Цуды на Вялікдзень

Рубрики: Новости.

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Усе мы ведаем пра традыцыю фарбаваць яйкі на Вялікдзень. Нехта звязвае гэта з паганскімі звычаямі нашых продкаў, хтосьці бачыць у пафарбаваным яйку моцны абярэг ад нячыстай сілы… Але паводле хрысціянскай традыцыі чырвонае яечка – сімвал перамогі жыцця над смерцю, сімвал уваскрасення з мёртвых нашага Госпада Ісуса Хрыста.

Калі Хрыстос увазнёсся на неба, яго вучні, а разам з імі і Марыя Магдаліна, сталі прапаведаваць Яго вучэнне. Марыя Магдаліна расказвала пра ўваскрасенне Хрыста ў Рыме, і чуткі пра дзіўную жанчыну і яе расповеды дайшлі нават да імператара Тыберыя, які захацеў яе паслухаць. Спачатку імператару падабалася тое, што казала Марыя Магдаліна. Калі ж яна пачала расказваць пра ўваскрасенне Хрыста, Тыберый не паверыў ёй і паказаў на яйка, якое ў якасці падарунка прынесла яму Марыя:

– Хутчэй гэтае яйка стане чырвоным, чым мёртвы ажыве!

Але Марыя Магдаліна, першая, хто пабачыў Госпада ўваскрослым, настойвала:

– Хрыстос Уваскрос! Я бачыла Яго жывым! – і працягнула Тыберыю свой сціплы дарунак. І ў гэтае ж імгненне яйка з белага стала чырвоным. Імператар жа вымавіў з хваляваннем:

– Сапраўды Ён Уваскрос!

Хрысціяне ўсяго свету ведаюць гэтую гісторыю, ад якой і пайшоў звычай на Вялікдзень фарбаваць яйкі ў чырвоны колер. А на Беларусі, як і ў іншых славянскіх краінах, велікодныя яйкі яшчэ і распісвалі. Старажытныя традыцыі стварэння пісанак не сышлі ў нябыт, захаваліся ў вёсцы Сапоцкін Гродзенскага раёна. Акрамя пісанак, робяць на Вялікдзень і крашанкі – пафарбаваныя, да прыкладу, у шалупінні цыбулі яйкі, і шкрабанкі – яйкі з малюнкам, які наносіцца вострай іголкай на пафарбаваную шкарлупіну.

Майстар-клас па велікодных пісанках адбыўся 25 красавіка ў мінскай бібліятэцы № 7 імя Якуба Коласа. Раскрывала сакрэты гэтага надзвычай прыгожага мастацтва майстрыха Валянціна Пісарэнка. Яе ж майстэрству стварэння пісанак навучылі ўкраінскія ўмельцы. У 1982 годзе ў Музей беларускага народнага мастац-тва ў вёсцы Раўбічы, дзе яна працавала, прывезлі выстаўку гуцульскага мастацтва, у тым ліку і пяць пісанак.

– І я ў іх проста закахалася, – прызнаецца майстрыха. – Я паехала з выстаўкай ва Украіну, пайшла на кірмаш, накупіла пісанак… А потым стала ствараць іх сама.

Валянціна Пісарэнка дзеліцца сакрэтамі свайго майстэрства.

Калі ведаць тонкасці – а вы пра іх даведаецеся – то зрабіць сапраўдную пісанку зможа кожны, хто мае крыху цярпення і шмат фантазіі. Так, для фарбавання лепей за ўсё выкарыстоўваць анілінавыя фарбы для воўны. Лічыцца, што яйка для пісанкі павінна быць не вараным, а сырым, то бок жывым. Тэхніка роспісу наступная: спачатку яйка акунаецца ў светлую фарбу (звычайна гэта жоўтая), пасля – у чырвоную, потым – у любую цёмную фарбу: карычневую, сінюю… Зрэш-ты, можна абысціся і без цёмнай фарбы, тады пісанка будзе двухколеравай.

Фарбы разбаўляюцца ў прапорцыі адна чайная лыжка на шклянку гарачай вады. Перш чым распісваць, яйка абавязкова трэба працерці воцатам, пакуль яно не стане крыху шурпатым навобмацак. Для пісанкі спатрэбіцца пчаліны воск, перад пачаткам працы яго трэба растапіць і потым трымаць на невялікім агні, каб не застываў.

Спатрэбіцца нам і адмысловы інструмент. Прасцей за ўсё зрабіць яго, калі ў драўляную палачку вострым канцом увагнаць цвічок: яго шляпкай будзе зручна наносіць воск. Важны момант: яйка не павінна быць халодным, яго трэба сагрэць у далонях, іначай воск будзе дрэнна класціся. А потым можна і ствараць малюнак, наносіць на шкарлупіну рыскі, пераўтвараць іх у кветачкі, ставіць кропкі…

Калі воск застыне, яйка можна акунуць у фарбу. Спачатку, да прыкладу, у жоўтую: дастаткова дзвюх-трох хвілінаў, каб яйка атрымала яркі, насычаны колер, а намаляваны воскам узор застанецца белым. Акрамя таго, у цёплай вадзе яйка пафарбуецца хутчэй. На першы слой фарбы зноў наносіцца ўзор, потым яйка трэба акунуць у іншую фарбу. Так, спалучэнне чырвонага з карычневым у выніку дасць пурпуровы колер, чырвонага з сінім – прыгожы ліловы колер. Калі ж пасля жоўтай апусціць яйка ў зялёную фарбу, атрымаецца прыемны і насычаны аліўкавы колер.

Калі яйка пафарбаванае, застаецца толькі зняць з яго воск. Прасцей за ўсё, асабліва калі пісанак шмат, на некалькі хвілінаў пакласці іх у разагрэтую да 70-80°C духоўку, а потым сцерці воск кавалачкам тканіны.

Радуйце сваіх блізкіх і дарагіх людзей прыгожымі пісанкамі і вітайце іх вечнымі словамі: Хрыстос Уваскрос! Сапраўды Уваскрос!

Ніна КАЗЛЕНЯ

Фота аўтара

 

Комментарии

Авторизуйтесь для комментирования

К сожалению, мы обязаны идентифицировать Вас, чтобы разрешить публиковать отзыв.

С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, свяжитесь с нами, и мы зарегистируем для вас персональный аккаунт на нашем сайте.