Нам ёсць куды расці

Рубрики: Новости.

Пытанні вытворчасці на прадпрыемствах БелТІ абмеркавалі з міністрам працы і сацыяльнай абароны ў Гродне

25 мая міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч наведала гандлёва-вытворчае ўнітарнае прадпрыемства «ІнваШанс» грамадскага аб’яднання «Беларускае таварыства інвалідаў» у Гродне.

Инвашанс ГродноПа выніках працы за першы квартал 2018 г. гэтае прадпрыемства ўвайшло ў лік лепшых па рэспубліцы сярод устаноў, на якіх больш за 50 % складаюць інваліды. Дарэчы, «ІнваШанс» стварае працоўныя месцы для інвалідаў па дзяржаўнай праграме падтрымкі адаптацыі інвалідаў да працоўнай дзейнасці. Зараз на прадпрыемстве працуе 17 чалавек з інваліднасцю.

У выніку візіту былі вылучаны праблемы, якія тычацца большасці прадпрыемстваў грамадскага аб’яднання «БелТІ». У іх абмеркаванні прынялі ўдзел: намеснік старшыні ЦП ГА «БелТІ» па вытворчасці і эканоміцы Станіслаў Сцяпанавіч Кайко; старшыня праўлення Гродзенскай абласной арганізацыі ГА «БелТІ» Васіль Васільевіч Лукашэвіч; дырэктар ГВУП «ІнваШанс» Мікалай Барысавіч Лемяноўскі; старшыня камітэта па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне Гродзенскага аблвыканкама Анатоль Казіміравіч Зімнавода; начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Гродзенскага гарадскога выканаўчага камітэта Лілія Іосіфаўна Санюкевіч; намеснік старшыні Гродзенскага гарвыканкама Андрэй Георгіевіч Болтрык.

Спікеры вылучылі асноўныя складанасці працы, якія ўплываюць на павышэнне эфектыўнасці развіцця дзейнасці прадпрыемстваў грамадскага аб’яднання.

Практычна па ўсіх прадпрыемствах складваецца напружаная сітуацыя з загрузкай вытворчых магутнасцяў, у сувязі з чым патэнцыял прадпрыемстваў ГА «БелТІ» цалкам не выкарыстоўваецца. «У нас ёсць праблема з замовамі. Яны маюць сезонны характар. Першыя два кварталы заўсёды вельмі слабыя. Асноўны рух – летам і восенню», – адзначыў дырэктар ГВУП «ІнваШанс» Мікалай Лемяноўскі. Паколькі востра паўстае пытанне занятасці першага квартала, кіраўніцтву прадпрыемстваў досыць складана забяспечыць замовамі супрацоўнікаў. Гэта можа пагражаць нерэнтабельнасцю.

Инвашанс ГродноУ мэтах захавання і далейшага павелічэння колькасці працоўных месцаў для інвалідаў было прапанавана вызначыць дзяржзаказ на прадукцыю, якая вырабляецца прадпрыемствамі грамадскага аб’яднання.

Вялікай надзённай праблемай з’яўляецца дэбіторская запазычанасць за пастаўленую прадукцыю і аказаныя паслугі. Тыя прадпрыемствы, на якіх 50 % працуючых – інваліды – у асноўным нізкарэнтабельныя. «Як правіла, кіраўніцтва вымушана аддаць апошнія сродкі, каб закупіць тканіны для будучых вырабаў», – распавёў намеснік старшыні ЦП ГА «БелТІ» па вытворчасці і эканоміцы Станіслаў Кайко. Наяўнасць пратэрмінаванай дэбіторскай запазычанасці і несвоечасовае паступленне сродкаў за выкананую працу падрывае эканамічны складнік працоўнай рэабілітацыі інвалідаў.

Адсутнасць уласных вытворчых плошчаў у Мінску і рэгіёнах абцяжарвае тэхналагічны працэс. «Памяшканні ў горадзе ёсць, але яны нам не перадаюцца. Напрыклад, ёсць цэх, які просім ужо 10 гадоў. Развівацца на дадзены момант ужо складана. Хацелася б, каб праблема вырашалася, бо гэта інваліды не нашы, а агульныя», – пазначыў праблему старшыня праўлення Гродзенскай абласной арганізацыі ГА «БелТІ» Васіль Лукашэвіч.

Прымушае задумацца і адсутнасць адназначнай заканадаўчай базы параўнання цэн пры правядзенні тэндараў на праект, у выніку чаго многія заказчыкі пры выбары пастаўшчыка параўноўваюць кошт без падатку на даданую вартасць у прадпрыемстваў, якія не маюць ільготаў, з коштам у прадпрыемстваў ГА «БелТІ», якія маюць ільготы па ПДВ. Узрастае канкурэнцыя ў сувязі з прыходам на дадзены напрамак рынку швейных прадпрыемстваў з іншых сегментаў, а таксама прадпрыемстваў з таннай і нізкаякаснай прадукцыяй расійскіх і кітайскіх вытворцаў.

Таксама, нягледзячы на звароты грамадства з нагоды ўнясення змяненняў і дапаўненняў у пастанову Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь № 88 ад 31.01.2014 г., устаноўлена папраўка толькі ў адносінах да тавараў. На гэта ўказаў і Станіслаў Кайко. Зразумела, што змены не адносяцца да працы і паслуг, якія выконваюцца. Гэта ўшчамляе інтарэсы прадпрыемстваў, што ажыццяўляюць бягучыя рамонты і добраўпарадкаванне тэрыторый, дзе працуюць 50 і болей працэнтаў інвалідаў. Акрамя таго, некаторыя прадпрыемствы вырабляюць прадукцыю ўласнай вытворчасці (вокны, дзверы, металаканструкцыі і інш.). І выконваюць працу па мантажы гэтых вырабаў, такім чынам, да іх таксама не будзе прымяняцца прэферэнцыйная папраўка пры правядзенні падрадных таргоў. Станіслаў Сцяпанавіч прапанаваў унесці дапаўненні ў пункт 31.3 «Палажэння аб парадку арганізацыі і правядзення працэдур закупак тавараў пры будаўніцтве аб’ектаў» пастановы
№ 88. А менавіта, каб прадпрыемствы БелТІ, у якіх спісачная колькасць інвалідаў складае не менш за 50 % ад агульнай колькасці супрацоўнікаў у сярэднім за перыяд, маглі паказваць у сваёй конкурснай прапанове зніжэнне кошту замовы больш за 15% ад стартавай. Абавязкова з дадаткам фактычных разлікаў і абгрунтаванняў з улікам прадастаўленых ільгот па падаткаабкладанню.

Инвашанс ГродноСпікер звярнуў увагу і на тое, што фармулёўка Указа Прэзідэнта ад 29 сакавіка 2012 г. № 150, у якім паніжальны каэфіцыент у памеры 0,1 за плошчы, што арандуюцца ІП і арганізацыямі, ідзе насуперак з палітыкай развіцця сеткі надомнай працы для інвалідаў. Паколькі колькасць iнвалiдаў прывязаная да арандуемых плошчаў, а не ўлічваецца ў цэлым па арганізацыі.

«Для выканання гэтай умовы прадпрыемствы-арандатары вымушаныя скарачаць колькасць работнікаў на даму, – заўважыў Станіслаў Сцяпанавіч. – З улікам таго, што прадпрыемствы грамадскага аб’яднання, у асноўным, не маюць уласных вытворчых памяшканняў і спецтранспарта для дастаўкі супрацоўнікаў, праблематычна працаўладкаванне інвалідаў з цяжкасцямі перамяшчэння. Таму было прапанавана ўсталяваць паніжальны каэфіцыент у памеры 0,1 да базавай стаўкі арэнднай платы за ўсе арэндаваныя памяшканні для арганізацый з колькасцю працоўных інвалідаў на прадпрыемстве 50 %, якія з’яўляюцца ўласнасцю ГА «БелТІ».

Таксама прапанавана адмяніць узаемасувязь ільготы па падатку на дабаўленую вартасць з сертыфікатам уласнай вытворчасці, якi выдаецца Гандлёва-прамысловай палатай, тэрмінам на 1 год. Штогадовая сертыфікацыя прадукцыі або паслуг у Гандлёва-прамысловай палаце вядзе да павелічэння сабекошту прадукцыі, у сувязі з чым неабходна падоўжыць тэрмін дзеяння сертыфікатаў на 2-3 гады.

Спікеры сышліся ў меркаванні аб неабходнасці вызваліць прадпрыемствы ГА «БелТІ» ад платы за зямлю. Выплата зямельнага падатку павялічвае сабекошт прадукцыі, зніжаючы яе канкурэнтаздольнасць, а таксама рэнтабельнасць вытворчасці. Так як сацыяльная сфера першапачаткова стратная, то дадатковая нагрузка ў выглядзе зямельнага падатку яшчэ больш пагаршае фінансавае становішча арганізацый грамадскага аб’яднання.

«Усталяваны ў цяперашні час 50-ціпрацэнтны ільгатуемы ўзровень інвалідаў складана забяспечыць прадпрыемствам з колькасцю больш за 50 чалавек», – адзначыў Васіль Лукашэвіч. З ім згодны і Станіслаў Кайко: «На арандаваных плошчах даволі складана набраць 50 % інвалідаў. Калі ў прадпрыемства ёсць свая база, то можна справіцца. Мы бярэм ахоўнікаў, сантэхнікаў, электрыкаў, дворнікаў. Калі пляц арандаваны – прымаюцца толькі швачкі і закройшчыкі». Акрамя таго, прадпрыемствы, у якiх колькасць iнвалiдаў, напрыклад, 49,9 % ад агульнай колькасьці супрацоўнікаў, несправядліва пазбаўляюцца ільготаў па падатках. Спікеры прыйшлі да высновы аб неабходнасці перагляду існуючага парадку ільгатавання падаткаабкладання, а таксама памяншэння працэнтнага ўзроўню інвалідаў для прымянення дадзеных ільгот.

Улічваючы, што прадпрыемствы ГА «БелТІ» выконваюць сацыяльна значныя праграмы па працаўладкаванні інвалідаў і нясуць пэўную фінансавую і арганізацыйную нагрузку па розных напрамках дзейнасці, прамоўцы выказалі агульнае меркаванне аб неабходнасці выключэння прадпрыемстваў аб’яднання з пераліку арганізацый для працаўладкавання абавязаных асобаў па напрамках дзяржаўнай службы занятасці.

У сваю чаргу, міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч прыняла да увагі агучаныя пытанні з узяццем асабліва важных пад асабісты кантроль.

Вольга НЕЎМЯРЖЫЦКАЯ

Фота аўтара

Комментарии

Авторизуйтесь для комментирования

К сожалению, мы обязаны идентифицировать Вас, чтобы разрешить публиковать отзыв.

С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, свяжитесь с нами, и мы зарегистируем для вас персональный аккаунт на нашем сайте.