Працаўладкаванне, шпіталізацыя і рэабілітацыя інвалідаў. Што яшчэ абмяркоўвалася на круглым стале ў Бараўлянах?

Рубрики: Новости.

Мінская раённая арганізацыя грамадскага аб’яднання Беларускага таварыства інвалідаў 10 ліпеня правяла круглы стол, які быў прымеркаваны да 30-годдзя грамадскага аб’яднання. У ім удзельнічалі прадстаўнікі ўпраўлення працы і сацыяльнай абароны насельніцтва Мінскага райвыканкама, Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, Цэнтра па аздараўленню і санаторна-курортнаму лячэнню Мінскага раёна, ДУ “Рэспубліканскі клінічны шпіталь інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны імя П.М. Машэрава” і непасрэдныя прадстаўнікі Мінскай раённай і Бараўлянскай пярвічнай арганізацый таварыства інвалідаў.

Пытанне працаўладкавання – заўжды набалелае і актуальнае
“А вы таксама ўступілі ў аб’яднанне?” – з цікавасцю запытала ў мяне жанчына ў зале. Пасля такога натхнёнага пытання стала зразумела, што яшчэ маладая пярвічка ў Бараўлянах ужо набірае абароты.
Адно з самых папулярных пытанняў інвалідаў Беларусі, у тым ліку і інвалідаў Мінскага раёна, – гэта пытанне працаўладкавання. Якім чынам інвалід можа ўладкавацца на працу?
Працоўная адаптацыя інваліда адбываецца на працягу года. Пры гэтым заключаецца дамова з наймітам і інвалідам. Калі пасля гадавой працоўнай адаптацыі нічога не здарылася, то паміж наймітам і працаўніком складаецца працоўная дамова.
Штогод для інвалідаў ва ўсіх арганізацыях Мінскага раёна браніруюцца працоўныя месцы. Грамадзян, якія звяртаюцца па дапамогу, рэгіструюць і ставяць на працоўную чаргу. Усе інваліды, якія рэгіструюцца, могуць быць накіраваны на прафесійнае навучанне. Напрыклад, можна пайсці вучыцца на аператара ЭВМ, сакратара, інспектара аддзела кадраў і іншыя спецыяльнасці. Прафесійнае навучанне забяспечвае дзяржава. Яна ж аплачвае і транспартныя выдаткі.
Любоў, інвалід 2-й працоўнай групы, зарэгістравана не ў Мінску і не ў Мінскім раёне. У працаўладкаванні ёй адмаўляюць. “Куды я магу звярнуцца?” – з адчаем пытаецца жанчына. Аказваецца, станавіцца на чаргу ў сталіцы па адрасе праспект Пушкіна, 20 могуць толькі жыхары, якія зарэгістраваныя ў Мінску і прысталіччы. У іншым выпадку інвалід не можа атрымліваць прафесійнае навучанне і браніраванне працоўных месцаў. Але абсалютна ўсе жыхары Беларусі маюць права зарэгістравацца і атрымаць падрабязную інфармацыю пра вакансіі для інвалідаў. Варта памятаць, што толькі па заключэнні медыцынскіх работнікаў могуць падбірацца тыя пасады, якія падыйдуць канкрэтнаму інваліду.
Тыя інваліды, якія хварэюць на ныркавую недастатковасць і патрабуюць гемадыялізу, могуць атрымаць кампенсацыю за праезд на працэдуры. Такое рашэнне прымаецца аблвыканкамам.
Прысутных хвалявала таксама пытанне пра грашовую дапамогу інвалідам. Яе можна атрымаць у тым выпадку, калі даход інваліда не перавышае бюджэта пражытачнага мінімуму.
Дарэчы, бюджэт пражытачнага мінімуму на сёння складае 206 рублёў 58 капеек.
Пра сацыяльную дапамогу
На адно з чарговых пытанняў залы, якое тычылася права інвалідаў на працу, выступоўца прапанаваў зайсці ў інтэрнэт і паглядзець усю патрэбную інфармацыю. Адзін з інвалідаў запытаў у залы: “А хто з прысутных тут у стане зайсці ў інтэрнэт і паглядзець там патрэбную інфармацыю?”. З некалькіх дзясяткаў інвалідаў рукі паднялі толькі чатыры чалавекі. Адпаведна, пад канец мерапрыемства паступіла прапанова арганізаваць камп’ютарныя курсы для прадстаўнікоў арганізацыі ў Бараўлянах.
Дырэктар Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Мінскага раёна Валянціна Кузьміч сказала, што яны ўвялі ў сваім цэнтры стаўку сурдаперакладчыка. “Між іншым, гэта чацвёрты цэнтр, дзе працуе сурдаперакладчык”, – падзялілася Валянціна Іванаўна.
Цэнтр аказвае паслугі па суправаджэнні. Калі карыстаешся такой паслугай да 40 гадзін у тыдні, то яна будзе бясплатнай.
“Два гады таму мы ўвялі шэсць ставак сядзелак, – каментавала Валянціна Кузьміч. – Надомнае абслугоўванне аказваецца тым, у каго даход не вышэй за бюджэт пражытачнага мінімуму. Ветэраны і інваліды працы абслугоўваюцца бясплатна. Астатнія – на платнай аснове”.
У будынку Бараўлянскага сельсавета на другім паверсе знаходзіцца пункт, дзе можна напісаць заяву, каб папрасіць каляскі і хадункі. Заявы, напісаныя ў Бараўлянскім сельсавеце, аператыўна перадаюцца ў вобласць. Дарэчы, усяго ў Мінскім раёне існуе сем пунктаў такога кшталту. А ў Заслаўі і Міханавічах заснавалі аддзяленне дзённага знаходжання інвалідаў.
Падчас абмеркавання пытанняў сацыяльнага абслугоўвання з залы данеслася скарга, якая заключалася ў адсутнасці памяшкання, дзе можна было б захоўваць гуманітарную дапамогу для інвалідаў. Таго мужчыну, які рызыкнуў і стварыў памяшканне ў падвале свайго дома, папракнулі тым, што ён нібыта арганізаваў там Камароўскі рынак. Удзельнікі круглага стала заверылі, што гэтае пытанне можна вырашыць.
Аздараўленне і рэабілітацыя інвалідаў
Пытанне, якое загадзя сфармулявалі прадстаўнікі пярвічкі, – “Як інвалід можа атрымаць пуцёўку ў санаторый?”.
Інваліды, якія працуюць, маюць права на атрыманне пуцёвак у санаторыі і павінны звяртацца па іх па месцы працы. Непрацаздольныя інваліды могуць звярнуцца ў будынак Мінскага райвыканкама і стаць на чаргу. Інвалідам 1-й і 2-й групы пуцёўкі для аздараўлення выдаюцца бясплатна, але не больш чым адзін раз у два гады.
Інвалідам 3-й групы выдаюцца пуцёўкі з частковай даплатай. Права на пазачарговае курортнае лячэнне і аздараўленне маюць інваліды Вялікай Айчыннай вайны і баявых дзеянняў на тэрыторыі іншых дзяржаў. Згодна з статыстыкай, у 2017 годзе атрымаў пуцёўкі 161 інвалід, а ў першай палове 2018 года 84 інваліды змаглі аздаравіцца ў санаторыі.
Цікава, што існуюць супрацьпаказанні для рэабілітацыі і аздараўлення інвалідаў, якія маюць пэўныя захворванні. Напрыклад, аздараўленне ў Загор’і часам можа наадварот пашкодзіць.
Варта памятаць пра тое, што ёсць магчымасць змяніць рэкамендацыі для тых, хто хоча працаваць не 7, а 8 гадзін. Для гэтага варта звярнуцца ў МРЭК. У такім выпадку група застаецца, а працоўныя рэкамендацыі МРЭК мяняе.
Сярод інвалідаў Мінскай арганізацыі бытавала абурэнне наконт таго, што вельмі цяжка патрапіць у Рэспубліканскі клінічны шпіталь. Аляксандр Вальчук, намеснік галоўнага ўрача шпіталя, нагадаў, што асноўны крытэрый для лячэння тут – гэта ўзрост: “У шпіталь трапляюць грамадзяне, старэйшыя за 60 гадоў. І не варта забываць, што мы – установа для інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны, а не проста для інвалідаў”.
Шпіталь мае 626 ложкаў і за год можа пралячыць каля 15 тысяч чалавек. Лекаванне ў шпіталі бясплатнае. Але для жадаючых маюцца платныя паслугі.
Пытанняў, якія задаваліся на круглым стале, аказалася шмат. Было і неразуменне наконт таго, чаму ў Бараўлянах няма сацыяльнага таксі, і незадавальненне тым, што зялёнае святло на светлафоры гарыць вельмі мала… Але наяўнасць запытаў, дыскусій і незадаволенасці з боку інвалідаў якраз-такі вызначае далейшы шлях, па якім мусяць рухацца як пярвічная арганізацыя ў Бараўлянах, так і прадстаўнікі дзяржавы.
Нагадаем, што круглы стол быў арганізаваны па ініцыятыве Мінскай раённай арганізацыі Беларускага таварыства інвалідаў і праходзіў у межах мерапрыемстваў, якія ладзяцца падчас 30-годдзя Беларускага таварыства інвалідаў.

Вікторыя Чаплева

Комментарии

Авторизуйтесь для комментирования

К сожалению, мы обязаны идентифицировать Вас, чтобы разрешить публиковать отзыв.

С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, свяжитесь с нами, и мы зарегистируем для вас персональный аккаунт на нашем сайте.