Паспяховыя

Рубрики: Новости.

У Гомелі ўзнагародзілі людзей у інвалідных калясках з найлепшымі дасягненнямі

У гарадскім цэнтры культуры выбралі пераможцаў конкурсу «Самы паспяховы чалавек у інваліднай калясцы Гомельскай вобласці». Конкурс праводзіўся Гомельскім абласным грамадскім аб’яднаннем інвалідаў з парушэннем функцый апорна-рухальнай сістэмы «Інваліды-спінальнікі» ў рамках праекта «Школа жыцця ў інваліднай калясцы».

Анна Горчакова, Самый успешный человек в инвалидной коляске в Гомельской области
Ганна Гарчакова (злева) праводзіць майстар-клас.

Падчас правядзення акцыі прайшоў майстар-клас па бальных танцах на калясках. За яго рэалізацыю адказвала чэмпіёнка свету і Еўропы па танцах на калясках і майстар спорту міжнароднага класа Ганна Гарчакова, старшыня праўлення Мінскай абласной арганізацыі ГА «БелТІ». Гасцямі фестывалю сталі прадстаўнікі мясцовых органаў улады, грамадскіх аб’яднанняў, студэнты, а таксама партнёрскія арганізацыі.

Для ўдзелу ў конкурсе жадаючыя павінны былі адправіць заяўкі з апісаннем сваіх дасягненняў у той ці іншай вобласці па адной з дзесяці намінацый, сярод якіх «Грамадская дзейнасць», «Сацыяльная рэабілітацыя», «Адукацыя», «Працаўладкаванне» і іншыя. Умова да допуску ў спаборніцтве: 1-я група інваліднасці і перамяшчэнне ў інваліднай калясцы. У мерапрыемстве прынялі ўдзел людзі з інваліднасцю, якія маюць траўму з парушэннем функцый апорна-рухальнай сістэмы, пражываюць у Гомельскай вобласці і горадзе Гомелі.

Геннадий Золотарев, Самый успешный человек в инвалидной коляске в Гомельской области
Генадзь Залатароў атрымаў перамогу ў намінацыі «Грамадская дзейнасць».

Правядзенне такога незвычайнага конкурсу стала магчымым у рамках бюджэту праекта «Жыццё ў інваліднай калясцы», што ажыццяўляецца арганізацыяй «Інваліды-спінальнікі» і з прыцягненнем спонсарскай дапамогі. Адной з галоўных мэтаў конкурсу арганізатары абазначылі развіццё творчага патэнцыялу людзей з інваліднасцю і матывацыі да арганізацыі сацыяльна значнай дзейнасці, стварэння праектаў у сацыяльнай сферы. Стымуляванне актыўнага ўдзелу ў грамадскім жыцці людзей з інваліднасцю, адаптацыя грамадства да жыцця ў ім інвалідаў – адна з першачарговых задач не столькі самога мерапрыемства, колькі непасрэдна грамадскага аб’яднання «Інваліды-спінальнікі».

Усе 20 гадоў працы аб’яднанне займаецца рашэннем важных задач, такіх як рэабілітацыя (фізічная, сацыяльная, псіхалагічная, працоўная) інвалідаў АРА і членаў іх сем’яў, адаптацыя грамадства і дзяржавы да жыцця ў ім інвалідаў, стварэнне ўмоў для безбар’ернага асяроддзя людзям з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі.

За апошнія 7 гадоў арганізацыя рэалізавала 12 міжнародных праектаў. Усе яны былі накіраваныя на вырашэнне статутных задач, а іх вынікі паднялі якасць працы аб’яднання на новы ўзровень.

Самый успешный человек в инвалидной коляске в Гомельской областиВынікі конкурсу падвялі 20 красавіка. Музычныя і вакальныя нумары, танцы ў нацыянальных касцюмах і бальныя танцы – у гэты вечар творчасць стала нечым бязмежным. З прывітальным словам выступіў Генадзь Рыгоравіч Залатароў. Старшыня арганізацыі адзначыў высокія дасягненні ўзнагароджаных і пажадаў далейшых поспехаў усім прысутным.

Выйгрыш у кожнай з намінацый дастаўся сапраўды неардынарным людзям. За спартыўныя дасягненні заслужаную ўзнагароду атрымаў Аляксандр Цімафееў. Малады чалавек з’яўляецца чэмпіёнам рэспублікі па спартыўных бальных танцах на калясках. Таксама выступае ў камандзе калясачнікаў па баскетболе. Займаецца цяжкай і лёгкай атлетыкай.

Дасягненні ў сацыяльнай рэабілітацыі інвалідаў-калясачнікаў прадставіла Святлана Юхалка, якая на базе Гомельскага абласнога клінічнага шпіталю інвалідаў Айчыннай вайны займаецца правядзеннем сацыяльных мерапрыемстваў. Намінацыю «Адукацыя» годна прадставіла Алена Гербаносенка. У гэтым годзе дзяўчына скончыла Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны і зараз з гонарам можа назваць сябе спецыялістам з вышэйшай адукацыяй.

Самый успешный человек в инвалидной коляске в Гомельской областиЖлабінчанін Дзмітрый Шчука прадэманстраваў свае поспехі ў намінацыі «Працаўладкаванне». Мужчына ўжо не першы год працуе ў лядовым палацы Цэнтра алімпійскага рэзерву і зарэкамендаваў сябе сур’ёзным і адказным спецыялістам.

Катэгорыю «Творчая дзейнасць» прадставіў кампазітар і музыка Аляксей Сушанцоў са Светлагорска. Ён займаецца апрацоўкай музыкі, ведае некалькі замежных моў, стварае рэкламныя ролікі, а яшчэ спявае ў дуэце з акардэаністам, словам, з’яўляецца рознабаковай творчай асобай.

Асаблівую намінацыю «Арганізацыйная дзейнасць» прадставіў Сяргей Барысавіч Баўманіс, член савета аб’яднання «Інваліды-спінальнікі». Спецыяліст актыўна займаецца падрыхтоўкай і ўдзелам у праектах арганізацыі: садзейнічае развіццю спорту, працаўладкаванню людзей з інваліднасцю.

Самый успешный человек в инвалидной коляске в Гомельской областиЗа дасягненні ў сферы грамадскай дзейнасці ўзнагароджаны Генадзь Рыгоравіч Залатароў. Вось ужо 21 год ён узначальвае грамадскае аб’яднанне «Інваліды-спінальнікі», шмат намаганняў прыкладае да развіцця грамадскага аб’яднання і падрыхтоўкі розных сацыяльных праектаў.

Загадкавая намінацыя «Мабільнасць» прадстаўлена дасягненнямі Яўгена Новікава. Гэты чалавек знайшоў у сабе сілы, каб, нягледзячы на абмежаванні здароўя, атрымаць правы кіроўцы. Цягам трох месяцаў ездзіў у Вілейку Мінскай вобласці, арганізоўваў свой побыт у чужым горадзе, каб выканаць мару і свабодна перасоўвацца па вуліцах родных мясцін на аўтамабілі.

Прадстаўнік Жлобінскага раёна Іван Ісаенка ператварыў уласнае жыццё па прынцыпе незалежнага пражывання. Менавіта ў такой намінацыі ён атрымаў перамогу. Мужчына актыўна ўдзельнічае ў стварэнні інфраструктуры сваёй радзімы, займаецца спортам, настольным тэнісам.

Самый успешный человек в инвалидной коляске в Гомельской областиЗа «Сямейныя каштоўнасці» пастаяў Ігар Закрэўскі. Пры праходжанні тэрміновай службы ў войску ён атрымаў сур’ёзную траўму, аднак тая не стала фатальнай ў яго жыцці. Лаурэат конкурсу шчаслівы ў шлюбе, мае дарослага сына, змог пабудаваць уласны дом, водзіць машыну. Хоць, прызнаецца, без падтрымкі каханай жонкі шмат чаго наўрад ці б дасягнуў.

Усе намінанты атрымалі каштоўныя падарункі, дыпломы і кветкі. Ад спонсараў мерапрыемства ўдзельнікам уручылі спецыяльныя сертыфікаты кампаніі «Еўраапт». А выхаванцы ТЦСАН Чыгуначнага раёна ўручылі канкурсантам кранальныя сувеніры: мыла ручной працы. Асабліва прыемна, што падарункі намінантам дарылі спецыялісты структур, маючых непасрэднае дачыненне да тэмы намінацыі. Напрыклад, дыплом у намінацыі «Сацыяльная рэабілітацыя» пераможцу ўручыў намеснік старшыні абласнога Савета дэпутатаў, галоўны лекар Гомельскага абласнога шпіталя інвалідаў Айчыннай вайны Алег Анатольевіч Іванцоў.

Ну што ж, вынікі падведзены, а новыя праекты і дасягненні, несумненна, не прымусяць сябе чакаць. Так лічаць не толькі супрацоўнікі аб’яднання, але і пераможцы конкурсу.

Вольга НЕЎМЯРЖЫЦКАЯ

Фота Алега БЕЛАВУСАВА,

«Гомельская праўда»

Комментарии

Авторизуйтесь для комментирования

К сожалению, мы обязаны идентифицировать Вас, чтобы разрешить публиковать отзыв.

С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, свяжитесь с нами, и мы зарегистируем для вас персональный аккаунт на нашем сайте.