Горад для ўсіх: як фінішаваў праект «Наваполацк ‒ ад інклюзіўнай школы да інклюзіўнага горада»

Рубрики: Проекты.

У Наваполацку ў апошнія некалькі гадоў вельмі многае зроблена, каб для людзей з абмежаванымі магчымасцямі было як мага меней бар’ераў. Тут паспяхова рэалізуецца праект «Наваполацк ‒ ад інклюзіўнай школы да інклюзіўнага горада», перадае карэспандэнт «Звязды».

Праект, які разлічаны на тры гады, стартаваў у лістападзе 2016-га і скончыцца сёлета. Дарэчы, ён стаў вельмі цікавым вопытам не толькі для Віцебшчыны, але і, бадай, для ўсёй краіны.

Паводле слоў старшыні Наваполацкага гарадскога выканаўчага камітэта Дзмітрыя Дзямідава, праект «Наваполацк ‒ ад інклюзіўнай школы да інклюзіўнага горада» дазволіць стварыць умовы, неабходныя для актыўнага ўключэння дзяцей і моладзі з абмежаванымі магчымасцямі ў адукацыйны працэс, раскрыцця іх творчага патэнцыялу, а таксама сфарміраваць інклюзіўную прастору па ўсім горадзе.

У прыватнасці, летась у палацы дзяцей і моладзі зрабілі безбар’ернае асяроддзе і адаптавалі памяшканні для заняткаў людзей з абмежаванымі магчымасцямі. А ў СШ № 8 з’явіўся ліфт. У іншых школах яго няма.

Тут займаюцца каля дзесяці вучняў, якім ліфт патрэбны. А ўсяго — больш за 370. Дарэчы, школа была адной з пляцовак рэспубліканскага эксперыментальнага праекта «Апрабацыя мадэлі інклюзіўнай адукацыі ва ўстановах адукацыі». Там ладзіцца шмат тэматычных мерапрыемстваў. У прыватнасці, мінулай восенню праводзілі семінары для бацькоў на інклюзіўныя тэмы. Дарослыя выказалі думкі наконт таго, што трэба зрабіць, каб не было бар’ераў не толькі ў доступе да ведаў, але і пры наведванні іншых гарадскіх аб’ектаў. Абмеркавалі, як змяніць погляды і стаўленне гараджан да тых, у каго інваліднасць…

У рэалізацыі праекта «Наваполацк ‒ ад інклюзіўнай школы да інклюзіўнага горада» актыўны ўдзел бяруць члены гарадскога парламента дзяцей і навучэнскай моладзі. Юныя гараджане не толькі ўдзельнічаюць у семінарах, сустрэчах, творчых акцыях, але і ўносяць свае прапановы. І гэта таксама спрыяе «сціранню» бар’ераў паміж звычайнымі дзецьмі і іх аднагодкамі, якія маюць праблемы са здароўем.

А «Даведнік па горадзе Наваполацку для асоб з абмежаванымі магчымасцямі» можна назваць унікальнай «зялёнай карткай». З ім можна пазнаёміцца на сайце гарвыканкама.

Як адзначыў кіраўнік мясцовай выканаўчай улады, дапаможнік стварылі для таго, каб усе зацікаўленыя асобы валодалі поўнай і актуальнай інфармацыяй аб наяўнасці даступнага асяроддзя і бесперашкоднага доступу да аб’ектаў і паслуг у прыярытэтных сферах жыццядзейнасці.

У 2016 годзе, калі дапаможнік з’явіўся, на ім былі адзначаны каля 150 аб’ектаў сфер: адукацыі, аховы здароўя, культуры, грамадскага харчавання, сацыяльнай абароны, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, гандлю. Плюс згадваюцца банкаўскія і аптэчныя ўстановы, аддзяленні сувязі і мноства іншых аб’ектаў сацыяльнай і іншай інфраструктуры горада. Неабходныя змены і дапаўненні ўносяцца ўвесь час.

Адзін з партнёраў праекта ‒ «Беларускі саюз транспартнікаў» распрацаваў для Наваполацка канцэпцыю гарадской мабільнасці. І работа грамадскага транспарту арганізавана з улікам патрэб людзей з абмежаванымі магчымасцямі. На многіх прыпынках з’явіўся расклад руху аўтобусаў з указаннем працы маршрута № 16, адкрытага спецыяльна для абслугоўвання людзей з абмежаванымі магчымасцямі. На сайце гарвыканкама ў раздзеле «Расклад руху транспарту» можна даведацца аб руху нізкападлогавых аўтобусаў па самых папулярных маршрутах.

Паступова каля пешаходных пераходаў паніжаюць узровень бардзюраў, каб не было перападаў вышыні. Гэта зручна, дарэчы, і для бацькоў з каляскамі, і для веласіпедыстаў.

А ў гатэлі «Нафтан» гасцінічнага комплексу «Наваполацк» цяпер усе лесвіцы і прыступкі з пандусамі. Да таго ж ёсць нумар для камфортнага пражывання ў ім людзей з абмежаванымі магчымасцямі.

Кнопак выкліку, каб людзям з інваліднасцю дапамаглі ўвайсці ў розныя аб’екты грамадскага прызначэння, усё больш. Напрыклад, каля ўваходу ў аддзяленне сувязі № 7.

Комментарии

Авторизуйтесь для комментирования

К сожалению, мы обязаны идентифицировать Вас, чтобы разрешить публиковать отзыв.

С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.