Межы чалавечых магчымасцей пераадольваюцца праз мастацтва

Рубрики: Культура, Новости.

У межах «Славянскага базару ў Віцебску» 14-15 ліпеня прайшоў Міжнародны фестываль творчасці інвалідаў «Віцебск-2018». Яго арганізатарам з’яўляецца Беларускае таварыства інвалідаў. Як паведаміла член арганізацыйнага камітэта фестывалю, начальнік аргсацаддзела Цэнтральнага праўлення БелТІ Ганна Цыганкова, галоўная мэта фестывалю – паказаць, як межы чалавечых магчымасцей пераадольваюцца праз мастацтва. Інваліднасць не з’яўляецца перашкодай для творчага самавыяўлення – менавіта гэтая думка лунала ў паветры падчас фестывальных дзён.

Международный фестиваль творчества инвалидов Витебск 2018
Владимир Кравцов.
«Три года ты мне снилась».

Межы пераадольваюцца праз талент рабіць сваімі рукамі
Першы дзень свята праходзіў у Палацы чыгуначнікаў у Віцебску. У холе стаялі сталы, на якіх месціліся творы выяўленчага і дэкаратыўна-ўжытковага мастацтва, якія ўдзельнічалі ў конкурсе. Упрыгожванні, карціны, лялькі, скураныя сумкі і нататнікі… Чаго толькі не знойдзеш на выставе! Дарэчы, прадметы творчасці можна было не толькі разглядаць і мацаць, але і нешта сабе прыдбаць. Так, ад выставы Стаўбцоўскай раённай арганізацыі ў мяне застаўся на памяць сувенір – цудоўная заколка з ружамі моднага ў гэтым годзе колеру – колеру бургундскага віна. Зачапілі мяне і вяночкі з дзьмухаўцоў, зробленыя Марынай Халецкай. Праўда, набыць сабе яго я не адважылася, бо не прыйшла яшчэ татальная мода на іх у нашу краіну, у адрозненне, напрыклад, ад суседняй Украіны.

Международный фестиваль творчества инвалидов Витебск 2018
Зоя Оробейко. «Сівы конь».

Самаробныя лялькі – гэта цэлае мастацтва! На выставе яны былі самыя разнастайныя. І маленькія, і вялікія, і лялькі-акцёры, з якімі можна граць у лялечных спектаклях. Да прыкладу, Ларыса Селівон з Баранавіцкай арганізацыі прывезла лялькі, якія адлюстроўваюць герояў літаратурных твораў або гістарычных асоб. У вобразе лялек Ларысы я адразу пазнала Шахеразаду і князя Пацёмкіна.
Уразіла кампазіцыя «Лялькі народаў свету» з Гродзенскай абласной арганізацыі. «Якім жа творчым мусіць быць чалавек, каб здолець адлюстраваць у ляльцы не толькі знешнія прыкметы пэўных народаў, але і ўнутраныя!», – падумалася мне падчас прагляду выставы.
Крысціна Жукавец са Старадарожскай раённай арганізацыі ўразіла непадабенствам уласных рэчаў – зробленыя ў розных тэхніках, яны ўсе былі ў адзіным «кававым» стылі. «Настрой з водарам кавы» – так было напісана на адной хэнд-мэйдаўскай упакоўцы. У адрозненне ад іншых майстроў, у Крысціны нельга было нешта набыць. Яе майстэрня носіць назву «Майстэрня добрых спраў». А на візітоўцы напісана «Рабі дабро… і ўцякай». Аказваецца, калісьці Крысціне патрабна была аперацыя, на якую ў сям’і не было сродкаў. Цудоўным чынам грошы сабраліся за два месяцы. Цяпер Крысціна сама дапамагае збіраць сродкі на аперацыі іншым хворым. А тым, хто ахвяраваў, прапаноўвае абраць сабе падарунак у выглядзе рэчы, якую яна зрабіла ўласнымі рукамі.

Международный фестиваль творчества инвалидов Витебск 2018
Нина Науменко и Алексей Макаревич.
«Это было недавно».

Межы пераадольваюцца праз спевы і акцёрскае майстэрства
Адборачны тур, які адбыўся ў суботу, складаўся з 63 нумароў. У ім прымалі ўдзел прадстаўнікі шасці абласных арганізацый, Мінска, а таксама госці з Расіі і Літвы. Сёлета журы ацэньвала канкурсантаў у наступных намінацыях: акадэмічны вакал, народны вакал, эстрадны вакал, аўтарская песня, фальклор і абрады. Таксама членамі журы было вырашана адзначыць лаўрэатаў у намінацыі «Спецыяльныя дыпломы ў вакале».
Дрыжыкі ад спеваў пайшлі ўжо на пачатку канцэрта, а менавіта тады, калі спявала Зоя Арабейка з Брэсцкай арганізацыі. Нават сама песня, якая была абраная канкурсанткай, – «Сівы конь» – не можа не крануць сэрца. А голасам Зоя паказала ўсю драматычнасць жыццёвай гісторыі і прыгажосць народнай творчасці. Праспяваўшы яе акапэльна, Зоя дадала да спеву атмасфернасць і аўтэнтычнасць. І, дарэчы, Зоя Арабейка заняла першае месца ў намінацыі «Народны вакал» .
Святлана Рыбакене, прадстаўніца Польска-Літоўскай арганізацыі людзей з немаччу, праспявала польскамоўную песню пра каханне. Святлана атрымала дыплом другой ступені ў намінацыі «Акадэмічны вакал».

Международный фестиваль творчества инвалидов Витебск 2018
Вокальная группа «Надзея».

«Мы ўдзельнічаем у фестывалі з 2014 года, – падзялілася Святлана. – З таго часу штогод прыязджаем у Віцебск. У нас у Літве ёсць такога кшталту фестывалі, але яны лакальныя, не міжнародныя. А тут нам падабаецца, бо добра сустракаюць. А на радзіму мы прывозім ад вас кавалачкі радасці».
Сэрца стала напаўняцца радасцю тады, калі на сцэну выйшаў улюбёнец публікі Міхась Рачкоў. «Для мяне галоўнае ў конкурсе – гэта ўдзел. А яшчэ я ведаю, што са сцэны магу падарыць пазітыў і добрую энергію тым людзям, якія гэтага на дадзены момант патрабуюць». Дарэчы, Міхась Рачкоў атрымаў дыплом другой ступені ў намінацыі «Эстрадны вакал».
Адзначу, што сярод выступленняў не хапала танцавальных нумароў. Танцавальная намінацыя сёлета адсутнічала наогул. Толькі аднойчы танцам быў аздоблены лірычны нумар Людмілы Сідзельнікавай з Віцебскай абласной арганізацыі, якая атрымала дыплом першай ступені ў намінацыі «Эстрадны вакал».

Международный фестиваль творчества инвалидов Витебск 2018
Галина Бабонова. «Гаворка беларуская».

Не зважаючы ні на што, Уладзіслаў Рэут заўжды спявае для каханай дзяўчыны Крысціны Жукавец. Хлопец удзельнічае ў фестывалі не дзеля перамогі, славы ці пазітыву, а для таго, каб мець магчымасць спяваць для Крысціны, якая заняла першае месца ў намінацыі «Нетрадыцыйныя віды мастацтва».
Шаснаццацігадовая Кацярына Каламінцава на фестывалі праявіла сапраўдную мужнасць і адвагу. Не даспяваўшы першы раз песню праз тэхнічныя непаладкі, яна знайшла ў сабе сілы, каб выйсці другі раз, і праспявала песню з самага пачатку. Напорыстасць дзяўчыны сведчыла толькі пра тое, што яна была ўпэўнена ў сваіх вакальных дадзеных. Упэўненасць увянчалася поспехам, бо дзяўчына перамагла ў намінацыі «Спецыяльныя дыпломы ў вакале».

Международный фестиваль творчества инвалидов Витебск 2018
Петр Бобиков. «Ой, палi вы, палi».

Моцным вакалам і акцёрскім майстэрствам запомніліся спявачкі з дуэта «Рута». Яны выканалі песню Ірыны Дубцовай «Я тоже его люблю».
Надзвычай якаснай і прафесійнай выглядала тэатральная пастаноўка «Аўцюкоўскія шуры-муры» ў намінацыі «Фальк-
лор і абрады». Ад гульні акцёраў захоплівала дух, бо ў сцэнцы была перададзеная як атмасфера беларускага побыту, так і звычайныя чалавечыя пачуцці. А напрыканцы акцёры падрыхтавалі бонус для аматараў якасных спеваў – народны спеў, раскладзены на тры галасы.

Международный фестиваль творчества инвалидов Витебск 2018
Евгения Кульбида (Смоленск). «Ты любовь мне подари».

Межы пераадольваюцца праз яднанне і інклюзію
У нядзелю гала-канцэрт, у якім удзельнічалі лаўрэаты суботняга конкурсу, адбыўся ў культурна-гістарычным комплексе «Залатое кола Віцебска «Дзвіна». «Чэсна журыць немагчыма, бо на ўсіх дыпломаў не хопіць», – пажартаваў Фёдар Баравы, член журы. Тым не менш, канцэрт выступоўцаў, абраных членамі журы, цягнуўся некалькі гадзін.
Гэтым разам канцэрт праходзіў на вуліцы. Сцэна ў Задзвінні месціцца пасярод горада майстроў, таму цікаўных наведвальнікаў было шмат. І гэтае месца для гала-канцэрта з творчасцю інвалідаў мае перавагу над Палацам чыгуначнікаў. Бо не варта забываць, што палітыка дзяржавы накіравана на тое, каб інтэграваць людзей з інваліднасцю. А ўключэнне канцэрта людзей з інваліднасцю ў звычайнае бурлівае жыццё фестывалю – канкрэтны крок у накірунку інклюзіі.

Международный фестиваль творчества инвалидов Витебск 2018
Тамара Шибеко. «Не сумуй».

Тамара Шыбека, бронзавая лаўрэатка, выканала песню «Не сумуй!». Тамара была ў захапленні ад фестывалю: «Гэта фестываль гераічных людзей. І я шчаслівая, што на яго патрапіла!» Тамара таксама адзначыла, што спяваць у Задзвінні было нашмат прыемней і больш урачыста, чым у Палацы чыгуначнікаў.
Алена Самускевіч, старшыня Лідскай арганізацыі, выказала наступнае пажаданне: «Мне б вельмі хацелася, каб арганізатары ў наступным годзе звярнулі большую ўвагу на дзяцей і маладых лю-дзей з інваліднасцю. Бо з такой хваробай ім вельмі цяжка крочыць далей па жыцці. А сярод маладых інвалідаў шмат творчых і яскравых людзей. Хацелася б, каб яны былі адзначаны».

Международный фестиваль творчества инвалидов Витебск 2018, Ядвига Поплавская
Музыкальный подарок от Ядвиги Поплавской.

А павіншаваць пераможцаў завітала Ядвіга Паплаўская. Яна праспявала некалькі песень, якія сталі падарункам для гасцей. Знакаміты ж «Малиновый звон» гледачы спявалі самі і акапэльна.
Хочацца верыць, што падчас чарговага міжнароднага фестывалю творчасці інвалідаў межы чалавечых магчымасцей не проста пераадольваліся, а сцёрліся. Бо ў творчасці яднаюцца ўсе. Бо праз творасць можна данесці шмат. Бо ў творчасці ўласны боль пераўтвараецца ў слодыч.

Вікторыя ЧАПЛЕВА

Комментарии

Авторизуйтесь для комментирования

К сожалению, мы обязаны идентифицировать Вас, чтобы разрешить публиковать отзыв.

С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, свяжитесь с нами, и мы зарегистируем для вас персональный аккаунт на нашем сайте.