Даступны турызм: што ёсць і што будзе

Рубрики: Новости, Проекты.

Леанід Гайдукевіч.

У Сусветны дзень турызму, які адзначаецца 27 верасня, Офіс па правах людзей з інваліднасцю і факультэт міжнародных адносінаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта зладзілі круглы стол «Турызм для ўсіх: прасоўваем усеагульную даступнасць». Сёлетні дзень Сусветная турысцкая арганізацыя прысвяціла даступнаму турызму, у тым ліку і для людзей з інваліднасцю. Сучасны стан турызму ў краіне, магчымасць далучэння да вандровак па Беларусі людзей з інваліднасцю – гэтыя ды іншыя пытанні абмяркоўваліся пад час мерапрыемства.

Факты і лічбы

Леанід Гайдукевіч, загадчык кафедры міжнароднага турызму БДУ, адзначыў, што нарэшце, ужо на трэцім дзясятку развіцця незалежнай Беларусі, мы падышлі да вырашэння праблемы даступнасці ў турызме.

– На факультэце міжнародных адносінаў мы вучым моладзь, якая заўтра будзе працаваць у нашай краіне, таму і хочам перад імі абазначыць гэтую праблему – неабходнасць стварэння ў Беларусі сферы даступнага турызму, – распавёў Леанід Міхайлавіч. – Адзначу, што ў адным з даследаванняў сярод старшакласнікаў было высветлена, што толькі 6% апытаных гатовыя мець стасункі з інвалідамі, і з іх толькі 2% выказалі жаданне падарожнічаць разам. Мы не толькі падымаем гэтую праблему, але і прапануем варыянты яе вырашэння. Наш факультэт бадай што адзіны ў Беларусі, дзе чытаецца спецкурс «Арганізацыя безбар’ернага турызму» на кафедры міжнароднага турызму, мы пачалі валанцёрскі рух і правялі шэраг мерапрыемстваў.

Выкладчык БДУ Наталля Барысенка-Клепач прывяла для слухачоў цікавыя статыстычныя звесткі. Так, каля 785 млн людзей у свеце (15%

Эльвіра Палуян.

насельніцтва планеты) маюць інваліднасць, а калі ўлічыць яшчэ членаў іх сем’яў, то можна зрабіць выснову, што кожны дзень каля 2 млрд чалавек непасрэдна сутыкаюцца з праблемай інваліднасці. Інакш кажучы, трэцяя частка жыхароў Зямлі мае патрэбу ў больш камфортных умовах жыцця.

У Беларусі цяпер каля 550 тысячаў лю-дзей з інваліднасцю (гэта прыкладна 6% насельніцтва краіны), і амаль 2 млн чалавек сталага узросту, якім таксама неабходнае безбар’ернае асяроддзе. Нягледзячы на складаныя эканамічныя ўмовы, павялічваецца ў Беларусі і колькасць людзей, якія хочуць мець магчымасць адпачыць, нягледзячы на стан свайго здароўя.

Мінск даступны – гэта…

Што ж створана ў нашай сталіцы ў сферы безбар’ернага турызму? Па дадзеных Міністэрства працы і сацыяльнай абароны насельніцтва ў гасцініцах Мінска ёсць 60 нумароў, даступных для інвалідаў. Але гэта намінальная даступнасць, фактычна прыстасаваныя для пражывання інвалідаў толькі 30. Дзейнічаюць некалькі турфірмаў, якія арганізоўваюць адпачынак для людзей з інваліднасцю. Дакладную іх колькасць вызначыць складана: у некаторых турыстычных агенцтваў усё абмяжоўваецца толькі словамі, да дзеянняў справа не дайшла.

На турыстычным сайце belarus.by, з якога частка замежных жыхароў і пачынае знаёмства з Беларуссю, прапануюцца варыянты адпачынку толькі для людзей з абмежаванымі рухальнымі функцыямі, а людзі з іншымі формамі інваліднасці наўрад ці знойдуць для сябе карысную інфармацыю, дзе ў Беларусі ім можна адпачыць (інакш кажучы, астатніх інвалідаў ужо абмяжоўваюць!) Увогуле ж з даступнай інфармацыі вынікае парада: перш чым ехаць у Беларусь, праверце даступнасць гасцініцы, транспарта і г.д. Лішне казаць, што гэта наўрад ці надае замежнікам асаблівае жаданне ехаць да нас. Паводле дадзеных таго ж сайта даступнымі пазначана вельмі мала турыстычных аб’ектаў: гэта Нацыянальны аэрапорт «Мінск-2», Нацыянальны тэатр оперы і балета, Палац Рэспублікі, Нацыянальная бібліятэка, некаторыя станцыі метро, некаторыя кавярні і рэстараны. І гэта толькі ў Мінску. Месцы для адпачынку ў рэгіёнах, даступныя інвалідам, магчыма, і ёсць, але пра іх вядома вельмі няшмат.

Нядаўна Офіс па правах людзей з інваліднасцю правёў маніторынг даступнасці турыстычнай інфрастуктуры Мінска. З 80 выбраных аб’ектаў па розных прычынах былі абследаваныя толькі 54. Падрябезней пра вынікі даследавання чытайце ў матэрыяле ніжэй.

Безбар’ерная Валожыншчына: ад вакзала да Налібоцкай пушчы

Сітуацыю з адпачынкам па-за межамі Мінска крыху ўраўнаважвае Валожынскі раён. Як ужо не раз пісала нашая газета, цяпер там рэалізуецца праект «Валожын без бар’ераў» Беларускага грамадскага аб’яднання «Отдых в деревне», мясцовага фонду садзейнічання развіццю міжнароднага дыялогу і супрацоўніцтва «Інтэракцыя», Валожынскага райвыканкама і Беларускага таварыства інвалідаў, распачаты год таму і запланаваны на тры гады. Пра тое, што ўжо зроблена, расказала прадстаўнік фонду «Інтэракцыя» Ірына Іванова.

Коратка мэту праекта можна акрэсліць наступным чынам: стварыць у раёне такія ўмовы, каб чалавек з інваліднасцю мог прыехаць на вакзал і праехаць па ўсіх турыстычных маршрутах Валожыншчыны, убачыць усе помнікі і цікавыя мясціны – і зрабіць гэта не толькі з памочнікам, але і самастойна. Вопыт такога прыстасавання рэгіёна для турыстаў, хочацца думаць, будзе пераняты і іншымі раёнамі Беларусі.

Як распавяла Ірына Іванова, за час рэалізацыі праекта былі абследаваныя каля 200 аб’ектаў, сярод якіх ва ўсім раёне няма ніводнага цалкам даступнага. Цяпер пры райвыканкаме дзейнічае грамадская працоўная група, якая будзе выпрацоўваць стратэгію развіцця Валожынскага раёна для развіцця ў тым ліку даступнага турызму. Дарэчы, плануецца, што гэтая грамадская група будзе працаваць і надалей, каб чыноўнікі не аддаляліся ад людзей, разумелі і ведалі патрэбы грамадзянаў.

– У межах праекта каля 30 грамадскіх аб’ектаў, якія аказваюць сацыяльныя паслугі, мы паспрабуем адаптаваць, – паведаміла Ірына Іванова. – Астатнія будуць закладзеныя ў стратэгію развіцця раёна. Таксама будзе створаны турыстычны цэнтр з канферэнц-залай і хостэл з 20 месцамі для начлега – яны будуць дзейнічаць на базе аддзялення дзённага знаходжання для людзей з інваліднасцю мясцовага Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Цяпер праектна-сметная дакументацыя праходзіць экспертызу, думаю, яшчэ ў гэтым годзе пачнецца будаўніцтва, – выказала спадзяванне выступоўца. – Дарэчы, у турыстычным цэнтры будуць працаваць людзі з інваліднасцю, якіх цягам аднаго года мы будзем вучыць, каб яны маглі расказаць пра турыстычны цэнтр, пра сам раён і турыстычныя маршруты на Валожыншчыне. Таксама будзе створаная цалкам адаптаваная для інвалідаў турыстычная экасцяжына ў Налібоцкай пушчы, даўжыня якой складзе амаль 2 кіламетры.

Далучаюцца да праекта і гаспадары аграсядзібаў, каб зрабіць свае паслугі даступнымі для розных катэгорыяў турыстаў. Ужо зацікавіліся праектам і ўладальнікі сядзібаў з іншых мясцінаў: напрыклад, у круглым стале ўдзельнічала Эльвіра Палуян, гаспадыня сядзібы «Насцечка» ў Мінскім раёне, якая таксама стараецца стварыць безбар’ернае асяроддзе ў сваёй сядзібе ў вёсцы Новы Двор.

Што ж датычыцца Валожыншчыны, то верагодна, што праз некалькі гадоў яна стане сапраўднай скарбонкай вопыту таго, як прыцягнуць турыстаў і падарожнікаў, найперш саміх беларусаў, не ў Турцыю і Егіпет, а ў невядомыя мясціны нашай краіны. На іх Беларусь багатая, варта толькі як след развіваць турызм унутры краіны.

Ніна КАЗЛЕНЯ

Фота аўтара

Комментарии

Авторизуйтесь для комментирования

К сожалению, мы обязаны идентифицировать Вас, чтобы разрешить публиковать отзыв.

С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, свяжитесь с нами, и мы зарегистируем для вас персональный аккаунт на нашем сайте.