Прызванне – дапамагаць

Рубрики: Новости.

Валанцёрства – гэта расстаноўка жыццёвых прыярытэтаў, калі ты пачынаеш разумець, што самыя важныя рэчы далёка не матэрыяльныя. Мы пагаварылі з дзяўчынай, чыя праца напрамую звязана з гэтай нялёгкай і адказнай справай. Як жыве чалавек, закліканы дапамагаць іншым? З задавальненнем.

Яна Шереметьева, Яна Шарамецьева «Мне пашанцавала – я знайшла і любімую справу, і працу ў адным флаконе, – так лічыць Яна Шарамецьева, дзяўчына са шматгадовым стажам валанцёрства і актыўнай жыццёвай пазіцыяй. Пра тое, што ёсць такія неабыякавыя людзі, яна даведалася, калі вучылася на факультэце спецыяльнай адукацыі БДПУ ім. М. Танка. Менавіта там трапіла ў валанцёрскае аб’яднанне «Роўнасць», якое пасля ўзначаліла нароўні з яшчэ адным чалавекам з вялікім сэрцам – выкладчыцай Святланай Яўгенаўнай Пятроўскай. Дарэчы, «Роўнасць»
паспяхова працуе і зараз, аб’яднанне стала чымсьці накшталт сімвала зараз ужо Інстытута інклюзіўнай адукацыі.

Яна з удзячнасцю ўспамінае той час, бо колькасць новых сяброў і знаёмых павялічылася ў дзясяткі разоў. А пра тыя праекты, якія былі арганізаваны, успамінаць і цяпер прыемна. Адным з самых значных мерапрыемстваў можна лічыць удзел у міжнародным конкурсе студэнцкіх камунікацыйных праектаў у Вышэйшай школе журналістыкі і масавых камунікацый «Мас-Медыя Перспектыва». Конкурс праходзіў у Санкт-Пецярбургу. Каманда «Роўнасць» заваявала 2-е месца і даказала, што можа канкурыраваць з валанцёрскімі арганізацыямі на міжнародным узроўні.

Яна Шереметьева, Яна ШарамецьеваЯна ўдзельнічала ў трэнінгах лідарства і камандаўтварэння, гарадскіх і рэспубліканскіх дабрачынных канцэртах, акцыях, праекце сацыяльна-эканамічнага фонду «Ідэя» «Адукацыя для ўсіх», міжнародным абмене ў Арменіі і Грузіі Youth Exchanqes «Hold my hand, speak to me», праекце Міжнароднага дзіцячага фонду «Лідарства без абмежаванняў», працавала ў Моладзевым валанцёрскім лагеры ў Польшчы і мн. інш.

«Усе па-рознаму разумеюць валанцёрства. Для кагосьці яно заключаецца ў шумных глабальных мерапрыемствах, для мяне ж яно заўсёды мела практычную накіраванасць. Чым больш карысці ты прыносіш канкрэтнаму чалавеку, тым лепш», – лічыць дзяўчына. Цяпер яна працуе настаўнікам у Цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі Маскоўскага раёна, з’яўляецца каардынатарам Школы валанцёраў крэатыўна-інавацыйнага цэнтра на базе Палаца дзяцей і моладзі. Школа была створана сумесна з камітэтам па адукацыі, дзе зараз і знаходзіцца. Спецыялісты арганізацыі працуюць з навучэнскай моладдзю: школьнікамі, студэнтамі каледжаў і ВНУ. «Мы праводзім тэарэтычныя заняткі для тых, хто хоча паспрабаваць сябе ў валанцёрстве, але пакуль не ведае як, – тлумачыць Яна. – Я прытрымліваюся таго пункту гледжання, што валанцёр павінен быць падрыхтаваным, для таго каб якасна выконваць сваю працу».

Яна Шереметьева, Яна ШарамецьеваТэмы заняткаў падбіраюцца, зыходзячы з патрэбы рабят, напрыклад, пра тое, як мець зносіны з дзецьмі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця або правільна падысці да інваліда-калясачніка, прапанаваць дапамогу і т.п. Школа актыўна супрацоўнічае з рознымі партнёрамі, такімі як Ліга добраахвотнай працы моладзі, Беларуская асацыяцыя клубаў ЮНЕСКА. Спікеры прыходзяць і распавядаюць моладзі пра магчымасці для валанцёраў. Больш прасунутых маладых людзей у справе добраахвотнай дапамогі мы вучым, як скласці сацыяльны праект, правільна яго напісаць і ўвасобіць у жыццё. Бо зараз існуе вялікая колькасць грантаў, якія можна выйграць, атрымаць фінансаванне і ўвасобіць у жыццё любыя задумкі.

Асобным блокам у Школе валанцёраў навучаюць праводзіць акцыі – знаходзіць партнёраў і спонсараў, пісаць сцэнарыі, выбіраць прыдатныя гульні і актыўнасці для паездак і зносін з асаблівымі дзецьмі. Ёсць таксама практычныя заняткі, гэта значыць, прамая адпрацоўка атрыманых навыкаў. З апошняга – «Тыдзень дабра», падчас якога добраахвотнікі дапамагалі дзецям з сацыяльна-педагагічных цэнтраў. Гэта ўстанова, дзе знаходзяцца дзеці, якіх выключылі з сям’і, але бацькі пакуль не пазбаўленыя юрыдычных правоў. Адпаведна, дзеці знаходзяцца ў памежным стане: альбо іх вернуць дадому, альбо размяркуюць па сацыяльных установах. А гэта, як вядома, дадатковая псіхалагічная нагрузка як для хлопчыкаў і дзяўчынак, так і для спецыялістаў.

Як праходзіць падобная дабрачынная акцыя? Спецыялісты абвяшчаюць па школах і каледжах аб зборы канцылярскіх прыладаў ці прадметаў асабістай гігіены. «Такой была мая першая акцыя на пасадзе каардынатара, і я жудасна хвалявалася, – успамінае Яна. – Але ў апошнія два дні столькі ўсяго прынеслі, што мы не ведалі, як прытулкі развязуць рэчы. Потым з жадаючымі зрабілі канцэрт, падрыхтавалі нумары, інтэрактыўныя зоны, дзецям малявалі аквагрым. Канцэрт атрымаўся годны. Думаю, што хлопцы і дзяўчаты з прытулкаў засталіся задаволеныя».

Такі парадокс – калі трэба сабраць матэрыяльныя рэчы для маючых патрэбу, то добраахвотнікі адгукаюцца вельмі хутка. А калі трэба нешта зрабіць, некуды паехаць, тут усё праходзіць досыць складана. Гэта адзначае большасць валанцёраў.

Яна Шереметьева, Яна ШарамецьеваЗ асаблівым трапятаннем успамінае Яна лютаўскі Інклюзіўны баль, на якім дзеці і дарослыя з асаблівасцямі ў развіцці танцавалі разам з валанцёрамі. Для гасцей выступалі артысты эстрады, праводзілі майстар-класы па танцах. Рабяты з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі з задавальненнем развучвалі танцавальныя рухі, каб затым з партнёрамі-валанцёрамі разам паспрабаваць новыя навыкі на практыцы.

Адным з самых доўгайграючых дзяўчына лічыць праект кампаніі Samsung сумесна з фондам «Ідэя», у якім адабраных добра-ахвотнікаў навучылі методыкам выкладання дзецям з АПФР навыкаў камп’ютарнай пісьменнасці. Маштабны праект доўжыўся на працягу паўгода, да таго ж маленькія вучні атрымалі ў падарунак свае першыя ноўтбукі.

Доўгі час Яна разам з іншымі валанцёрамі наведвала Псіханеўралагічны дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў у Дражні. Кажучы пра надзённыя праблемы такіх устаноў, дзяўчына падкрэслівае: «Трэба, каб прыехаў нехта вось зараз, узяў аднаго вазочніка, другога, пагуляў па тэрыторыі, таму што часцяком людзі ў такіх установах сядзяць у цёплы час года ў альтанках, а з восені да вясны могуць нават не бываць на свежым паветры. І гэта не таму, што нехта дрэнны, проста для санітараў фізічна немагчыма кожнага з жыхароў інтэрната вывезці на вуліцу і прагуляцца. Самае галоўнае, што павінна зразумець грамадства – усе мы розныя, і гэта абсалютна нармальна. Заўсёды кажу валанцёрам, што не варта імкнуцца, каб усе вакол займаліся гэтай дзейнасцю, а ўсе сацыяльныя ўстановы былі з адкрытымі дзвярыма. Хочацца проста адэкватнасці: каб, бачачы вазочніка, людзі не баяліся падысці і дапамагчы, калі гэта трэба, або нармальна паставіліся да дзіўна вядучага сябе чалавека ў аўтобусе».

Пра тое, як да яе працы ставяцца блізкія і знаёмыя, Яна кажа з усмешкай: «Цяпер дастаткова спакойна. Раней, калі была студэнткай і толькі пачынала гэтым займацца, многія не разумелі майго выбару. Памятаю адзін выпадак, калі ў кампаніі я распавяла пра тое, што буду працаваць з асаблівымі дзецьмі, а адзін з хлопцаў са здзіўленнем спытаў: “А з імі што, працуюць?” І потым высветлілася, што шмат хто ў прынцыпе не ведае, што ёсць людзі, якія навучаюць такіх дзяцей. Словы “інклюзія” і “інтэграцыя” былі проста наборам гукаў. Зараз, вядома, інфармацыі больш. Дабрачыннасць выходзіць у трэнд – і гэта выдатна».

Ну а бацькі Яны адразу спакойна аднесліся да справы. «Тата нават здзіўляўся і пытаўся, навошта я так шмат марную часу на гэта. Незразумелымі былі паездкі ў Дражню. Аднак потым выдаўся дзень, калі мы разам з ім паехалі праведаць падапечных. А калі вярталіся, ён прызнаўся, што ўбачыў мяне іншымі вачыма».

Апроч гэтага, у рамках часопіса «Звычайныя людзі» разам з братам-фатографам Яна зрабіла матэрыял, прысвечаны жыхарам дома-інтэрната ў Дражні. Аказалася, інтэрнатаўцы не толькі выдатныя людзі, але і цікавыя мадэлі.

Таксама год таму Яна працавала ў сацыяльных майстэрнях, вяла групу па азеляненні. Хлопцы і дзяўчаты вучыліся высаджваць расліны, а затым прадаваць на кірмашах. Аднак ёй прыйшлося сысці, спецыфіка работы аказалася не блізкая.

Яна Шереметьева, Яна ШарамецьеваНаогул, для Яны даволі складана аддзяліць працу ад валанцёрства, настолькі моцна перапляліся паміж сабой гэтыя сферы. Аднак дзяўчына знаходзіць час і для асабістых захапленняў, праўда, прызнаецца, што стабільнымі іх назваць нельга. Раней яна займалася стральбой з пнеўматычнай вінтоўкі і нават атрымала спартыўны разрад, удзельнічала ў спаборніцтвах з добрым вынікам. Але з-за недахопу часу справу прыйшлося пакінуць. «Быў перыяд, калі скакала з парашутам, потым са страхоўкай з даху. Сёння б ні за што не пагадзілася, нават за грошы», – смяецца мая суразмоўца. Зараз на захапленне чымсьці акрамя працы часу не застаецца. Дзяўчына падкрэслівае, што хоча сумленна выконваць працу. Бо акрамя ЦКРНіР і Школы валанцёраў яна займаецца яшчэ і дзейнасцю прафсаюза і трэці год праводзіць заняткі з асаблівай дзяўчынкай на даму.

Пра стомленасць яна і не думае. «Хтосьці добра танчыць, хтосьці добра спявае, хтосьці будаўнік ці лекар, а я добры валанцёр, – разважае Яна. – Гэта мая справа і, зыходзячы з вопыту, магу сказаць, што ў мяне гэта атрымліваецца. Думаю, што мая дзейнасць – гэта адлюстраванне ўнутранай сутнасці. І яшчэ я проста ўпэўненая, што ў валанцёрстве павінен атрымліваць задавальненне, па-першае, сам валанцёр. Калі так будзе, тады і праца атрымаецца суладнай. А самае галоўнае, не трэба ўспрымаць гэта, як нешта гераічнае. Можаш дапамагчы – дапамажы, вось і ўвесь сакрэт».

Вольга НЕЎМЯРЖЫЦКАЯ

Фота з асабістага архіва

Яны ШАРАМЕЦЬЕВАЙ

 

Комментарии

Авторизуйтесь для комментирования

К сожалению, мы обязаны идентифицировать Вас, чтобы разрешить публиковать отзыв.

С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, свяжитесь с нами, и мы зарегистируем для вас персональный аккаунт на нашем сайте.