Валанцёрства: як зрабіць крок насустрач свету?

Поддержи

Рубрика : Волонтёр.

Адны людзі захапляюцца валанцёрамі. А іншыя так і не могуць наважыцца імі стаць. Карэспандэнт газеты «Вместе!» пабывала на грунтоўным майстар-класе для валанцёраў-навічкоў, які праходзіў у межах міжнароднага праваслаўнага фестывалю «Радасць». Упэўнена, што кожны зможа ўзяць для свайго сэрца параду, якая паспрыяе дапамагаць дарослым або дзецям у псіханеўралагічных інтэрнатах.

Крок першы: вызначыцца з тым, чаму ты хочаш быць валанцёрам?

Майстар-клас праводзіла дыпламаваны псіхолаг Ірына, якая з’яўляецца куратаркай праекта «Сацыяльная майстэрня “ТАК”». Праект перамог у 11-м конкурсе Social Weekend. Ён накіраваны на тое, каб людзі з псіханеўралагічных інтэрнатаў маглі адчуваць сябе патрэбнымі, робячы прыгожыя рэчы бадай што са смецця і выходзячы на гэты час за сценкі інтэрнатаў.

Першае пытанне, якое задала Ірына валанцёрам-пачаткоўцам: «Што вы адчуваеце, калі бачыце людзей з псіхафізічнымі асаблівасцямі развіцця?». Амаль усе прысутныя адказалі: «Страх». Страх узнікае, як правіла, праз тое, што нехта іншы. І ты, як правіла, пачынаеш ставіць сябе на месца гэтага чаавека. Але не варта забываць пра тое, што ўсе мы – розныя… Наступная думка, якая ў нас узнікае, – гэта жаданне дапамагчы чалавеку, якому, па сутнасці, дапамагчы немагчыма чалавечымі высілкамі.

Як патлумачыла Ірына, шкадаванне – гэта памылковая думка для валанцёра. Яна прывяла такі факт: калі нехта пачынае смяяцца, людзі з асабліва цяжкімі формамі ДЦП падхопліваюць гэты смех падсвядома. Гэта азначае, што намнога лягчэй інтэграваць такіх людзей на пачуццёвым узроўні, чым на розумавым.

«Калі вы прыходзіце ў інтэрнат і адчуваеце камяк у горле, то задайце сабе пытанне: чаму так? Хутчэй за ўсё вы шкадуеце не іх, а сябе, бо ўявілі сябе на іх месцы. Варта памятаць, што з сабой вы можаце нешта зрабіць – узяць сябе ў рукі і пазбавіцца ад гэтага камяка. З чалавека з сіндромам вы не зробіце нічога».

Цікава, што шмат людзей баяцца быць валанцёрамі, бо баяцца ўласнага крывадушша. Яны баяцца станавіцца валанцёрамі, бо не жадаюць рабіць добрае з прычыны таго, што хочуць падавацца добрымі для іншых.

Але сапраўднае валанцёрства – гэта калі ты робіш добра не толькі іншым, але і сабе. «Валанцёрства можа радаваць. І гэта нармальна», – падкрэсліла Ірына. – Не варта трывожыцца, калі раптам валанцёрства стала вам падабацца».

Крок другі: я вырашыў быць валанцёрам. Што далей?

Ірына дала парады таму валанцёру, які прыйшоў у псіханеўралагічны інтэрнат упершыню.

  1. Спачатку варта заўважыць чалавека. Варта паназіраць і заўважыць нейкую адметнасць у чалавеку, тую адметнасць, якая стане табе блізкай.
  2. Пачуць водгук ва ўласным сэрцы. Трэба, каб адметнасць у чалавеку не проста была заўважана, а была блізкая да твайго сэрца.
  3. Сфармуляваць у сваіх думках канкрэтную прапанову па дапамозе чалавеку.
  4. БЫЦЬ з чалавекам. Простая размова з чалавекам заўжды будзе мець большы эфект, чым паход з ім у цырк і дэльфінарый. Ірына звярнула ўвагу на тое, што існуе вялікая розніца паміж «рабіць» і «быць». Рабіць – гэта, пабачыўшы патрэбу, абавязкова дапамагчы чалавеку. Быць – гэта той выпадак, калі сябар стаміўся, а ты замест таго, каб вырашаць яго праблемы, проста запарваеш яму гарбаты і сядаеш побач.
  5. Не забываць пра сябе. З гэтым пунктам вельмі часта звязана выгаранне валанцёра. Выгаранне наступае тады, калі кожны раз прыходзіш у інтэрнаты да дарослых ці дзяцей, і кожны раз тваё сэрца плача. Аднойчы усё складецца так, што сілаў плакаць больш не застаецца. Каб так не адбылося, важна быць на роўных: «Я не падаю ўніз разам з імі. Калі я падаю, то станаўлюся мяккім. А вам трэба даць на сябе абаперціся. А гэта магчыма толькі тады, калі паміж вамі будзе адлегласць. Неабавязкова, каб ваша душа балела».

Некалькі важных момантаў, якія дапамогуць «быць»

  1. Ірына раіць не быць зоркамі і супермэнамі, якія могуць даць свайму падапечнаму ўсё. Галоўнае – так разглядзець і раскрыць чалавека, каб даць ЯМУ магчымасць табе паслужыць. Гэта можа быць клопат пра цябе, калі ты стомлены, альбо парада, альбо проста яго абдымкі.
  2. Першыя разы лепш прыходзіць не аднаму, а ў кампаніі з тымі валанцёрамі, якія ўжо былі ў гэтым месцы. У групавой працы вы можаце дзяліцца адно з адным сваімі эмоцыямі і перажываннямі.
  3. Калі табе страшна, то варта агучыць гэты страх, напрыклад, сказаць: «Я тут упершыню, дапамажы мне». І не трэба баяцца сказаць, калі ў цябе кепскі настрой. «У Хрыста таксама быў розны настрой. Калі ты дазваляеш самому сабе мець хібы, тады ты дазваляеш мець хібы і іншым», – нагадала Ірына.
  4. Калі працуеце з дзецьмі, то арганізоўвайце сваю працу так, каб яны любілі не цябе, а адно аднаго.
  5. Дэвіз Ірыны – «Людзі, а не падарункі». Нашмат складаней падарыць іншым сваю прысутнасць, чым падарунак. А менавіта твая прысутнасць пакідае след у кімсьці пасля твайго наведвання.

Самае галоўнае – гэта заўсёды памятаць пра тое, што застанецца пасля таго, як вы сыйдзеце. Гэтая думка і дапаможа вам «быць» з тымі, да каго вы прыйшлі.

 

Вікторыя ЧАПЛЕВА

Фота аўтара

Комментарии

Авторизуйтесь для комментирования

К сожалению, мы обязаны идентифицировать Вас, чтобы разрешить публиковать отзыв.

С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.