Паэты, яднайцеся!

Рубрики: Культура, Новости.

14 мая мінская бібліятэка-філіял № 5 гучала, поўнілася вершамі – там адбылася сустрэча паэтаў літаратурнага клуба, напрыканцы мінулага года створанага пры студыі «Палітра радасці» Мінскай гарадской арганізацыі Беларускага таварыства інвалідаў. Гэта быў бадай што першы выхад літаратурнай суполкі ў свет, але плануецца, што такія сустрэчы стануць традыцыйнымі.

Библиотека №5Загадчык установы Алена Паўлаўна Калейнік распавяла, што традыцыі сустрэчаў з пісьменнікамі ў бібліятэцы даўнія, і вось яны атрымалі новы працяг. Адною (але не адзінай!) з тэмаў сустрэчы стаў нядаўні Дзень Перамогі. Абысці яго ўвагай было б няправільна ды і, бадай, немагчыма – бо вайна зачапіла без перабольшвання кожную сям’ю, падкрэсліла Алена Паўлаўна.

Старшыня Мінскай гарадской арганізацыі Беларускага таварыства інвалідаў Людміла Цімафееўна Калмыкова расказала пра тое, як узнікла гэтая літаратурная суполка:

– Мы стварылі свой паэтычны клуб у межах студыі «Палітра радасці». Першапачаткова гэта было аб’яднанне мастакоў, потым да яго далучыліся майстры дэкаратыўна-ўжытковага мастацтва, а вось цяпер – і паэты. Узначаліць клуб згадзіўся сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў Эдуард Дубянецкі, – яго вершы і адкрылі сустрэчу.

Библиотека №5, Людмила Калмыкова
Людміла Калмыкова чытае вершы Галіны Кананчук.

– Мы не першапраходцы ў стварэнні клуба, – заўважыла Людміла Цімафееўна. – Літаратурнай студыяй «Пролог» некалі кіраваў Уладзімір Варшанін, з празаікамі працаваў Анатоль Маісееў, з паэтамі – Лізавета Палеес. Рыгор Галіцкі шмат гадоў быў рэдактарам літаратурна-мастацкага і публіцыстычнага часопіса «Окно». Але, на жаль, сыходзяць людзі, а з імі разам сыходзіць і іх праца. Таму мы і вырашылі стварыць пры Мінскай гарадской арганізацыі літаратурны клуб.

Але мэта яго – не толькі згуртаваць здольных паэтаў, але і звязаць людзей моцнымі нітачкамі шчырасці і сяброўства.

– Часам людзі забываюць, што стасункі з іншымі – адна з найгалоўных радасцей жыцця, – пашкадавала Людміла Калмыкова. – Я рада, што сёння на нашай сустрэчы прысутнічаюць не толькі сябры клуба, але і зацікаўленыя іх творчасцю. Мы даўно казалі – а цяпер гэта ўжо на дзяржаўны ўзровень вынесена – пра неабходнасць стварэння інклюзіўнага грамадства, дзе кожны чалавек адчувае сябе роўным незалежна ад сваіх асаблівасцяў. Вельмі цяжка ідзе гэты працэс, мы ж у сваю чаргу стараемся рабіць нашае грамадства інклюзіўным праз творчасць, спорт і г.д. Магчымасць ствараць не залежыць ад стану здароўя, можа быць, якраз наадварот – чалавек з інваліднасцю, як я ўяўляю, часам бывае больш паглыбленым.

Нібыта ў пацвярджэнне гэтых словаў Людміла Цімафееўна распавяла пра паэтку Галіну Кананчук – думаю, пастаянным чытачам нашай газеты яна знаёмая, бо яе вершы не аднойчы друкаваліся на паэтычнай старонцы.

– Галіну я ведаю амаль столькі ж, колькі працую ў Беларускім таварыстве інвалідаў – больш за 27 гадоў. У яе ДЦП у цяжкай форме, але яна адкрыла ў сабе талент пісаць вершы. Нядаўна выйшла кніга яе вершаў «Путь мой – земной». На жаль, сама Галіна не змагла прысутнічаць на сённяшняй сустрэчы, для яе гэта вельмі складана.

Аднак былі вершы Галіны, якія прачытала Людміла Калмыкова і якія, відаць, уразілі слухачоў да глыбіні душы.

Алена Кошкіна
Алена Кошкіна.

Сапраўдным адкрыццём для мяне стала паэтка Алена Кошкіна. Вось што яна распавяла пра сябе:

– Па адукацыі я фізік. Цяпер працую ў хоспісе, дзе падоўгу жывуць людзі, якія цяжка хварэюць. Часам яны зноў прыходзяць да нас, часам выздараўліваюць і вяртаюцца дадому. Але якая моц духу ў людзей, якія сур’ёзна хварэюць! Яна накіраваная ў заўтра, нават калі гэтае заўтра не для сябе, а для іншых. Праца і стасункі з людзьмі навучылі мяне не дазваляць сабе стамляцца. У Франца Шуберта ёсць музычны цыкл «Зімовы шлях», і там – фрагмент пра блукаючы агеньчык, які не мог дазволіць сабе згаснуць, бо некаму ён паказваў нешта важнае… – адзін з вершаў паэткі быў акурат пра гэты блукаючы агеньчык.

Лізавета Палеес коратка згадала час, калі разам з мужам Анатолем Маісеевым працавала ў літаратурнай студыі «Крыніца»: ён займаўся секцыяй прозы, яна – секцыяй паэзіі. І, канешне, чытала вершы – пра мужа, сябе, горад свайго ранняга дзяцінства Магілёў і многае іншае.

Валянціна Якіна
Валянціна Якіна.

Валянціна Якіна расказала пра сваю сям’ю:

– Сваякі перадалі мне здымак, які некалі пасылаў ім мой бацька, калі быў у шпіталі ў 1949 годзе. Праз некалькі месяцаў тата памёр… Калі я пачала пісаць вершы, я выліла ў іх свой боль аб тым, што мне заўсёды не хапала бацькі, яго падтрымкі і абароны. Няхай бы ён быў у інваліднай калясцы, без ног, без рук – я і тады б адчувала яго падтрымку! – па ўсім відаць, што той боль застаўся з жанчынай да сёння. Гэта можна было зразумець па тым, з якім унутраным напружаннем яна чытала верш, прысвечаны бацьку.

Рыгора Бяспалага нашыя чытачы, думаю, памятаюць па яго пранікнёных вершах, прысвечаных матулі. Адзін з іх прагучаў і пад час сустрэчы.

Ганна Прыёмка распавяла, што ў яе і слыннага паэта Ніла Гілевіча адна малая радзіма – вёска Слабада на Лагойшчыне. Ці не гэта натхніла жанчыну на творчасць? Бо, як сама яна расказала, вершы пачала пісаць толькі пару гадоў таму. Зрэшты, вершамі не абмяжоўваецца – піша і празаічныя творы.

Скончылася ж сустрэча на вельмі радаснай ноце: так супала, што акурат тады святкавала дзень нараджэння Наталля Казакевіч, і ў яе адрас гучалі шчырыя віншаванні – у тым ліку і паэтычныя.

А вершы, што гучалі пад час сустрэчы, і не толькі іх, вы можаце прачытаць на нашай паэтычнай старонцы.

Ніна КАЗЛЕНЯ

Фота аўтара

Комментарии

Авторизуйтесь для комментирования

К сожалению, мы обязаны идентифицировать Вас, чтобы разрешить публиковать отзыв.

С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, свяжитесь с нами, и мы зарегистируем для вас персональный аккаунт на нашем сайте.