«Ужа – Кудымкар». Гісторыя сям’і, у якой адабралі радзіму

Рубрики: Блоги.

И когда он снял четвертую печать, я слышал голос четвертого животного, говорящий: иди и смотри.

И я взглянул и вот, конь бледный, и на нем всадник, которому имя “смерть”, и ад следовал за ним, и дана ему власть над четвертою частью земли – умерщвлять мечом, голодом, и мором, и зверями земными…»

(Откровение святого Иоанна Богослова, 6: 7-8)

Паходжанне «кулацкага» роду

Па-першае, трэба вызначыцца: для чаго я пра гэта пішу? Тэма сапраўды нямодная, матэрыялаў пра калектывізацыю і звязаныя з ёю рэпрэсіі цяпер практычна немагчыма знайсці у перыядычным друку. Пік цікаўнасці грамадства прайшоў. Праўда, гэта не значыць, што расказана аб усім, памянёна кожная ахвяра гэтай неаб’яўленай вайны, што пытанне закрыта раз і назаўсёды. Правільна будзе сказаць – справа не ў цікаўнасці ці адсутнасці яе – справа ў нас саміх. Калі мы гатовыя пра гэта забыць, заціснутыя дробнабытавымі праблемамі і вечным недахопам грошай, значыць, не заслугоўваем лепшай долі, чым тая, якую маем. Так што трэба раз-пораз адрываць галаву ад кармушкі і глядзець у нябёсы. Гэта ніколі не зашкодзіць…

Гісторыю сваёй сям’і расказала мне Надзея Мікалаеўна Сіманенка, дачка «кулака» Мікалая Міхайлавіча Лабацэвіча з вёскі Ужа Капыльскага раёна. Ёй ужо шмат гадоў, але яна ўсё памятае, разважае ясна і лагічна.

…Мікалай Лабацэвіч стаў «кулаком» даволі цікавым чынам. Селянін з самых бедных, ён сем гадоў працаваў на пана. Што гэта за пан, можна меркаваць па колькасці зямлі – каля 40 дзесяцін. Пасля рэвалюцыі і з пачаткам міжусобіцы пан, як разумны чалавек, палічыў неабходным з’ехаць адсюль як мага далей. Пазваў аднойчы Лабацэвіча: «Мікалай, ты ў мяне доўга працаваў. Ведаеш што: бяры зямлю, гаспадарку, перавозь сюды сям’ю, працуй, гэта цяпер тваё. Калі ўсё будзе добра, я вярнуся і мы разлічымся». Добра не стала, пан застаўся ў сваёй Польшчы, а Лабацэвіч раптам перайшоў у разрад «кулакоў».

Канешне, ніякімі кулакамі яны не былі, пот у час працы ліла ўся сям’я без выключэння – усе шасцёра дзяцей на чале з бацькам і маці. Трое сыноў займаліся цяжкай працай, сёстры – хатнімі справамі. Надзея, напрыклад, пасвіла авечак і кароў. Пан, дарэчы, пакінуў добры «маёнтак»: двух коней, двюх кароў, авечак, жняярку, малацілку, само сабой, гаспадарчыя пабудовы. Так яны жылі, адносна спакойна і шчасліва, да 1929 года…

У гэты год няшчасці пайшлі адно за адным, нармальнае жыццё, можна сказаць, скончылася назаўсёды. Спачатку стварылі калгас «Лекерт». Большую частку зямлі адабралі, пакінулі недзе 10 дзесяцін зямлі. Ну але жыць можна было і пры такім раскладзе.

Восенню звезлі ўраджай у гумно, рыхтаваліся да малацьбы, але бяда ніколі не ходзіць адна: ударыла маланка, і ад ураджаю застаўся толькі дым і попел. Як «кулака» Мікалая Лабацэвіча выклікалі ў сельсавет і заклікалі «раззброіцца»: перадаць зямлю і інвентар у калгас і самому ўступіць у яго. У Лабацэвіча былі наконт гэтага свае думкі, якія ён выказаў смела і ясна. А ў снежні таго ж года яго забралі, і «кулак» трапіў на Калыму, у «краіну вечназялёных памідораў»…

Неўзабаве прышла чарга і сям’і. Вясной 1930 года сям’я ў поўным складзе аказалася на станцыі Слуцк, адкуль эшалоны ішлі ў адным напрамку – на поўнач. Трое сутак яны сядзелі на вакзале. Надзея Мікалаеўна добра памятае тую атмасферу: мноства народу, плач, крык, енк, ахова з вінтоўкамі, поўны адчай – да ад’езду рыхтаваліся як да смерці.

З вёскі раптам прыехаў сусед Ляўковіч і прапанаваў забраць меншых дзяцей. Што было рабіць? Сям’я раздзялілася. Маці, старэйшы Аляксандр і сярэдні Ян паехалі ў Пермскую вобласць, на самую яе поўнач, малодшыя, у тым ліку Надзея, засталіся ў вёсцы, у добрых людзей.

Да 1935 года Надзея жыла ў Ужы, працавала дзе скажуць, рабіла што загадаюць. Навучылася і араць, і прасці, і чаму толькі не навучылася. Аднак, відаць, гэтай сям’і свяціла шчаслівая зорка. Калі так можна сказаць пра дадзеных людзей у дадзеных абставінах…

Блуканні па пакутах

Мне прыходзілася бываць на поўначы Пермскай вобласці. Мясціны, канешне, надзвычай прыгожыя і цікавыя, у нечым нават казачныя. Але гэтую «казку» лепш назіраць з вакна цёплага вагона, папіваючы гарачую салодкую гарбату. У пэўным сэнсе я магу ўявіць, што адчувала сям’я ў гэтым «дабраславёным краі».

Адным словам, маці, два браты Надзеі Мікалаеўны не вытрымалі і, як кажуць зняволеныя, іх паклікаў «зялёны пракурор». Дабрацца змаглі, праўда, толькі да Волагды, сумна вядомай, паводле А. Салжаніцына, сваімі канвоямі і праверкамі. Вось такая праверка і выявіла ўцекачоў. Яну пашанцавла больш: падчас праверкі ён быў у прыбіральні. Як толькі ўбачыў, што маці з братамі павялі нкусаўцы, залез на дах вагона, тым і выратаваўся. Яну ўдалося даехаць да радзімы. Там ён, не маючы дакументаў, тры гады хаваўся на будоўлях пад Мінскам. Але часы наступалі ўсё больш цяжкія, і ўрэшце Ян паехаў зноў на Урал, бліжэй да сям’і.

А маці з Аляксандрам трапіла ў турму на год. Далей у сілу ўступіў «закон шчаслівай зоркі». Сталіцай Комі-Пярмяцкай нацыянальнай акругі быў гарадок Кудымкар, месца глухое, паўдзікае, адарванае ад даброт цывілізацыі. Якраз у той час было вырашана зрабіць яго больш-менш прыстасаваным для жыцця. Так Аляксандра прыгналі этапам у Кудымкар, на будоўлю.

Аднойчы ён зайшоў у магазін атаварыць хлебныя карткі. У той жа час гналі этап з Салікамска. Этапнікаў таксама павялі атаварвацца ў гэты ж магазін. Так маці сустрэлася з сынам. Тут, згадзіцеся, ёсць нейкая літаратурнасць: усё як у меладраме. Праўда выглядае штучнай, але гэта – было. Лабацэвічаў пасялілі ў бараку, потым яны пачалі будаваць свой дом, неўзабаве купілі карову – беларусы ёсць беларусы. Пазней з Беларусі прыехаў Ян. Ехалі знаёмыя на Урал, забралі з сабою і Надзею. Раптам, зусім нечакана, вярнуўся з Калымы бацька, бяззубы, скура ды косці, але ўсё ж такі жывы.

Раскіданая, амаль што прыгавораная сям’я цудоўным чынам сабралася зноў. І гэта цуд…

Калыма

Сёння Надзея Мікалаеўна моцна шкадуе, што у свой час не распытала бацьку пра Калыму. Гэта цяпер яна разумее, што бацька быў не толькі бязвіннай ахвярай, але і сведкам. На жаль, ужо позна, позна…

Увогуле, нейкія кавалачкі захаваліся. Бацька расказваў, што кармілі вельмі дрэнна, а праца была надзвычай цяжкая. На работу цягнуліся цені людзей, а не самі людзі. Знямоглыя, садзіліся пад ёлачку адпачыць, ды так там і заставаліся. Так вось і бацька аднойчы прысеў. Не замёрз толькі таму, што больш моцны чалавек падняў яго за каўнер.

Трэба сказаць, што Мікалаю Лабацэвічу нейкім чынам пашанцавала. У той час у калымскіх лагерах рэжым быў адносна цярпімым. Людзі, зразумела, мерлі, аднак не было яшчэ «залатых забояў», не было гаранінскіх масавых расстрэлаў (Гаранін – начальнік Калымы, потым яго самога расстралялі). Дый Лабацэвіч не быў ні трацкістам, ні бухарынцам, ні эсэрам, на Сталіна не замахваўся – проста «кулак». Верагодна, таму і вызначылі толькі ссылку, а з лагера вызвалілі. Як рабсіла ён органы больш не цікавіў.

Праўда, той, хто трапіў у поле зроку НКУС, ужо не мог лічыць сябе ўпэўненым у заўтрашнім дні. Заўтрашняга дня проста не існавала. Што пацвердзіў 1938 год, калі Мікалая Лабацэвіча забралі зноў, прама з работы. Да гэтага часу ён ужо акрыяў, уладкаваўся на працу. І вось – усё з самага пачатку. З Кудымкара Лабацэвіча везлі 100 кіламетраў па марозе. Як вынік – запаленне лёгкіх. Мікалай Міхайлавіч Лабацэвіч памёр у турэмнай бальніцы. Пасля 1953 года сям’я неаднойчы спрабавала знайсці яго сляды, хоць бы месца пахавання. Ніякіх слядоў. Ёсць толькі выпадковы сведка, яму цудам удалося вырвацца з пермскай турмы. Ён сведчыць, што бачыў Лабацэвіча апошні раз на бальнічным ложку. Захавалася яшчэ пасведчанне аб смерці, якое выдала сям’і Кудымкарскае НКУС. Усё, больш нічога. Ні крыжа, ні магілы…

***

Тут я сам прыпынюся. Гэта цяжка пісаць і зараз, хоць і прайшло столькі часу. Дваццатае стагоддзе закончылася, пачалося дваццать першае. Але тое, што было у час «века-волкодава» (выраз Ганны Ахматавай), думаю, забываць не варта. Усё. Больш мне дабавіць няма чаго…

Брат Аляксандр

Прыкладна ў той жа час забралі і старэйшага, Аляксандра. Ён трапіў у Свярдлоўскі цэнтрал. Аляксандр сядзеў у адной камеры з прафесарамі, урачамі, інжынерамі, натуральна, «ворагамі народа». Яны вучылі: нічога лішняга не гавары, не апраўдвайся, усё адмаўляй – альбо заб’юць. «Сшыюць справу» і заб’юць. На першым допыце брат даведаўся, што «ўдзельнічаў у антысавецкіх сходах, меркаваў арганізаваць забойствы камуністаў» і г.д., у тым жа фантастычным рэчышчы. Згодна з парадамі адмаўляўся, больш за тое – паведаміў следчаму, што ў той час будаваў канал Масква – Волга. Аляксандра збілі.

На другім допыце ён узяў у рукі табурэтку, стаў у кут і выдаў «ультыматум»: хоць застрэльце, толькі не біце, нічога новага не скажу.

Калі адседзеў год і тры месяцы, аднойчы ноччу яго паднялі: «З рэчамі на выхад!». Камера падумала тое ж, што і Аляксандр: усё, канец, альбо на расстрэл, альбо… Сукамернікі ўсталі ўсе, развіталіся, абняліся. Але тут падаў голас канваір: «Лабцэвіч, ды цябе вызваляюць! Прыйшло пацвярджэнне, што ты працаваў на канале». У такія моманты людзі звычайна сівеюць…

Надзея. А таксама вера і любоў

Зараз Надзея Мікалаеўна разважае так: «Вы ведаеце, з намі, канешне, здарылася страшная бяда, гэта так. З другога боку, я зараз думаю: ну а калі б я засталася ў вёсцы, што я пабачыла б?» Але ўсё па парадку.

Старэйшы брат уладкаваў Надзею ў мясцовы тэатр рэквізітарам. Артысты там былі пераважна маскоўскія, з выдатнай рускай мовай, якой Надзея практычна не ведала. Што там мова – цягнік упершыню ўбачыла ў Слуцку, калі сям’ю адпраўлялі на Урал. Тэатральная кар’ера, праўда, не атрымалася. Было вырашана ўладкаваць Надзею на курсы падрыхтоўкі ў сельгастэхнікум, балазе жывёла – справа знаёмая.

У першай дыктоўцы простая беларуская дзяўчына нарабіла недзе сотню (па колькасці слоў) памылак, што прымусіла выкладчыцу схапіцца за галаву. Але нічога, тая ж выкладчыца дапамагла засвоіць мову, ды так, што Надзея пайшла на іншыя курсы – па падрыхтоўцы да паступлення ў Пермскі настаўніцкі інстытут, які потым і скончыла.

У той час выйшла замуж, нарадзіла дачку. Маці цвёрда сказала: вучыся, унучку дагледжу. Непісьменная маці разумела галоўнае: у жыцці не прабіцца ніяк, акрамя як галавою, дакладней, розумам. Тое, што іншым давалася ад нараджэння, ім прыходзілася вырываць з усяе сілы.

Муж Надзеі тым часам ваяваў. Спачатку на фінскай, потым – на Вялікай Айчыннай. Уласна, Надзея свайго мужа больш і не пабачыла, ён загінуў…

У час вайны Надзея Мікалаеўна выкладала біялогію дзецям комі-пермякоў. Занятак, кажа, быў захапляльны, тым больш што дзеці рускай мовы не разумелі ўвогуле. Прышлося настаўніцы вучыць іх мову.

Больш-менш спакойна перажыць вайну дазволіў выпадак. Надзею выклікалі ў райкам і як біёлага «кінулі» на цяжкі ўчастак: трэба было ездзіць па калгасах і адбіраць жывёлу для вызваленых раёнаў. Камандзіроўкі па 2-3 тыдні ў любое надвор’е, пераважна дрэннае, мелі і прыемны бок: старшыні прыязна ставіліся да «прадстаўніка» і стараліся аддзячыць за «правільны» адбор жывёлы. У выніку сям’я не галадала. Метады і спосабы выжывання тады выбіраць не прыходзілася.

Брат Аляксандр у гэты час быў у працоўнай арміі. Каб было зразумела: усе, хто быў на падазрэнні, «ваявалі» ў тыле, і цяжка было сказаць, ці была іх вайна больш лёгкай, чым сапраўдная. На падземных заводах, дзе быў Аляксандр, часта грымелі выбухі. Ранкам гэта месца проста засыпалі зямлёю разам з абсталяваннем. І трупамі. На вайне як на вайне.

Тут, напрыклад, працавала шмат заходніх украінцаў, беларусаў жа – значна менш. Украінцаў, бывала, нават здымалі з фронту, везлі з вызваленых тэрыторый. Пасля вайны заводы закрылі, а «кантынгент» павезлі аднаўляць «рідну Украіну».

Гэтак жа трапілі ва Украіну і Лабцэвічы, аселі ў горадзе Карасцені непадалёк ад нашага Мазыра. Аселі, ды так і засталіся.

Надзея Мікалаеўна ўладкавалася ў школу. І дзеці, і выкладчыкі былі пераважна яўрэі. Цяжка было ўваходзіць у гэты спецыфічны калектыў. Але хутка настаўнікі зразумелі, што Надзея Мікалаеўна «наш чалавек»: да яўрэйскіх дзяцей ставіцца як і да іншых. Яе прынялі. Дыплома Надзеі Мікалаеўне ў свой час не выдалі, толькі даведку. Словам, прышлося заканчваць настаўніцкі 2-хгадовы інстытут у Бярдзічаве. Больш за тое, у 42 гады Надзея Мікалаеўна завочна паступіла ў Львоўскі ўніверсітэт. У школе яна адпрацавала 25 гадоў.

Каго яны знішчалі

Між іншым, цікавае пытанне, і ёсць магчымасць праілюстраваць яго рэальным прыкладам. Дык вось што, як гаворыцца, мае за душой гэта сям’я.

Старэйшы сын Аляксандр скончыў толькі сем класаў, магчымасці вучыцца ў яго, як бачна, не было. Быў выдатным работнікам, мог рабіць усё. Яшчэ ў працоўнай арміі стаў начальнікам аддзела забеспячэння, ім жа працаваў у Карасцені. Аляксандр памёр.

Сярэдні Ян скончыў Пермскі сельгасінстытут. Ён застаўся ў Кудымкары і жыве там зараз. Да апошняга часу быў дырэктарам школы механізацыі. Цяпер – пенсіянер.

Малодшы Сцяпан пайшоў у 1942 годзе на фронт. Вайну скончыў у 1945-м, быў неаднойчы паранены, мае баявыя ўзнагароды. «Кулацкае» паходжанне, як бачым, не перашкодзіла. Кроў, трэба адзначыць, ва ўсіх чырвонага колеру. Пасля вайны Сцяпан працаваў слесарам на заводзе. Зараз ён пенсіянер і інвалід вайны. Жыве ў Карасцені.

Старэйшая сястра Любоў працавала фельчарам, жыве ў Кіеве, пенсіянерка.

А малодшая сястра Сафія памерла. Яна скончыла Пермскі медінстытут, працавала стаматолагам у Данбасе. Пра Надзею Мікалаеўну вы ўжо ведаеце.

Я не першы раз чую падобныя гісторыі. Гэта ўвогуле шырокавядома: «кулацкія» дзеці, калі выжывалі, у жыцці дабіваліся значна большага поспеху, чым людзі звычайныя. Тут усё ясна: умовы існавання дыктавалі стыль паводзінаў не вельмі арыгінальны – выжыць. Але я думаю аб тым, колькі ж іх не выжыла, колькі добрых работнікаў, вучоных, артыстаў, урачоў, інжынераў ды проста прыстойных надзейных людзей, станавога хрыбта грамадства, не далічылася любімая Айчына. Няма ім ліку. Гэта сапраўды так, няма, бо трэба лічыць і нашчадкаў, якіх не было.

Хаця, канешне, нейкія ўскосныя лічбы захаваліся. Напрыклад: «Пасля правядзення болей-меней дакладнага падліку мы маем лічбы аб тым, што на тэрыторыі нашай рэспублкі раскулачана 15 629 кулацкіх гаспадарак. Усяго ж па БССР налічвалася 800 000 сялянскіх гаспадарак. Такім чынам, раскулачаныя гаспадаркі ў адносінах да ўсіх сялянскіх гаспадарак Беларусі складаюць параўнальна невысокі працэнт. Але і з гэтых 15 629 гаспадарак у нас 2 393, гэта значыць, сёмая частка, раскулачана няправільна…» (З даклада сакратара ЦК КПБ на з’ездзе КПБ, чэрвень 1930 г.)

Нават калі лічыць сярэднюю колькасць сям’і ў 5-6 чалавек, то выходзіць, што ў ссылку, лагеры адправілі больш за 100 тысяч чалавек. Самых лепшых, самых працавітых, самых сумленных – залаты фонд любой нацыі. Балюча. Нікога не вернеш, нічога не зменіш, нікога не ажывіш…

Сяргей ШАЎЦОЎ

Фатаграфіі нясуць ілюстрацыйны характар

Комментарии

Авторизуйтесь для комментирования

К сожалению, мы обязаны идентифицировать Вас, чтобы разрешить публиковать отзыв.

С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, свяжитесь с нами, и мы зарегистируем для вас персональный аккаунт на нашем сайте.