Разам ім многае па сіле

Рубрики: Новости.

Вынікі работы за пяцігодку падвяла Шчучынская раённая арганізацыя ГА «БелТІ». Нягледзячы на непагадзь, адлегласць, няхуткую хаду, яны ўсё ж дабраліся ў Шчучын з розных куточкаў раёна, каб прыняць удзел у сваім галоўным форуме, а таксама сказаць адно аднаму добрае слова, падзяліцца навінамі, успомніць яркія падзеі з жыцця арганізацыі. Удзел у VІ справаздачна-выбарнай канферэнцыі прынялі 42 дэлегаты, што трымалі слова ад імя 283 чалавек, якіх аб’яднала раённая арганізацыя грамадскага аб’яднання «Беларускае таварыства інвалідаў».

Як адзначыла ў справаздачным дакладзе старшыня праўлення Рэгіна Адольфаўна Сарока, рады арганізацыі за пяць гадоў папоўніліся на 48 чалавек. Намаганні старшыні і актывістаў накіраваныя на тое, каб людзі з абмежаванымі магчымасцямі не адчувалі сябе адзінокімі, бездапаможнымі, забытымі. Хаця фінансавыя магчымасці арганізацыі невялікія, бо існуе яна за кошт членскіх унёскаў, ахвяраванняў, добраахвотнай дапамогі, кіраўніцтва шукае розныя спосабы, каб дапамагчы сваім падапечным. Даходы за справаздачны перыяд склалі 13530 рублёў. Матэрыяльную дапамогу ад цэнтральнага праўлення ГА «БелТІ» атрымалі 15 чалавек, 10 членам дапамогу выдзеліла ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва райвыканкама, 12 чалавек атрымалі матэрыяльную дапамогу ад праўлення раённай арганізацыі «БелТІ».

З фінансавай справаздачай выступіла на канферэнцыі старшыня рэвізійнай камісіі А.С. Антановіч.

– Наша мэта – дайсці да кожнага і аказаць пасільную дапамогу, – падкрэсліла Р.А. Сарока. – Значную ролю адыгрываюць тут нашы «пярвічкі», якія ўзначальваюць незаспакоеныя, неабыякавыя людзі, яны добра ведаюць праблемы і патрэбы сваіх падапечных. Удзячных слоў заслугоўваюць верныя памочнікі М.М. Даніловіч з Берш-таў, К.С. Марук з Жалудка, Р.І. Рагінская з Васілішак, В.М. Фіцава з Астрыны, Н.А. Басанава з Галавічполя, Л.І. Баброва са Шчучына і многія іншыя.

Самыя розныя праблемы даводзіцца вырашаць кіраўніцтву арганізацыі – ад побытавых да дапамогі ў працаўладкаванні інвалідаў. У цяперашні час, калі ідзе аптымізацыя на вытворчасці і ў арганізацыях, рабіць гэта няпроста. Дзейсную дапамогу аказваюць раённы выканаўчы камітэт, сельвыканкамы, кіраўнікі многіх прадпрыемстваў і ўстаноў, індывідуальныя прадпрымальнікі. Старшыня арганізацыі выказала ўдзячнасць людзям, якія заўсёды з разуменнем і спагадай ставяцца да праблем інвалідаў і стараюцца аказаць рэальную дапамогу.

Раённая арганізацыя ГА «БелТІ» аб’яднала людзей, абдзеленых здароўем, але моцных духам, якія пазітыўна ўспрымаюць свет. Таму грамадскае жыццё тут віруе, сярод падапечных многа таленавітых, творчых асоб, яны прымаюць удзел у фестывалях, конкурсах, экскурсіях. Сёлета шчучынцы ўдзельнічалі ў міжнародным злёце маладых інвалідаў, які праходзіў ва ўрочышчы Пышкі ля Гродна. Андрэй Каханоўскі вызначыўся як выдатны шахматыст, заняў другое месца ў спаборніцтвах. А зусім нядаўна падапечныя РА ГА «БелТІ» вярнуліся з Гродна, дзе прымалі ўдзел у фестывалі «Залатая восень». Члены арганізацыі пабывалі ў Брэсцкай крэпасці, Міры, Нясвіжы, Мінску. Усім запомніліся экскурсіі ў Жыровіцкі манастыр, Сынкавіцкую царкву, Лідскі замак, храмы і аграсядзібы Шчучыншчыны. Гэтыя паездкі сталі магчымымі дзякуючы ініцыятыве і дапамозе старшыні праўлення абласной арганізацыі ГА «БелТІ» В.В. Лукашэвіча і цеснаму супрацоўніцтву з іншымі грамадскімі арганізацыямі. Вельмі дзейсным з’яўляецца таксама супрацоўніцтва з аддзяленнем дзённага знаходжання для інвалідаў ТЦСАН, дзе людзі з абмежаванымі магчымасцямі наведваюць разнастайныя гурткі і спартыўныя секцыі.

Аб мерах дзяржаўнай падтрымкі інвалідаў, рэалізацыі праграмы па стварэнні безбар’ернага асяроддзя расказалі старшыня праўлення Гродзенскай абласной арганізацыі ГА «БелТІ» В.В. Лукашэвіч і дырэктар ТЦСАН С.У. Шанчук. Аб плённым сяброўстве з арганізацыяй гаварылі старшыня райсавета ветэранаў Э.С. Дзікевіч, старшыня раённай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Г.С. Мацюк, былая старшыня раённай арганізацыі ГА «БелТІЗ» Т.М. Кулакова. Аб здабытках і праблемах грамадскага фарміравання расказалі людзі, чый стаж удзелу ў ім вымяраецца не адным годам. Гэта А.А. Аўсейчык і Р.Ю. Макей.

Усе выступоўцы станоўча ацанілі работу праўлення і шмат добрых слоў сказалі ў адрас старшыні Р.А. Сарокі, якая ўжо паўтара дзясятка год жыве клопатамі арганізацыі.

Не абышлі ўвагай удзельнікі канферэнцыі і праблемы сваіх таварышаў. Аднаму з іх, маладому мужчыне, патрэбна дапамога ў працаўладкаванні.

Пасля галасавання стала вядома, што дэлегаты канферэнцыі зноў даверылі ўзначаліць раённую арганізацыю ГА «БелТІ» Рэгіне Адольфаўне Сароцы.

Дзелавая атмасфера канферэнцыі напрыканцы змянілася на святочную. Прыемным момантам стала ўзнагароджанне граматамі, уручэнне грашовых дапамог актывістам і ветэранам арганізацыі.

Ала УЛАДЗІМІРАВА

Фота аўтара

Комментарии

Авторизуйтесь для комментирования

К сожалению, мы обязаны идентифицировать Вас, чтобы разрешить публиковать отзыв.

С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.