Мабільнасць. Фінансы. Працаўладкаванне

Рубрики: Новости.

У рэдакцыю газеты ад чытачоў паступаюць пісьмы з пытаннямі да юрыста. Мы ўжо паведамлялі вам, што гэтыя лісты рэдакцыя перадае ў праваабарончую арганізацыю «Офіс па правах людзей з інваліднасцю», якая знаходзіцца ў Мінску. Дарэчы, свае допісы ў Офіс вы можаце накіроўваць і самастойна па адрасе: 220029, г.Мінск, вул. Варанянскага, дом 50, корпус 4, офіс 101.

Таксама свае пытанні можна задаць і па тэлефоне гарачай лініі Офіса: +375 (17) 256-08-29.

Зараз прапануем вам некалькі вашых пытанняў і адказаў на іх, атрыманых з Офіса па правах людзей з інваліднасцю.

Пра пераразлік пенсіі

Пытанне: 

Інвалід з дзяцінства 3-й групы. У 50-гадовым узросце аформіла і атрымліваю пенсію па ўзросце. Цяпер мне 55 гадоў і МРЭК вызначыла мне 2-ю групу інваліднасці па агульным захворванні. Ці будзе праведзены пераразлік пенсіі і як зменіцца яе памер (ці захаваецца надбаўка за інваліднасць з дзяцінства)?

Адказ: 

Прызначэнне або пераразлік пенсіі здзяйсняецца раённым (гарадскiм) упраўленнем (аддзелам) па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне. Аднак на патрабаванне асобы, якая звярнулася па прызначэнне або пераразлік пенсіі, пытанне аб прызначэнні або аб пераразліку пенсіі вырашаецца камісіяй па прызначэнні пенсіяў, утворанай раённым (гарадскім) выканаўчым і распарадчым органам.

Такім чынам, рэкамендуем Вам звярнуцца ў пісьмовай форме ў раённае (гарадское) упраўленне (аддзел) па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне з просьбай здзейсніць пераразлік пенсіі ў сувязі з атрыманнем 2-й групы інваліднасці з ___ чысла ____ года. Да пісьмовага звароту прыкладзіце заключэнне МРЭК і копію працоўнай кніжкі.

Ці можна працаваць з цукровым дыябетам?

Пытанне: 

Пасля ўладкавання на працу (пасля заканчэння вучэльні трэба адпрацаваць 1 год) прапрацаваў 5 месяцаў, атрымаў 3-ю гр. інваліднасці (цукровы дыябет). У аддзеле кадраў сказалі, што працаваць нельга, пішы заяву аб звальненні. Што рабіць?

Адказ: 

Для інвалідаў, якія працуюць, наймальнікам ствараюцца неабходныя ўмовы працы і адпачынку ў адпаведнасці з індывідуальнымі праграмамі рэабілітацыі інвалідаў.

Умовы працы, у тым ліку аплата працы, рэжым працоўнага часу, якія ўсталёўваюцца ў калектыўным дагаворы (пагадненні) або працоўным дагаворы, не могуць пагаршаць становішча або абмяжоўваць правы інвалідаў у параўнанні з іншымі работнікамі.

Арт. 22, Закон Рэспублікі Беларусь ад 11.11.1991 № 1224-XII (рэд. ад 16.11.2010) «Аб сацыяльнай абароне інвалідаў у Рэспубліцы Беларусь».

Згодна з ч. 2 арт. 22 Закона, адмова ў заключэнні працоўнага дагавора або ў прасоўванні па службе, звальненне па ініцыятыве наймальніка, перавод інваліда на іншую працу без яго згоды па матывах інваліднасці не дапускаюцца, за выключэннем выпадкаў, калі па заключэнні МРЭК стан яго здароўя перашкаджае выкананню прафесійных абавязкаў альбо пагражае здароўю і бяспецы працы іншых асобаў.

Гэта азначае, што медыцынскае заключэнне МРЭК аб устанаўленні інваліднасці можа служыць падставай для звальнення з ініцыятывы наймальніка па п. 2 арт. 42 Працоўнага кодэкса (неадпаведнасць працаўніка займанай пасадзе або працы, якая выконваецца, з прычыны стану здароўя, які перашкаджае працягу гэтай працы) пры выкананні наступных умоваў:

1) калі ў заключэнні МРЭК у абавязковым парадку ўтрымліваецца адказ на пытанне: ці проціпаказана працаўніку па стане яго здароўя выкананне той працы, якую ён выконваў да ўстанаўлення інваліднасці, – гэта значыць, калі адсутнічае неабходная працаздольнасць (прычым страта працаздольнасці павінна быць трывалай і працяглай);

2) калі немагчыма перавесці працаўніка з яго згоды на іншую працу, а таксама калі ў наймальніка адсутнічае праца, якую па стане здароўя працаўнік можа выконваць.

Такім чынам, не маючы Вашага заключэння МРЭК, раіць Вам, як паступіць у сітуацыі, якая склалася, немагчыма. Рэкамендуем уважліва азнаёміцца з заключэннем МРЭК і высветліць, ці ёсць у ім канкрэтнае ўказанне на тое, што Вам супрацьпаказаная менавіта гэтая праца з вашым дыягназам.

Прыкаваны да ложка. Як зняць аліменты?

Пытанне: 

Добры дзень! Мяне клічуць Мікалай, жыву ў Маладзечна, я інвалід 1-й групы, прыкаваны да ложка. З мяне маюць права ўтрымліваць аліменты? Куды мне трэба звярнуцца, каб знялі аліменты?

Адказ: 

З прычыны таго, што Вы з’яўляецеся інвалідам 1-й групы, варыянтаў развіцця падзей можа быць два:

1) законам уведзена норма, якая дазваляе суду ў выключных выпадках
вызваліць ад выплаты аліментаў аднаго з бацькоў, якi з’яўляецца інвалідам 1-й або 2-й групы (ч. 2 арт. 92 Кодэкса аб шлюбе і сям’і);

2) памер аліментаў можа быць зменшаны судом, калі гэты бацька альбо маці з’яўляецца інвалідам 1-й або 2-й групы.

Адпаведна, вырашэннем пытання па вызначэнні і парадку выплаты аліментаў займаецца суд.

Падробка пасведчання?

Пытанне: 

Добры дзень, я інвалід 3-й гр. па зроку. Зрок -20 і -15. Хаджу ў лінзах і бачу ў іх добра. Вельмі хачу навучыцца вадзіць машыну. Што будзе, калі я здам у аўташколу несапраўдную медыцынскую даведку ад акуліста? Ці могуць яны нейкім чынам пра гэта даведацца?

Адказ: 

Пастановай Міністэрства аховы здароўя ад 28.04.2008 № 78 устаноўлены Пералік захворванняў і супрацьпаказанняў, пры наяўнасці якіх забараняецца допуск асобаў да кіравання механічнымі транспартнымі сродкамі, самаходнымі машынамі або ўстанаўліваюцца абмежаванні права кіравання імі.

Адным з такіх супрацьпаказанняў з’яўляецца зніжэнне вастрыні зроку (у залежнасці ад стойкіх памутненняў пераломчых асяроддзяў або змяненняў вочнага дна, анамаліяў рэфракцыі, а таксама іншых прычынаў арганічнага характару). Тут жа паказаная дапушчальная карэкцыя пры блізарукасці і дальназоркасці. Аднак рашэнне па гэтым пытанні прымае ўрач пасля комплекснага абследавання вашага зроку.

Адносна пытання аб даведцы. Артыкулам 380 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь устаноўлена адказнасць за падробку, выраб, выкарыстанне або збыт падробленых дакументаў, штампаў, пячатак, бланкаў:

«Падробка пасведчання або іншага афіцыйнага дакумента, які надае правы або вызваляе ад абавязкаў, у мэтах выкарыстання такога дакумента самім выканаўцам ці іншай асобай, альбо збыт такога дакумента, альбо выраб падробных штампаў, пячатак, бланкаў у тых жа мэтах, альбо іх збыт, альбо выкарыстанне загадзя падробленага дакумента караюцца грамадскімі работамі, або штрафам, або папраўчымі работамі на тэрмін да двух гадоў, або арыштам на тэрмін да шасці месяцаў, ці абмежаваннем волі на тэрмін да двух гадоў».

Варта адзначыць, што артыкулам 52 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь устаноўлена, што «кожны, хто знаходзіцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, абавязаны выконваць яе Канстытуцыю, законы».

Працаваць больш чым на стаўку?

Пытанне: 

Добры дзень! У мяне 3-я група інваліднасці. У даведцы-дазволе на працу было ўказана, што дадзена абмежаванне ад працяглага знаходжання на нагах. У дадзены момант я працую настаўнікам-дэфектолагам на 0,75 стаўкі (15 гадзін у тыдзень). Скажыце, калі ласка, ці магу я працаваць больш, чым на стаўку? Ці не супярэчыць гэта закону?

Адказ: 

На падставе пастановы Міністэрства аховы здароўя Рэспублiкi Беларусь ад 1 ліпеня 2011 года № 65 «Аб форме індывідуальнай праграмы рэабілітацыі інвалідаў, зацвярджэнні палажэння аб парадку яе запаўнення і аб прызнанні страціўшай сілу пастановы Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь ад 2 лютага 2009 г. № 10» «індывідуальная праграма рэабілітацыі (далей ІПР) запаўняецца спецыялістамі медыка-рэабiлiтацыйных экспертных камісій у адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь».

У выпадку вызначэння патрэбнасці інваліда ў стварэнні неабходных умоваў для яго працы паводле рэкамендаваных спецыяльнасцяў, прафесіяў, у ІПР паказваюцца гэтыя неабходныя ўмовы працы.

У Вашай ІПР няма абмежаванняў па працягласці працоўнага часу, з Вашых словаў, толькі ёсць «абмежаванне па доўгім знаходжанні на нагах».

Што тычыцца заканадаўчага ўрэгулявання скарочанай працягласці рабочага часу, то яна ўстаноўлена артыкулам 114 Працоўнага кодэкса Рэспублiкi Беларусь ад 26 лiпеня 1999 г. № 296-З (далей Кодэкс) для асобных катэгорый работнікаў. «Інвалідам 1-й і 2-й групы ўсталёўваецца скарочаная працягласць рабочага часу не больш за 35 гадзін у тыдзень». Такім чынам, абмежаванняў па Вашай працы больш чым на стаўку (пры выкананні Вашай ІПР) дзеючым заканадаўствам не прадугледжана.

З прычыны вышэйсказанага інфармуем Вас, што інвалідам з улікам ІПР забяспечваецца права працаваць у наймальнікаў са звычайнымі ўмовамі працы, а таксама ў спецыялізаваных арганізацыях, цэхах і на ўчастках (артыкул 283 Кодэкса).

Працоўным інвалідам наймальнік абавязаны ствараць умовы працы ў адпаведнасці з індывідуальнымі праграмамі рэабілітацыі інвалідаў, у тым ліку шляхам арганізацыі іх прафесійнага навучання на вытворчасці, працы ў надомных умовах (артыкул 287 Кодэкса).

Наш кар.

 

Комментарии

Авторизуйтесь для комментирования

К сожалению, мы обязаны идентифицировать Вас, чтобы разрешить публиковать отзыв.

С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, свяжитесь с нами, и мы зарегистируем для вас персональный аккаунт на нашем сайте.