У выпрабаваннях адчуваць слодыч

Рубрики: Блоги, Новости.

Раней я пужалася тых выпадкаў, калі са мной нешта здаралася, – хваробы, страты банкаўскіх картак або раптоўнае пашкоджанне файла з магістарскай дысертацыяй за суткі да яе здачы… Я заўжды шукала адказ на пытанне: чаму так адбываецца? І праз тое, што са мной часта здараліся невясёлыя прыгоды, я стала думаць, што нешта са мной не так.

Чым больш я так лічыла, тым больш намагалася рабіць добрыя ўчынкі, думаючы, што бед і прыгод у маім жыцці стане менш. Толькі менш іх не станавілася. Тады да мяне прыйшла зусім іншая думка: беды якраз і прыходзяць у маё жыццё таму, што я намагаюся рабіць нешта добрае для іншых. А я праз тое, што пазіцыянавала сябе ахвярай у гэтым жыцці, прайгравала ў жыццёвых бойках.

Просты і паказальны прыклад, які пацвярджае гэтую думку, здарыўся са мной пару тыдняў таму. Я ехала ў камандзіроўку, каб разабрацца з лістом, які трапіў да нас у рэдакцыю, і падчас дарогі атрымала «па галаве» ў прамым і пераносным сэнсе гэтага слова. Не, мяне ніхто не пабіў. Проста так склаліся абставіны, што пабілася я сама. У выніку – сатрасенне мозгу і шпіталізацыя.

Звычайна, калі нешта здараецца, то задаеш сабе пытанне «За што?». Я ўжо навучылася адмаўляцца ад такіх думак і пытаць адразу «Для чаго?». Цікава, што людзі пасля рэанімацыі, якія ляжалі ў маім аддзяленні, таксама не запытвалі «Чаму і за што?». Дастаць з рэанімацыі – гэта дастаць з таго свету. Усе тыя людзі, з кім я кантактавала, задавалі сабе адно і тое ж пытанне: «Дзеля чаго мне далі другі шанс?»

У адной з камандзіровак я пазнаёмілася з цудоўнай і шчырай жанчынай, якая мае трое дарослых дзяцей. Так атрымалася, што ўсе яны маюць інваліднасць. Жанчына казала, што лю-дзі навокал дакаралі і разважалі над яе магчымымі кепскімі ўчынкамі, за якія ёй магло быць дадзена такое пакаранне. І прайшло нямала часу перад тым, як яна прыняла сябе і зразумела, што гэтыя абставіны ў яе жыцці ніякім чынам не звязаны.

На самой справе, калі ты робіш добры ўчынак, то мусіш быць гатовым за яго заплаціць. Гэта ісціна, якую чамусьці далёка не ўсе гатовы прыняць. Навучыцца адчуваць слодыч, калі прыходзіць час расплаты за добрыя ўчынкі, – гэта майстэрства. Не расчаравацца і працягваць рабіць выбар у бок дабра – гэта геройства.

Калі жыццё нам дае чарговы крыж, мы не мусім пужацца. Бо нашыя крыжы найперш патрэбны нам. Крыж для таго і крыж, каб нас вучыць, напаўняць, асвячаць і ўзмацняць.

Калі я ўсвядоміла гэта і прыняла сябе, то прыйшла слодыч. Выпрабаванняў менш не стала. Але аднекуль з’явілася сіла, каб я магла гэтыя выпрабаванні больш годна праходзіць. Калі перастаеш лічыць сябе ахвярай, а вучышся годна прымаць расплату за свае ўчынкі, тады і свет бачыцца іншымі вачыма. Бо кожнае выпрабаванне, як і пераплаўка металу, робіць тваё сэрца больш шырокім і мяккім. Таму, калі ты зараз церпіш па нейкай прычыне, усміхніся, бо гэта азначае толькі тое, што ты ўсё робіш правільна.

Вікторыя ЧАПЛЕВА

Комментарии

Авторизуйтесь для комментирования

К сожалению, мы обязаны идентифицировать Вас, чтобы разрешить публиковать отзыв.

С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, свяжитесь с нами, и мы зарегистируем для вас персональный аккаунт на нашем сайте.