Беларусь і Германія: як развіваюцца мабільнасць і даступнасць

Рубрики: Проекты.

Стварэнне безбар’ернага асяроддзя – адзін з пунктаў рэалізацыі Канвенцыі аб правах інвалідаў не толькі ў Беларусі. Нямецкія калегі завіталі ў Беларускае таварыства інвалідаў, дзе адбылася дыскусія па тэме мабільнасці і даступнасці ў гэтых краінах.

У Мінск завітаў Міхаэль Мюлер – член і супрацоўнік нямецкага «Клуба людзей з інваліднасцю і іх сяброў горада Дармштадт і яго ваколіц».

– Мы пабачылі, што паўсюль у грамадскіх месцах Мінска будуюцца пандусы, – адразу падзяліўся ўражаннямі Міхаэль, – прынамсі, я бачыў гэта на цэнтральных вуліцах. Мне спадабалася прыбіральня для лю-дзей з інваліднасцю, там адразу ж доступ да вады, што вельмі зручна. У Германіі мы такога не бачылі.

Але не ўсё так проста і прыгожа, як можа падацца на першы погляд. Зразумела, што будаванне пандусаў – гэта добрая справа. Сяргей Драздоўскі адзначае, што «БелТІ выступае за тое, каб будаваліся не толькі пандусы… І за тое, каб іх не прыходзілася пасля перабудоўваць». У той час калі ствараюцца пандусы, мала робіцца ў беларускай інфраструктуры для таго, каб інваліды па зроку і слыху адчувалі сябе камфортна ў вялікім горадзе.

Як беларускі транспарт адаптаваны для людзей з інваліднасцю?

Па беларускіх гарадах ходзіць высокапольны і нізкапольны транспарт. Нізкапольныя мікрааўтобусы, напрыклад, вырабляліся спецыяльна для таго каб яны былі даступныя для людзей з інваліднасцю. Як правіла, прыватныя перавозчыкі не ставяць перад сабой задачу перавозкі людзей з інваліднасцю. З гэтым працуюць дзяржаўныя перавозчыкі.

У мінскіх трамваях са ста трыццаці васьмі толькі пяць адаптавана для людзей з інваліднасцю. Гэтыя пяць вагонаў уключаны ў расклад руху транспарту. Існуюць чатыры маршрутныя тралейбусы і аўтобусы з нізкапольнымі транспартнымі сродкамі, уключаныя ў расклад гарадскіх маршрутаў.

Напрыклад, аўтобусы № 1, № 100, № 111 – нізкапольныя. Тралейбусы ў Мінску ўсе нізкапольныя, а значыць, прыдатныя для перавозкі людзей з інваліднасцю.

Для прыкладу, у Наваполацку большасць транспартных службаў паведамілі, што не гатовыя працаваць з людзьмі з інваліднасцю. Перавозчыкі сыходзілі з таго, ім патрэбны для гэтага канкрэтныя ўмовы. Кіраўнік адной са службаў таксі сказаў, што ён гатовы вазіць людзей з інваліднасцю ледзьве не бясплатна. Але ў абмен ён прасіў горад пайсці на саступкі. Праўда, у аптэкі ён вазіць інвалідаў не збіраўся, бо лічыць, што лекі ім мусяць прывозіць на дом.

Па Мінску грунтоўнага даследавання такога кшталту не праводзілася. Але мінскія таксісты баяцца перавозіць людзей з інваліднасцю.

Многіх хвалюе, ці можна ўзяць з сабой сабаку-павадыра ў мінскія таксі? Таксісты гатовыя перавозіць людзей з жывёламі на агульных умовах. Толькі парадокс заключаецца ў тым, што сабака для невідушчага – гэта дапаможны сродак. У Беларусі дагэтуль афіцыйна не зарэгістраваны сабакі-павадыры.

Што тычыцца сацыяльнага таксі, праз абмежаваную колькасць машын замаўляць яго трэба за некалькі тыдняў наперад. У Бабруйску ж, напрыклад, такія паслугі раней аказвала прыватная арганізацыя.

Сітуацыя ў Германіі

Міхаэль Мюлер прызнаўся, што тыя транспартныя пытанні, якія вырашаюцца ў Беларусі, вельмі падобныя на тыя, якія хвалююць грамадскасць Германіі. І арганізацыя, якую прадстаўляе суразмоўца, змагаецца ў тым ліку і за безбар’ернае асяроддзе.

Сам «Клуб людзей з інваліднасцю і іх сяброў горада Дармштадт і яго ваколіц» існуе каля сарака пяці гадоў.

– Каля 30 гадоў у арганізацыі працую я, – дзеліцца Міхаэль Мюлер. – Там я праходзіў альтэрнатыўную службу ў войску. Пасля працаваў асістэнтам у людзей з цяжкай формай інваліднасці. Каля 10 гадоў я адказваю за канструктыўныя мерапрыемствы, якія праходзяць у нашай арганізацыі. Усяго ў клубе каля сотні ўдзельнікаў, гэта людзі як з інваліднасцю, так і без яе. Наша задача – кансультаванне і падтрымка. Адзін з галоўных накірункаў нашай працы – падтрымка людзей з цяжкай формай інваліднасці. Напрыклад, людзі з інваліднасцю ў нас могуць атрымаць адукацыю».

У арганізацыі ёсць асістэнты і суправаджаючыя дзяцей з асаблівасцямі ў школы. Як правіла, суправаджаюць тых дзяцей, якія па паводзінах адрозніваюцца ад іншых.

Міхаэль Мюлер кажа, што і ў Германіі існуюць праблемы з безбар’ерным транспартам. Аднак з 2022 года ўвесь грамадскі транспарт краіны мусіць быць безбар’ерным.

У Германіі доўгі час таксама засяроджваліся толькі на фізічных парушэннях, не закранаючы іншыя асаблівасці людзей. Адносна нядаўна ўлады сталі ўлічваць і тую катэгорыю насельніцтва, якая мае кагнітыўныя парушэнні. Міхаэль Мюлер падтрымаў беларусаў з рознымі катэгорыямі інваліднасці ў змаганні за безбар’ернае асяроддзе. Ён лічыць, што грамадскія арганізацыі павінны ставіцца крытычна да працы над безбар’ерным асяроддзем. Толькі ў такім змаганні можна дасягнуць поспеху.

Вікторыя ЧАПЛЕВА
Фота Жанны КАНОПЛІЧ

Комментарии

Авторизуйтесь для комментирования

К сожалению, мы обязаны идентифицировать Вас, чтобы разрешить публиковать отзыв.

С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, свяжитесь с нами, и мы зарегистируем для вас персональный аккаунт на нашем сайте.