Саша Сябар чакае вашай дапамогі!

Поддержи

Рубрика : Общество.

Кажуць, што найвялікшая вязніца – у нашых галовах. Але я не пагаджуся з гэтым. Напэўна, найвялікшая вязніца – гэта калі цябе без твайго дазволу кідаюць, напрыклад, у інтэрнат, дзе для віншавання са святамі валанцёрам даецца роўна тры хвіліны…

Саша Сябар чакае нас заўсёды. Вось ужо цэлых восем гадоў. Роўна столькі ён знаходзіцца ў мінскім псіханеўралагічным інтэрнаце № 2, а палову з іх – у філіяле на вул. Ангарскай. Штотыднёва на працягу гэтых гадоў Саша тэлефануе ў рэдакцыю з адным пытаннем: «Ну што, якія навіны?». Тэлефануе, бо тут яго адзіныя сябры, адзіны востраў, на якім ён можа спыніцца хаця б на хвілінную размову, якую аплочваем мы…

Калі я прыйшла працаваць у газету «Вместе!», то амаль адразу ж мне прапанавалі тэму – схадзіць праведаць Сашу. Псіханеўралагічныя інтэрнаты не выклікалі ў мяне ніякага страху, бо ў мінскім інтэрнаце на вул. Ваўпшасава я была досыць частым госцем. Але ўсё спазнаецца ў параўнанні. І інтэрнат на Ваўпшасава мне падаўся сапраўдным раем у параўнанні з інтэрнатам на Ангарскай.

У інтэрнат на Ангарскай я патрапіла тады, калі ва ўсіх пастаяльцаў быў шпацыр ва ўнутраным дворыку. На ўвесь дворык – усяго некалькі лавак. Таму жыльцы прагульваліся па перыметры дворыка, як у фільмах пра вязніцы… Адразу ўразіла тое, што ў вочы не кінуліся вазочнікі або людзі з ДЦП – у асноўным там былі тыя, хто меў ментальныя асаблівасці, так мне тады падалося.

Саша стаяў каля выхаду і пільна выглядаў: хто да яго прыйдзе? Як толькі я ўвайшла ў дворык, на мяне адразу накінуліся пастаяльцы з галоднымі вачыма: прасілі, каб ім далі хоць нешта паесці.

– Саша, вас што, тут не кормяць? – пытаю ў яго.

– Кепска… Пенсію я сваю не бачу… А за тэрыторыю інтэрната не выпускаюць. Таму нават у краму я выйсці не магу.

Па словах Сашы, раней у яго была другая працоўная група інваліднасці. Пасля смерці бабулі ён не здольны быў сябе даглядаць.

– Вельмі хацеў есці. Я настолькі згаладаўся, што стаў шукаць магчымыя шляхі вырашэння маёй тагачаснай сітуацыі. Таму накіравалі мяне ў райсабес.

Адтуль яго дакументы накіравалі ў суд, дзе пазбавілі дзеяздольнасці без згоды Сашы. Апекуном быў прызначаны дырэктар інтэрната. Паводле закону маёмасць адыходзіць таксама ва ўласнасць інтэрната. Да слова, у Сашы была кватэра ў Мінску.

Пра Сашу мы пісалі не адзін раз. Але мінулае ён узгадваць асабліва не хоча. Толькі паўтарае адно і тое ж: «Я ўсё асэнсаваў. Я хачу працаваць». І, дарэчы, ён працуе нават у інтэрнаце: дапамагае на кухні. За гэта яго могуць дадаткова пакарміць.

Амаль кожную размову Саша заканчвае так: «Няўжо я тут застануся да канца сваіх дзён?..». Памятаю, Саша з роспаччу, нібыта я яго апошняя надзея, утаропіўся ў мяне вачыма і прасіў знайсці яму апекуна. На жаль, мы не можам выцягнуць яго са сцен інтэрната. Але можам, прынамсі, вылучыць час, прыехаць і павіншаваць яго з Новым годам. І нам на гэта было дадзена тры хвіліны пад наглядам супрацоўнікаў… А ў Сашы родных няма. І прыходзіць да яго, акрамя нас, больш няма каму.

У той жа час я не так даўно праз інтэрнэт пазнаёмілася з беларускім Нікам Вуйчычам – Сяргеем Сапоненкам. Ён, маючы цяжкую форму ДЦП і кінуты ў інтэрнат, здавалася, мусіў застацца там на ўсё жыццё. Так і адбылося б, калі б яго не заўважылі валанцёры з Амерыкі і не забралі яго да сябе. Там, наколькі гэта магчыма, ён стаў весці паўнавартаснае жыццё і нават арганізаваў грашовы фонд, з якога дапамагае беларускім інтэрнатам.

У той час калі ў іншых краінах асаблівыя людзі не проста жывуць, але і ствараюць сем’і, і дапамагаюць іншым, у нашай краіне яны кінутыя за краты інтэрнатаў… І пасля гэтага думаецца: хто ведае, калі б Саша жыў у сваёй кватэры ў Мінску, якія ўласныя таленты ён змог бы праявіць? А пакуль – вязніца, у прамым сэнсе гэтага слова. Бо як інакш назваць пажыццёвае пазбаўленне волі за адно толькі «злачынства» – што ты не такі, як усе?

Вікторыя ЧАПЛЕВА

Фота аўтара

Комментарии

Авторизуйтесь для комментирования

К сожалению, мы обязаны идентифицировать Вас, чтобы разрешить публиковать отзыв.

С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.