«Я ганаруся сваім сынам»: маці інваліда па слыху аб сваім жыцці

Рубрики: Общество.

Андрэй Камкоў працуе дворнікам у Карэліцкай СШ № 1. Ён інвалід па слыху. Гэты хлопец заслугоўвае глыбокай павагі і захаплення за абраныя ім жыццёвыя каштоўнасці, за светласць душы і добрае сэрца, за працавітасць, за імкненне быць карысным людзям.

Амаль кожнаму чалавеку прыходзіцца сутыкацца з пэўнымі жыццёвымі цяжкасцямі. Як важна, каб побач аказаўся чалавек, які падтрымае, аберажэ, выратуе ад няўпэўненасці, надзяліць верай у тое, што безвыходных сітуацый не бывае. Такім чалавекам для Андрэя (парушэнне слыху ў яго — вынік урачэбнай памылкі пры лячэнні прастуднага захворвання ў дзяцінстве) стала мама. Што было перажыта, аб гэтым Галіна Лаўрэнцьеўна не любіць успамінаць, горкіх хвілін хапала, але яна ніколі нікога ні ў чым не вінаваціць, ні на кога не трымае зла, бо лічыць, што ў любых абставінах трэба ўмець прабачыць, неабходна жыць з дабрынёй у сэрцы.

«Я ганаруся сваімі сынамі, — прызнаецца Галіна Лаўрэнцьеўна. — Для мяне самым важным было, каб  яны выраслі харошымі людзьмі, а гэта так і ёсць. Валерый апякаў малодшага брата, не даваў у крыўду, быў і застаецца для яго галоўным сябрам, дарадчыкам. У старэйшага сына цудоўная жонка, дзеці, ён усё сваё жыццё працуе на мясцовым ільнозаводзе, карыстаецца людской павагай. Андрэй таксама вызначаецца працалюбівасцю, паслухмянасцю, любіць парадак ва ўсім, паважлівы ў адносінах да людзей, мой самы галоўны памочнік на агародзе, у дамашніх справах, мяне грэе яго сыноўняя любоў, а што больш патрэбна для шчасця? Авалодаў камп’ютарам, зараз у яго шырокае кола зносінаў у «Аднакласніках», «УКантакце», мы разам глядзім многія праграмы, дзелімся ўражаннямі. Ён з радасцю ўдзельнічае ў мерапрыемствах раённага аб’яднання інвалідаў, членам якога з’яўляецца, з ахвотай бяжыць на работу. Наогул, па жыцці нас акружалі і акружаюць у большасці сваёй вельмі добрыя людзі. І я ўдзячна ўсім: суседзям, радні, знаёмым, былому калектыву Поразаўскай школы, калектывам ЖКГ, Карэліцкай СШ №1 і іх кіраўнікам А.І. Рудаку, А.А. Вярбіцкай, старшыні Карэліцкага раённага аб’яднання інвалідаў В.М. Сашко за іх падтрымку ў вырашэнні ўзнікаючых пытанняў, за разуменне, спагадлівасць, за людскасць, што дапамагаюць пазбавіцца ад узнікаючай раней сарамлівасці пры выбары пасады дворніка. Я заўсёды яму гаварыла: «Працаваць не сорамна, сорамна быць гультаём!»

Маміна мудрасць, маміна правільнае стаўленне да жыцця дапамаглі Андрэю знайсці сваё пачэснае месца ў людскім асяроддзі. Пасля заканчэння Поразаўскай школы, дасягнуўшы паўналецця, ён адразу пайшоў працаваць: спачатку грузчыкам на аўтабазу райспажыўтаварыства, пасля перайшоў у ЖКГ, адкуль пасля 14 гадоў добрасумленнай працы звольніўся, каб падмацаваць здароўе. З неахвотай адпускалі хлапца з ЖКГ, разумелі, што такія работнікі, як Андрэй, адказныя, без шкодных звычак, разважлівыя — на кошт золата. Прыбіраемы ім участак каля школы мастацтваў заўсёды зіхацеў чысцінёю, радаваў вочы жыхароў пасёлка і гасцей Карэліч зайздросным парадкам. Такі ж узорны парадак падтрымоўвае ён зараз і на тэрыторыі вакол Карэліцкай СШ №1.

«З прыходам Андрэя да нас на работу, — гаворыць дырэктар СШ №1 А.А. Вярбіцкая, — зніклі ўсе пытанні, звязаныя з якасцю ўборкі тэрыторыі, таму што ў працы ён — адказны чалавек, не адмаўляецца ніколі і ад дадатковых даручэнняў».

Поспехаў табе, Андрэй! Дзякуй вам, Галіна Лаўрэнцьеўна, за сына! Няхай спрыяе вам здароўе ў жыцці, няхай свеціцца ваш прыгожы твар заўсёды шчаслівай усмешкай!

Галіна КАЛТУНОВА

Комментарии

Авторизуйтесь для комментирования

К сожалению, мы обязаны идентифицировать Вас, чтобы разрешить публиковать отзыв.

С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, свяжитесь с нами, и мы зарегистируем для вас персональный аккаунт на нашем сайте.