Сэрца Маўглі

Рубрики: Новости.

З Дзімам мы пазнаёміліся ў лякарні. З вакна сваёй палаты я бачыла, як ён па некалькі разоў на дзень карміў бяздомных котак, якія туліліся каля бальнічных выхадаў. Санітаркі перыядычна яго падкормлівалі. Ён у сваю чаргу падыходзіў да кожнай бабулі ў аддзяленні і пытаў: «Як ты, дзетка?». А пасля даведалася, што ў яго трэцяя група інваліднасці праз псіхічныя адхіленні.

Аднойчы мы пайшлі карміць котак з ім разам. Дакладней, я напрасілася сама. Так мы з ім і разгаварыліся. Катоў, якіх ён карміў, я налічыла сем. Дзіма з імі размаўляў, і на момант мне падалося, што яны кажуць нешта яму ў адказ. Верагодна, ён заўважыў маю збянтэжанасць і сказаў:
– У вёсцы, у якой я жыву, мяне называюць Маўглі. А ўсё таму, што лічаць мяне дзікім. Для іх незразумела, як я магу размаўляць з сабакамі і коткамі. А для мяне незразумела, як з імі можна не размаўляць.
Па вачах сабак Дзіма бачыць тое, што яны яму кажуць. А што кажуць яму коткі, Дзіма даведваецца па іх мяўканнях і мурлыканнях.
У хаце Дзімы, якую яму далі ад калгаса, жыве сабака са шчанюкамі і адна котка. З гаспадаркі Дзіма трымае толькі трусоў, якія ніколі не жывуць у клетках. «Я трымаю іх заўжды на волі. Яны пагуляюць і ўвечары вяртаюцца дадому».
– А з чаго пачалася твая любоў да жывёл? – пытаю я.
Я не думала, што закрану цэлы жыццёвы пласт. Пакрысе, нібыта баючыся мяне, дзень за днём ён стаў распавядаць пра сваё жыццё. У лякарні мы ляжалі з хваробай лёгкіх, таму часу размаўляць было дастаткова. А ў апошні дзень перад маёй выпіскай ён папрасіў, каб я пра яго напісала. Але напісала без падрабязнасцяў, калі гэта магчыма – толькі пра яго няпросты лёс.
Гісторыя Маўглі
Зараз Дзіме 28 гадоў. На лёгачныя хваробы Дзіма стаў пакутаваць яшчэ з дзяцінства. І вінаваціць у гэтым маці, якую пасля свайго нараджэння ніколі не бачыў. Яго, сямімесячнага, яна нарадзіла ў халоднай хаце і кінула. Так ён патрапіў у першую ўстанову ў сваім жыцці – Дом малюткі.
З першага класа Дзіму адправілі ў інтэрнат у вёску Опса Браслаўскага раёна. Дзіма кажа, што рознае бывала і там: «У інтэрнаце я хаваўся ў будцы з сабакам. І ён абараняў мяне».
Аднойчы, калі Дзіма прывёў у інтэрнат бяздомную котку Мурку, на яго нагаварылі, што ён яе скраў. За гэта яго паставілі на калені на гравійку. «У якасці помсты я паклаў гэтай выхавацельцы іголку, – узгадвае Дзіма. – А яна лапатай выбіла мне зуб».
Зуба сапраўды ў Дзімы няма.
Пасля ён паступіў у каледж. Правучыўся ён там тры гады і атрымаў спецыяльнасць «тынкоўшчык-даяр-слесар».
Калі хлопец быў у вучэльні, то там, у старым гаражы, ён арганізаваў цэлы прытулак для жывёл. Ён зрабіў нават аддзяленні: для цяжарных сабак, для шчанюкоў і для катоў.
– У мяне было дванаццаць сабак і восем котак! – узгадвае Дзіма.
З хлопца ў вучэльні смяяліся. Смяяліся і з яго сабак і катоў. Аднойчы яго нават прымусілі выпіць келіх з перамешанымі рознымі спіртнымі напоямі, якімі ён і атруціўся.
Аднойчы яго сабак забілі. «Іх проста праткнулі віламі, узвалілі на трактар і звезлі. Я доўга плакаў пасля. Праўда, шчанюка нямецкай аўчаркі я паспеў аддаць у добрыя рукі».
Прыезд да родных
Пасля заканчэння вучэльні Дзіма падаўся да родных, якіх ніколі не бачыў, у Віцебск.
Але бабуля з цёткай выгналі яго з кватэры і выклікалі міліцыю. Міліцыя яго завезла ў дом начнога знаходжання для бяздомных. Ён доўга не прызнаваўся, што там ён начаваў. Казаў, маўляў, што адразу паехаў адтуль. «Мяне завезлі… у бамжатнік!», – крычаў і плакаў ён пры мне. Па яго словах, адтуль яго забрала цётка, якая павезла яго «на дзявятку» (у псіхіятрычную лячэбніцу ў Віцебску). Там яго абследавалі і далі трэцюю групу інваліднасці.
«Пасля я прыехаў зноўку да цёткі і запытаўся, чаму яны так зрабілі. Яны сказалі, маўляў, што грошы мне лішнімі не будуць».
Жыццё Дзімы сёння
У выніку кіраўніцтва вучэльні размеркавала хлопца ў адзін з калгасаў. Там яму далі хату, участак. Сёння ў яго доме жы-
вуць адна котка і сабака са шчанюкамі.
Працуе Дзіма даяром. Але кажа, што працаваць яму там не вельмі падабаецца, бо «увесь тады ў малацэ». А яго мара – быць кінолагам, бо любоў да сабак у яго не знікае і не знікне.
У Дзімы ёсць дзяўчына Алана. Ён рады быў бы ўжо і ажаніцца з ёй, але кажа, што яе маці супраць. Жанчына кажа, што з дурнем дачка сустракацца не будзе.
Пакуль Дзіма быў у шпіталі, нехта залез у ягоную хатку і перавярнуў рэчы. Так аднавяскоўцы чарговы раз паказваюць Маўглі яго месца.
Пасля такога аповеду я стала сапраўды разумець, чаму так часта ён хоча схавацца ад людзей у будку. Часам сабакі сапраўды падаюцца намнога дабрэйшымі, чым людзі…
P.S. Мы наўмысна не называем прозвішча і дакладнае месца жыхарства Дзімы. Каб яго жыццё не стала яшчэ горшым ад абыякавасці тых, хто знаходзіцца побач з ім.

Вікторыя ЧАПЛЕВА
Фота мае ілюстрацыйны характар

Комментарии

Авторизуйтесь для комментирования

К сожалению, мы обязаны идентифицировать Вас, чтобы разрешить публиковать отзыв.

С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, свяжитесь с нами, и мы зарегистируем для вас персональный аккаунт на нашем сайте.