Чым жывеш, Міншчына?

Бывае так, што за глабальнымі сусветнымі навінамі мы часам не ведаем, што адбываецца побач. Сапраўды, хто з нас не ў курсе апошніх падзеяў у Сірыі ці не чуў пра вяселле брытанскага прынца і амерыканскай актрысы? Між тым ёсць нямала цікавага і бліжэй да нас.

Программы развития ООН
Наведнікі Вілейскага ТЦСАН разам са Святланай Паўлавай.

Сёння хачу распавесці пра пяць ініцыятываў, што рэалізуюцца ў Мінскай вобласці ў межах праекта Праграмы развіцця ААН «Спрыянне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь» пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага Саюза. Ініцыятывы здзяйсняюцца самыя разнастайныя, і тым больш прыемна, што іх арганізатары не забываюць пра людзей з інваліднасцю. Усе гэтыя ініцыятывы вылучаюцца тэрытарыяльна-арыентаваным падыходам, распрацаваным ПРААН у канцы мінулага стагоддзя. Кажучы прасцей, тэрытарыяльна-арыентаванае развіццё – гэта супольнае вырашэнне канкрэтных праблемаў там, дзе мы жывем, для сябе і для нашчадкаў, гэта развіццё роднага краю, чалавека і грамадства.

Маленькія знакамітыя Смілавічы

Пра найцікавейшае мястэчка Смілавічы ў Чэрвеньскім раёне, за 40 кіламетраў ад сталіцы, многія беларусы калі і ведаюць, то няшмат. У Смілавічах жыве ўсяго каля пяці тысячаў чалавек, між тым яны сапраўды ўнікальныя.

Программы развития ООН

Юрый Абдурахманаў перад картай-графіці расказвае пра цікавосткі Смілавічаў.

Менавіта тут нарадзіліся сусветна вядомыя французскія мастакі яўрэйскага паходжання Хаім Суцін і Шрага Царфін, кампазітар Станіслаў Манюшка ды іншыя выбітныя асобы, у тым ліку і спартсменка Людміла Ваўчок, чэмпіёнка Паралімпійскіх гульняў. У мястэчку шмат цікавага: палац Манюшкаў-Ваньковічаў ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя (цяпер ён на рэстаўрацыі) і закладзены ў ХІХ стагоддзі парк, Свята-Георгіеўская царква, мячэць у Татарскай слабадзе і дом гісторыка, даследчыка татарскай культуры Ібрагіма Канапацкага, музей «Прастора Хаіма Суціна», музей Станіслава Манюшкі… Яшчэ адно памятнае месца – мемарыял «Яма», дзе ў час Вялікай Айчыннай вайны былі расстраляныя больш за 2 000 яўрэяў – амаль усё яўрэйскае насельніцтва мястэчка. Так, раней у Смілавічах цягам стагоддзяў жылі і былі добрымі суседзямі беларусы, яўрэі і татары. Цяпер яўрэяў у мястэчку не засталося.

Дзякуючы ініцыятыве «Павышэнне турыстычнага патэнцыялу г.п. Смілавічы» ў цэнтры мястэчка з’явілася карта-графіці, на якой пазначаныя цікавыя месцы гэтага населенага пункта (дарэчы, карта аформленая так, што мясцовыя жыхары ўжо пачалі называць яе глобусам Смілавічаў). Каардынатар ініцыятывы і дырэктар ПУП «Спадчына і час» Юрый Абдурахманаў распавёў, што адсюль, ад карты, цяпер і пачынаюцца ўсе турыстычныя вандроўкі па мястэчку. А гэта значыць, што, нават прыехаўшы ў Смілавічы раптоўна і не ведаючы пра мясцовыя цікавосткі, госці іх не прапусцяць.

Дарэчы, смілавіцкі музей Станіслава Манюшкі – адзіны ў свеце: нават у Польшчы не існуе падобнай культурнай установы, хоць Манюшка і з’яўляецца стваральнікам польскай нацыянальнай оперы. Тут наведнікі могуць не толькі паглядзець экспазіцыю, але і перанесціся на два стагоддзі назад: у межах ініцыятывы «Музычная гасцёўня Станіслава Манюшкі» ў музеі створаны бадай што сапраўдны музычны салон тых часоў. Галоўнае аздабленне гасцёўні, канешне, раяль. Не дзіва, што цяпер у гасцёўні ладзяцца канцэрты і творчыя вечары, сюды прыязджаюць музыкі нават з Беларускай дзяржаўнай філармоніі. Гасцёўня з’явілася ў свой час: акурат у наступным годзе споўніцца 200 гадоў з дня нараджэння Манюшкі.

Цуд з кавалка дрэва

У Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі ў Чэрвені дзейнічае сталярная майстэрня. Падлога і сталы ў адным з яе кабінетаў засыпаныя стружкай і пілавіннем, паліцы і прываконні застаўленыя… Чым толькі яны ні застаўленыя! Драўляныя лыжкі, куфэркі, цацкі, фігуркі жывёлаў – вось драўляная такса цікуе адным вочкам і нібыта збіраецца вільнуць хвастом… Адна са сценаў адведзеная пад дыпломы, атрыманыя навучэнцамі на разнастайных конкурсах, – праўда, на сцяне памясцілася толькі невялікая частка, іншыя захоўваюцца ў надзейным месцы. Дзякуючы ініцыятыве «Рэалізуй сябе ў творчасці» былі адрамантаваныя кабінеты дрэваапрацоўкі, закупленая мэб-ля, інструменты і абсталяванне – пілы, электралобзікі, дрыль, тачыльны станок ды іншае. Мясцовы лясгаз, які таксама далучыўся да ініцыятывы, забяспечыў майстэрню драўнінай – хопіць на шмат новых вырабаў.

Программы развития ООН
Старанныя далонькі працуюць над чароўнай (напэўна ж, чароўнай!) скрыначкай.

Цікава паназіраць, як малодшыя школьнікі і падлеткі працуюць з дрэвам – відавочна, што гэта іх захапляе. Іх настаўнік, педагог дадатковай адукацыі Сяргей Клёс, здаецца, можа знаходзіцца ў некалькіх месцах адначасова: аднаму вучню нешта падказвае, другога папраўляе, трэцяга ўважліва слухае. Дарэчы, разам са здаровымі тут займаюцца дзеці з псіхафізічнымі адхіленнямі. Праўда, толькі з лёгкімі – гэтага патрабуе тэхніка бяспекі. Для больш складаных дзетак інструменты ў майстэрні могуць быць небяспечнымі, таму для іх ладзяцца асобныя заняткі – са стружкай, з пілавіннем, але без вострых інструментаў.

Пытаюся ў педагога, ці вельмі складана працаваць з асаблівымі вучнямі?

– Ды не, не складана, – усміхаецца ён. – Дзеці заўсёды дзеці.

Цікаўлюся, колькі вучняў з асаблівасцямі займаецца ў майстэрні, але, па словах дырэктара цэнтра Людмілы Дужавай, дакладную лічбу назваць складана. На заняткі прыходзяць выхаванцы Чэрвеньскага дома-інтэрната для дзяцей-інвалідаў і маладых інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, Цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі. Дзетак у майстэрні становіцца ўсё болей – пра яе ў горадзе ідзе добрая пагалоска. Дарэчы, заняткі наведваюць не толькі хлопчыкі, але і дзяўчаты – ім сталярная справа не менш цікавая.

Усе на скейтборды і на турнікі!

Наступны прыпынак – Вілейка. Сёлета напрыканцы чэрвеня тут трэці раз адбудзецца фестываль маладзёжных субкультураў «Энергія маладосці». А пачалося ўсё, як ні дзіўна, з закінутай танцпляцоўкі ў гарадскім парку. Мясцовыя актывісты звярнулі ўвагу на яе, калі абсталёўвалася пляцоўка для воркаўту (вулічнай гімнастыкі, што складаецца з выканання розных практыкаванняў на турніках, брусах, шведскіх сценках, усталяваных на вулічных спортпляцоўках). Падумалі: а чаму будзе месца прападаць? Вырашылі зра-біць з танцпляцоўкі скейт-парк. Цяпер тут акрамя трэніровак скейтбардыстаў ладзяцца канцэрты і дыскатэкі, балазе пляцоўка вялікая і зручная, Унутры ж антураж адпаведны – шматколерныя графіці.

Программы развития ООН
Галавакружныя трукі ў выкананні Яўгена Русака.

Мне не верылася, што ў невялікай Вілейцы знойдзецца столькі дзяцей і падлеткаў са скейтамі, але іх было сапраўды шмат! Іх зямляк скейтбардыст Яўген Русак зладзіў майстар-клас і выказаў спадзяванне, што ў хуткім часе ў Вілейцы можа з’явіцца скейт-школа. Гэта цалкам магчыма, тым больш што скейтбордынг ужо ўключаны ў праграму летніх Алімпійскіх гульняў у Токіа, якія адбудуцца ў 2020 годзе.

Едзем на веласіпедах

Тым часам мы скіраваліся да веладарожкі ўздоўж ракі Віліі. Веладарожка з’явілася ў горадзе летась у межах ініцыятывы «Веларух – клопат пра сябе і навакольных», якую распачало грамадскае аб’яднанне па спрыянні ўстойліваму развіццю Вілейскага рэгіёна «ЗОВиК». Як распавяла старшыня арганізацыі Таццяна Цітуленка, спачатку была задума стварыць месца, дзе веласіпедысты-пачаткоўцы маглі б вучыцца правілам дарожнага руху…

– Потым у межах ініцыятывы вырашылі абсталяваць паўнавартасную веладарожку даўжынёю 200 метраў, у выніку ж, дзякуючы фінансаванню ўжо з мясцовага бюджэта, яе працягласць дасягнула амаль аднаго кіламетра, – з захапленем распавяла жанчына – дарэчы, і сама заўзятая веласіпедыстка. – Цяпер веладарожкай карыстаюцца ўсе ахвочыя гараджане.

Программы развития ООН
Трымацца на турніку можна і без рук! Вось такі ён, вулічны воркаўт: складаны, захапляльны і відовішчны.

Асабліва ж паклапаціліся пра людзей з інваліднасцю – для іх былі зробленыя на замову тры трохколавыя веласіпеды, якімі карыстаюцца цяпер наведнікі Вілейскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва – інваліды і пажылыя людзі.

Святлана Паўлава, загадчык аддзялення суправаджальнага пражывання для інвалідаў Вілейскага ТЦСАН, дзеліцца эмоцыямі:

– Дзякуючы гэтай ініцыятыве нашыя падапечныя могуць займацца веласпортам. Нам сапраўды вельмі пашанцавала! Трохколавыя веласіпеды вельмі ўстойлівыя, і бадай што ў кожнага атрымліваецца на іх ездзіць.

– Я асабіста на трохколавым праехаць не змагла, хоць ён і ўстойліва стаіць, – заўважыла Таццяна Цітуленка, – прытым што на двухколавым я езджу добра. – Але бачыла, што чалавек з інваліднасцю толькі сеў – і даволі хутка навучыўся ездзіць. Мы нават велаквэст на такіх веласіпедах рабілі. Думаю, яны будуць вельмі запатрабаваныя.

– З грамадскім аб’яднаннем «ЗОВиК» мы супрацоўнічаем даўно, і я папрасіла ўключыць у ініцыятыву «Веларух – клопат пра сябе і навакольных» наведнікаў нашага аддзялення, – расказала Святлана Паўлава. – Бо людзі з інваліднасцю – гэта насамрэч людзі з бязмежнымі магчымасцямі, а не з абмежаваннямі. Прызнаюся, спачатку былі сумневы: а ці будзе нехта карыстацца гэтымі веласіпедамі? Але вось толькі што за 15 хвілінаў дзяўчына навучылася ездзіць, хаця раней баялася і казала, што нічога ў яе не атрымаецца. А цяпер атрымліваецца так добра, што яна можа сама даваць майстар-класы.

Программы развития ООН
А ехаць на веласіпедзе, аказваецца, не так і страшна!

Дзякуючы супрацоўніцтву з «ЗОВиК» была рэалізаваная яшчэ адна ідэя – безбар’ерныя арэлі.

– Два гады таму мы былі на конкурсе сацыяльных праектаў «Social Weekend», дзе пабачылі такую ма-дэль арэляў. Яе мусілі ўсталяваць у адным з ЦКРНіР у Мінску. Вярнуўшыся ў Вілейку, я амаль два гады расказвала Таццяне Цітуленка пра гэтыя арэлі і пра тое, як яны нам патрэбныя. І вось у межах ініцыятывы з’явілася магчымасць усталяваць арэлі на дзвюх пляцоўках. Прычым на адной акрамя такіх арэляў ёсць і безбар’ерная пясочніца, дзе могуць гуляць разам дзеці ў інвалідных калясках і звычайныя дзеткі.

 

Ніна КАЗЛЕНЯ

Фота аўтара

 

Комментарии

Авторизуйтесь для комментирования

К сожалению, мы обязаны идентифицировать Вас, чтобы разрешить публиковать отзыв.

С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, свяжитесь с нами, и мы зарегистируем для вас персональный аккаунт на нашем сайте.