Добрыя змены: дзе і як

Рубрики: Новости, Проекты.

Апошнім часам словы «Беларусь» і «інклюзія» вельмі часта выкарыстоўваюцца разам. Ад больш прывычнага для слыху выразу «інклюзіўная адукацыя» мы паступова пераходзім да таго, што распаўсюджваем паняцце ўключанасці на іншыя сферы жыцця. На якія? Іх досыць шмат. Мы сабралі звесткі пра шэраг праектаў, што распачаліся ў Беларусі цягам апошніх гадоў і здзяйсняюцца цяпер. Канешне, ахапіць увагаю ўсе цікавыя і карысныя ініцыятывы немагчыма, прыведзеная ніжэй падборка – гэта кропля… не, пакуль яшчэ не ў моры, але ў рачулцы добрых, вартых зменаў, што адбываюцца ў нашай краіне.

Жодзіна

Сёмы год у жодзінскай сярэдняй школе № 4 навучаюцца дзеці з асаблівасцямі. У 2013 годзе гэтая навучальная ўстанова стала ўдзельнікам беларуска-нямецкага праекта «Свет без межаў». За гэты час у школе быў усталяваны пандус, пераробленая прыбіральня – зараз ёй зручна карыстацца дзецям з парушэннямі апорна-рухальнага апарата, абсталяваныя кабінеты настаўнікаў-дэфектолагаў. На базе школы прайшоў гарадскі практычны семінар для настаўнікаў-дэфектолагаў і бацькоў «Інфармацыйныя тэхналогіі ў спецыяльнай адукацыі». Семінар правялі супрацоўнікі Вучэбнай лабараторыі па развіцці спецыяльнай адукацыі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя Максіма Танка.

Наваполацк
Инклюзивная школа в Жодино, Новополоцк от инклюзивной школы к инклюзивному городу, при финансовой поддержке Евросоюза, Европейская неделя доступности в Полоцке, Воложин без барьеров, экотропа в Каменной горке, Повестка 50
Будзем вучыцца разам!

У горадзе працуе інтэгрыраваная сярэдняя школа № 8, дзе займаюцца дзеці з парушэннямі апорна-рухальнага апарату. Ужо тры гады яна з’яўляецца адным з васьмі ўдзельнікаў рэспубліканскага праекта «Апрабацыя мадэлі інклюзіўнай адукацыі ва ўстановах адукацыі». Для настаўнікаў праводзіцца дыстанцыйнае павышэнне кваліфікацыі па адукацыйнай праграме «Педагагічныя інавацыі ў інклюзіўнай адукацыі».

Восенню 2016 года ў горадзе пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага саюза распачалася разлічаная на тры гады ініцыятыва «Наваполацк – ад інклюзіўнай школы да інклюзіўнага горада». Цяпер інфраструктура навучальнай установы адаптуецца пад патрэбы вучняў, якія маюць інваліднасць: будзе пабудаваны ліфт для навучэнцаў-калясачнікаў, рэканструяваная школьная спартыўная пляцоўка. З 7 па 10 лютага ў школе праходзіў першы з шэрагу запланаваных семінар, дзе педагогі змаглі высветліць перавагі інклюзіўнай адукацыі, засвоіць базавыя прынцыпы інклюзіўнага навучання, даведацца пра адрозненні паміж інтэгрыраванай і інклюзіўнай адукацыяй.

Полацк

Инклюзивная школа в Жодино, Новополоцк от инклюзивной школы к инклюзивному городу, при финансовой поддержке Евросоюза, Европейская неделя доступности в Полоцке, Воложин без барьеров, экотропа в Каменной горке, Повестка 50Ужо два гады ў Полацку ладзіцца Еўрапейскі тыдзень мабільнасці. Гэтая міжнародная ініцыятыва, што прыйшла ўжо і ў Беларусь, скіраваная на тое, каб заахвоціць людзей карыстацца экалагічнымі відамі транспарта, зрабіць горад зручным для жыцця кожнаму чалавеку. Не застаюцца без увагі і людзі з інваліднасцю. Для іх адаптуецца пешаходная інфраструктура горада, паніжаюцца бартавыя камяні, паступова перабудоўваюцца прыпынкі грамадскага транспарта, кожны год закупляюцца нізкапольныя аўтобусы.

Валожын
Инклюзивная школа в Жодино, Новополоцк от инклюзивной школы к инклюзивному городу, при финансовой поддержке Евросоюза, Европейская неделя доступности в Полоцке, Воложин без барьеров, экотропа в Каменной горке, Повестка 50
Якія бар’еры ў Валожыне?

Праект «Валожын без бар’ераў» быў распачаты ў 2016 годзе пры ўдзеле Валожынскага райвыканкама, Беларускага грамадскага аб’яднання «Адпачынак у вёсцы», мясцовага фонду садзейнічання развіццю міжнароднага дыялогу і супрацоўніцтва «Інтэракцыя», Беларускага таварыства інвалідаў і пры фінансаванні Еўрапейскага саюза. Паводле задумаў арганізатараў каля трыццаці грамадскіх аб’ектаў у горадзе будуць адаптаваныя для інвалідаў. Гэты працэс ужо пачаўся: да прыкладу, там, дзе летась людзі ў інвалідных вазках спыняліся перад неадольнымі для іх прыступкамі, зараз ёсць зручныя пандусы. Таксама безбар’ернае асяроддзе будзе стварацца ў аграсядзібах Валожынскага раёна, удасканаленая будзе экалагічная сцяжына ў Налібоцкай пушчы, прайсці па якой змогуць і інваліды – усе, незалежна ад таго, якія ў іх праблемы са здароўем. Яшчэ адзін перспектыўны накірунак у раёне – развіццё безбар’ернага турызму і, у прыватнасці, агратурызму, даступнага для інвалідаў, чым вельмі зацікавіліся ўладальнікі многіх аграсядзібаў на Валожыншчыне.

Пры мясцовым тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва будзе створаны турыстычны цэнтр. Там будуць працаваць людзі з інваліднасцю, і гэта дапаможа ім уключыцца ў жыццё грамадства, мяркуюць арганізатары. Акрамя таго, бліжэй да завяршэння праекта запланаванае правядзенне фестываля сацыяльнай інтэграцыі.

Зусім нядаўна, 20 лютага, у Валожыне прайшла сустрэча ўдзельнікаў працоўнай групы па напісанні плана мерапрыемстваў з мэтай паляпшэння інфраструктуры, якасці сацыяльных турыстычных паслугаў.

Мінск

У мінулым годзе ў сталічным мікрараёне Каменная Горка з’явілася экалагічная сцяжына. Ініцыятарамі яе стварэння сталі Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, Цэнтр экалагічных рашэнняў і прыход царквы ў гонар свяціцеля Мікалая Японскага, непадалёк ад якой і пралегла сцяжына. Пад час шпацыру па ёй можна ўбачыць цікавыя расліны, паназіраць за птушкамі, якіх, што дзіўна, не трывожыць блізкасць шумнага горада.

Инклюзивная школа в Жодино, Новополоцк от инклюзивной школы к инклюзивному городу, при финансовой поддержке Евросоюза, Европейская неделя доступности в Полоцке, Воложин без барьеров, экотропа в Каменной горке, Повестка 50
Прыпынак на экасцяжынцы.

Зараз інвалідам складана прайсці па гэтай сцяжыне, але стваральнікі плануюць прыстасаваць яе для патрэбаў людзей з рознымі відамі інваліднасці. Мяркуецца, што з часам па экасцяжыне змогуць праехаць вазочнікі, а людзі са слабым зрокам ці невідушчыя змогуць атрымаць інфармацыю са спецыяльнага стэнда, надрукаванага шрыфтам Брайля. Адмыслова для іх будуць створаныя і макеты птушак, што жывуць у Каменнай Горцы, – з іх дапамогай можна будзе навобмацак зразумець, як выглядае тая ці іншая птушка. Варта адзначыць, што інфармацыйныя стэнды ўжо размешчаныя зручна – на такім узроўні, каб напісанае на іх было відаць як дзецям, так і інвалідам-вазочнікам.

Пакуль жа экасцяжына не адаптаваная поўнасцю да патрэбаў людзей з інваліднасцю, прайсці па ёй можна віртуальна – у інтэрнэце створаная яе анлайн-версія. Там можна даведацца, якія расліны і жывёлы сустракаюцца ў горадзе і непадалёк ад яго, можна нават паслухаць спевы розных птушак.

«Павестка 50»

Кампанію па практычным здзяйсненні прынцыпаў Канвенцыі аб правах інвалідаў распачалі Офіс па правах людзей з інваліднасцю, Міжнародны кансорцыум «ЕўраБеларусь», Цэнтр еўрапейскай трансфармацыі, Фонд «ТУС» (Польшча) і грамадская арганізацыя «Еўрапейскі дом» (Данія). У ёй удзельнічаюць 5 гарадоў – Бабруйск, Валожын, Лепель, Столін і Шчучын. Арганізатары кампаніі лічаць, што праблемы ў сферы інваліднасці трэба вырашаць, сыходзячы з патрэбаў людзей кожнай канкрэтнай мясцовасці. Штуршком да неабходных зменаў мусяць быць не распараджэнні ўладаў, а праблемы і патрабаванні канкрэтных людзей з інваліднасцю, падкрэсліваюць ініцыятары «Павесткі 50».

Месяц таму арганізатары кампаніі аб’явілі конкурс грантаў для рэгіянальных арганізацыяў па тэме практычнай рэалізацыі Канвенцыі аб правах інвалідаў на мясцовым узроўні. Чакаем вынікаў!

Калі б нехта задаўся мэтай працягнуць гэты спіс праектаў і ініцыятываў, пэўна, гэта можна было б зрабіць ужо зараз. Ёсць шмат сведчанняў, што прынцыпы ўключанасці людзей з інваліднасцю ў грамадства з кожным годам усё больш трывала ўкараняюцца ў нашай краіне. Няма сумневу, што далей з’явяцца новыя праекты, якія, нібыта нябачныя рукі, будуць падтрымліваць людзей з інваліднасцю ў розных сферах жыцця. І для гэтага неабавязкова будзе жыць у сталіцы ці ў абласным цэнтры, бо нават у аддаленых ад Мінска рэгіёнах, як мы бачым, сёння людзі з інваліднасцю пакрыху выходзяць з прывычных для сябе чатырох сценаў і ўцягваюцца ў вір жыцця.

Матэрыял падрыхтавала Ніна КАЗЛЕНЯ

Фота аўтара і з сайтаў greenbelarus.info і novaya.by

Инклюзивная Беларусь

Комментарии

Авторизуйтесь для комментирования

К сожалению, мы обязаны идентифицировать Вас, чтобы разрешить публиковать отзыв.

С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, свяжитесь с нами, и мы зарегистируем для вас персональный аккаунт на нашем сайте.