Патрэбныя дзеці — цяпер у Верхнім горадзе

Інклюзіўная фотавыстава «Патрэбныя дзеці» адкрылася ў Мінску

У Верхнім горадзе 25 мая адкрылася інклюзіўная фотавыстава «Патрэбныя дзеці». Патрэбныя дзеці на здымках – гэта дзеці з парушэннем апорна-рухальнага апарату, якія навучаюцца ў Асіповіцкай школе-інтэрнаце.

фотовыставка нужные дети
Фотавыстава «Патрэбныя дзеці».

Ідэя фотавыставы належыць валанцёрскаму руху «Патрэбныя людзі». Па словах валанцёраў, галоўная мэта праекта – прыцягнуць увагу да дзетак з асаблівасцямі і паказаць, што яны патрэбныя грамадству гэтак жа, як і іншыя дзеці.

На дваццаці трох здымках сфатаграфаваны дзеці разам з беларускімі знакамітасцямі. У праекце прынялі ўдзел такія спевакі, як Аляксандр Саладуха, Анатоль Ярмоленка, Аляксей Хлястоў, Анастасія Ціхановіч, Іван Вабішчэвіч. На здымках можна пабачыць баскетбалістку Алену Леўчанка, хакеіста Андрэя Касціцына, харэографа Дзмітрыя Пуйшу. Сярод удзельнікаў на здымках – мадэль, машыніст метро, настаўнік, прыбіральшчыца і іншыя спецыялісты.

Валанцёры з праекта «Патрэбныя людзі» ўжо працавалі з дзецьмі з Асіповіцкага інтэрната. Таму і дырэктар, і дзеці ўзрадаваліся магчымасці паўдзельнічаць у праекце.

фотовыставка нужные дети
Дырэктар Асіповіцкай школы-інтэрната Ларыса Гормаш.

«Гэтыя два месяцы, пакуль цягнуўся праект, сталі сапраўднай радасцю для нашай школы, – дзеліцца дырэктар Асіповіцкай школы-інтэрната Ларыса Гормаш. – Нашыя дзеці такім чынам сталі спазнаваць свет. Калі дзеці спачатку знаёмяцца, а пасля сябруюць са знакамітасцямі – уявіце, якое гэта для іх шчасце! Асаблівай радасцю для іх было трапіць на футбольнае поле разам з камандай БАТЭ!».

Для ўдзелу ў праекце адбіраліся тыя дзеткі, якія б змаглі вытрымаць здымкі ў Мінску. А таксама перавага давалася дзеткам-сіротам, бо такіх у школе навучаецца трынаццаць чалавек.

Дзяцей прывозілі ў Мінск, прыхарошвалі, дзяўчатам рабілі прычоскі, макіяж. А затым пачынаўся сапраўдны працэс фотаздымак у студыі. Прытым валанцёры ўсё гэта рабілі бясплатна.

фотовыставка нужные дети
Удзельнікі праекта.

Юра, вучань дзявятага класа Асіповіцкай школы-інтэрната, сказаў, што з задавальненнем удзельнічаў у праекце, тым больш што ён вельмі любіць выступаць на сцэне. «Былі, вядома, і цяжкасці падчас здымак… Але ўсё гэта неяк само сабой пераадольвалася», – падзяліўся Юра.

Глава адміністрацыі Цэнтральнага раёна Мінска Ігар Бузоўскі дзякаваў валанцёрскаму руху «Патрэбныя людзі»: «Такія праекты ўзнікаюць у розных напрамках: сацыяльных і эканамічных. Але часта яны атрымліваюць не столькі ўвагі, колькі хацелася б, бо часта ў такіх выпадках звычайна думаюць пра выгаду. Грамадства будзе шчаслівым толькі тады, калі будзе адчувацца эмпатыя да іншых».

Фотавыставу можна будзе наведаць да 1 чэрвеня. Але гэтым праект не скончыцца. Валанцёры падзяліліся, што яны маюць яшчэ шмат ідэй, якія хутка пачнуць рэалізоўваць.

Вікторыя Чаплева

Фота аўтара

Комментарии

Авторизуйтесь для комментирования

К сожалению, мы обязаны идентифицировать Вас, чтобы разрешить публиковать отзыв.

С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.