Мастацкі свет людзей з парушэннем слыху: у Мінску падвялі вынікі фота- і відэконкурса
У Рэспубліканскім палацы культуры імя Шарко 27 студзеня падвялі вынікі Рэспубліканскага конкурсу «Прэс-фота» і конкурсу відэафільмаў «DeafFilmBelarus – 2019» Беларускага таварыства глухіх. Акрамя цырымоніі ўзнагароджвання поўная зала гледачоў магла атрымаць асалоду ад фільмаў, дзе адзінай мовай была мова жэстаў.
Канцэптуальнае фота і з густам адснятае відэа – добрая магчымасць для людзей з парушэннем слыху для самавыяўлення ў творчасці, каб перадаць свой стан душы, ўвасобіць жыццё ў праўдзівых вобразах і данесці да грамадства ўяўленне пра той свет, які не з’яўляецца чужым для тых, хто не чуе.
На конкурс відэафільмаў «DeafFilmBelarus – 2019» было прадстаўлена 10 прац у розных жанрах.
Святлана Ганеева, намесніца старшыні праўлення Беларускага таварыства глухіх, была ў захапленні ад прац канкурсантаў: «Асабліва цудоўна было сумясціць два мерапрыемствы разам. Раней усё было прасцей: пісалі назву фільма – і ўсё. Зараз пішуць прозвішчы і рэжысёраў, і акцёраў, і сцэнарыстаў».
Журы адзначыла працу Алёны Коўшык «Айчына людзей – планета Зямля». На відэа дзяўчына з Гродна чытае на жэставай беларускай мове верш. Святлана Ганеева сказала, што дзяўчына ў роліку паказала прыгажосць беларускай жэставай мовы.
Наогул, толькі два сацыяльныя ролікі былі прадстаўлены на конкурсе. Святлана Ганеева выказала спадзяванне, што ў наступным годзе іх будзе больш: «Вельмі важна наглядным чынам паказваць праблемы людзей з парушэннем слыху: сацыяльнае таксі, пытанне беларускай жэставай мовы, выхаванне дзяцей у сям’і глухіх бацькоў… У нас мусіць быць матэрыял, каб паказваць яго ў міністэрстве і мясцовым уладам».
Гран-пры ў намінацыі «Дакументальны фільм-рэпартаж» узяў фільм пра прадпрыемства «Цветліт» у Гродна.
Гран-пры ў намінацыі «Музычны відэакліп» узяў прыгажун Антон Шашура з кампазіцыяй «Няма адваротнага шляху». Здымкі кліпа праходзілі ў Нацыянальным мастацкім музеі Мінска. Мяне кліп уразіў сваёй прыгажосцю. Унікальнае святло, рукі на цёмны фоне, на якім самі жэсты былі дакладна бачныя.
Шмат каго зачапіў фільм «Перавернуты свет», які ўзяў гран-пры ў намінацыі «Дэбют». Гэты фільм расказваў пра падзеі вачыма аднаго бяздомнага. У фільме былі знітаваныя лёсы чатырох маладых людзей, якія не бачылі відавочных рэчаў праз тое, што занадта шмат часу праводзілі ў сваіх смартфонах. Аднойчы яны патрапілі ў бязлюдную вёску, дзе не было сувязі, а значыць – і інтэрнэта. І ключавой фігурай, якая сабрала ўсіх сяброў у адным месцы, стаў якраз гэты бадзяга. Кульмінацыйны момант – разуменне кожнага значнасці ўласнага жыцця. А пасля – вяртанне да сваіх сем’яў.
Лепшай мужчынскай роляй была прызнана роля бадзягі, якую выканаў Аляксей Зайцаў.
Сэрцы многіх, у тым ліку, журы, пакарыў фільм «Смак начы». Зняты ў жанры блокбастар, ён расказвае пра дзвюх дзяўчат-вампіраў, якія па начах п’юць кроў, забіваючы людзей. Аднойчы ім сустракаецца дзяўчына, якую кінуў муж. Яны хацелі яе забіць, але далі выбар: жыць і стаць вампіркай, або памерці. Яна абрала першы варыянт. І гэты момант выбару, момант хапання за ўласнае жыццё, прага помсты і сталі асноўнымі момантамі, паказанымі ў карціне.
Фотаконкурс «Прэс-фота “БелТГ”» сабраў 262 працы, якія былі прадстаўлены да ўдзелу ў конкурсе з Брэсцкай, Віцебскай, Гомельскай, Гродзенскай, Мінскай, Магілёўскай абласцей і горада Мінска. Такая колькасць прац-удзельніц у конкурсе сведчыць пра тое, што захапленне фатаграфіяй і фатаграфічнае мастацтва з’яўляецца вельмі папулярным сярод тых, хто не чуе.
З агульнай колькасці фатаграфій аргкамітэтам дапушчана да ўдзелу ў конкурсе 61 фатаграфія, якія адпавядаюць патрабаванням Палажэння аб конкурсе. У намінацыі «Дзейнасць арганізацый і прадпрыемстваў ГА «БелТГ» перамог Вадзім Новік з Брэста з фота «Швейны цэх УП “Промбрис”». У намінацыі «Культурна-асветніцкая дзейнасць» перамог Сяргей Іваноў з Гомеля з фота «Антычная драма “Эзоп і Клея”. У намінацыі «Фізкультурна-аздараўленчая праца» перамагло фота Валянціны Красненковай «Бяжы па моры». У намінацыя «Эксперымент» перамагло фота «Індыкі» Рамана Казлова.
У склад журы конкурса ўвайшлі мастакі, выкладчыкі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Гэта дазволіла ўзнесці конкурс на сапраўды высокі ўзровень і зрабіць яго прафесійным. А пераможцы атрымалі не толькі дыпломы, але і грашовыя прызы.
Вікторыя ЧАПЛЕВА
Фота аўтара
Комментарии
Авторизуйтесь для комментирования
С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.