У мінулым годзе ў Беларусі выяўлена звыш 49 тысяч выпадкаў захворвання на рак

Рубрики: Новости.

Сусветны дзень барацьбы з анкалогіяй адзначаецца ў розных краінах 4 лютага. Дату абвясціў у 2005 годзе Міжнародны саюз барацьбы супраць раку для таго, каб прыцягнуць увагу да праблемы. Напярэдадні, 2 лютага, у Нацыянальным прэс-цэнтры адбылася канферэнцыя, удзел у якой прынялі вядомыя людзі ў сферы медыцыны.

Международный день борьбы с раком, врачи против онкологии, Национальный пресс-центр, Павел Моисеев, Александр Жуковец, Сергей Красный, есть ли шанс излечиться от ракаНе сакрэт, што рак з’яўляецца адной з вядучых прычын смерці ва ўсім свеце, і Беларусь не выключэнне. У гэтым годзе Сусветны дзень барацьбы супраць анкалогіі праходзіў пад лозунгам «Мы можам. Я магу». Асноўная мэта – павышэнне дасведчанасці лю-дзей аб гэтым захворванні як аб адным з самых грозных у наш час. Увага грамадскасці, прэсы да пытання злаякасных новаўтварэнняў не можа быць лішняй. Існаванне такога дня пацвярджае, што праблема актуальная і пашыраная. У глабальным маштабе больш за 14 млн чалавек у свеце штогод захворваюць на рак. Лічба сама па сабе каласальная. У мінулым годзе ў нашай краіне выяўлена звыш 49 тысяч выпадкаў. На прычынах узнікнення захворвання завастрыў сваю ўвагу загадчык аддзела арганізацыі супрацьракавай барацьбы РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі ім. Аляксандрава Павел Маісееў:

– Перш за ўсё, гэта ўзрост. Чым старэйшы чалавек, тым вышэй рызыка захварэць. Сюды ж можна аднесці лад жыцця. Напрыклад, шмат выпадкаў узнікнення раку лёгкіх наўпрост звязаныя з курэннем. Зноў жа, спадчыннасць.

Лекар таксама адзначыў, што ў пацыентаў, на жаль, не заўсёды ў пашане фізічная актыўнасць і правільнае харчаванне. Затое квітнеюць шкодныя звычкі, у першую чаргу курэнне. Аднак адчайвацца не варта, бо шмат што залежыць ад імкненняў самога чалавека. У прыярытэце павінен быць здаровы лад жыцця: адмова ад шкодных звычак, фізічная актыўнасць, беражлівыя адносіны да свайго здароўя.

Меркаванне калегі падзяліў загадчык кафедры анкалогіі Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі Аляксандр Жукавец:

– Што мы можам рэальна зрабіць? У першую чаргу адмовіцца ад курэння. Выпадкаў раку гартані стане менш на 60 %. Па-другое, звярнуць увагу на харчаванне і сваю вагу. Няправільнае харчаванне і залішняя маса цела часта прыводзяць да развіцця раку розных лакалізацый: цела маткі – у 30-50 % выпадкаў, ныркі – да 25 %, страўніка і стрававода – у 25-35 %. Вядома, гэта ўсяго толькі сухая статыстыка, але калі паглядзець на праблему рэальна, відавочна, што без прыняцця своечасовых і якасных мер не абысціся. І для таго каб у будучыні не заплаціць за ўласную халатнасць здароўем, варта звярнуцца да прафілактыкі. Нейкіх адмысловых супрацьракавых дыет альбо дадаткаў няма. Метады прафілактыкі анкалагічных захворванняў практычна тыя ж, што і іншых хвароб. Паводле даследаванняў, толькі змяніўшы лад жыцця чалавека, можна на 40 % знізіць агульнае захворванне злаякаснымі новаўтварэннямі. Яшчэ прыкладна на 20 % зменшыцца колькасць выпадкаў, калі своечасова лячыць шэраг інфекцыйных захворванняў, – адзначыў Аляксандр Жукавец.

У выніку галоўная задача ўсіх прафілактычных мер – папярэджанне развіцця злаякасных пухлін. Але не заўсёды атрымліваецца своечасова выявіць і абясшкодзіць «ворага», бо не ўсе выпадкі хваробы на рак можна прадухіліць. Калі стан пагаршаецца, вельмі важна выявіць праблему як мага раней.

– Пры першай і другой стадыі захворвання выздараўленне наступае ў сярэднім у 80 % выпадкаў, а пры некаторых лакалізацыях – у 100 %. Пры трэцяй стадыі паказчык пяцігадовай выжывальнасці складае 50 %. Гэта значыць, што кожны другі пацыент памірае на працягу пяці гадоў. Пры чацвёртай стадыі часцяком гаворка ідзе пра падаўжэнне жыцця і палягчэнне пакут, – папярэдзіў намеснік дырэктара па навуковай рабоце РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя. Аляксандрава Сяргей Красны.

Як стала вядома, яшчэ ў 2016 годзе з мэтай ранняга выяўлення злаякасных захворванняў у Беларусі ўкаранілі некалькі скрынінгавых праграм: скрынінг раку прадсталёвай і малочнай залоз, шыйкі маткі, тоўстай кішкі. Па статыстычнай інфармацыі, у рэспубліцы 40 % мужчын ахоплены скрынінгам раку прадсталёвай залозы, каля 20 % жанчын – скрынінгам раку малочнай залозы. Менш за ўсё людзей ахоплена скрынінгам раку тоўстай кішкі – усяго 2,5 % хворых. І прычына гэтага крыецца ў перадузятым стаўленні насельніцтва да падобных даследаванняў. Разам з тым рак тоўстай кішкі вельмі небяспечны, бо дае метастазы і дрэнна лечыцца.

Пра будучыню ў сферы выяўлення і лячэння злаякасных захворванняў спецыялісты кажуць аптымістычна. Са слоў Сяргея Краснага, плануецца выкананне двух навуковых даследаванняў, якія тычацца скрынінга раку страўніка і раку лёгкіх.

– Мяркуецца, што скрынінгам з нагоды хваробы лёгкіх будуць ахоплены тыя, хто курыць не менш за 15 гадоў: мужчыны ва ўзросце 50 гадоў і старэйшыя, бо гэта самая выяўленая катэгорыя рызыкі. З часам будзем далучаць і маладзейшых. Рак лёгкіх – агрэсіўнае захворванне, на ранніх стадыях можа прагрэсаваць і пускаць метастазы. Даследаваць пацыентаў будуць з дапамогай нізкадознай кампутарнай тамаграфіі. Але дарагое абсталяванне пакуль ёсць не паўсюль. Іншыя метады дыягностыкі не прадэманстравалі сваю эфектыўнасць, – адзначыў доктар. Скрынінгавыя праграмы, накіраваныя на абследаванне людзей, якія ўваходзяць у групу рызыкі, найбольш эфектыўныя ў выяўленні хваробы на ранніх стадыях, калі няма відавочных сімптомаў і ёсць высокія шанцы вылечыцца. Што ж, наперадзе галоўнае – скрупулёзная даследчая праца, якая наглядна прадэманструе эфектыўнасць падобных даследаванняў і мэтазгоднасць іх укаранення ў практыку.

Вольга НЕЎМЯРЖЫЦКАЯ

Фота аўтара

Комментарии

Авторизуйтесь для комментирования

К сожалению, мы обязаны идентифицировать Вас, чтобы разрешить публиковать отзыв.

С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, свяжитесь с нами, и мы зарегистируем для вас персональный аккаунт на нашем сайте.