«Я ўсім задаволеная!». Як у цэнтры сталіцы жыве жанчына з ДЦП і парушэннем слыху

Рубрики: Видео, Общество, Фото.

Не так даўно рэдакцыяй мы даведаліся, што Ірыне Палуян адмаўлялі ў стрыжцы ў мінскіх цырульнях. У Ірыны – ДЦП. Ёй 60 гадоў. Жанчына цяжка размаўляе і яшчэ горш чуе. Мы, карэспандэнты газеты «Вместе!», доўга не думалі і ўдзвюх, як Чып і Дэйл, паспяшаліся на дапамогу.

Ірына за барыкадамі

Даведаўшыся адрас Ірыны, мы ўзялі з сабой не толькі дыктафон і фотаапарат, але і нажніцы, каб здолець яе падстрыгчы. Паход да Ірыны мы запланавалі на суботні абед. Але не падумалі, што трапіць да яе не так лёгка! Дамафон у Ірыны або не працуе, або яго наўпрост не існуе. Таму нам не заставалася нічога іншага, як прабірацца да яе праз суседзяў.

Праз шкло тамбура мы пабачылі, што дзверы ў кватэры Ірыны адчынены – так за ёй даглядаюць суседзі. Суседка сказала, каб мы прызначылі час, а яна Ірыне яго перадасць, каб можна было падрыхтавацца да прыходу гасцей.

На наступны дзень у прызначаны час Ірына нас чакала. Калі яна адчыніла дзверы, то мы пабачылі… акуратна і модна падстрыжаную жанчыну! Ух, Ірына! Усё ж такі яе змаганні не прайшлі дарэмна! А пад прыгожы хатні халат яна апранула белую кашулю. Завяршэннем яе вобразу стала ўсмешка – і перад намі абсалютна шчаслівы чалавек!

Пра сваё гаротнае жыццё Ірына асабліва не распавядала. Дакладней, не распавядала ўвогуле. У мяне склалася такое ўражанне, што жанчына абсалютна не пакутуе праз сваю інваліднасць.

– Вось паглядзіце, якую кухню нядаўна сабе паставіла! – хваліцца Ірына, паказваючы нам сваю кватэру.

А я ўвесь час задавала сабе пытанне: «Як жа магчыма быць на такім пазітыве?».

Гісторыя Ірыны

Хвароба ў Ірыны з нараджэння. Але пра яе і дзяцінства Ірына асабліва распавядаць не хацела.

Ірына – адукаваная жанчына. Яна скончыла Інстытут культуры, вучылася на бібліятэкарку. На працу, праўда, яе пасля сканчэння вучобы ніхто не ўзяў. Але Ірына ўжо тады не дазваляла роспачы заскочыць у яе душу. Яна добра вязала, таму знайшла сабе надомную працу. У выніку не адно дзесяцігоддзе жанчына вязала на замову рэчы, пакуль прадпрыемства не зачынілася.

– А з чаго сёння складаецца вашае жыццё? – пытаю ў Ірыны.

– З вандровак! – адназначна адказвае яна, – і з фатаграфій!

Штолета Ірына ездзіць у санаторый на Нарач і папраўляе там здароўе. Яна паказвала нам фотаздымкі з вандроўкі ў Санкт-Пецярбург, які дагэтуль яе ўражвае. Вандроўкі, канечне, бываюць і з прыгодамі… Напрыклад, аднойчы яна так хацела патрапіць на Славянскі базар у Віцебску, што яе не спужала начлежка прама на вакзале.

 

«Я абсалютна ўсім давольная»

Мы, журналісты, прывыклі слухаць. Працуючы ў выданні для людзей з інваліднасцю, мы прывыклі слухаць і бачыць на твары апавядальнікаў слёзы. Слёзы крыўды, слёзы непаразумення. Па шчырасці, да Ірыны мы пайшлі таксама таму, што хацелі выслухаць, улічваючы, што былі ў курсе яе гісторыі з цырульняй. Але распавядала яна нам гэтую гісторыю з прысмакам прыгодаў.

Сапраўды, жанчыне тэрмінова трэба было стрыгчыся. Але ёй адмаўлялі па розных прычыных: то месцы былі заняты, то кошт нерэальны… Ёй паступала прапанова падраўняць валасы за 30 рублёў. Ірына разварочвалася і сыходзіла, але перад гэтым паспявала паскардзіцца адміністрацыі. У выніку змаганняў і паходаў па розных цырульнях яна ўсё ж такі дамаглася таго, каб яе падстрыглі за 10 рублёў.
«Я шчаслівы чалавек! Канечне, бывае крыўдна праз адносіны грамадства да мяне… Але наогул я магу сказаць, што грамадства да інвалідаў пачало ставіцца лепш. Напрыклад, мне дораць падарункі. Вось па рынку ішла – падарылі халат! Хаджу ў краму – і ніякай дыскрымінацыі не бачу, проста цудоўна спраўляюся!»

Буднія дні як святочныя

Жыццё ў Ірыны, як і яна сама, зусім не сумнае. Па начах яна звычайна доўга не засынае, таму потым спіць да абеду. Зранку варыць сабе манную кашу. А ў абед – суп.

«Спраўляюся я выдатна, вы ж бачыце, чыста!», – каментуе Ірына. Канечне, чыста адносна, а груда рэчаў звалена на балкон, але ад гэтага ўтульнасць у кватэры не знікае.

Днём Ірына чытае прэсу. Яна выпісвае шмат газет – камп’ютара і інтэрнэта няма. Ірына не сумуе. На нядаўнія народзіны зрабіла сама сабе падарунак – купіла кветку. А ў «Марка» набыла сабе зімовыя боты, шэрыя, са стразамі: «Набыла і думаю: а куды ж я ў іх пайду? А пасля падумала, што на ёлку схаджу!».

На самой справе, Ірыне вельмі моцна дапамагаюць суседзі. І кухню ўсталююць, і пральную машынку падключаць, і шторы павесяць… Я стала захапляцца людской дабрынёй. А Ірына мне адказала: «У іх дачка на вазочку…»

Мы сышлі ад Ірыны смеючыся і на пазітыве. Слёзнага і глыбокага матэрыяла не атрымалася. Але ці трэба гэта было, калі Ірына – шчаслівы чалавек?
 

Вікторыя ЧАПЛЕВА

Фота Эльвіры ГАРОШКА

Комментарии

Авторизуйтесь для комментирования

К сожалению, мы обязаны идентифицировать Вас, чтобы разрешить публиковать отзыв.

С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, свяжитесь с нами, и мы зарегистируем для вас персональный аккаунт на нашем сайте.