Мсціўца са Сведскага

Рубрики: Новости.

Ёсць у Рэчыцкім раёне маленькая вёсачка Сведскае, у якой жывуць звычайныя людзі. І жыве сярод іх той, каму мы абавязаны жыццём і свабодай. Гэта ветэран Вялікай Айчыннай вайны Данііл Міхайлавіч Томка. Данііл Міхайлавіч нарадзіўся 22 лютага 1925 года. Ён рос звычайным хлапчуком. Марыў аб шчаслівым лёсе, загадваў, кім ён стане. Ён хацеў жыць, як усе дзеці, але вайна зблытала ўсе дзіцячыя мроі…Связист на войне, День Победы, Великая Отечественная война, 9 Мая, наши ветераны, Даниил Томка, Кенигсберг, партизанский отряд

Даніілу было 14 год, калі ён пайшоў у партызанскі атрад імя Варашылава. Не шукаў там небяспечнае месца падлетак, а наадварот, ён хацеў змагацца з ненавісным ворагам. І рабіў гэта, выконваючы розныя заданні партызанскіх камандзіраў: разведваў неабходную інфармацыю аб знаходжанні фашыстаў у пэўных населеных пунктах, удзельнічаў у іншых аперацыях. У партызанскім атрадзе ён знаходзіўся да вызвалення нашага раёна савецкімі войскамі.

Пасля вызвалення юнага партызана Данііла адпраўляюць дадому. Але не прайшло і двух тыдняў, як яго выклікалі ў ваенкамат і накіравалі на тэрыторыю Расіі, дзе ён прайшоў навучанне і атрымаў воінскую спецыяльнасць – сувязіст. У красавіку 1944 года Данііл трапіў ў 199-ты гвардзейскі дывізіён сувязістам. Успамінае ветэран, як пры падыходзе да Дняпра ў раёне Магілёва камандзір узвода запытаў:

– Хто ўмее ездзіць добра на лодцы?

– Я магу, – адказаў Данііл.

Разам з камандзірам палка селі ў лодку, узялі катушку з провадам (вагой каля 25 кілаграмаў) і навялі сувязь праз Днепр. Рызыкавалі, бо знаходзіліся пад прыцэлам ворага. Але ўдалося гэта зрабіць хутка і непрыкметна. За мужнасць і адвагу радавога Д. Томка ўзнагародзілі медалём «За адвагу».

Пасля вызвалення Магілёва дывізіён узяў накірунак на Брэст. Дзесьці пад самай Польшчай у адным з баёў Данііла параніла. Яго накіравалі ў шпіталь, што знаходзіўся ў Шчучыне. Там ён пазнаёміўся з камандзірам сувязістаў корпуса, які падбіраў былых сувязістаў. Рана на назе салдата яшчэ не загаілася, але Данііл ужо быў накіраваны ў 49-ты стралковы корпус. Там салдат не цягаў катушкі, а сядзеў на камутатары. Так і дайшоў са сваёй часткай да самага Кёнігсберга.

Пасля 9 мая 1945 года сувязістаў адправілі прама ў горад Рамны, а адтуль – у Канатоп. З Канатопа ў 1948 годзе Д. Томка дэмабілізаваўся. Вярнуўся ў родную веску. Але і пасля вайны Данііл Міхайлавіч пабачыў гора. Першая яго жонка памерла, пакінуўшы трох дзетак. Дзякуючы Тамары Харытонаўне, другой яго жонцы, яны паднялі ўсіх дзяцей на ногі. Нарадзілі яшчэ дваіх сумесных. Зараз у Данііла Міхайлавіча і Тамары Харытонаўны вялікая сям’я: пяцёра дзяцей, восем унукаў і дзевяць праўнукаў.

І зараз Данііл Міхайлавіч жыве ў сваёй роднай весцы. І хоць ветэрану ўжо 91 год, але ён памятае ўсе свае франтавыя дарогі, і не без хвалявання расказвае малодшаму пакаленню аб тых страшэнных падзеях і людскім горы. Гэты моцны, загартаваны вайной ветэран усё яшчэ працягвае працаваць: вядзе гаспадарку, а яна не малая.

У дзяцей вайны розныя лёсы, але ўсіх іх аб’ядноўвае агульная трагедыя: страта прыгожага свету дзяцінства. Заўчасна пасталелыя, не па гадах мудрыя і неверагодна ўстойлівыя маленькія героі супрацьстаялі вайне. Іх патрыятызм у час Вялікай Айчыннай вайны, працоўныя подзвігі і адчайная адвага назаўсёды застануцца ў памяці нашага народа. І, гледзячы на гэтага мужнага чалавека, мы гаворым яму дзякуй за яго ўклад у Вялікую Перамогу.

Наталля СЯРГЕЕНКА і

Алена АЎРУСЕВІЧ

Комментарии

Авторизуйтесь для комментирования

К сожалению, мы обязаны идентифицировать Вас, чтобы разрешить публиковать отзыв.

С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.