Святкуем жыццё разам!

Рубрики: Культура.

Пакуль у Беларусі ўдасканальваецца сістэма сацыяльнай падтрымкі пажылых людзей, самі яны не марнуюць час – святкуюць жыццё разам. Менавіта такім быў дэвіз першага ў Беларусі фестывалю «Крэатыўны ўзрост», што ладзіўся ў мінулую нядзелю ў розных куточках нашай краіны пры ўдзеле Беларускага грамадскага аб’яднання «Адпачынак у вёсцы», Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа, Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь і Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь. Наколькі людзі сталага веку творчыя і таленавітыя, можна было пераканацца, наведаўшы аграсядзібы пад Валожынам, на Зэльвеншчыне, у Шчучынскім раёне ды іншых мясцінах. Мы ж распавядзем пра свята ў аграсядзібе «Серая шейка», што ў вёсцы Палыкавічы пад Магілёвам.

Крэатыўны ўзростСумаваць, скардзіцца, сядзець склаўшы рукі? О не! Падобна, што ўдзельнікам фестывалю ўсё гэта невядома, ды і нецікава. Затое яны ведаюць шмат спосабаў атрымліваць асалоду ад жыцця, якія і прадэманстравалі пад час фэсту.
Спецыяліст па турызме БГА «Адпачынак у вёсцы» Алена Ветрава расказала, што ідэю фестывалю для людзей трэцяга ўзросту супрацоўнікі арганізацыі падгледзелі ў Шатландыі. Там падобны фэст упершыню прайшоў у 2012 годзе. Паколькі насельніцтва ў Шатландыі старэе (зрэшты, як і ва ўсім свеце, ды і ў Беларусі таксама), фестываль стаў надзвычай актуальным і ладзіцца ў межах усёй краіны.
Асноўную колькасць удзельнікаў «Крэатыўнага ўзросту» склалі наведнікі тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва з усёй вобласці і, між іншым, валанцёры Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа. Старшыня Магілёўскай абласной арганізацыі БТЧК Андрэй Мартыноўскі заўважыў, што, хаця значная частка валанцёраў – гэта моладзь, нямала ёсць і пажылых людзей, вопыт і мудрасць якіх часта патрэбныя ў працы арганізацыі, што аказвае медыцынскую, сацыяльную, гуманітарную дапамогу жыхарам Беларусі.
Крэатыўны ўзрост– Сталыя людзі – наш бясцэнны і незаменны рэсурс, – падкрэсліў Андрэй Мартыноўскі.
У праграме фестывалю былі запланаваныя разнастайныя тэматычныя пляцоўкі. У «Літаратурнай гасцёўні» гучалі вершы. Побач ахвочыя маглі атрымаць парады, як рабіць выдатныя здымкі на тэлефон. У натураптэцы можна было даведацца шмат цікавага пра зёлкі і лекавыя расліны – мяту, зверабой, наготкі, маліны…
Ці не самай запатрабаванай была пляцоўка «Здаровы лад жыцця», арганізаваная актывістамі Горацкай раённай арганізацыі БТЧК. Там можна было зрабіць першыя крокі (ва ўсіх сэнсах!) у папулярнай апошнім часам скандынаўскай хадзе, навучыцца рабіць практыкаванні для вачэй або дыхальную гімнастыку, даведацца, як можна паніжаць ціск без лекаў. Дарэчы, добрая і не надта складаная парада для кожнага: калі актыўна рухацца не менш за 30 хвілінаў кожны дзень, можна на 70 % знізіць рызыку ўзнікнення інфаркту, інсульту, дыябету ІІ тыпу, на 40 % змяншаецца верагоднасць захварэць на анкалогію.
Аматары рукадзелля маглі адкрыць для сябе новыя накірункі, наведаўшы майстар-класы па пляценні з бісеру, па квілінгу (кручэнні з паперы), вязанні цацак шыдэлкам у тэхніцы амігурумі і па стварэнні цацак са… шкарпэтак. Нават самыя абазнаныя ў рукадзельных справах зацікавіліся незвычайнымі букетамі кветак, зробленымі з лісця. Складана было паверыць, што такую прыгажосць можна стварыць са звычайнай лістоты, што ляжыць ў прамым сэнсе слова ў нас пад нагамі. Зялёныя лісты адмысловым чынам складваюцца і скручваюцца, а каб надаць такім кветкам трываласць, іх апрацоўваюць сланечнікавым алеем або лакам для пазногцяў. Перакананая, што такога вы яшчэ не бачылі!

Крэатыўны ўзрост
Мікалай Варапай.

Пакуль працавалі тэматычныя пляцоўкі, на сцэне ні на хвіліну не перапыняўся канцэрт. Ён доўжыўся тры гадзіны, і арганізатары фэсту сведчаць: у праграму ўвайшлі далёка не ўсе нумары, падрыхтаваныя ўдзельнікамі. Песні змяняліся танцамі, танцы – музычнымі сцэнкамі… У нейкі момант на сцэну выйшаў мужчына ў зацемненых акулярах і выканаў некалькі песень, акампануючы сабе на баяне. Калі пасля выступлення ён укладваў баян у скураны чамаданчык, мы пазнаёміліся, і я зразумела, што не памылілася – у Мікалая Варапая інваліднасць па зроку. Прыемна было высветліць, што і газета «Вместе!» майму суразмоўцу вядомая, хаця ён з’яўляецца членам Беларускага таварыства інвалідаў па зроку. Больш за тое – у 2012 годзе Мікалай Варапай стаў лаўрэатам ІІ ступені Міжнароднага фестывалю творчасці інвалідаў у Віцебску. Па маёй просьбе мужчына крыху распавёў пра сябе:
– Я нарадзіўся ў Мінску, вучыўся ў Шклове, а з 1979 года жыву ў Магілёве. У 1991 годзе скончыў вучылішча культуры па спецыяльнасці «харавое дырыжыраванне». Цяпер кірую трыма харавымі калектывамі: народным хорам народнай песні ў Магілёўскім гарадскім цэнтры культуры і вольнага часу, калектывам інвалідаў па зроку «Гасцінец» – ён таксама мае званне народнага і калектывам колішніх малалетніх вязняў фашысцкай няволі. З народным хорам народнай песні мы шмат дзе ездзім – былі на Свяце агурка ў Шклове, на Дрыбінскіх таржках, у Магілёве часта ўдзельнічаем у мерапрыемствах. Бывае, што перасякаемся і з Беларускім таварыствам інвалідаў, бо дзейнасць нашых арганізацыяў блізкая.

Крэатыўны ўзрост
Гаспадар аграсядзібы «У Князева ў Любужы» Аляксандр Князеў частуе юшкай, зваранай на вогнішчы.

У канцы размовы я запытала ў Мікалая Варапая, якая ў яго група інваліднасці.
– Першая. Я татальна сляпы, – бадзёра патлумачыў мужчына і дадаў: – Але гэта не дае ніякай падставы, каб скласці рукі. Проста хочацца жыць паўнавартасным жыццём, радаваць сябе і людзей, – вачэй Мікалая Іванавіча за цёмнымі акулярамі я не бачыла, але твар яго быў светлым.
Дык дзе ж тоіцца крыніца, што сілкуе жыццёвыя сілы чалавечыя – у любым узросце, пры любым стане здароўя? Напэўна, яна ў нас саміх. На беднай душэўнай глебе не прарастуць таленты, не праб’ецца аптымізм – але яны шчодра квітнеюць у чулых сэрцах. Напэўна, таму і сабралася на «Крэатыўны ўзрост» нямала ўдзельнікаў, таму і прайшоў фэст нібыта на адным дыханні: бо жыццё ў любым узросце можа быць святам – калі знайсці для гэтага прычыны.

Ніна КАЗЛЕНЯ
Фота аўтара

Комментарии

Авторизуйтесь для комментирования

К сожалению, мы обязаны идентифицировать Вас, чтобы разрешить публиковать отзыв.

С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, свяжитесь с нами, и мы зарегистируем для вас персональный аккаунт на нашем сайте.