Святлана

Рубрики: Новости.

У жыцці мне даводзілася чуць некалькі выказванняў пра выпрабаванні. І, напэўна, кожнаму чалавеку Бог дае свае нягоды, бо ведае, што чалавек іх вытрымае, яны яму пад сілу. Але я не памылюся, калі скажу, што самае вялікае выпрабаванне ў жыцці для маці – калі хварэюць дзеці. А калі гэта не прастуда, ангіна альбо атыт? А калі гэта дзіцячы цэрабральны параліч – дыягназ на ўсё жыццё? У першыя хвіліны, калі гэта здараецца, здаецца, свет перакульваецца і наступае ноч, усё афарбавана ў чорны колер, але патрэбна набірацца сіл, весці барацьбу альбо змірыцца, прыняць хваробу і жыць далей. Такія страшныя хвіліны ў сваім жыцці перажыла мая сяброўка Святлана Равінская.

З таго дня, калі ўрачы паставілі дыягназ ДЦП яе дачушцы Аленцы, прайшло болей трох дзясяткаў гадоў. Ні хвіліны ў жанчыны не было сумнення, ці пакінуць і без таго абяздоленае дзіцятка. Сваё, роднае, мілае, кроўнае і такое бездапаможнае… За 30 гадоў медыцына зрабіла добры крок наперад у лячэнні гэтай хваробы, тады, у сярэдзіне 80-х гадоў, у сям’і Равінскіх былі спробы вылечыць дачушку, аднак хвароба прагрэсіравала. Але нават тады, калі Аленцы споўнілася 5 годзікаў і нават 10, не знікала надзея ў бацькоў, што яна зробіць першыя крокі самастойна, хоць, на вялікі жаль, гэтага і не здарылася…

Мне часта даводзіцца бываць у сям’і Равінскіх і назіраць за тым, як Святлана ставіцца да Аленкі, з якой любоўю мама глядзіць на яе, гладзіць галоўку. Колькі пяшчоты і болю ў яе поглядзе! Я ніколі не чула, каб яна калі павысіла голас ці скоса зірнула на дачушку. Толькі ласкавае слова і пяшчота, не – акіян пяшчоты струменіць гэта жанчына. Я заўсёды здзіў-
ляюся: адкуль яна бярэ сілы, цярпенне і невычарпальную энергію, каб не спатык-
нуцца, не ўпасці, а ісці толькі наперад. Усё ж такі праўдзівае выказванне, што ніхто з нас не можа ведаць, на што ён здольны, пакуль не сутыкнецца са спакусай ці выпрабаваннем.

Узгадваю гады дзяцінства, калі мы жылі па суседству са Святланай. Такой прыгожай і добрай дзяўчынкі, як яна, мы, суседскія дзеці, не бачылі, напэўна, ніколі. Вялікія карыя вочкі, якія былі амаль на паўтварыка, глядзелі на свет, поўныя дабрыні і святла. Пашкадуе Святлана кожнага коціка альбо птушачку. А не дай Бог у каго здарыцца бяда – яна першая прый-дзе на дапамогу! Помню, калі ў нашу хату прыйшла трагедыя, загінуў мой старэйшы брат, мне было недзе дзесяць гадоў. Святлана арганізавала збор грошай сярод падлеткаў нашай вуліцы і купіла мне тады, што вы думаеце? Ляльку і цукеркі! Для мяне, дзіцяці, гэта было сапраўдным невялікім суцяшэннем у цяжкую хвіліну і засталося памятным на ўсё жыццё… І так здаралася, што Святлана ў самыя нялёгкія і няпростыя хвіліны майго жыццёвага шляху заўсёды аказвалася побач.

Часам бывае так, што сяброўства перарастае ў сваяцтва. Так атрымалася і ў нас са Святланай. Неўзабаве я стала хроснай маці яе першынца Расціслава. Сёння сынок – наш гонар, яе падмога і надзея. Жыве з сям’ёю ў Мінску, але, як толькі выпадае вольная хвілінка, спяшаецца на дапамогу матулі. Ведае, як цяжка ёй апрацаваць агарод, спраўляцца з вясковай гаспадаркай (жанчына трымае карову і свіней, мноства птушак, бо не так проста выжыць сям’і на сціплую пенсію па інваліднасці). Стараецца Расціслаў хоць чым дапамагчы родным. Але не гэта галоўная прычына, чаму ён рвецца дамоў. Галоўная –
ён убачыць сястрычку Аленку, абдыме і пашкадуе…

Аднойчы Святлана мне прызналася: «Я такая шчаслівая, што ў мяне ёсць Аленка. Не дай Бог з ёю што здарыцца – я не змагу жыць!» І я веру яе словам. Такіх дзетак, як Аленка, называюць дзецьмі-анёламі. І гэтая кволенькая дзяўчынка-анёлік, як і тысячы іншых такіх жа пакрыўджаных лёсам дзяцей, прыйшла ў гэтае жыццё нездарма. З’явілася на свет, каб ён стаў дабрэйшым, каб мы змаглі спыніцца, азірнуцца і палюбіць жыццё…

У сям’і Равінскіх не так даўно адбылася добрая падзея: у Расціслава нарадзілася дачушка Дар’янка. У Святланы вочы свецяцца шчасцем: яна бабуля! Жыццё працягваецца…

Таццяна МАЛЯЎКА,

вёска Агарэвічы, Ганцавіцкі раён

Комментарии

Авторизуйтесь для комментирования

К сожалению, мы обязаны идентифицировать Вас, чтобы разрешить публиковать отзыв.

С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, свяжитесь с нами, и мы зарегистируем для вас персональный аккаунт на нашем сайте.