Мар’іна Горка – Манхэтэн

Рубрики: Блоги, Новости.

Падзея, што здарылася на пачатку нулявых ці ў канцы 90-х, ніякага сусветнага значэння не мае. Яна, калі можна так сказаць, вузкаканфедэнцыяльная. Сустрэліся дзве сяброўкі. Адна – мая жонка, другая – Марына Б-н. Адна жыла і жыве ў Беларусі, другая на пачатку 90-х перабралася ў Амерыку, жыве ў Вялікім Яблыку, як называюць між сабою Нью-Ёрк амерыканцы. Абедзьве скончылі журфак, дзе і пасябравалі. Вось і ўся падзея. Так бы мовіць, дружба народаў у крыху экзатычным варыянце…

***

Так здарылася, што з Нью-Ёрка раптоўна прыехала маці Марыны, Таццяна Пятроўна. Яна запрасіла ў госці жонку, чым ваш пакорны слуга і скарыстаўся.

У часы маёй і яе маладосці сяброўку звалі даволі распаўсюджаным рускім прозвішчам. Як я зразумеў з расказаў жонкі, сяброўка цяпер і сяброўка пачатку 80-х – гэта два розныя чалавекі, і яны між сабою не знаёмыя. Адна назаўсёды засталася ў СССР, другая зараз жыве ў Нью-Ёрку, ЗША, Паўднёвы Манхэтэн.

Першая нарадзілася ў Мар’інай Горцы, расла без бацькі. Спадзявацца можна было толькі на сябе, што спрыяла выпрацоўцы адпаведнага характару: рашучага і ўпартага. У 1984 годзе Марына скончыла журфак, папрацавала дзесьці па размеркаванні…

Потым было так. Адпачынак на поўдні, рамантычны горад Адэса, знаёмства, перапіска, сустрэчы, роздумы і, як апафеоз, вяселле. Праз належны час з’явіўся яшчэ адзін вынік – двайняткі, хлопчык і дзяўчынка.

Варта нагадаць той час, ужо амаль легендарны. Першабытна чыстыя паліцы гастраномаў, дзікунскія бітвы ў «вінных» чэргах, змрок і туман – путч, які нічым не скончыўся. Карацей кажучы, у 1992 годзе сям’я ў поўным складзе перабралася ў ЗША.

Праз некаторы час Марына забрала ў Амерыку маці, Таццяну Пятроўну. У Мінску застаўся толькі брат. Такім чынам, адно жыццё скончылася – пачалося зусім іншае. Асноўны матыў тут быў – выжыць любой цаною. Хоць матыў заўсёды аднолькавы, што ў іх, што ў нас…

***

Часы сапраўды наступілі цяжкія. Галоўнае было адаптавацца. А для пачатку – вывучыць мову і знайсці хоць нейкую работу. Маці Марыны была медсястрою, а за плячыма Марыны была «ваенка» БДУ, дзе іх вучылі быць медсёстрамі. Таму яна і вырашыла ісці ў медыцыну. Даволі хутка Марына авалодала англійскай размоўнай, паступіла ў медыцынскі каледж, атрымала кваліфікацыю медсястры. Марына трапіла ў бальніцу пры ўніверсітэце Нью-Ёрка, поўная назва – Bellvue Hospital Center. Марына і зараз там, толькі на непараўнальна больш высокай ступені. Як бы эліта…

Больш за ўсё мне запомнілася вось што: пасля завяршэння работы дадому там ніхто не спяшаецца. П’юць каву і абмяркоўваюць… Што б вы думалі? Абмяркоўваюць, як прайшоў дзень, хто што зрабіў дрэнна, а хто добра, правільна. Так у іх там прынята. І не дай вам Божа з гэтымі правіламі не пагадзіцца…

***

Марына скончыла некалькі каледжаў – у Штатах трэба пастаянна павышаць кваліфікацыю, каб не спікіраваць аднойчы ў кювет. Кажучы блатной феняй, у натуры даказваць, што ты лепшы за іншых – без дурняў. Мы да гэтага толькі-толькі прыстасоўваемся, а там гэта норма.

Пасля найцяжэйшага рабочага дня Марына прыязджае дадому і можа ўвесь вечар праваляцца на канапе. Такую магчымасць прадастаўляе свякроў. Яна гатуе на ўсю сям’ю адразу і займаецца хатняй гаспадаркай. Таму нявестка і змагла скончыць некалькі каледжаў і стаць медсястрой вышэйшай кваліфікацыі.

Муж Марыны займаецца бізнесам у нейкай кампаніі. Працуе дзесьці паблізу ад тых двух хмарачосаў, якія разбамбіў «лепшы сябар амерыканцаў» Бен Ладэн (яго, праўда, потым застрэлілі былыя «сябры»). Колькі зарабляе, не ведаю – не прынята там пра гэта гаварыць (у нас таксама пачалі засвойваць). Вось і Таццяна Пятроўна не стала на гэтым засяроджвацца, хоць яшчэ не грамадзянка ЗША, мае толькі грын-карту.

Сама Таццяна Пятроўна крыніцы даходаў не мае. Утрымліваюць зяць і дачка.

***

Сям’я Марыны жыве ў прыгарадзе Нью-Ёрка. З некаторай пары ў Амерыцы стала модна перасяляцца за горад або ў прыгарад. У цэнтры амерыканец зарабляе грошы, за яго межамі – жыве. Гэта якраз спалучаецца з нацыянальнай ідэяй фікс: мець свой дом. У гэтым сэнсе, праўда, ва ўсіх розныя магчымасці. Зарабляеце ў год 130-190 тысяч долараў – вы і ёсць сярэдні клас. Ну, добра, вашы даходы дасягаюць такога ўзроўню – у вас няма праблем? Яны толькі пачынаюцца. Своеасаблівасць амерыканскай мадэлі жыцця заключаецца у тым, што большасць там жыве у крэдыт, і крэдыт гэты вечны. Вы жадаеце дом? Ды калі ласка. Мы высветлім вашу крэдытную гісторыю, плацежаздольнасць,
месца работы і гадавы заробак – пасля гэтага дамо вам крэдыт ці не дамо. Тое ж з аўтамабілем, бытавой тэхнікай і г.д.

Сям’я Марыны адпавядае патрабаванням мідл-класа. Таму ў іх двухпавярховы катэдж у паўднёвым Манхэтэне. У доме восем пакояў, у кожнага члена сям’і – свой, асобны. Перад домам зялёны лужок, кветнік, абавязковы зорна-паласаты флаг. Усё як належыць. Дом куплены у крэдыт. Дом даволі дарагі, калі плаціць усё і адразу – зберажэнняў не хопіць. А вось калі суму раскідаць на 30 гадоў, то цярпіма. Проста акуратна плаці кожны месяц не такія ўжо вялікія грошы. На пенсіі, магчыма, дом стане вашай уласнасцю. Або ўласнасцю дзяцей.

Вось толькі адна дэталь крыху засмучае: каб мець крэдыт, трэба спачатку мець работу. А маючы работу, трэба працаваць, бы вол, ды яшчэ пастаянна шукаць падпрацоўкі. Усё ў дакладнасці з Льюісам Кэралам: каб проста стаяць на месцы, неабходна бегчы, як мага хутчэй; каб зрабіць маленькі крок наперад, бегчы трэба з усяе сілы. Як нельга больш адпавядае амерыканскаму дый увогуле заходняму стылю жыцця.

***

Асобыя, я б сказаў, святыя артыкулы выдаткаў – медыцына і адукацыя. Напрыклад, існуе некалькі відаў медыцынскай страхоўкі: дарагая, сярэдняга ўзроўню і адносна танная. Калі Таццяна Пятроўна зламала нагу, паўстала пытанне: па якой страхоўцы лячыць? Удалося па больш таннай. Дарагая абышлася б у 44 тысячы долараў…

Мінулай восенню сын і дачка Марыны павінны былі стаць студэнтамі. Уласна кажучы, праблема самога паступлення адыходзіць на другі план, на першы выходзіць наяўнасць грошай. З Ігарам усё больш-менш ясна: ён будзе вучыцца ў Нью-Ёрку, і за яго вучобу трэба плаціць 15 тысяч долараў. З дачкою Вольгай, вельмі прывабнай дзяўчынай, узніклі некаторыя складанасці. Справа ў тым, што яна пажадала вучыцца ў Фларыдзе. Гэта даволі дарагі штат. Вучоба Вольгі будзе абыходзіцца ў 42 тысячы долараў. Фігуральна кажучы, тату з мамай прыйдзецца бегчы з усяе сілы і нават яшчэ хутчэй. Само сабою, дзеці і самі будуць падпрацоўваць.

Зараз сястры і брату па 30 гадоў. Сем’яў у іх пакуль няма, даходы не дазваляюць. Усё згодна з Льюісам Кэралам…

Як пісала Марына ў адным з лістоў: «Работа вельмі напружаная, дый усё жыццё напружанае і зусім не свята. Трава заўсёды зелянейшая на другім баку вуліцы». Гэта так адносна травы. Але гэта амерыканская прымаўка, руская больш вобразная: за морам цялушка – палушка, ды рубель перавоз.

Я гэта да таго, што, відаць, трэба добра падумаць, перш чым мяняць месца пражывання. Мне чамусьці здаецца, што цяпер Марына з яе здольнасцямі і моцным характарам не прапала б і на гістарычнай радзіме. Падазраю, што яна і сама пра гэта думала. Хоць думаць ужо позна.

***

Відаць, не памылюся, калі скажу, што кожнага трэцяга-чацвёртага з вышэйшай адукацыяй думкі аб ад’ездзе наведвалі. У мяне былі. Спыніла (і спыняе) толькі адно: а што я там, «за бугром», буду рабіць, калі нічога лепш, чым пісаць на роднай ці рускай мовах, не ўмею? Каму я там патрэбны?..

Аднакурсніца жонкі Віка, ці не самая здольная студэнтка курса, эмігрыравала ў Канаду. Кар’ера яе развіваецца паспяхова: нейкі час працавала пасудамыйкай, цяпер прэтэндуе на пасаду кухара. Адным словам, у кожнага замежны лёс складваецца па-рознаму. Некаторым шанцуе.

Відаць, не мне судзіць аб эміграцыі. Ды я і не суджу, проста разважаю над атрыманай інфармацыяй. Першая і адначасова апошняя выснова: наўрад ці мне ўдалося б прыжыцца ў іншай краіне. Вось і цёзка Даўлатаў ехаць не хацеў. У Амерыцы Даўлатаў змог нарэшце надрукаваць усё, што хацеў, праславіцца па абодва бакі акіяна, нават злёгку разбагацець. А потым прызнацца ў лістах да Уладзімава, што жыццё ў эмігранцкім асяроддзі псіхалагічна невыноснае…

Дый памёр Даўлатаў недарэчна (калі смерць можа быць недарэчнай): калі «хуткая» везла яго на зыходзе апошняга запою, ужо з інфарктам, у Даўлатава не аказалася страхоўкі. Яго не прынялі: «Экскьюз мі, сэр». І ён памёр. Ці варта гаварыць, што на радзіме яго прынялі б у любым выглядзе і без адзінага дакумента?

Марына чатыры гады пражыла ў адным горадзе з Іосіфам Бродскім. Дорага б я даў за гэтыя чатыры гады. Потым, праўда, вярнуўся б на радзіму. Яна мне любая падабаецца.

Сяргей ШАЎЦОЎ

Комментарии

Авторизуйтесь для комментирования

К сожалению, мы обязаны идентифицировать Вас, чтобы разрешить публиковать отзыв.

С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.