зараз Саша знаходзіцца надругім этапе суправаджальнага пражывання. Дырэктар інтэрната сказала, што сёлета ў маі інтэрнат будзе накіроўваць хадайніцтва ў гарадскі клінічны дыспансер для правядзення псіхіятрычнага агляду на УКК. УКК, у сваю чаргу, дасць заключэнне, ці можа Саша жыць самастойна. Дырэктар запэўніла, што з боку ўсяго персаналу будзе праводзіцца якасная праца па сацыялізацыі Сашы. А калі знойдуцца кандыдаты ў апекуны, то з боку інтэрната будзе аказана падтрымка ў навучанні і суправаджэнні будучага апекуна.

А мы, як Сашыны сябры, будзем сачыць за развіццём падзей і спадзявацца, што жыццё Сашы зменіцца.

А што думаеце на гэты конт вы, нашыя шаноўныя чытачы? Далучайцеся да абмеркавання

Вікторыя ЧАПЛЕВА

Фота Ніны КАЗЛЕНІ

Комментарии

Авторизуйтесь для комментирования

К сожалению, мы обязаны идентифицировать Вас, чтобы разрешить публиковать отзыв.

С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.