У Бярозаўку – па натхненне

У аддзяленне дзённага знаходжання інвалідаў у Бярозаўцы мяне запрашалі ўжо даўно. Мясцовая актывістка аддзялення Ала Кулеш абяцала, што я буду ўражана працай аддзялення. І, скажу па шчырасці, я ні кроплі не пашкадавала, што ў адзін з ранкаў завітала ў Бярозаўку.

Березовское ОДПИГісторыя аднаго змагання
Наогул, сітуацыя, якая склалася ў Лідскім раёне – унікальная. Гэта, бадай, асаблівы выпадак у Беларусі, калі ў раёне знаходзяцца аж два тэрытарыяльныя цэнтры. Цэнтр знаходжання інвалідаў у Бярозаўцы – гэта аддзяленне Лідскага раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.
А ўсё таму, што ў горадзе Бярозаўка, дзе размяшчаецца вядомы шклозавод «Нёман», жыве досыць шмат людзей з інваліднасцю. Менавіта з іх боку і была ініцыятыва па стварэнні такога аддзялення. І пачалося ўсё са змаганняў Алы Кулеш, у якой трое дзяцей – і ўсе яны маюць інваліднасць.
– Аднойчы я даведалася пра тое, што ў Лідзе працуе тэрытарыяльны цэнтр. І мы з дзецьмі сталі туды ездзіць. Але кожны дзень так, канечне, не наездзішся… – узгадвае Ала Аляксееўна. – Мы проста сталі прасіць улады, каб быў аўтобус з Бярозаўкі да Ліды, які б адвозіў і прывозіў нашых дзяцей. І я разумела, што не прыйду да начальніка аўтапарка і не скажу: «дайце нам аўтобус».
Таму з просьбай аб выдзяленні аўтобуса Ала Аляксееўна стала хадзіць да чыноўнікаў. Досыць працяглы час змаганняў – і замест аўтобусаў барацьбіткам далі цэлае памяшканне для аддзялення дзённага знаходжання! Праўда, спачатку гэта было памяшканне на другім паверсе, што зусім нязручна. Таму паходы да чыноўнікаў у жанчыны працягваліся. У выніку ім далі памяшканне для аддзялення.
Насычанае жыццё
Калі ранкам я зайшла ў аддзяленне, то там ужо панаваў рух, а выхаванцы былі размеркаваны па гуртках.
Сёння на пастаяннай аснове цэнтр наведваюць 28 інвалідаў (2 – калясачнікі, да якіх на дом ходзяць кіраўнікі гурткоў). Працуюць у аддзяленні 7 чалавек, 2 з якіх – па сумяшчэнні.
Наогул, у аддзяленні працуе 9 гурткоў па наступных накірунках: сацыяльна-бытавая рэабілітацыя, дэкаратыўна-ўжытковая творчасць, музычны, тэатральны гурткі, навучанне камп’ютарнай граматнасці, рухальная рэабілітацыя.
– Наша галоўная задача, – распавядае Наталля Саўка, загадчыца аддзялення дзённага знаходжання інвалідаў у Бярозаўцы, – гэта зрабіць інвалідаў самастойнымі. Мы іх рыхтуем да таго, што бацькі раней ці пазней пойдуць з жыцця. І ім трэба будзе працягваць жыць.
Березовское ОДПИТаму ў аддзяленні працуе майстэрня «Што пасееш, тое пажнеш». Пры аддзяленні маецца свой агарод, дзе з вясны па восень інваліды, якія наведваюць аддзяленне, вырошчваюць гародніну, а ў халодны час навучаюцца прыгатаванню з сабранага ўраджаю страў у мультыварцы і мікрахвалёўцы. На базе майстэрні працуе і фітабар. На занятках хлопцы і дзяўчаты вывучаюць лекавыя расліны, іх уздзеянне на арганізм чалавека, робяць лекавыя зборы і вучацца запарваць фітачай. Дарэчы, збор са скрыпеню (иван-чая, – аўт.) у аддзяленні пакаштавала і я.
Па словах Наталлі Мікалаеўны, прагрэс вельмі бачны. Калі раней некаторыя інваліды прыходзілі і не ўмелі рабіць нічога, то зараз, магчыма, не без цяжкасцей, але могуць сябе абслугоўваць.
«Творчая майстэрня» ў аддзяленні – гэта не проста гурток, а сапраўдная мастацкая майстэрня! Алена Леанідаўна, кіраўнік гуртка, распрацоўвае сапраўды густоўныя дызайны рэчаў. І няважна, што гэта – вышываная карціна ці прыхватка… Алена Леанідаўна распрацоўвае аўтарскі дызайн. А мішкі тэдзі – гэта наогул наватарства! І Дзяніс каля года таму паспрабаваў пашыць першага мішку тэдзі – і атрымалася! А Дзіма паспрабаваў вышываць прыгожыя карціны гладдзю… Спачатку Дзіму карціны даваліся цяжка, бо хлопец занадта сцягваў швы. Але зараз я пабачыла сапраўды прыгожыя і багатыя карціны.
Мяне ўразіў гурток «Папяровыя фантазіі». Там інваліды працуюць з кардонам і прыроднымі матэрыяламі. Салома, лаза, скура, дрэва – менавіта з гэтых матэрыялаў аформлены кабінет, дзе займаюцца інваліды.
Я змагла на ўласныя вочы пабачыць і паслухаць шумавы ансамбль «Весёлые ребята». Яны выконваюць беларускія і ўкраінскія народныя песні, каўбойскія і яўрэйскія матывы. Для мяне прагучалі дзве беларускія песні пад акампанемент «шумелак», як я іх называю, – гэта банкі, пральныя дошкі і шумавыя музычныя інструменты. Цікава, што тыя наведвальнікі, якія ў жыцці з цяжкасцю размаўляюць, добра спяваюць, граюць і танцуюць…
Сама Наталля Мікалаеўна, загадчык аддзялення, выкладае ў тэатральным гуртку. Да кожнага свята яны рыхтуюць пастаноўку. А свае сцэнкі часта паказваюць у мясцовым Доме культуры.
Іншыя ініцыятывы
Березовское ОДПИСупрацоўнікі аддзялення працуюць толькі з дарослымі інвалідамі. Але ў адным з дзіцячых садкоў ёсць дзеткі-інваліды. Таму дарослыя інваліды з аддзялення рыхтуюць для іх канцэрты і падарункі на святы.
Акрамя гурткоў у аддзяленні дзённага знаходжання рэалізуецца некалькі праектаў і разавых акцый. Напрыклад, сумесны праект са школьнікамі «Будзь здаровы!».
Праект «Чысты горад» дзейнічае ўжо больш за тры гады.– Мы самі папрасілі частку паркавай тэрыторыі ў горадзе, – дзеліцца Наталля Мікалаеўна. – Некалькі разоў на месяц мы прыбіраем сваю тэрыторыю. Але бывае і так, што нашы выхаванцы самі прыходзяць зранку і кажуць, што трэба ісці і прыбіраць, бо ўжо брудна.
Інваліды часта выходзяць у горад і праводзяць акцыі супраць наркотыкаў і курэння, па правілах дарожнага руху.
Не хопіць, напэўна, і газетнай плошчы, каб пералічыць усе тыя актыўнасці, якімі жывуць у аддзяленні. Я і разумею, што поспех залежыць ад таго, наколькі шмат душэўнасці ўкладаюць кіраўнікі і работнікі ў сваю працу. І самае галоўнае – гэта бачыць вочы работнікаў, якія гараць. Бо гэта паліва для тых людзей з інваліднасцю, дзякуючы якому яны могуць сагравацца штодня.

Вікторыя Чаплева
Фота аўтара і супрацоўнікаў аддзялення

Комментарии

Авторизуйтесь для комментирования

К сожалению, мы обязаны идентифицировать Вас, чтобы разрешить публиковать отзыв.

С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, свяжитесь с нами, и мы зарегистируем для вас персональный аккаунт на нашем сайте.