Квіз, вершы і спевы: у Мінску прайшла калядная сустрэча для людзей з інваліднасцю

Поддержи

Рубрики : Культура, Фото.

«Калядная сустрэча» – гэта яшчэ адно мерапрыемства, якое правяла газета «Вместе!». У памяшканні Беларускага таварыства інвалідаў 4 студзеня прайшоў самы сапраўдны квіз-падарожжа пад назвай «Невядомая Беларусь».

Каторы раз пераконваюся, што калі нечаму сапраўды наканавана адбыцца, то кавалачкі пазла самі складаюцца ў прыгожы малюнак. Так адбылося і з «Каляднай сустрэчай».

І ўсё дзякуючы ўжо трывалым сябрам нашай рэдакцыі. Напрыклад, гісторык Павел Булаты, які раней право-
дзіў для чытачоў нашага выдання і экскурсію, і лекцыю, прапанаваў зладзіць гульню-квіз «Невядомая Беларусь», якую сам прыдумаў.

Квіз складаўся з сямі тэматычных тураў – размінкі, літаратурнай і гістарычнай часткі, пытанняў пра беларускія народныя традыцыі ды іншага.

Пытанні былі цікавыя і незвычайныя. Напрыклад, мала хто ведаў, што ў пэўны час у Беларусі існавала Палеская вобласць, сталіцай якой быў Мазыр! Ці, напрыклад, ведалі вы, якім напоем ратаваўся Адам Міцкевіч, калі яго каханая Марыся выйшла замуж за іншага? Аказваецца, кавай!

Былі сярод пытанняў і такія, дзе немагчыма было «выехаць» з дапамогай логікі – толькі інтуіцыя магла дапамагчы. Напрыклад: «Вялікі князь літоўскі Казімір загадаў змясціць у сваёй крыпце надпіс: “Разбуральнік гэтай працы будзе пракляты”. Праз паўтысячы гадоў 15 навукоўцаў, якія адкрылі пахаванне, сапраўды памерлі. Няўжо Казімір сапраўды перасцярог нашчадкаў ад ускрыцця ўласнага саркафага з праклёнам?». Аказваецца, сапраўды такое было. Толькі ўдакладню, што навукоўцы памерлі ад віруса, які завёўся за стагоддзі ў крыпце. Ад гэтага віруса ў іх развіліся ракавыя хваробы. А праклёны тут ні пры чым.

На самым пачатку Павел прапанаваў ўдзельнікам падзяліцца на каманды. У выніку ў нас атрымалася дзве каманды па шэсць чалавек. Адна каманда назвала сябе «Сябрына», а другая стала «Хваінкай». Карыстацца інтэрнэтам на працягу гульні было забаронена. Час на роздумы даваўся розны – ад 20 да 50 секунд, у залежнасці ад складанасці пытанняў.

Пасля кожнага тура адказы трэба было здаваць для падліку. Спачатку абедзве каманды ішлі поруч. Але пасля літаратурнага тура «Сябрына» рэзка абышла «Хваінку». У выніку «Сябрына» і перамагла.

Вельмі цікава было назіраць за эмоцыямі гульцоў. Калі адказ быў правільны, яны паціскалі адно аднаму рукі, пляскалі ў далоні і крычылі «ес!».

У перапынках паміж турамі мы намагаліся стварыць сапраўды душэўную калядную атмасферу. У выкананні Насты Казаровец і Багданы Куталоўскай прагучалі беларускія і балгарская калядкі ды іншыя спевы. Свае вершы прачыталі паэт Эдуард Дубянецкі і Дзмітрый Валынец.

Усе члены каманды «Сябрына» атрымалі дыпломы і прызы – кубкі, якія ахвяравала для правядзення «Каляднай сустрэчы» інтэрнэт-крама Kroplia.by. А ўдзельнікі каманды «Хваінка» займелі прыгожыя паштоўкі, намаляваныя Багданай Куталоўскай.

Пасля заканчэння мерапрыемства яго ўдзельнікі яшчэ доўга не хацелі разыходзіцца, бо на сустрэчы панавала сапраўды святочная атмасфера з магчымасцю патрапіць у невядомую Беларусь.

Вікторыя ЧАПЛЕВА

Фота Ніны КАЗЛЕНІ

 

Присоединяйтесь к нам! Telegram Instagram Facebook

Комментарии

Авторизуйтесь для комментирования

К сожалению, мы обязаны идентифицировать Вас, чтобы разрешить публиковать отзыв.

С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.