«Я глухі, я чужы»: у Мінску выступілі з навуковымі дакладамі па жэставай мове

Рубрики: Общество.

Прайшло два гады з таго моманту, як у Беларусі была ратыфікаваная Канвенцыя па правах інвалідаў, якая ўключае глуханямых і сляпых людзей. 5 снежня ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбылася першая міжнародная канферэнцыя «Мова жэстаў у сферы абароны сацыяльных, культурных і адукацыйных правоў асобаў з парушэннем слыху». Айчынныя і замежныя дакладчыкі ў сваіх выступах звярнулі ўвагу на тое, як мова жэстаў у якасці аднаго з чыннікаў рэалізацыі Канвенцыі прасоўваецца ў грамадства.

На пачатку канферэнцыі адзін з дакладчыкаў сказаў: «Большасць тых, хто знаходзіцца ў гэтай зале, не ведае мовы жэстаў. Вы не разумееце тых рухаў, якія мы робім. А мы знаходзімся ў такой сітуацыі штодня, бо мы не разумеем вас. Выйсце адно – развіваць мову жэстаў». Сапраўды, у канферэнц-зале было шмат людзей, у тым ліку тых, якія не чуюць і не гавораць. Што зрабілі за два гады па інтэграцыі такіх людзей у беларускае грамадства?

Адметнасць канферэнцыі заключалася ў тым, што яна праходзіла на мове жэстаў, з сурдаперакладчыкамі. Дакладчыкі выступалі на англійскай і рускай мовах. Сурдапераклад ажыццяўляўся на рускую і беларускую мовы.

Намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Аляксандр Румак сказаў: «Мы не глядзім, якую інваліднасць мае чалавек, а проста дапамагаем яму, каб той камфортна жыў у беларускім грамадстве».

Перад пачаткам выступаў дакладчыкаў быў зачытаны зварот міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Аляксандра Карлюкевіча: «Беларусь ратыфікавала Канвенцыю па правах інвалідаў. І той факт, што такая першая міжнародная канферэнцыя адбылася, – важны не толькі для інвалідаў, але для ўсяго нашага грамадства».

Сяргей Сапуто, старшыня Цэнтральнага праўлення грамадскага аб’яднання «Беларускае таварыства глухіх», узгадваў, як пачыналіся працы па рэалізацыі Канвенцыі: «Спачатку мы выявілі праблемы, прыдумалі шляхі вырашэння. Два актуальныя пытанні, якія мы вызначылі тады, застаюцца актуальнымі і зараз: зацвердзіць статус мовы жэстаў і вырашыць пытанне па даступнасці паслуг сурдаперакладчыкаў». Паводле рэалізуемай у Беларусі Канвенцыі жэставая мова мае статус такой жа мовы, як і ўсе астатнія. А 23 верасня святкуецца Міжнародны дзень мовы жэстаў.

Для прыкладу, у Швейцарыі Канвенцыя была ратыфікавана ў 2014 годзе. А ўвосень 2016 года праходзіў мітынг людзей з праблемамі слыху, якія патрабавалі палітычнай інфармацыі ў інтэрнэце на мове жэстаў.

Доктар Джозэф Джон Мюрэй, віцэ-прэзідэнт Сусветнай федэрацыі глухіх ЗША, чытаў даклад на канферэнцыі на мове жэстаў. Пераклад для глухіх быў на беларускую мову. Джозэф закрануў і пытанне раўнапраўя жэставай мовы: «Спадзяюся, што і беларуская жэставая мова будзе прызнана на дзяржаўным узрозні». У 45 краінах свету мова жэстаў прызнана дзяржаўнай мовай. Для прыкладу, у Нарвегіі дамаг-
ліся, каб штодня з 18.00 усе праграмы працавалі з перакладам на жэставую мову. Нават у афрыканскай Угандзе ёсць пераклад на жэставую мову па тэлебачанні. Джозэф Джон Мюрэй пажадаў членам Беларускага таварыства глухіх, каб тыя дабіваліся сваіх правоў.

З дакладам на канферэнцыі выступіла дацэнт кафедры карэкцыйна-развіваючых тэхналогій Інстытута інклюзіўнай адукацыі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Максіма Танка Ірына Русаковіч. «Я не носьбіт жэставай мовы, – падзялілася жанчына. – Я пачала вывучаць мову ўжо даўно. Але няма межаў дасканаласці». Ірына ў сваім дакладзе прывяла доказы таго, чаму жэставую мову глухіх можна лічыць паўнавартаснай мовай.

На канферэнцыі абгрунтоўваліся пытанні пра статус жэставай мовы, лінгвістычныя правы глухіх, доступ да паслуг жэставай мовы, падрыхтоўку кваліфікаваных перакладчыкаў жэставай мовы. Удзельнікі канферэнцыі пазнаёміліся з міжнародным досведам у сферы абароны сацыяльных, культурных і адукацыйных правоў тых асоб, якія маюць інваліднасць па слыху.

У выніку абгрунтавання дакладаў прысутныя прыйшлі да высновы, што ў Беларусі можна вылучыць некалькі праблем, якія патрабуюць рашэння. Па-першае, гэта прасоўванне мовы жэстаў на дзяржаўны ўзровень. Гэта азначае, што яна будзе функцыянаваць як раўнапраўная мова ў СМІ, таксама вывучаць яе будуць заахвочваць школьнікаў, якія не маюць інваліднасці.

Другая праблема – гэта малая колькасць сурдаперакладчыкаў. На канферэнцыі паставілі пытанне пра тое, што ў Беларусі бракуе якаснай адукацыі перакладчыкаў. Але, па сутнасці, гэтае пытанне вырашыцца аўтаматычна пасля таго, як у Беларусі мова жэстаў стане раўнапраўнай.

Арганізатарамі канферэнцыі выступілі ГА «Беларускае таварыства глухіх» сумесна з Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь пры падтрымцы Сусветнай федэрацыі глухіх, Праграмы развіцця Арганізацыі Аб’яднаных Нацый і Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта.

Удзельнікамі мерапрыемства сталі дыпламаты, дзеячы навукі з ЗША, Літвы, Расіі, Беларусі, прадстаўнікі органаў дзяржаўнага кіравання Беларусі, Расіі, .Літвы, прадстаўнікі камітэтаў, тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, міжнародных і нацыянальных грамадскіх аб’яднанняў глухіх, перакладчыкі жэставай мовы з Беларусі.

Вікторыя ЧАПЛЕВА

Комментарии

Авторизуйтесь для комментирования

К сожалению, мы обязаны идентифицировать Вас, чтобы разрешить публиковать отзыв.

С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, свяжитесь с нами, и мы зарегистируем для вас персональный аккаунт на нашем сайте.