«INФЕСТ» – тое, што аб’ядноўвае
Першы інклюзіўны фестываль у Беларусі: майстар-класы, фудкорты і рок-гурты
У Налібоцкай пушчы, што ў Валожынскім раёне, на сцежцы «Белакорац», якая прыстасаваная для інвалідаў, прайшоў першы ў Беларусі інклюзіўны фестываль «INФЕСТ». «INФЕСТ» стаў вынікам працы пяцідзённага інтэграцыйнага летніка для людзей з інваліднасцю, у якім паўдзельнічала каля 80 чалавек.
«INФЕСТ» – той фэст, які ўключае ўсіх
Адметнасць летніка заключалася ў тым, што яго ўдзельнікі не толькі адпачывалі, але і працавалі. Пяць дзён людзі з інваліднасцю рыхтавалі лясную пляцоўку для фестывалю. Напрыклад, удзельнікі летніка зрабілі домікі для дзікіх пчол і птушак, фігуркі з экалагічных матэрыялаў.
Пакуль ехала на фэст, я ўяўляла яго ў сваёй галаве. І ўжо тады зразумела, што гэта мусіць быць такая пляцоўка, дзе б ніхто сябе не адчуваў чужым: ні чалавек з інваліднасцю, ні без яе. Я ўявіла фестываль пляцоўкай, якая магла б уключаць як адных, так і другіх. І, прыехаўшы на фестываль, была прыемна здзіўлена тым, што мае ўяўленні спраўдзіліся.
Цікавосткі фэсту
Мой «INФЕСТ» пачаўся з сенсорнай міні-сцежкі. Для таго каб яе зрабіць, удзельнікі летніка на працягу некалькіх дзён збіралі лясныя матэрыялы.
Калі я праходзіла каля гэтай сцежкі, Лёша, удзельнік летніка, прапанаваў мне ступіць на яе басанож, каб адпачыць. Усміхаецца. І я не магу яму адмовіць і не адчуць сцежку пад уласнымі стопамі. Лёша кажа, што сцежка лечыць і супакойвае. Я здымаю абутак і станаўлюся на мяккія сасновыя шышкі, крочу далей па імху, саломе, пяску і ігліцы… Заплюшчваю вочы і сапраўды трапляю ў іншую рэальнасць, якая знаходзіцца далёка ад горада.
Паша – актыўны ўдзельнік розных мерапрыемстваў Беларускага таварыства інвалідаў, які мае наступствы пасля інсульту. На фэст ён прыехаў у якасці валанцёра. Паша працаваў некалькі дзён над чалавечкам, якога ён разам з сябрамі зрабіў з прывезеных эка-матэрыялаў.
«Адзіны мінус усяго летніка – гэта кепскае надвор’е ў адну з начэй. Мы ж жылі ў намётах… Таму было цяжка». Але як сам летнік, так і сам фестываль Пашу вельмі спадабаўся.
Уразіў мяне на фэсце і той куточак, дзе сядзеў ганчар з ганчарным колам. Любы жадаючы мог павучыцца ў ганчара і зрабіць сабе збаночак! Кажуць, што можна вечна глядзець на агонь, ваду і чалавека, які працуе. Я б дадала, што вечна можна яшчэ глядзець на рукі, якія мнуць гліну на ганчарным коле.
На фестывалі змяшчаліся і адукацыйныя зоны. Можна было даведацца пра правы інвалідаў у Беларусі. Меліся свае пляцоўкі для невідушчых і слабавідушчых людзей.
Не абышоўся фестываль і без зоны з сабакамі-лекарамі. Яны гулялі з дзеткамі ў футбол. А тыя, хто хварэе на ДЦП, маглі памацаць мяккую сабачую поўсць.
Уразіла тое, што на фэсце быў зроблены акцэнт на адпачынак з дзецьмі. Дзіцячыя зоны дапамаглі бацькам з іншых гарадоў не баяцца прыехаць на фестываль. Можна было паскакаць на сене, зрабіць аквагрым або з’есці смачны хот-дог на фудкорце.
Увечары, калі выступалі беларускія рок-гурты, я скінула з сябе заплечнік і проста танцавала. Побач са мной танцавалі валанцёры і тыя інваліды, якія маглі рухацца. Прыемна, што на фэст запрасілі сапраўды тых выканаўцаў, якія збіраюць сотні людзей на сваіх канцэртах – гурты «РСП», «Akute», «:B:N:». Тут жа на іх можна было патрапіць бясплатна.
Як першае мерапрыемства, «INФЕСТ», натуральна, меў у сабе хібы. Гэта і не зусім добрае надвор’е, і не зусім шырокая рэклама, і малая колькасць людзей у выніку… Невядома, колькі яшчэ гадоў пройдзе перад тым, як такога кшталту фэсты будуць успрымацца ў грамадстве як нармальная з’ява. Але спрабаваць далей варта. Бо «INФЕСТ» сапраўды аб’яднаў абсалютна розных людзей, сумясціўшы пры гэтым адпачынак з карыснымі ведамі ў экалагічнай сферы.
Дарэчы, фестываль адбыўся ў межах праекта «Валожын без бар’ераў», які здзяйсняецца Валожынскім райвыканкамам, фондам «Інтэракцыя», Беларускім таварыствам інвалідаў і БГА «Адпачынак у вёсцы». Праект фінансуецца Еўрапейскім Саюзам.
Вікторыя ЧАПЛЕВА
Фота аўтара
Комментарии
Авторизуйтесь для комментирования
С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.