Раз ступенька, два ступенька…
Не ўсе ведаюць, хто такія валанцёры. Калі зазірнуць у слоўнік, то валанцёр – гэта чалавек, які ўдзельнічае абсалютна бясплатна ў розных сацыяльна значных кампаніях: распаўсюджвае неабходную інфармацыю, падрыхтоўвае і праводзіць грамадскія акцыі. У нашай краіне валанцёрская дапамога развіта выдатна. Пра магчымасці для добраахвотнікаў, міжнародныя праекты і арганізацыі, якія займаюцца справамі дабрачыннасці, жадаючыя змаглі даведацца 13 сакавіка на базе моладзевага цэнтра «Прыступкі».
Быць валанцёрам – значыць аддаваць частку свайго часу ўдзелу ў сацыяльна значных праектах, такіх, якія паляпшаюць наша жыццё. Валанцёрства бязвыплатна, добраахвотна. Гэта лад жыцця сучаснага цывілізаванага чалавека. Асаб-ліва маладога. Як падкрэсліў старшыня Беларускай асацыяцыі клубаў ЮНЕСКА Дзмітрый Юр’евіч Субцэльны: «Галоўная мэта любых праектаў – аб’яднаць людзей розных узростаў для прапаганды агульначалавечых ідэалаў і каштоўнасцяў». Сюды адносіцца як дапамога людзям з абмежаванымі магчымасцямі, так і задачы захавання міру, абароны правоў чалавека, аховы навакольнага асяроддзя і нават садзейнічанне ўсеагульнай адукацыі.
Даць максімум для развіцця кожнаму ўдзельніку – вось што важна. Прадстаўнік арганізацыі прапанаваў усім прысутным паўдзельнічаць у міжнародным валанцёрскім археалагічным лагеры «Замкі Беларусі». Гэта акцыя праходзіць ужо другі год на тэрыторыі Мірскага замка і на сёння з’яўляецца адной з самых маштабных і значных. Арганізатарамі запланавана стварыць турыстычны аб’ект на месцы згарэлай сядзібы Святаполк-Мірскіх. Да ўдзелу запрашаюцца маладыя людзі, якія дасягнулі паўналецця. У мінулым годзе ў акцыі ўдзельнічалі прадстаўнікі іншых краін, такіх як Кітай, Турцыя, Егіпет. Сваім меркаваннем адносна дабрачынных акцый падзялілася менеджар маладзёжных праектаў сакратарыята РГА «БелАЮ» Анастасія Мінкевіч: «Нашы валанцёры знаходзяць дзіўныя артэфакты: старадаўнія манеты, элементы посуду, старажытных вадаправодаў. Не абыходзіцца і без знаходжання элементаў чалавечых парэшткаў». Асаблівым гонарам для добраахвотнікаў у свой час было знаходжанне фамільнага герба Радзівілаў. Вядома ж, у падобных праектах людзей прыцягвае тое, што яны будуць трымаць у руках экспанат яшчэ да таго, калі ён будзе апісаны і перададзены ў музей.
Пра магчымасці ў справе валанцёрскай працы прысутным распавяла каардынатар мясцовых праектаў Рэспубліканскай маладзёжнай грамадскай арганізацыі «Ліга добраахвотнай працы моладзі» Вольга Краўчанка: «Мы дапамагаем лю-дзям перамагчы свае стэрэатыпы, пазнаёміцца з новымі людзьмі, спазнаць сябе, раскрыць таленты ў сабе і тых, хто побач». Арганізацыя запрашае ўдзельнічаць у трэнінгах, семінарах, праходзіць практыкі за мяжой, якія могуць інтэгравацца ў беларускую супольнасць. Асабліва цікавай маладым людзям здалася прапанова паехаць у міжнародныя валанцёрскія лагеры. Там можна атрымаць вопыт у рэстаўрацыйных або археалагічных праектах, папрацаваць з дзецьмі, у тым ліку і з інваліднасцю, а таксама паўдзельнічаць у падрыхтоўцы пляцовак для правядзення фестываляў.
Вялікай папулярнасцю ў добраахвотнікаў карыстаецца студэнцкі валанцёрскі атрад «Рэспубліка». Маладым людзям даецца магчымасць паспрабаваць сябе ў якасці важатых. Спецыялісты арганізацыі праводзяць трэнінгавы курс і майстар-класы на тэму таго, як выбудоўваць адносіны з дзецьмі. Гэта дазваляе зрабіць узаемадзеянне больш плённым. Ёсць і міжнародныя доўгатэрміновыя праекты ад двух месяцаў да аднаго года. У іх можна паўдзельнічаць праз «Еўрапейскую валанцёрскую службу». Гэта ўнікальная магчымасць для кожнага чалавека адкрыць у сабе нешта новае, даведацца, чым можна займацца ў будучым, праз свой асабісты вопыт, выбраць уласны шлях.
Па ўсім відаць, маладым людзям спадабалася сустрэча. Пра гэта сведчыць вялікая колькасць пытанняў да спецыялістаў арганізацый. Многіх засмуціла тое, што ў большасці праектаў могуць браць удзел толькі паўналетнія. Праектаў для малодшай аўдыторыі значна менш. Аднак яны ёсць.
Ва ўсіх цывілізаваных краінах валанцёрскую працу лічаць неад’емнай часткай жыцця любога грамадзяніна. Калі ты ў сілах – ты дапамагаеш грамадству. Гэта канцэпцыя сацыяльнай адказнасці кожнага чалавека. Валанцёрскія праекты – гэта велізарнае поле для творчасці. Калі вы знаходзіцеся ў пошуку шляхоў самавыяўлення, паспрабуйце быць валанцёрам. Бо гэта магчымасць пазнаёміцца з людзьмі з іншага асяроддзя. Магчымасць паглядзець на свет іншымі вачыма. Для кагосьці – гэта патрэбнасць душы, для іншых – немагчымасць прайсці міма чужога гора, трэція бачаць у гэтым сваю місію ў жыцці.
Некаторыя становяцца дабрачынцамі з-за жадання быць заўсёды ў цэнтры падзей грамадскага жыцця. Нехта хоча знайсці новых сяброў або павандраваць. Валанцёрства – заўсёды новы вопыт і практыка, магчымасць атрымаць веды і навыкі ў камандзе аднадумцаў. І безумоўна, валанцёр – чалавек, які дапамае іншым, знаходзіцца ў пастаянным пошуку: новых ідэй, новых праектаў і новых сустрэч. Чаму? Таму што гэта чалавек будучыні.
Вольга Неўмяржыцкая
Фота аўтара
Комментарии
Авторизуйтесь для комментирования
С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.