Брагінскі дзённік

Рубрики: Новости.

Красавік 1986 года выдаўся даволі халодным. Толькі недзе ў сярэдзіне месяца я памяняла паліто на плашч. Але дзень 26 красавіка, субота, быў нават спякотны. У гэты дзень мы з сям’ёй былі ў цудоўным гомельскім парку. Праездам бывалі ў абласным цэнтры даволі часта, а вось застацца на дзень, пахадзіць па вуліцах не даводзілася. І вось атрымалася. У брагінскім парку арэлі былі зламаныя, а дзеці ж так любяць арэлі. Сыну майму за два месяцы да аварыі споўнілася чатыры гады, а мне дваццаць чатыры спаўнялася ў ліпені 1986 года.

Мне здаецца, парк у той дзень быў прыгожы як ніколі. Арэлі, лаўкі, атракцыёны былі пафарбаваны ва ўсе колеры вясёлкі. Цвілі пралескі. Сонца было такім яркім, што многія паздымалі верхнюю вопратку. Адна жанчына нават сказала: «Ну і горача! Як на поўдні».

Увечары мы паехалі да свекрыві, якая жыла ў гадзіне язды ад Гомеля. А ў нядзелю – дадому, у Брагін. І там пачулі навіну: у Чарнобылі нешта ўзарвалася. Ці то рэактар, ці то нейкі параход.

У пачатку красавіка мы з адной знаёмай, пазаштатным аўтарам раёнкі, дзе я працавала, ездзілі ў Прыпяць. Сказаць, што гэта быў горад-казка – нічога не сказаць. Гэта было чыстае дагледжанае вясёлае дзіця – дзіця атамнай станцыі, якая знаходзілася за некалькі кіламетраў ад горада. Людзі, якія кожную хвіліну рызыкавалі жыццём побач з «мірным атамам», мелі патрэбу кожны вечар вяртацца з пекла ў рай, дзе б ім было ўтульна і спакойна. І яны стварылі сабе такое месца – горад Прыпяць.

Увечары 27 красавіка пайшла да сяброўкі, з якой разам у 1984 годзе прыехала па размеркаванні ў раёнку. Ціха гутарылі, а ў калысцы спаў яе нованароджаны сын Паўлік, якому споўніўся толькі месяц. Праз некалькі дзён яна паехала да маці на Віцебшчыну і больш у Брагін не вярнулася.

28 і 29 красавіка прайшлі ў нейкай незразумелай трывозе. Адныя казалі, што нічога страшнага не адбылося, другія – наадварот. Памятаю, што пайшлі чуткі наконт малака – піць яго нельга. І мы адмовіліся ад малака, чым наша гаспадыня Вера Іванаўна была вельмі засмучана.

30 красавіка апоўдні я пайшла ў дзіцячы садок, забрала дзіця і адвезла да свекрыві. Аўтобус быў пусты – поўныя ішлі пасля 3 мая.

2 мая вярнулася. Усё было ціха, як звычайна. Дзеці хадзілі ў школу, дарослыя – на работу. Але ў паветры вітаў нейкі ціхі жах.

На наступны дзень пачалася эвакуацыя з трыццацікіламетровай зоны. Ніхто не ведаў, як надоўга гэта зацягнецца. У аўтобусах, якія стаялі пад вокнамі майго дома, сядзелі людзі з вялізнымі клункамі. Ні мэб-лі, ні хатняга скарбу браць не дазволілі.

Кожны дзень хадзілі чуткі аб эвакуацыі Брагіна. З усіх хатніх рэчаў мне больш за ўсё шкада было дыван, які маці падарыла на наваселле. Бацька прыехаў, яго забраў.

7 мая пачалася эвакуацыя дзяцей дашкольнага ўзросту разам з маці. Я не паехала.

У гэты ж час у Брагін прыехалі «партызаны» – так званыя ваеннаслужачыя запасу. Дарэчы, у творчым плане ў мяне наступіла зацішша – хто яго ведаў, як і пра што трэба было пісаць. Між іншым, калегі з «Праўды» пісалі душэўныя артыкулы накшталт «Салаўі над Прыпяццю». Маўляў, нельга нагнятаць атмасферу. Недзе ў тыя дні выступіў і Міхаіл Гарбачоў: стала зразумела, што за пару тыдняў ліквідаваць аварыю не ўдалося.

Як зараз памятаю, 15 мая патэлефанавала свякроў і сказала тэрмінова прыязджаць: усе з іх пасёлка вязуць дзяцей на Поўнач, Далёкі Усход, на Урал. Дзе ў каго родзічы. Ну і я вырашыла ехаць на Поўнач, у Комі АССР, дзе пасля разводу з бацькам жыла мая мама. Цягнік Гомель-Масква, думаю, нагадваў цягнік першых дзён Вялікай Айчыннай вайны. Усе везлі дзяцей падалей ад незразумелага Чарнобыля. Знаходзіліся дваюрадныя, траюрадныя браты і сёстры, зусім далёкія родзічы – ніхто не адмовіў у дапамозе.

Праз дзень я села на цягнік «Масква-Варкута» і яшчэ праз суткі была на невялікай станцыі «Княжпагост». Там нас сустракала мама. За тры дні дзіця ўладкавалі ў дзіцячы садок, праз два дні я была на працы. З работы мяне не выгналі і строгую вымову не аб’явілі. Хаця многія камсамольскія дзеячы іх атрымалі за тое, што вывозілі сваіх дзяцей. Хаця, у рэшце рэшт, чым яны адрозніваліся ад звычайных людзей?

Зараз, калі прайшло трыццаць гадоў, я думаю, чаму я не звольнілася адразу, а вярнулася ў Брагін. Я не была членам партыі. І прыходжу да такой высновы: я была маладой журналісткай, і мне ўсё было цікава, нават пекла. Пасля майго вяртання ў газеце з’явілася рубрыка «Чужой бяды не бывае», якую я вяла. Маленькі Брагін па колькасці людзей вырас у тры разы, пачалі рамантаваць вуліцы, перакрываць дахі (а яны часам былі саламяныя), асфальтаваць дарогі. Здымалі верхні слой зямлі, садзілі маладую траву, праводзілі газ, бо выкарыстоўваць дровы для ацяплення было забаронена. Некалькі месяцаў людзі жылі надзеяй, што ўсё будзе добра. Толькі дзікаватым было тое, што дзяцей амаль не было. Прыязджаеш у родны Мазыр, сустрэнеш дзіця – гатовы яго абняць.

На дапамогу ў раёнку пачалі прыязджаць журналісты з вобласці і сталіцы. Сяброўка мая была ў сталіцы, муж на сесіі, ды і ўвогуле Брагін лічыўся глухім месцам і ніхто сюды асабліва не ірваўся. Шчыра кажучы, і я сюды паехала з-за кватэры, якую атрымала праз некалькі месяцаў, што нават для райцэнтра было нерэальна.

Аднымі з першых у Брагін прыехалі Іван Ждановіч з «Чырвонай змены» і Алег Груз-дзіловіч са «Знамени юности». Алег быў загадчыкам ваенна-патрыятычнага аддзела, а вось у «Чырвонай змене» ўвесь мужчынскі кантынгент аказаўся хворым на сэрца, ныркі і пячонку. Ведаю, што некаторыя калегі ўжо пайшлі з жыцця, як, напрыклад, журналіст з «Мінскай праўды» (забылася яго прозвішча). Але былі і кур’ёзы. Адзін калега з Віцебска нават у спякоту не здымаў капялюш і пінжак. Другі, зараз вялікі журналіст і бізнесмен, так баяўся імпатэнцыі, што кожны дзень тры-чатыры разы прымаў душ. Здаралася, выпівалі, але запойнага п’янства не было, матэрыялы ўсе выдавалі спраўна. Ні дзяўчат, ні жанчын пры мне не было: казалі, што іх не прынята адпраўляць. Увогуле часта тэлефанавалі журналісты з Масквы, Мінска, цікавіліся свежай інфармацыяй. Бывае, раніцай прачнешся і думаеш, ці гэта своеасаблівы экстрым, ці так і павінна быць.

На пошце стаялі чэргі: сухпаёк «партызаны» адпраўлялі сем’ям. Толькі і чуваць было, як забіваюцца скрыні. Па вечарах яны хадзілі да ўдоў і адзінокіх маладзіц. Не сумавалі і мясцовыя, чые дзеці і жонкі былі ў санаторыях.

У канцы ліпеня паехала ў чарговы адпачынак на Поўнач. Рэха Чарнобыля дакацілася і туды. Мясцовых мужыкоў забіралі на «зборы». Многія даставалі «ліпавыя» даведкі. Я чамусьці тады думала: «Ну як гэта яны баяцца? Я ж там жыву». Зараз гляджу на гэтыя рэчы па-іншаму.

Той свой «паўночны» адпачынак запомніла надоўга. Асабліва памятаю шклянку суніц за рубель. Дорага каштавалі яблыкі, памідоры, вінаград. Хаця надвор’е было для Поўначы цёплым, каля 20 градусаў. Вопратку сваю і дзіцячую я вазіла ў Сыктыўкар, у нейкі даследчы інстытут. Там яе параілі некалькі разоў пракіпяціць і адпрасаваць, а абутак – выкінуць увогуле. Што цікава, зараз я збіраю даведкі для пенсіі – у першыя месяцы ў нас не было ніякіх даплат, яны з’явіліся пазней. Аднойчы перадалі дапамогу з беларускага Саюза журналістаў – сто рублёў адной купюрай. Я тады іх бачыла ўпершыню.

У канцы жніўня вярнуліся эвакуяваныя сем’і з дзецьмі. Якімі шчаслівымі яны выходзілі з аўтобусаў, не ведаючы, што гэта далёка не канец. Напярэдадні першага верасня рэдактар выклікаў да сябе і стомленым голасам сказаў: «Трэба што-небудзь напісаць». Хіба толькі што-небудзь, бо побач са школай у парку здымалі верхні слой зямлі, таму што радыяцыя заставалася высокай.

Камандзіроўка ў Чамярысы і Малажын. Нудны восеньскі дождж, кругом лужыны. Размова ў калгаснай канторы, потым – з людзьмі. «Скажы, журналістка, ты ж граматная: чаму нельга есці яблыкі са свайго сада? Не для таго я выгадаваў гэтыя дрэўцы, каб гнаіць яблыкі!» Што мне было адказаць? Што ем кансерваваныя венгерскія кампоты, ад якіх ужо блага.

Апошняя камандзіроўка ў Камарын. Сярэдзіна кастрычніка. Бабінае лета. Божа, якое сонца! Першыя «партызаны» дзясяткамі машын ад’язджаюць на вялізныя прасторы Савецкага Саюза. На аўтобус спазнілася. Еду на папутцы з эстонцамі. Відаць, урачы, бо на чамаданчыку – чырвоны крыж. Спакойныя позіркі, стэрыльныя пазногці. Ну і нацыя!

Пачаўся творчы тупік. Я ўжо многае ведала. Ведала, што ўсе гомельскія чыноўнікі выкарысталі пуцёўкі ў санаторыі, якія прызначаліся Брагіну, Хойнікам, Нароўлі, Чачэрску. Ведала, што другога сакратара райкома камсамолу Таню (не памятаю прозвішча) адпусцілі з Брагіна са скандалам. Бачыла, што свежы асфальт ужо ўзрываюць, бо нешта зрабілі не так. Бачыла, як у суседнім доме рванула пад’езд, бо недзе быў пашкоджаны газаправод. Можа, трэба было перажыць усё гэта і не з’язджаць? Не ведаю.

Але на Поўначы мяне ўжо чакала работа па спецыяльнасці і сын. У першую гадавіну Чарнобыля ў тады яшчэ савецкай прэсе часта гучала думка, што паехалі «дэзерціры». Хаця праз пяць гадоў пачалося ўжо масавае высяленне з чарнобыльскіх раёнаў.

Дарэчы, у апошнія дні перад ад’ездам усё намывала падлогу ў кватэры, быццам разумела, што гэта пачатак канца. Хаця не магу сказаць, што было вельмі балюча – Брагін быў хутчэй адной са старонак кнігі пад назвай «жыццё». Гэта была не радзіма.

Давялося пабываць у Брагіне ў 2001 го-дзе. Але гэта ўжо зусім іншая гісторыя.

Ала ШАЎЦОВА

 

Комментарии

Авторизуйтесь для комментирования

К сожалению, мы обязаны идентифицировать Вас, чтобы разрешить публиковать отзыв.

С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.