Людзі на сваіх месцах

У адзін з апошніх дзён мая ў Мінску на ўзбярэжнай Свіслачы, каля Цэнтральнага дзіцячага парку імя Максіма Горкага, адкрылася выстаўка «Праекты ў асобах». Яна распавядае пра праекты, якія здзяйсняюцца ў Беларусі пры падтрымцы Прадстаўніцтва Еўрапейскага Саюза ў Беларусі, і ладзіцца ўжо чацвёрты раз. Адукацыя, медыцына, турызм, навука – у розных сферах жыцця адбываюцца змены ў лепшы бок дзякуючы неабыякавым людзям. Яны ж і прадстаўляюць 29 праектаў, ажыццёўленых у розных куточках Беларусі.

Выстовка Проекты в лицах, выстаўка Праекты ў асобахЯк заўважыла фатограф Юлія Мацкевіч, якая і зрабіла 29 фотапартрэтаў, сёлетняя выстаўка пра тое, што, каб змяніць свет, трэба пачынаць з сябе:

– Мне цікава было рабіць гэтыя партрэты, бо людзі, якіх я здымала, былі на сваім месцы і рабілі сваю справу.

Кіраўнік Прадстаўніцтва Еўрасаюза ў Беларусі, Пасол Андрэа Віктарын адзначыла:

– Выстаўка «Праекты ў асобах» – гэта 29 гісторый людзей, у якіх былі добрыя ідэі, якія прыклалі намаганні для здзяйснення гэтых ідэяў і знайшлі ў сабе смеласць зрабіць усё неабходнае, каб гэтыя ідэі ператварыліся ў рэальнасць.

На адкрыццё выстаўкі быў запрошаны Данііл Савёнак, які расказаў пра праект «Наваполацк: ад інклюзіўнай школы да інклюзіўнага горада», ужо вядомы нашым чытачам, бо ён ладзіцца пры ўдзеле Беларускага таварыства інвалідаў:

– У праект уваходзіць пабудова ліфта і спартыўнай пляцоўкі для дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі ў сярэдняй школе № 8 у Наваполацку, адкрыццё гуртка для дзяцей з інваліднасцю, абсталяванне дзіцячага лагера (акрамя Данііла ў школе ёсць некалькі вучняў-калясачнікаў, займаюцца і школьнікі з іншымі відамі інваліднасці, – заўв. аўт.).

Данііл рухаецца ў інваліднай калясцы, таму наведваць звычайную, не прыстасаваную да яго патрэбаў школу не мог:

Выставка Проекты в лицах, выстаўка Праекты ў асобах– Раней я вучыўся, але з-за таго, што трэба было хадзіць па паверхах, перайшоў на хатняе навучанне. Нейкі час бацька мяне спрабаваў насіць па паверхах, але гэта было досыць складана. У школе, варта сказаць, быў і пад’ёмнік, але ён і небяспечны, і такі марудны, што, падымаючыся на ім, можна было спазніцца на заняткі. Дзякуючы таму, што ў межах праекта ў школе быў усталяваны ліфт, я магу наведваць заняткі. У школе зусім іншая атмасфера, тут жывыя стасункі з сябрамі і настаўнікамі. Равеснікі мяне чакалі ў школе, стасункі хутка наладзіліся. Складана пераключыцца з хатняга навучання, але я стараюся. Я заўсёды хацеў, каб мяне не лічылі асаблівым, і так атрымалася – я такі, як усе, толькі на калясцы. Цяпер чакаю спартыўную пляцоўку, якую мусяць пабудаваць летам, а ў горадзе хацелася б мець басейн, добры пандус да парку.

Між тым Данііл казаў не толькі пра добрае і прыемнае:

– Безбар’ернае асяроддзе – гэта выдатна, але галоўны бар’ер, псіхалагічны, яшчэ не пераадолены. Гэта адбудзецца тады, калі да інвалідаў у грамадстве пачнуць ставіцца як да звычайных людзей. Напрыклад, калі я вучыўся дома і прыходзіў некуды ў калектыў, я замыкаўся ў сабе, мне было складана пачаць размову, і людзі, што былі побач, мне не дапамагалі ў гэтым. А так хацелася б звычайнага стаўлення да сябе! Бо бываюць досыць непрыемныя моманты: да прыкладу, калі на вуліцы на мяне дарослыя людзі глядзяць вялікімі вачыма, як быццам немаведама каго ўбачылі. Або калі мае равеснікі на мяне пачынаюць паказваць пальцам, абражаць. Праўда, я да гэтага прывык, але не ўсе могуць прывыкнуць.

Усцешыла, што не на адным, а на некалькіх стэндах можна было ўбачыць людзей з інваліднасцю.

Так, тварам праекта «Валожын без бар’ераў: узмацненне магчымасцяў для прадастаўлення сацыяльных і рэкрэацыйных паслугаў для людзей з інваліднасцю ў Валожынскім раёне» стаў старшыня Беларускага таварыства інвалідаў Уладзімір Патапенка:

– Мы ствараем унікальнае безбар’ернае асяроддзе ў рамках турыстычнага бізнесу. Нашымі рэкрэацыйнымі паслугамі змогуць карыстацца людзі з інваліднасцю, нават ляжачыя хворыя, якія гадамі нідзе не бываюць. Даць ім такі шанец – дарагога варта!

На адваротным баку стэнда змешчаная інфаграфіка, з якой можна даведацца, што амаль 300 аб’ектаў у раёне былі правераныя на даступнасць для людзей з інваліднасцю, 19 аб’ектаў ужо прыстасаваныя для інвалідаў. У Налібоцкай пушчы працягваецца стварэнне экасцяжыны, якой змогуць прайсці і інваліды. У Валожыне пачне працаваць турыстычны інфармацыйны і рэкрэацыйны цэнтр для людзей з інваліднасцю, хостэл на 20 месцаў, канферэнц-зала са спецыяльным абсталяваннем для людзей са слабым зрокам і слыхам.

Выставка Проекты в лицах, выстаўка Праекты ў асобахЗнаёмы нашым чытачам Аляксандр Аўдзевіч, кіраўнік Лідскай міжраённай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Рэспубліканская асацыяцыя інвалідаў-калясачнікаў», прадстаўляе адукацыйны праект «Вучыцца, каб дзейнічаць»:

– Апошнім часам усё болей людзей становяцца сацыяльна актыўнымі і адказнымі. Бізнес паварочваецца тварам да людзей з інваліднасцю. Мы радыя, што робім свой унёсак у гэтыя пазітыўныя змены.

У межах праекта ў Гомелі, Гродне і Віцебску былі створаныя рэсурсныя цэнтры дадатковай адукацыі для дарослых, арганізавана 6 доўгатэрміновых адукацыйных праграмаў. Напрыклад, у Лідзе пяць інвалідаў-калясачнікаў прайшлі навучанне ў школе «Інклюзіўны барыста» і набылі вопыт прыгатавання кавы, які з часам (а чаму б і не?) можа стаць іх прафесіяй.

Яшчэ з аднаго стэнда ўсміхаецца мінакам Кацярына Філанец, старшыня Рэспубліканскага сацыяльна-дабрачыннага грамадскага аб’яднання «Даўн-сіндром. Інклюзія» з дачкой Таццянай. Яны прыцягваюць увагу да праекта «Дэінстытуцыяналізацыя як магчымасць прасоўвання правоў чалавека ў дачыненні да людзей з інтэлектуальнымі і/або псіхасацыяльнымі парушэннямі ў Рэспубліцы Беларусь», мэта якога – развіццё грамадскіх паслугаў для людзей з псіхічнымі адхіленнямі як альтэрнатывы пажыццёваму знаходжанню ў дамах-інтэрнатах.

– Ніколі не варта адчайвацца. Дзіця з асаблівасцямі можа зрабіць вашае жыццё больш яркім і поўным, але шмат хто пакуль знаходзіцца ва ўладзе стэрэатыпаў. Мы дапамагаем іх разбурыць, убачыць сітуацыю з іншага боку, – запэўнівае Кацярына.

Выставка Проекты в лицах, выстаўка Праекты ў асобахАнастасія Борбут – рэгіянальны сацыяльны работнік дабрачыннай грамадскай арганізацыі «Беларускі дзіцячы хоспіс». Яна стала тварам пілотнага праекта для абароны правоў дзяцей з цяжкімі формамі інваліднасці і дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі, які здзяйсняе Беларускі дзіцячы хоспіс у партнёрстве з Брытанскай дабрачыннай арганізацыяй «Healthprom». За гэты час была адкрытая гарачая лінія па правах дзяцей з цяжкімі захворваннямі, на якую могуць тэлефанаваць спецыялісты і бацькі (тэл. +375 (17) 503-57-23 і +375 (17) 503-57-14 – можна званіць з 8.30 да 17.00 з панядзелка па пятніцу). У межах праекта 620 сем’яў атрымалі кансультацыі сацыяльных работнікаў і юрыста, у выніку чаго 146 справаў вырашаныя станоўча: напрыклад, 12 сем’яў атрымалі новае льготнае жыллё, якое прызначана ім па законе. Ну а Майстэрня сацыяльнага кіно зняла фільм «Рухайся за белай мышшу» – пра сяброўства звычайных і асаблівых дзяцей і пра стаўленне да гэтага іх бацькоў. Будзе нагода – абавязкова паглядзіце!

Са стэнда Анастасія распавядае:

– Маючы дзіця з інваліднасцю, я была падапечнай Беларускага дзіцячага хоспіса, а цяпер сама тут працую. Я добра ведаю праблемы знутры, таму мне лёгка дапамагаць іншым сем’ям абараняць свае правы.

Выстаўка будзе працаваць у Мінску да 10 чэрвеня. Дарэчы, гэта не ўсе праекты, якія так ці інакш датычацца інвалідаў, аднак распавесці пра ўсе, на жаль, немагчыма. Усцешвае іншае: для людзей з інваліднасцю гэта яшчэ адзін крок з ценю, яшчэ адна згадка: «Мы ёсць!».

 

Ніна КАЗЛЕНЯ

Фота Юліі МАЦКЕВІЧ

 

Комментарии

Авторизуйтесь для комментирования

К сожалению, мы обязаны идентифицировать Вас, чтобы разрешить публиковать отзыв.

С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, свяжитесь с нами, и мы зарегистируем для вас персональный аккаунт на нашем сайте.