Цуд, які Бог здзяйсняе нашымі рукамі

Рубрики: Новости, Проекты.

айцец Віктар Перагудаў, протоиерей отец Виктор Перегудов, премия За духовное возрождение, храм преподобной Евфросинии Полоцкой в Ивенце, Ивенецкий дом-интернат для детей-инвалидов, пленэр Святость земли белорусской, летник для детей-инвалидов в доме милосердия Виктория, Глеб Отчик, святая Валентина Минская, обретение мощей Валентины Минской, Янка Запрудник, сопровождаемое проживание для инвалидов, Рогер Свидерски, Екатерина Рудакова
Фота Юліі ЛАЎРАНКОВАЙ

«У хрысціянстве як: за тое, што ты робіш, атрымліваеш па шыі – тады ты на правільным шляху. У Бога плата павінна быць, дзве платы не бывае», – і казаў гэта а. Віктар як выбачаючыся. Але ў гэты аўторак протаіерэю Віктару Перагудаву давялося ўзысці на сцэну Палаца Рэспублікі і атрымаць з рук Прэзідэнта краіны высокую дзяржаўную прэмію. Прэмію «За духоўнае адраджэнне». Кожны год ёю адзначаюць царкоўнага чалавека, кожны год – кагосьці, хто працуе з тэмай інваліднасці. Сёлета – праваслаўны святар храма прападобнай Ефрасінні Полацкай і кіраўнік аддзела па царкоўнай дабрачыннасці і сацыяльным служэнні Маладзечанскай епархіі, які працуе, пэўна, у самым каталіцкім мястэчку Беларусі – у Івянцы, апякуе дом-інтэрнат для дзяцей з інваліднасцю, размаўляе па-беларуску і збірае мастацкую галерэю проста ў храме. Ці налічыш тут шмат супадзенняў? Мы сустрэліся за колькі дзён да ўручэння прэміі: а. Віктар казаў пра ідэі, якія могуць аб’яднаць грамадства, разгараўся, як полымя, калі распавядаў пра свае сацыялізуючыя праекты, і ўнікаў расказваць пра сябе.

Духоўнасць праз сацыяльнае служэнне

Спярша гэта былі чужыя дзеці. На жаль, яшчэ сёння ёсць тыя прыходы, дзе дзеці-інваліды чужыя. З Івянецкім домам-інтэрнатам для дзяцей з асаблівасцямі фізічнага развіцця супрацоўнічаем стала ўжо 15 гадоў. Мы для працы з такімі дзеткамі пабудавалі прыходскі дом міласэрнасці. Былі памылкі нейкія, як заўсёды бывае ў любой справе, цяпер, здаецца, знайшлі вельмі добрыя стасункі з адміністрацыяй дома-інтэрната. Аднойчы, калі ты такому дзіцяці дапамог, яно уваходзіць у тваё жыццё, становіцца блізкім і родным. Калі свет чарсцвее, Гасподзь пасылае такіх дзетак. Сапраўды, яны дапамагаюць нам быць людзьмі. Служэнне ім прыносіць радасць, нас усіх яднае ў сям’ю хрысціянскую.

Стэрэатып быў, што гэтых дзецяй нельга навучыць, і малітва для іх непасільная. Дзяржава корміць, апранае, лечыць, як можа, але малітве іх там ніхто не навучыць. Акрамя нас. Не навучыць, што рабіць, калі ў цябе цяжкія хвілінкі. Таму што закончыцца ўзорны дзіцячы дом-інтэрнат, і іх накіруюць у розныя дамы састарэлых, інвалідаў, дзе не будзе такой апекі, добра, хтосьці пойдзе далей вучыцца, хтосьці атрымае кватэру па праграме дзяржаўнай. Даць ім першы духоўны вопыт – вось наша задача. У іх надзвычай неабмежаваныя магчымасці ў малітве. Мы абстаўляем заўсёды сваю малітву нейкімі умовамі, ускладняем: а калі ты, Божа, мне дапаможаш… У іх малітва простая, прамая і вельмі шчырая. Я кожны раз, калі мне цяжка, прашу іх памаліцца. І вельмі дзейсная іх малітва. Усе зразумелі, цяпер мне тэлефануюць: бацюшка, папрасіце, каб дзеці памаліліся.

Сацыялізацыя, справа першая

Аднойчы дзеці з інтэрната прыехалі да мяне дахаты, і матушка села бульбу чысціць. «А што вы робіце?» – пытаюць. Я прынёс дровы печ паліць – «А нашто дровы?» Божа мой, як жа яны не ведаюць такіх элементарных рэчаў?! На кожныя вакацыі, на святы мы бярэм дзетак да сябе. Пабыць у сямейнай абстаноўцы, за агульным сталом, навучыцца казаць «дзякуй», мець стасункі са сваімі здаровымі сябрамі з сярэдняй школы.

Мы ўсе праходзілі ў дзяцінстве піянерскія лагеры, і я таксама: новыя знаёмствы, святы, вогнішча. Мы хацелі і нашым дзецям такой вандроўкі ў лета. Кожны летнік у доме міласэрнасці «Вікторыя» ў вёсцы Пральнікі яны збіраюць ягады – першы раз убачылі ў нашым доме, як ягады растуць, грыбы збіраюць, потым варым разам. У рэчцы купаюцца. Знаёмяцца са знакамітымі людзьмі: з мастакамі, з артыстамі. Прыбіраюць за сабой і мыюць посуд, сена сушаць, дровы носяць пасільна: ён на інвалідным вазку, дадзім яму паленца – вязе. Гэта ўсё сацыялізацыя.

айцец Віктар Перагудаў, протоиерей отец Виктор Перегудов, премия За духовное возрождение, храм преподобной Евфросинии Полоцкой в Ивенце, Ивенецкий дом-интернат для детей-инвалидов, пленэр Святость земли белорусской, летник для детей-инвалидов в доме милосердия Виктория, Глеб Отчик, святая Валентина Минская, обретение мощей Валентины Минской, Янка Запрудник, сопровождаемое проживание для инвалидов, Рогер Свидерски, Екатерина РудаковаСама мясцоваць дома міласэрнасці маляўнічая. Станоўчыя эмоцыі дапамагаюць ім раскрыцца. І там яны жывуць царкоўным жыццём: раніцай і ўвечары малітва, прычашчаюцца, малебны служым. Яны і спяваюць. Дзеткі надзвычай сябе прыстойна паводзяць у царкве. У адрозненні ад іх равеснікаў, якія сёння ў царкве не даюць маліцца, бабулю піхаюць: пайшлі хутчэй. Гледзячы на нашых спакойных дзяцей, усе навучаюцца смірэнню.

Гэта ўжо трэці летнік будзе. Першы мы праводзілі саматужна, усяго на 10 дзён. Прымаем звычайна 8 дзетак з сямей. Я думаў, што нейкія грамадскія арганізацыі дзетак з ментальнай інваліднасцю, якія ў сем’ях гадуюцца, акармляюць. Мяне вельмі ўразіла мінулы год размова з адной матуляй: іх з ёлкі навагодняй да Ракава давезлі, а да Івянца дабірайцеся як хочаце. Каб яны не былі пакінутымі, возьмем іх да сябе. І гэты Кірыл, у якога ДЦП, на летніку раскрыўся. Кажа, дома быў – баяўся выязджаць на вуліцу. На жаль, забытыя часам гэтыя дзеці. А пасля 18-ці дык наогул. І Кірыл задае мне пытанне: а. Віктар, што будзе потым, калі маці адыдзе? Мы павінны папрацаваць, каб было ў яго потым.

І бярэм з дома-інтэрната – 10 чалавек кожны заезд. Валанцёры – моладзь брацтва ў гонар прападобнай Ефрасінні Полацкай, мае супрацоўнікі царкоўныя, прыхажане. Як правіла, гэта адны і тыя ж актыўныя жанчыны. Ёсць такія дзеткі, якія не могуць самі сябе абслужыць, не могуць нават есці самі. Але яны самае важнае маюць – умеюць любіць. Канечне, подзвіг – тое, што робяць вернікі. Але сацыяльная справа царквы – не дзясятая, а першая, таму што вера без спраў мёртвая. І Гасподзь нам так і кажа: тое, што ты зрабіў бліжняму, тое ты зрабіў Мне.

Мары сённяшнія і справы заўтрашнія

айцец Віктар Перагудаў, протоиерей отец Виктор Перегудов, премия За духовное возрождение, храм преподобной Евфросинии Полоцкой в Ивенце, Ивенецкий дом-интернат для детей-инвалидов, пленэр Святость земли белорусской, летник для детей-инвалидов в доме милосердия Виктория, Глеб Отчик, святая Валентина Минская, обретение мощей Валентины Минской, Янка Запрудник, сопровождаемое проживание для инвалидов, Рогер Свидерски, Екатерина РудаковаМы маем коніка, займаемся нават карэкцыяй здароўя фізічнага. У мяне ў планах каністэрапія – калі сабакі выкарыстоўваюцца для тэрапіі. Ну, пра гэта мару ўжо два гады: сабака каштуе тысячу даляраў – кшталту хаскі, якога можна пацягнуць за хвост, за вуха. Я бачу на прыкладзе нашага Тапаза, дзеці завуць скарочана Топа – маленькі шатландскі конь. У іх адно пытанне звечнае: як там Топа? Я яму перадаю прывітанні і сухарыкі. А Топа катае іх, і сапраўды ўсе заўважылі, што дзеткі пачынаюць лепш сябе адчуваць.

Хацеў бы дзетак навучыць беларускаму фальклору. Яны вельмі таленавітыя: спяваюць, танцуюць. І вельмі камунікабельныя. Гэта нашыя, хатнія, дзеткі часам замкнутыя і ў гаджаты ўнураныя. Тэатральную студыю мару зладзіць.

Марым мы, канечне, пабудаваць яшчэ домік. Наша «Вікторыя» не зусім прыстасаваная. Пандус мы ўжо зрабілі новы, раней быў круты вельмі. Але ўсё роўна высокія падмуркі, ганкі. Сёння на кожнага трэба валанцёр, а гэта тады не 15, а 30 чалавек, а ўсё ж на ахвяраванні. 10 гадоў таму падмурак залілі, я яго закансерваваў і чакаю, калі знойдзецца такі дабрачынца, які скажа: давайце пабудуем дом, дзе не будзе ніякіх перашкод.

І, канечне, самае запаветнае – арганізаваць суправаджальнае пражыванне. Гэта вялікія сродкі, але гэта тое, што дае магчымасць інвалідам не быць замкнёнымі ў пакойчыках інтэрнатаў. І я хацеў бы пабудаваць паселішча, дзе юнакі будуць мець суправаджэнне, будуць самі працаваць, вацаркаўляцца. Два гады была толькі мара, але я ўжо пішу нейкія нататкі сабе, будую планы ў галаве ці нават езджу мясцовасць выбіраю. Калі быў у Швецыі, там вопыт падгледзеў.

Шведскія вакацыі

Сёлета будзе 20 гадоў, як мы ездзім у Швецыю. Адна наша суайчынніца, дачка святара праваслаўнага з Докшыц, мела добрыя стасункі з грамадскай асацыяцыяй у Швецыі «Дапамога дзецям Чарнобыля», яны бяруць нашых дзетак праз год да сябе. Я ўпершыню там убачыў у людзях хрысціянства як неабходнасць служыць бліжняму. Такая любоў была да нашых дзетак! І я кожны раз, як туды еду, бяру з сабой выхавацеляў нашых, настаўнікаў: глядзіце.

Канечне, мы не можам узяць дзетак на вазках, затое бярэм дзяцей з крызісных, праблемных, бедных сем’яў. Яны пабачаць, што можна весяліцца без алкаголю, што жыць трэба з малітвай. Канечне, яны дзікія, калючыя – там аттайваюць. І я рады, што тыя дзеткі, якія былі з праблемных сем’яў, сёння ўжо едуць з намі выхавацелямі, атрымалі добрую адукацыю.

Трэці пленэр і святая, якая можа аб’яднаць беларусаў

Мары нашы здзейсніліся, трэці пленэр «Святасць зямлі беларускай» прысвячаем святой Валянціне Мінскай. Прычым заўсёды стаіць пытанне, за якія сродкі праводзіць. На гэты год я не шукаў – прыехаў чалавек сам: а. Віктар, мы атрымалі такую дапамогу ад Валянціны Мінскай, што мы павінны хоць трошку быць удзячнымі. Але наш мецэнат хацеў бы, каб мастакі мелі больш сур’ёзны падыход. Так, мастакі на пленэры таксама трошкі вырываюцца на свабоду. Каб яны прадуктыўна папрацавалі, каб былі не проста эцюды часам, а завершаныя працы. У другі раз адпаведна нашай акцыі «Мастакі – дзецям лета» дзве трэці пленэрных карцін будуць прададзеныя, каб наш летнік у «Вікторыі» адбыўся, і мы можам ужо прыняць дзетак дзён на 25. Я вельмі ўдзячны Саюзу мастакоў за такое шчыльнае супрацоўніцтва. І для мастакоў вельмі карысна – яны сябе вацаркаўляюць, а дзецям ёсць на каго раўняцца.

Распачнем 29 мая у Дзяржынскім раёне, у вёсцы Станькава, у царкве, дзе была ахрышчана святая Валянціна Мінская. Наведаем Івянецкі дом-інтэрнат – таксама ўжо традыцыя. Стараюся кожнага мастака з кім-небудзь з дзяцей асабіста пазнаёміць, каб завязаліся стасункі, якія будуць мець працяг.

З беларусаў будзе Глеб Отчык, намеснік старшыні Беларускага саюза мастакоў і галоўны арганізатар пленэру, Ганна Конанава, Ігар Гардзіёнак, з Украіны Кацярына Рудакова, маю намер з Грузіі запрасіць, Румыніі і Расіі. Наведаем магілку Валянціны Мінскай, пазнаёмімся з жыццяпісам. Беларускія святыя адрозніваюцца ад іншых: яны спалучалі уласнае выратаванне са служэннем грамадскім. На прыкладзе прападобнай Ефрасінні: наша апякунка нябесная не толькі малілася ў келлі, але і была мецэнатам, дапамагала бедным. У нас заўсёды ёсць з каго браць прыклад.

Уся царква зараз рыхтуецца да вялікай урачыстасці, якую яшчэ не ўсе разумеюць – аднойдзенне машчэй святой Валянціны Мінскай. Цяпер яна ўшаноўваецца ў Мінскім раёне, у епархіі, у беларускай праваслаўнай царкве. Калі мы падымем мошчы, гэта будзе агульнацаркоўнае пакланенне. Пакуль сёння яшчэ нехта кажа: трэба, каб яна была ў зямельцы. Мы ведаем, як наш народ ушаноўвае мошчы – чарга бясконцая. Гэта можа аб’яднаць наша грамадства! Людзі, якія ездзяць на магілку, мне расказваюць такія цуды.

І мастацкая галерэя ў храме
айцец Віктар Перагудаў, протоиерей отец Виктор Перегудов, премия За духовное возрождение, храм преподобной Евфросинии Полоцкой в Ивенце, Ивенецкий дом-интернат для детей-инвалидов, пленэр Святость земли белорусской, летник для детей-инвалидов в доме милосердия Виктория, Глеб Отчик, святая Валентина Минская, обретение мощей Валентины Минской, Янка Запрудник, сопровождаемое проживание для инвалидов, Рогер Свидерски, Екатерина Рудакова
На вернісажы ў Мінску, а справа – любімы «Сонечны дзень» Кацярыны Рудаковай. Фота Юліі ЛАЎРАНКОВАЙ.

Ужо два гады як мы маем пры храме прападобнай Ефрасінні сваю мастацкую галерэю. Сёння там знаходзіцца 30 карцін. Лепшую працу з кожнага пленэру мастак дорыць галерэі. Гэта была ідэя для выхавання моладзі. Мастацтва фарміруе душы, праз прыгожы свет дапамагае пазнаць Творцу гэтага свету. Вось на карціне яны бачаць зруйнаваную царкву і на яе месцы новую – у іх ужо рукі не падымуцца руйнаваць святыню.

Любімая? Напэўна, «Сонечны дзень» Каці Рудаковай: царква, дзеці, іх сонечныя твары. Каця Рудакова ўсіх дзетак намалявала, што былі ў доме міласэрнасці, мы пакінулі ў сябе гэтыя партрэты, каб усе госці бачылі.

З часцінкай душы Вялікага Творцы

Кожную весну я адкрываю эцюднік, перабіраю фарбы, рыхтую палатно, а потым і лета праходзіць, вось восень, я выйду на эцюды – ізноў нехта патэлефанаваў, камусьці цяжка. Маё мастацтва пачакае. Так, можа, такі піетэт да мастакоў, цікавасць да пленэраў, таму што сам па адукацыі мастак.

Школа звычайная савецкая, гурток малявання, ізастудыя, потым армія, а там ужо мастаком, потым мастацкая вучэльня ў Сыктыўкары. Дзесьці 15 гадоў быў у мастацтве. Я рэаліст, бо выхаваны ў сістэме савецкага рэалістычнага жывапісу. Ёсць працы, прысвечаныя Францыску Скарыну, Кастусю Каліноўскаму, ёсць праца «Спадчына», дзе адлюстраваныя знакавыя для Беларусі і для мяне месцы: Навагрудак, Вільня, Валожын, у якім я нарадзіўся.

Дочкі мае – таксама творчыя асобы: беларускі філолаг і дызайнер. Зяць – намеснік старшыні Саюза беларускіх пісьменнікоў, а галоўнае, піша добрыя вершы. Дома размаўляем па-беларуску, зяць асабліва за гэтым сочыць. Беларуская культура пануе, беларуская кухня – наша матушка гадавалася на хутары заходнебеларускім, дзе гэтыя традыцыі захоўваліся. Калі зробіць квас на Вялікдзень, гэты квас увесь Ракаў ходзіць піць.

Любоў да народа непадзельная з любоўю да царквы. У мяне так атрымалася. Шлях да святарства? Шлях цяжкіх жыццёвых выпрабаванняў. І сардэчных перажыванняў. Шлях да Бога вельмі цяжкі.

Быць святаром у каталіцкім Івянцы
айцец Віктар Перагудаў, протоиерей отец Виктор Перегудов, премия За духовное возрождение, храм преподобной Евфросинии Полоцкой в Ивенце, Ивенецкий дом-интернат для детей-инвалидов, пленэр Святость земли белорусской, летник для детей-инвалидов в доме милосердия Виктория, Глеб Отчик, святая Валентина Минская, обретение мощей Валентины Минской, Янка Запрудник, сопровождаемое проживание для инвалидов, Рогер Свидерски, Екатерина Рудакова
Храм прападобнай Ефрасінні Полацкай у Івянцы.

Так, у Івянцы два касцёлы і каталіцкі манастыр. Ведаеце, хто першы дапамог мне ў 93-м годзе, калі я, малады святар тады, быў назначаны ў Івянец? Прыехаў ксёндз старэнькі, Рогер Свідэрскі, прывёз канверцік і ліст: наша парафія ў святочны гэты дзень сабрала сродкі на будаўніцтва царквы Св. Ефрасінні ў Івянцы. Так мы пазнаёміліся, ён стаў сябрам нашай сям’і.

Часта мы будуем царкву каменную, але не будуем царкву ў душы чалавека. Прыход павінен быць сям’ёй, якая суперажывае, супрацоўвае. Мне пашанцавала. Канечне, калі ты сам не капаеш, з табой капаць ніхто не будзе. Увогуле, калі я прыехаў з намерам пабудаваць царкву на месцы былога храма, пайшлі чуткі па Івянцу: бацюшка неадэкватны. Тут жа плошча! Адбыўся цуд, мы атрымалі месца менавіта тут, фактычна на падмурку былой царквы. Я прыязджаў, калі мае дзеці ўжо спалі, і з’язджаў будаваць з усімі, калі яшчэ спалі. Канечне, ім мяне не хапала. Гонар матушкі, яна ім прывіла любоў да царквы, яны вельмі актыўныя вернікі.

Між іншым, крыптавы, ніжні, храм нашай царквы асвечаны ў імя святога Міны, епіскапа Полацкага – адзіны ў Беларусі. А яшчэ маем намер аднавіць царкву-ратонду ў Пральніках – радавую пахавальніцу памешчыкаў Ратынскіх. Усяго адзін з двух такіх будынкаў у Беларусі! Увесну ўжо пачынаецца праца.

айцец Віктар Перагудаў, протоиерей отец Виктор Перегудов, премия За духовное возрождение, храм преподобной Евфросинии Полоцкой в Ивенце, Ивенецкий дом-интернат для детей-инвалидов, пленэр Святость земли белорусской, летник для детей-инвалидов в доме милосердия Виктория, Глеб Отчик, святая Валентина Минская, обретение мощей Валентины Минской, Янка Запрудник, сопровождаемое проживание для инвалидов, Рогер Свидерски, Екатерина РудаковаРуцінны дзень святара ў Івянцы? Заўсёды раніцай малітва. У доме міласэрнасці ёсць келля, дзе я магу схавацца, сабрацца з думкамі. Потым еду ў Івянец (жывем мы з сям’ёй у Ракаве). Акрамя службы, кагосьці трэба прычасціць, хтосьці без памперсаў застаўся, хтосьці вызваліўся з турмы, не мае адзежы, хтосьці з тых, каму ўчора дапамог, залез да мяне ў кабінет. Але калі ён прыходзіць, я яму зноў дапамагаю. Бо мы хрысціяне. У чалавека на ўзроўні інстынкту: царква – тое месца, дзе яму не адмовяць. А людзі дапамагаюць мне, калі бачаць, што мы дапамагаем. На прыкладзе адной акцыі. Я папрасіў перад Калядамі паставіць пакеты ўздоўж сцяны ў царкве, а пасля службы прапанаваў: кожны можа там пакінуць цукерачку для дзетак, адна ўмова – каб ніхто не бачыў. Справы міласэрныя лёгка робяцца.

Сярод руціны цуды

Штодня. Наогул будаўніцтва любой царквы – гэта цуд, які Гасподзь здзяйсняе нашымі рукамі. Я прыйшоў на прыход – нічога не было: ні доміка, ні стала – мы першую літургію служылі на нейкай табурэтачцы. І цуд – дзеці, якія былі далёка ад царквы, а цяпер у царкве. Бывае, мы праводзім дзяцей з інваліднасцю у жыццё вечнае ў 16, у 14 гадоў, гэта трагедыя, для мяне ўласна. Маша такая была. Мы да сябе забіралі дзяцей узімку, у 2006-м, яе прывязлі з бальніцы на карэце хуткай дапамогі. У яе была ўсмешка анёла. І гэтая ўсмешка-цуд так запала мне ў сэрца на ўсё жыццё, я зразумеў, дзе я павінен быць. Яна худзенькая, толькі костачкі, белая. Яна жыла ў нас у сям’і нейкі час, мы прывыклі да яе. Я кожны раз яе браў на «Вікторыю», разумеў, што яна скора адыдзе. Я тады ў дзённіку сваім напісаў: Маша дапамагала мне, а я дапамог ёй адкрыць дзверы вечнасці. Я змог ёй прывіць гэтую любоў, духоўную моц, гэта цуд. І Маша мне дапамагае надалей.

Мы стараемся дзеткам з інтэрната знайсці апекуноў. Калі дзіця трапляе ў дзіцячы дом-інтэрнат, яно не хрышчонае – мы шукаем хросніка, які і надалей будзе дапамагаць. Вось Радзівон, вельмі цікавы хлопчык, ён не можа гаварыць амаль, але кожны раз, як я прыязджаю, пытаецца: дзе папа? А папа турбуецца, прывозіць падарункі. І потым, калі Радзівон захварэў, ляжаў у шпіталі, папа прыязджаў, размаўляў з доктарам.

Ёсць людзі, якія едуць штодня, прывозяць памперсы, цукеркі, дровы для дома міласэрнасці. Моладзь прыязджае, залатая моладзь. Забяспечаная, на крутых машынах, вельмі прыгожа апранутая, але бабкамі вадзілася ў царкву. Беларуская дыяспара падтрымлівае. Нават Янка Запруднік атрымаў у нас ордзен Кірылы Тураўскага за дапамогу ў будаўніцтве храма ў Івянцы. Гляжу на сваіх памочніц – самаахвярныя. Кожны дзень летніку Алена Юр’еўна да ночы ў доме міласэрнасці, а ў яе муж, дзеці, гаспадарка.

У нас вельмі добрае грамадства, людзі міласэрныя, шчырыя, сардэчныя і гатовы дапамагчы, калі бачаць канкрэтную справу. Мне сорамна быць горшым за іх.

Гутарыла Юлія ЛАЎРАНКОВА

Фота аўтара і з архіва а. Віктара Перагудава

Комментарии

Авторизуйтесь для комментирования

К сожалению, мы обязаны идентифицировать Вас, чтобы разрешить публиковать отзыв.

С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, свяжитесь с нами, и мы зарегистируем для вас персональный аккаунт на нашем сайте.