Збіраюцца пленэрыць мастакі

Рубрики: Новости, Проекты.

Беларусі саюз мастакоў, Белорусский союз художников, Глеб Отчик, благотворительный пленэр, отец Виктор Перегудов, Анастасия Полозова, Фердинанд Рушчиц, Ивенецкий дом-интернат для детей-инвалидов
Дзеці Івянецкага інтэрната набіраюцца сіл у Доме міласэрнасці.

Вас што натхняе на добрыя справы? Вось сяброў Беларускага саюза мастакоў натхніла івянецкая прырода і лісты дзяцей з дома-інтэрната. У гэтым маі 13 мастакоў з Беларусі, Расіі, Украіны і Чэхіі правядуць тыдзень на прыродзе, не толькі каб пэндзалем занатаваць свае ўражанні, але і грашыма ад продажу карцін падтрымаць Івянецкі дом-інтэрнат.

– Кожны мастак пад час нашага пленэру, прысвечанага юбілею кнігадрукавання і ролі хрысціянства ў гісторыі беларускай кнігі, напіша па тры працы, – распавядае першы намеснік старшыні Саюза мастакоў і ўдзельнік пленэру Глеб Отчык. – Адну карціну мастак дорыць у калекцыю івянецкага храма прападобнай Еўфрасінні Полацкай. А дзве працы мы выстаўляем на дабрачынны аўкцыён, грошы ад якога пойдуць на так неабходныя памперсы і іншыя сродкі гігіены для дзетак, але перш за ўсё на аздараўленне. У дзетак такія шчырыя эмоцыі ад паездак у Дом міласэрнасці да айца Віктара, такія жаласлівыя пісьмы. Калі я пачытаў гэтыя пісьмы, адчуў, што летнік – гэта для іх самыя лепшыя дні ў жыцці.

Беларусі саюз мастакоў, Белорусский союз художников, Глеб Отчик, благотворительный пленэр, отец Виктор Перегудов, Анастасия Полозова, Фердинанд Рушчиц, Ивенецкий дом-интернат для детей-инвалидовЛетнік, пра які расказвае Глеб Отчык, – гэта справа і служэнне айца Віктара Перагудава. Святар вядзе службы ў храме прападобнай Еўфрасінні Полацкай у Івянцы, узначальвае Дом міласэрнасці імя святой пакутніцы Вікторыі Эфескай у блізкай вёсцы Пральнікі і апякуе Івянецкі дом-інтэрнат для дзяцей з фізічнымі асаблівасцямі. Летнія месяц-два 10-12 выхаванцаў інтэрната адпачываюць у Доме міласэрнасці. А гэта сядзіба ля самага леса, свежае паветра, свая гародніна, купель, рачулка, іпатэрапія…

Пазнаёміліся год таму на першым, асветніцкім, міжнародным пленэры Беларускага саюза мастакоў «Святасць зямлі Беларускай», прысвечаным 900-годдзю з дня спачыну Полацкага епіскапа Міны.Беларусі саюз мастакоў, Белорусский союз художников, Глеб Отчик, благотворительный пленэр, отец Виктор Перегудов, Анастасия Полозова, Фердинанд Рушчиц, Ивенецкий дом-интернат для детей-инвалидов

– Былі мы ў гэтым годзе на канцэрце, айцец Віктар нас запрасіў, калі дзеткі з інтэрната спявалі. Вось сядзяць кандыдаты мастацтвазнаўства, умудроныя людзі, яны гэтыя дзве гадзінкі пасядзелі і зусім іншыя выйшлі. Адчулі такую шчырасць. Там адразу разумееш, што ёсць дабро, што зло, што праўда, што няпраўда. Сапраўды, можа, нейкія анёлы гэтых дзетак ахоўваюць…

У гэтым годзе пленэр пройдзе ў сядзібе ў вёсцы Замасцяны з 2 па 12 мая. Распачнуць добрую справу малебнам у Івянцы, які ўзначаліць епіскап Маладзечанскі і Стаўбцоўскі Павел. Запланаваныя экскурсіі па мясцінах беларускага жывапісца, графіка, сцэнографа к. ХІХ – п. ХХ стст. Фердынанда Рушчыца і да рамантычных руінаў Гальшан і Крэва. І, безумоўна, наведаюць сам інтэрнат, дзе выхаванцы ўжо рыхтуюць канцэрт. А ў Маладзечна мастакам ужо шыюць кашулі ў нацыянальным стылі, каб і праз вышыванкі яны адчулі «Святасць зямлі Беларускай».

У госці чакаем Настассю Полазаву, чыя персанальная выстава «З Пецярбурга з любоўю» да 22 красавіка ладзіцца ў Мінску ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў, не толькі жывапісца, але і рэстаўратара Кацярыну Раманаву з Расіі, жывапісца-манументаліста і дэкаратара Кацярыну Рудакову з Украіны, між іншым, ураджэнку Беларусі. Замацоўвае статус міжнароднага пленэру ўдзел чэшскага мастака Руслана Харэўскага. З беларусаў тварыць будуць прыхільнік простай і метафарычнай формы Васіль Зянько; сюррэаліст і правакатар Андрэй Пяткевіч; ілюстратар Ігар Гардзіёнак; пейзажыст, каларыст Ганна Конанава; Уладзімір Злянко са сваёй фантазійнай манерай; ілюстратар, графік Уладзімір Сытчанка і іншыя. Узялі абяцанне калегаў з Эстоніі і Літвы далучыцца наступным разам. Усё гэта прафесіяналы мастацтва, сябры саюзаў мастакоў сваіх краін.

Глеб Отчык таксама запрашае кожнага мастака прафесійнай суполкі далучыцца, прэзентаваўшы невялікую працу на дабрачынны аўкцыён. І абяцае, што будучы пленэр – толькі пачатак, спадзяецца праз мастацтва дапамагаць і іншым дзецям штогод.

Завершыць пленэр выстава ў Маладзечанскім палацы культуры, якая адкрыецца 11 мая. Туды ж запрашаем і калекцыянераў мастацкіх твораў. Тыя творы, што не знойдуць пакупніка ў рэгіёне, будуць выстаўлены на продаж у сталіцы. Дабрачынную справу падтрымалі таксама Беларускі саюз жанчын, Брацтва Віленскіх мучанікаў і праваслаўная Маладзечанская епархія. Адзначу, што ў фінансавым плане працэнтаў на 90 гэта падзея забяспечваецца спонсарамі.

А тым, хто сумняваецца, што за тыдзень сам-насам з прыродай можна напісаць сапраўдны, якасны твор, ідэолаг мастацкіх пленэраў, арганізатар міжнароднай мастацкай прасторы «Аrt-rain», у межах якой збірае лепшыя імёны мастацтва і зладзіў ужо пяць пленэраў, Глеб Отчык адказвае:

– Што на пленэры самае каштоўнае: ты пакідаеш усе свае жыццёвыя турботы, табе даюць гатовыя халсты – толькі працуй. Мы стараемся выцягнуць творцу з працы, з сям’і, каб ён успомніў, што ён мастак, а не толькі выкладчык, скажам. А тым больш ты ў іншае асяроддзе трапляеш, натхняешся ім. Быццам ачышчаецца чакра мастацкая, і ты пачынаеш развівацца.

Пленэр не толькі ніць яднання для мастакоў, але і ўдалы шлях звярнуць увагу людзей да мастацтва. Так, выстава па выніках пленэру мінулага года набыла сярод мясцовых жыхароў нечаканую цікавасць і павагу.

– Увогуле мяне займае зараз новая ідэалагічная канцэпцыя арт-турызму. Калі прыязджае турыст на 5 бязвізавых дзён, што ў нас можа паглядзець у краіне? Я прапаную рабіць стаўку на мастацтва. Ёсць чым ганарыцца, ёсць чым прэзентаваць сябе ў замежжы! – сугучна са словамі Глеба Отчыка і задума зрабіць дзень адчыненых дзвярэй у майстэрнях нашых мастакоў.

Нацыянальная адметнасць і творчая індывідуальнасць – ці не за гэтым мы самі вандруем па свеце?

Між іншым, Беларускі саюз мастакоў замахнуўся ў гэтым годзе на 5 міжнародных пленэраў: акрамя Івянца, дакладна гэта будуць у тым жа маі Гомельшчына і вераснёвы Полацк, што прымае сёлета Дзень беларускага пісьменства, верагодна, яшчэ Віцебск і Мінск.

Акрамя таго, Саюз мастакоў ладзіць іншыя асветніцкія і дабрачынныя праекты. Так, мастакі праводзяць лекцыі «Адкрытая кніга сусветнага мастацтва» кожную другую сераду месяца ў сталічным Палацы мастацтваў, сродкі ад продажу напісаных на пленэры карцін накіроўвалі на ўзвядзенне царквы ў межах праекта «Шлях да храма».

P.S. У Івянецкім доме-інтэрнаце для дзяцей з асаблівасцямі фізічнага развіцця жывуць 78 выхаванцаў, 9 з якіх сіроты, 44 засталіся без апекі бацькоў. 33 дзіцяці не могуць перасоўвацца самастойна.

Юлія ЛАЎРАНКОВА

Фота з архіва айца Віктара Перагудава

Комментарии

Авторизуйтесь для комментирования

К сожалению, мы обязаны идентифицировать Вас, чтобы разрешить публиковать отзыв.

С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, свяжитесь с нами, и мы зарегистируем для вас персональный аккаунт на нашем сайте.