Ля апошняй мяжы

Рубрики: Новости.

Адразу тлумачу, што прозвішча зменена (па просьбе Галіны). Гэтая акалічнасць не дае магчымасці правесці паўнацэннае расследаванне. Тым не менш ліст больш, чым любы іншы, мае права на абнародаванне. І адпаведны каментарый.
1.
«…Нядаўна прачытала ў адным артыкуле выраз «адзін чалавек у полі – усё ж воін». Але, на маю думку, чалавек воін толькі тады, калі змагаецца з праціўнікам, які стаіць ніжэй на сацыяльнай лесвіцы. Калі ж апынешся ля апошняй мяжы, калі пачнеш змагацца з чыноўніцкай машынай, то ты не толькі не воін, а ўвогуле ніхто. Цябе могуць раздавіць, каб ніколі не падымаў галавы. І зробяць гэта с насмешкай, са здзекам…
Але не думайце, што гэта проста чарговы аповед пакрыўджанага чалавека (хаця і гэта ёсць)…»
У блатным асяроддзі існуе выраз «за базар адказваеш?» У сэнсе: ты нясеш адказнасць за свае словы? Абвінавачванні Галіна выказвае сур’ёзныя. Чым яны абгрунтаваныя? Пачнем па парадку.
У 1995 годзе Галіне Грышкевіч паставілі страшны дыягназ – рак шчытападобнай залозы. Падставай паслужыў павялічаны лімфавузел. Некаторыя ўрачы гаварылі потым, што запаленне пайшло ад зубоў. Але гэта было ўжо потым. Галіне ж пасля шпіталізацыі на сёмы дзень зрабілі аперацыю. Шчытападобную залозу ёй выразалі поўнасцю. Выразалі, як піша Галіна, «нягледзячы на тое, што адзін з галоўных метадаў дыягностыкі раку і адзіны спецыфічны – біяпсія – адмоўна ўказваў на рак».
Іншыя спецыяльныя метады дыягностыкі выкарыстаны не былі. На момант аперацыі не зрабілі і важнейшыя аналізы на гармоны. Канчатковы дыягназ быў пастаўлены толькі праз некалькі дзён пасля аперацыі. Дыгназ быў не менш страшны, чым першы, які ўказваў на рак: раку не было. Страшны ён быў таму, што не было і шчытападобнай залозы…
Любая аперацыя – рызыка. Таму, пры магчымсці, урачы стараюцца абысціся тэрапеўтычнымі метадамі лячэння. Што прымусіла медыкаў пайсці на радыкальныя меры, мне не зусім зразумела. Па той простай прычыне, што канчатковы дыягназ – раку не было. Значыць, дрэнна, непрафесіянальна даследавалі? Як кажуць, спачатку зрабілі, а потым падумалі? Але чалавек пазбавіўся адной з важнейшых у арганізме залоз. Хто, прашу прабачэння, «адкажа за базар»? Тым больш стан здароўя Галіны Грышкевіч адразу і рэзка пагоршыўся.
Жанчыне далі 3-ю групу інваліднасці, праз год – 2-ю. Жыццё Галіны стала невыносным. Боль здымаўся толькі ўнытрывеннымі ўколамі хлорыстага кальцыю (да 180 ін’екцый на працягу года), у дадатак давалася 30 уколаў глюканату кальцыю ў месяц. А ўколы гэтыя надзвычай балючыя.
Такім чынам, падвядзем папярэднія вынікі: шчытападобнай залозы няма, але ёсць канчаткова сапсаванае здароўе, ёсць 2-я група інваліднасці. Няма веры ў станоўчы зыход, няма веры ні ў што. Так бы мовіць, чысты адмоўны вынік…
2.
«…Лёгка здагадацца, як такі стан адбіўся на псіхалагічным клімаце ў сям’і, на матэрыяльным дабрабыце. Жыццё маё падзялілася на дзве часткі: да і пасля аперыцыі. Спачатку была надзея, святло, радасць. Потым – боль, слёзы, адчай. Вельмі многія ўрачы у Мінску, якія займалі дастаткова высокія пасады, гаварылі мне: «Ну, памыліліся ў першай бальніцы, але жыць трэба». І я так думала. І жыла як магла. Свой цяжкі стан хавала ад усіх. Я б жыла так і далей, калі б можна было. Бо смяротны прысуд урачы мне падпісалі яшчэ на той аперацыі, ды расцягнулі «асалоду» на многія гады… А потым нехта вырашыў: хопіць, зажылася. У 2002 годзе жыццёва мне неабходныя лекі сталі платнымі. А з моманту аперацыі я вымушана ўжываць іх у вялікай колькасці. Ну што ж, вы свайго дабіліся?»
Цяжкавата мне чытаць гэтыя радкі. Хаця, здавалася, перабачыў за 20 год усяго…
Некаторыя лекі Галіне і дагэтуль прадаюць за 10 працэнтаў ад кошту. Пры гэтым урачы папярэджваюць: гэта ў апошні раз. Галіна жыве ў вёсцы. Якія там заробкі – вядома. Праз «не магу» яна працягвае працаваць у школе настаўнікам. Муж – галоўны эканаміст у мясцовым калгасе. Зарплата ў яго была невялікая. Мужу прапаноўвалі пасаду старшыні. Ён адмовіўся: стан здароўя жонкі для яго аказаўся больш важным, чым стан здароўя (эканамічнага) гаспадаркі. Сапраўдны мужык. Так і трэба. Спачатку свая сям’я. У той ужо далёкі час зарплату ў гаспадарцы не выплачвалі па паўгода. Пры гэтым на лекі сям’я выдаткоўвала значныя сумы. Лякарства АТ-10 каштавала даволі дорага. Далёка не кожны ў горадзе можа сабе такое дазволіць. Ды тут такога пытання і не стаяла – дазволіць ці не. Тут пытанне стаяла аб жыцці. Ні больш ні менш…
3.
Такім чынам, Галіна Грышкевіч была пастаўлена ў вельмі жорсткія ўмовы існавання: або яна дабіваецца праўды праз суд, або не дабіваецца. Пачалася судовая эпапея.
У пракуратуры раёна слухаць яе не сталі: не наша справа. У раённым судзе выказаліся больш пэўна: рашэнні суда «не будуць супярэчыць вынікам судова-медыцынскай экспертызы, а яна ніколі не будзе на вашу карысць». Ну што ж, раённыя суддзі ведалі, што кажуць: з медыкамі лепш не звязвацца. Так, у прынцыпе, і адбылося.
Была экспертыза, але яе заключэнне падпісалі ўрачы, якіх Галіна ў вочы не бачыла. Пры гэтым указвалася, што яна мела ў іх кансультацыю. Напрыклад, у камісію па службовым расследаванні ўключылі ўрача 10-й мінскай бальніцы, які непасрэдна меў дачыненне да лячэння. Тут адразу ўзнікаюць два пытанні: чаму менавіта гэтага ўрача ўключылі ў камісію, і чаму не знайшлі незалежнага? Немагчыма, нельга ўключаць у такую камісію чалавека зацікаўленага. Гэта ж элементарна.
«…Я магу даказаць і даказвала, – сцвярджае Галіна, – што заключэнне экспертызы мае шмат фактычных памылак, нелагічных высноў, ігнаруе многія важныя высновы з гісторыі хваробы, з’яўляецца практычна антынавуковым. На пасяджэнні раённага суда эксперт Р. пагадзіўся амаль з усімі маімі довадамі, але ў пратаколе запісалі ледзь не процілеглае або зусім не звярнулі ўвагі на мае доказы…»
Галіна Грышкевіч, наіўная, верыла, што калі даказаць няправільнасць дыягназу, то суд вырашыць справу на яе карысць. Суд, аднак, палічыў, што дыягназ правільны. І ў іску Галіне адмовіў. Суд прыняў парадаксальнае рашэнне, з якога вынікае, што Галіна Грышкевіч сама сапсавала сабе здароўе, прымаючы лекі. Але ж не сама сабе яна іх прызначала?
Фактычна суд прызнаў вось што: Галіна Грышкевіч сама дала згоду на аперацыю, а тое, што потым адбылося – гэта віна самой Галіны. Цікава, а што пры гэтым рабілі ўрачы, якія паставілі правільны дыягназ толькі пасля таго, як Галіна Грышкевіч пазбавілася шчытападобнай залозы? Сітуацыя выглядае крыху камічнай, калі б яна не была такой трагічнай. Калі б вам паставілі дыягназ «рак», вы б згадзіліся на аперыцыю ці не? А калі б вам пасля такой аперацыі сказалі, што раку не было, то што б вы рабілі? Пытанне, канешне, рытарычнае. Вы шукалі б вінаватага. Так зрабіла і Галіна. Толькі вінаватых яна не можа знайсці дагэтуль…
4.
Паколькі так здарылася, паколькі іншага выйсця не было, Галіна ўзялася шту-
дзіраваць спецыяльную літаратуру. Знайшла адпаведныя навуковыя працы і скаргу ў суд напісала на іх падставе. Чамусьці Галіна лічыла, што такая абгрунтаваная навуковымі тэрмінамі скарга паўплывае на суд. Не паўплывала. Суд адмовіў.
На падставе сваіх медыцынскіх вышуканняў Галіна Грышкевіч прыйшла да высновы: ёсць некалькі методык выяўлення раку, аднак была выкарыстана толькі адна. Гэта, канешне, яе асабісты погляд на праблему. Ён мае права на існаванне. Тым больш калі гэта мне знаёма па асабістаму вопыту: у сына выдалілі частку лобнай косткі толькі таму, што не было праве-
дзена патрэбнае (і даволі элементарнае) лячэнне. Мне і майму сыну з гэтым жыць. Галіне – таксама. Баюся, ніякі суд тут не дапаможа…
На пасяджэнні абласнога суда адказчык пад націскам доказаў Галіны пагадзіўся, што «іншыя метады даследавання існавалі, але іх не было ў бальніцы на той момант». Цікава, а што гэта мяняе? Калі гэтых метадаў не было, то чыя ў гэтым віна: Галіны Грышкевіч ці бальніцы?
Галіна піша, што многія дакументы суд пад увагу не браў. Мне гэта не дзіўна. Бо суд загадзя верыць заключэнню эксперта, як верыць вернік «Ойча наш».
«…Мне не хапіла геніяльнага ходу адной з вашых гераінь, якая прыйшла да чыноўніка з карэспандэнтам. Я б так і зрабіла, ды яшчэ і з тэлебачаннем. Мне не хапіла смеласці напісаць прозвішчы ўрачоў, якія вінаватыя ў маім сённяшнім становішчы. Цікава, што б яны адказалі на судзе? І як бы яны глядзелі ў вочы сваім студэнтам?»
Думаю, у вочы сваім студэнтам яны глядзяць даволі спакойна. Скажам так: гэта пытанне іх сумлення. А вось як жыць далей вам – я не ведаю. Дакладней, ведаю, але зрабіць нічога не магу. Бо я не Бог, а ўсяго толькі журналіст, чалавек, які ваш боль можа выкласці на паперы…
«…Сумняваюся, ці зможаце вы надрукаваць гэты ліст. Але ўсё ж дасылаю, каб сказаць, што адказнасць за свае словы, дзеянні, рашэнні нясу не толькі я, але і суддзі, і ўрачы. Дакладней, нават не нясуць, а павінны несці адказнасць. Так вызначае закон. А цяпер…
А цяпер мне жывецца амаль паводле Гогаля: «Страшно жить на этом свете, господа!» З павагай, Галіна…»

Сяргей Шаўцоў
Фота мае ілюстрацыйны характар

Комментарии

Авторизуйтесь для комментирования

К сожалению, мы обязаны идентифицировать Вас, чтобы разрешить публиковать отзыв.

С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, свяжитесь с нами, и мы зарегистируем для вас персональный аккаунт на нашем сайте.